У нас у Серабранцы (на белорусском языке) - Владимир Орлов
- Категория: Проза / Русская классическая проза
- Название: У нас у Серабранцы (на белорусском языке)
- Автор: Владимир Орлов
- Возрастные ограничения: Внимание (18+) книга может содержать контент только для совершеннолетних
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Орлов Владимир (2)
У нас у Серабранцы (на белорусском языке)
Уладзiмiр Арлоў
У нас у Серабранцы
Пераехаўшы ў Менск, я жыў спачатку ў падвале бяз адрасу.
Вядома, я мог напiсаць на канвэрце назву вулiцы й паставiць нумар дому, але пошту ў падвал усё адно не насiлi, i ў гэтым сэнсе жылося зацiшна.
Хто завiтваў да мяне на гасьцiны, можа засьведчыць, што падвал быў з усiмi выгодамi й нават бяз вокнаў. Праўда, адтуль трэба было раз-пораз выходзiць на працу, дзе мiлiцыя й склала тры пратаколы за пражываньне без прапiскi.
Пасьля гэтага ў Саюзе пiсьменьнiкаў запыталiся ў мяне, дзе я жыву. Я шчыра прызнаўся: у падвале. Адказныя таварышы пранiклiся шкадобаю i праз год далi мне кватэру.
Так я й апынуўся ў нас у Серабранцы, i цяпер за пражываньне на маёй плошчы без прапiскi маю законнае права скласьцi пратакол на хамяка Хаменнi й на котку Басю (у афiцыйным дакумэньце будзе фiгураваць поўнае ймя: Басота).
Апрача асобаў сумнiцельных i непрапiсаных, у нашым доме ў розны час жылi й жывуць людзi прапiсаныя, вядомыя ды заслужаныя.
Па-першае, у нашай кватэры атайбаваўся калiсьцi пiсьменьнiк Вячаслаў Рагойша, а да яго заходзiў Уладзiмер Караткевiч, якi, кажуць, браў тут чарку й сьпяваў песьнi ня горай, чым ён гэта робiць у забароненым некалi фiльме паводле ягонага раману "Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi".
Цяпер у нас у доме жыве крытык i перакладчык Галiна (ашчаджаючы яе спакой, абыйдземся бяз прозьвiшча). Жыве таксама паэтка Валяньцiна, якая зрэдзьчас падпiсваецца псэўданiмам Вiта Гнаная. Атрымлiваецца сапраўдная лiтаратурная вiктарына, да якой можна дадаць пытаньне: якi вядомы беларускi археоляг стаўся героем мастацкага твору ў сувязi з тым, што ў яго ў археалягiчнай разьведцы ўтапiлiся штаны?
Гэты археоляг, купiўшы новыя штаны, таксама на законных падставах пражывае ў нашым доме.
Тут жывуць Алесь, Алiна, ажно два Данчыкi i Дануся.
А калi дадаць яшчэ й небясьпечнага ў нядаўнiм мiнулым нацыяналiста, а сёньня народнага дэпутата Пятра Садоўскага, дык нехта абавязкова скажа: гняздо.
Паблiзу нашага дому ёсьць канал, на якiм вядуцца качкi. Раней па канале плаваў лебедзь, але ня вытрымаў "перестройки" i адляцеў кудысьцi ў эмiграцыю.
А вось яшчэ адзiн знаны нацыяналiст прафэсар Уладзiмер Конан "перестройку" вытрымаў i па-ранейшаму глядзiць на сьвет зь верхатуры суседняга шматпавярховiка.
Часам прафэсар можа ўбачыць, як ранiцой па беразе каналу бегае парлямэнтар Пятро Садоўскi. Мiнакi з захапленьнем назiраюць, як бягун распранаецца й дае нырца. Як кажа адзiн з выбаршчыкаў, на тое ён i народны дэпутат.
Прыбег, значыцца, аднойчы спадар Садоўскi ранiцай на канал i - у ваду. А на беразе сядзiць рыбак з вудаю. А мо й не рыбак, i нiякая ў яго ў руках ня вуда, а партатыўны перадатчык (як кажуць вэтэраны беларускiх выдавецтваў, "мает рацыю"). Сядзiць гэты вудаль i глыбакадумна так кажа:
- Ну што, Пятро, дабегаўся?
Дэпутат зьдзiвiўся, але плыве як нiчога нiякага.
А вудаль удакладняе:
- Вылазь, Пятро. Пераварот.
Дэпутат зiрнуў на дом, а адтуль жонка бяжыць.
Тут ён i зразумеў, што гэта ня жарцiкi. Ды якiя там жарцiкi, калi пiсьменьнiк Барыс Сачанка гэты пераварот прадказваў ад самай зiмы ўжо разоў зь дзесяць.
Народ вудзiў рыбу, а народны дэпутат апрануўся й паехаў хутчэй у парлямант. А тым часам нехта з парлямэнтараў шукаў, куды б зашыцца, нехта, рыхтуючыся да адсiдкi, культурна складаў у партфэль камплект бялiзны з зубной шчоткай, а нехта ехаў ужо ў цягнiку ў Санкт-Пецярбург, каб пачынаць усё спачатку.
Карацей, 19 жнiўня.
Гэта парлямэнтары.
У паспалiтых людзей таксама ўзьнiклi свае праблемы.
Да мяне, скажам, падыходзiць на двары старшыня дамкаму - цiхi такi пэнсiянэр i аматар паддаць, што разьмяркоўваў нам талёны на харч. Гляджу: быццам падмянiлi старшыню: вока гарыць, не раўнуючы, як у якога варашылаўскага стралка.
- Ну, как там, Владимир Алексеевич, ваш Народный фронт?
Я яму:
- А адкуль, прабачце, вы ведаеце, як мяне завуць?
- Э-э, милок, я, к твоему сведению, человек непростой. Я когда-то комсомольский штаб Минска возглавлял.
Мяне неяк мiжволi ад суровай прозы пацягнула на паэзiю:
Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе,
Тоячы словы i думкi свае...
"Ня выдам нiкога, апрача аднаго пiсьменьнiка, - прысягнуў я сам сабе страшэннаю прысягай. - Яму ўсё адно нiчога ня будзе".
I пайшоў слухаць далей радыё "Свабода".
З допытам, як вядома, атрымалася адтэрмiноўка.
I тут я, слабы чалавек, узяў грэх на душу. Пазванiў днi праз тры да былога начальнiка камсамольскага штабу ў дзьверы.
- Ляксеiч, хачу як суседа папярэдзiць. Народны фронт прыняў рашэньне: усiх старшыняў дамкамаў - арыштаваць.
Сьпярша, бо быў, як зазвычай, п'яны, ён даў веры.
- Владимир Алексеевич, спасибо.
Добра, што цяпер талёны выдаюць у домакiраўнiцтве.
Яшчэ днi праз тры ў мяне быў дзень нараджэньня. Якраз тады, як Малафеева (ня трэнэра, а таго, што спрабаваў муштраваць усiх нас) сьцягнулi на сэсii з трыбуны, а ягоны папярэднiк пэнсiянэр усесаюзнага значэньня Ахрэм Сакалоў падруляваў на службовай "Волзе" да ЦК i ўбачыў труну, вакол - плакальшчыцаў, а на труне машастовую стужку са сьцiплым надпiсам: "Ум, честь и совесть".
Таго вечара сябры падаравалi мне кавалак гранiту, адбiты ад будынiны ЦК КПБ, той, што стаяла насупраць гарадзкой прыбiральнi, на якую касавурылiся, круцячы насамi, бюсты таварышаў Маркса й Ленiна.
Такiм чынам хоць частку былой парцейнай маёмасьцi пашэнцiла прыватызаваць i мне.
Так нашая Серабранка апынулася ў сувэрэннай Рэспублiцы Беларусi.
Жыць, праўда, паспалiтаму чалавеку стала ня надта каб лепей i весялей. Нават бел-чырвона-белыя сьцягi вывешваць на гаўбцах ужо нецiкава, а бэсэсэраўскiх назапасiць у нас у доме не даўмелiся.
Аднак, калi зробiцца зусiм сумна, можна схадзiць на нашую пошту.
Вось, напрыклад, я хачу даць тэлеграму з сувэрэннага Менску знаёмаму ў сувэрэнны Ню-Ёрк.
- Нi дурыце галаву, - кажа паштарка. - Нi ў какii Ню-Ёркi нiкакii цiлiграмы нi прынiмаiм.
- А ў якiя-небудзь Наваполацкi якiя-небудзь тэлеграмы прымаеце?
- У Наваполацкi прынiмаiм.
Пiшу, высалапiўшы ад стараньня язык, друкаванымi лiтарамi, каб, крый Божа, чаго не пераблыталi.
Тэлеграфiстка прачытала й пытаецца:
- А што такоя "вiншую"?
- Поздравляю, - перакладаю я на мову нашай нацыянальнай меншасьцi.
- Так бы i пiсал. А Вiнцэсь - эта што? Фамiлiя?
- Iмя.
- Да нет такова iмя, - гаворыць яна з сумесьсю ўквеленасьцi й шкадобы. Дурут тока галаву.
Тэлеграму яна ўсё ж прымае, ды потым высьвятляецца, што мае высiлкi пайшлi тунна, бо тэкст, каб не пакрыўдзiць нацменшасьць, пераклалi на "общепонятный". Дзякаваць Богу, што хоць ня сталася, як з адным мастаком, якому таксама пераклалi й замест паведамленьня пра хаўтуры атрымалася запрашэньне на "халтуру".
Праўда, гэткiя пераклады рабiлiся яшчэ ў БССРы. У сувэрэннай Рэспублiцы Беларусi новыя праблемы.
- Напiшы унiзу цiлiграмы адрас i фамiлiю, - кажа паштарка.
Потым яна доўга й падазрона разглядвае блянк.
- Как фамiлiя? Арлой?
- Арлоў. На канцы - "у" кароткае.
- Нет такой буквы, - акурат, як у тэлеперадачы "Поле чудес", адразае паштарка.
Я - чалавек рахманы. Дастаю нататнiк, малюю "й" i "ў" i даходлiва тлумачу розьнiцу.
Ня ведаю, дзе асела ў яе тое, што я ўтлумачваў, але ў галаве надзейна зачапiлася, што я ўспадчыў ад бацькi незвычайнае найменьне - Арлой.
Заходжу наступнага разу ў аддзяленьне, i паштарка ўсьмiхаецца мне, як старому знаёмаму, ды гукае нейкую Надзю.
- Арлой прышол, апяць журналы не данесьлi.
Зь нетраў аддзяленьня выплывае раззлаваная Надзя.
- Што вы ўсё ходзiце? Там у вас яшчо какой-та Садовскiй жывёт. Тожа ходзiт. Навыпiсывалi журналав па-бiларускi, а цiпер варуют адзiн у аднаво iз яшчыкав...
Недалёка ад пошты жыве крамяны дзядзька, зь якiм нас зблiжае тое, што ў яго таксама рэдкае мяно.
У гiстарычныя трыццатыя гады iдэёва загартаваныя бацькi ахрысьцiлi сына Камiнтэрнам.
Ня ведаю, як было зь лексыкай у фiрме, у гонар якой яго назвалi (мо там сыпалi выключна антыдзюрынгамi й пасылалi на эмпiрыякрытыцызм), а ў нашага Камiнтэрна ўлюбёнае слаўцо, перапрашаю, "блядзi".
Зноў адключылi на тыдзень гарачую ваду - "Блядзi!"
Паднялi кошт на гарэлку - "Што робяць, блядзi!"
Абвясьцiлi Каляды выхадным днём - таксама "блядзi", але з адценьнем павагi.
Ня ведаю, што там чынiлася ў бальшавiцкiм Камiнтэрне, а наш дзядзька Камiнтэрн - вечна нападпiтку. Часам ён насмоктваецца да божае моцы й можа забурыцца проста пасярод дарогi.
- Зноў Камiнтэрн напiўся, - кажуць тады жанчыны ў ягоным двары й просяць мужыкоў завалачы жлукту дахаты, бо дзядзька мае адметную рысу: завалiўшыся на дол, уяўляе, што ён ужо дома, i, палохаючы мiнакоў, пачынае распранацца да майткоў.
У нашай Серабранцы ня менш цiкавага, чымся ў Фолкнэравай Ёкнапатофе.
Але на сёньня я закругляюся, бо да мяне зрабiў вiзыт знаёмы мастак, i мы зь iм глынем кавы, а потым ён натхнiцца й што-небудзь намалюе ў Нашай Нiве, i гэта разам з маёй пiсанiнаю выклiча ў часткi чытачоў новую порцыю здаровага абурэньня.