Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Проза » Проза » Падзенне (на белорусском языке) - Альбер Камю

Падзенне (на белорусском языке) - Альбер Камю

Читать онлайн Падзенне (на белорусском языке) - Альбер Камю

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 20
Перейти на страницу:

Цяпер, калi ў мяне абвастрылася ўвага, я без цяжкасцi пачаў прыкмячаць сваiх ворагаў. Спачатку - сярод таварышаў па службе, пасля - сярод свецкiх знаёмых. Некаторым я калiсьцi зрабiў паслугу, другiм мусiў бы зрабiць, але не зрабiў. Але ва ўсiм гэтым, увогуле, не было нiчога незвычайнага, i маё адкрыццё не вельмi мяне засмуцiла. Больш балюча i цяжка мне было дапусцiць, што ў мяне ёсць ворагi сярод тых, каго я амаль не ведаў цi не ведаў наогул. Раней, са сваёю звычайнай наiўнасцю, у якой вы маглi ўжо пераканацца, я меркаваў, што варта чалавеку пазнаёмiцца са мною блiжэй i ён адразу мяне палюбiць. Але ж не! Больш за ўсё ворагаў я сустракаў якраз сярод тых, хто ведаў мяне толькi па чутках i пра каго сам я нават не чуў. Безумоўна, яны падазравалi, што я жыву поўным жыццём, лунаю ў воблаках шчасця, - а такое не даруецца нiколi. Удачлiвы выгляд, асаблiва калi ў iм праглядвае саманадзейнасць, здольны раз'юшыць нават асла. У мяне ж жыццё было сапраўды настолькi ўдачлiвае i поўнае, што праз нястачу часу я мусiў адмаўляць многiм, хто набiваўся мне ў прыяцелi. Па гэтай самай прычыне я вельмi хутка iх забываў. Але ў людзей, якiя набiвалiся ў прыяцелi, жыццё было не такое поўнае, i ў iх заўсёды ставала часу, каб памятаць пра маю адмову.

Такiм чынам, ужо з аднаго гэтага прыкладу вiдаць, што жанчыны каштавалi мне дорага. Час, якi я iм прысвячаў, быў назаўжды страчаны для мужчын, i яны даравалi мне гэта вельмi рэдка. Як тут знайсцi раду? Шчасце i поспех даруюцца вам толькi тады, калi вы гатовы iмi шчыра падзялiцца. Але каб быць сапраўды шчаслiвым, немагчыма ўвесь час клапацiцца пра iншых. Выходзiць, выйсця няма. Або шчаслiвы i асуджаны - або бязгрэшны i няшчасны. Аднак у маiм выпадку ўсё было яшчэ болей несправядлiва: мяне судзiлi за даўно мiнулае шчасце. Я жыў у iлюзii, што памiж мной i людзьмi ёсць поўная згода, але на самай справе на мяне, усмешлiвага i няўважнага, з усiх бакоў сыпалiся стрэлы, папрокi, кпiны. I ў той дзень, калi я з трывогай ачуўся i да мяне вярнулася яснасць, усе раны адначасова адкрылiся на маiм целе, i я адразу страцiў былую моц. Увесь свет пачаў з мяне кпiць.

Такога не здолее вытрываць нiхто, апроч тых, хто не жыве (я маю на ўвазе мудрацоў). Адзiная абарона - злосць. I вось людзi спяшаюцца хутчэй асудзiць, каб не быць асуджанымi. А што вы хочаце? Думка пра сваю бязвiннасць - сама натуральная ў кожнага чалавека. Яна ўзнiкае ў яго iнстынктыўна, нiбы iдзе з самай глыбiнi ягонай iстоты. З гэтага пункту погляду ўсе мы падобныя да таго французiка, якi, трапiўшы ў Бухенвальд, упарта дамагаўся падаць скаргу на iмя пiсарчука, таксама з лiку вязняў, якi заносiў яго ў спiс зняволеных. Скаргу? Пiсарчук i яго таварышы пасмяялiся: "Дарэмна, галубе. Тут не скардзяцца". "Але, пане, зразумейце, - сказаў небарака-французiк, - у мяне асаблiвы выпадак. Справа ў тым, што я невiнаваты!"

Усе мы - асаблiвыя выпадкi. I ўсе мы да чагосьцi заклiкаем! Кожны хоча быць невiнаваты - любою цаной, нават калi дзеля гэтага спатрэбiцца абвiнавацiць усё чалавецтва i само неба. Вы мала пацешыце чалавека, калi пахвалiце яго за намаганнi, якiя зрабiлi яго такiм разумным або велiкадушным. Затое як ён узрадуецца, калi вы пачняце захапляцца яго прыроджанаю велiкадушнасцю! I наадварот, калi вы скажаце злачынцы, што яго правiннасць паходзiць зусiм не ад яго натуры i не ад яго характару, а тлумачыцца няшчасным збегам абставiн, ён будзе вам бясконца ўдзячны. I падчас абарончай прамовы нават выбера якраз гэты момант, каб заплакаць. Аднак нiякай заслугi ў тым, што ты сумленны або разумны ад нараджэння, - няма. Як i, безумоўна, нельга несцi большую адказнасць за тое, што ты - злачынца ад нараджэння, а не паводле абставiн. Але гэтыя нягоднiкi прагнуць лiтасцi, цi то - безадказнасцi, i ў сваё апраўданне гатовы кiваць то на сваю натуру, то на змякчальныя акалiчнасцi, нават калi гэтыя довады супярэчаць адзiн аднаму. Галоўнае лiчыцца невiнаватым, даказаць, што твая прыродная дабрачыннасць - бясспрэчная, а правiннасць - мiнучая i тлумачыцца незалежнымi ад цябе прычынамi. Я ўжо казаў: галоўнае - пазбегчы прысуду. А таму, што зрабiць гэта не вельмi проста, як i нялёгка прымусiць другiх захапляцца сваёю натурай i адначасова знаходзiць у ёй апраўданне, - усе iмкнуцца разбагацець. Чаму? Вы не задавалi сабе такога пытання? Каб быць болей магутным? Ну, гэта зразумела. Але галоўнае ў тым, што багацце не дазваляе, каб вас асудзiлi адразу, яно засцерагае вас ад натоўпу ў метро, хавае ў блiскучым i ўтульным лiмузiне, iзалюе ў раскошных дагледжаных парках, вагонах першага класу, каютах-люкс. Багацце, мiлы дружа, - гэта яшчэ не апраўданне, гэта толькi адтэрмiноўка, але i ёю не варта пагарджаць...

Галоўнае - не давайце веры сваiм сябрам, калi яны просяць вас быць з iмi шчырымi. Адзiнае, на што яны спадзяюцца, - што вы яшчэ больш умацуеце iх у добрай думцы пра самiх сябе i сваiм абяцаннем быць шчырым дасцё яшчэ адно пераканаўчае сведчанне гэтаму. Але скажыце, чаму гэта шчырасць павiнна быць неабходнай умовай сяброўства? Прагнасць да праўды любой цаной - гэта страсць, якая не ашчаджае нiкога i не спыняецца нi перад чым. Гэта - загана, няхай часам i зручная, але часцей за ўсё падобная на сама звычайны эгаiзм. Таму, калi вы раптам апынецеся ў такiм становiшчы, не губляйцеся: абяцайце быць шчырым i брашыце ўсё, што вам прыйдзе ў галаву. Гэтым вы толькi задаволiце патаемнае жаданне вашага сябра i яшчэ раз пацвердзiце сваю сяброўскую сiмпатыю.

Гэта - бясспрэчная iсцiна, мiлы дружа, i менавiта таму мы рэдка раскрываем душу перад тымi, хто лепшы за нас. Часцей за ўсё мы стараемся не бачыцца з iмi. I наадварот - мы гатовы паспавядацца перад кожным, хто падобны да нас i падзяляе нашыя слабасцi. Справа ў тым, што мы зусiм не хочам выправiцца i стаць лепшымi, iначай нам давялося б спачатку даведацца, што мы не такiя ўжо беззаганныя. Нам трэба другое, нам трэба, каб нас шкадавалi, каб нас падбадзёрылi, надалi ўпэўненасцi ў жыццi. Увогуле, усiм нам карцiць аднаго: змыць з сябе грэх i не зрабiць нiякага намагання, каб ад яго ачысцiцца. У нас не стае цынiзму, каб не звяртаць увагi на першае, але не стае i дабрачыннасцi, каб пакорна знесцi другое. Мы не маем нi магутнасцi лiха, нi сiлы дабра. Вы чыталi Дантэ? Праўда? Д'ябал! Значыць, вы памятаеце, што Дантэ дапускае iснаванне анёлаў, нейтральных у спрэчцы памiж Сатаною i Богам. Ён iх месцiць у Лiмбе, нечым накшталт сеняў да свайго Пекла. Дык вось, мiлы дружа, мы з вамi якраз у тых самых сенях.

Цярпенне? Што ж, тут вы, безумоўна, маеце рацыю. Нам усiм варта набрацца цярпення i пакорна чакаць Апошняга Суду. Але вось шкада: мы чамусьцi спяшаемся. Спяшаемся настолькi, што я нават мусiў ператварыцца ў суддзю-пакаяльнiка. Але спачатку мне трэба было неяк паладзiць са сваiмi адкрыццямi i звыкнуцца са смехам маiх суайчыннiкаў. Я павiнен быў нешта адказаць цi, прынамсi, пашукаць адказу на заклiк, якi быў звернуты да мяне ў той памятны вечар. I гэта аказалася нялёгка, я доўга блукаў. Я не мог знайсцi рады да той самай пары, пакуль несцiханы смех i кпiны маiх суайчыннiкаў не навучылi мяне глыбей зазiрнуць у сваю душу, i тады я нарэшце зразумеў, што яна зусiм няпростая. Не ўсмiхайцеся, гэта не такая элементарная iсцiна, якою здаецца спачатку. I, дарэчы, элементарнымi называюцца не тыя iсцiны, якiя вiдаць адразу, а тыя, што пазнаюцца ў канцы, пасля сама складаных.

Так было i са мной. Я доўга вывучаў сябе i нарэшце пераканаўся ў глыбокай дваiстасцi чалавечай натуры. Пакапаўшыся ў сваёй памяцi, я зразумеў, што сцiпласць дапамагала мне вылучацца, пакорлiвасць - перамагаць, а дабрачыннасць - прыгнятаць сваiх блiзкiх. Я ваяваў мiрнымi сродкамi i, выяўляючы абсалютную бескарыслiвасць, дамагаўся нарэшце ўсяго, чаго хацеў. Так, напрыклад, я нiколi не скардзiўся, калi нехта забываў павiншаваць мяне з днём нараджэння, i такая мая сцiпласць многiх проста зачароўвала. Але яе прычыны хавалiся намнога глыбей: я хацеў быць занядбаным, забытым, каб потым мець прыемную магчымасць паскардзiцца на гэта самому сабе. Ужо за некалькi дзён да славутай даты, пра якую я, вядома ж, выдатна помнiў, я рабiўся пiльны i ўважлiва сачыў, каб нiшто не магло засяродзiць увагу, нiшто не патрывожыла памяць тых, на чыю няпамятлiвасць я разлiчваў (аднойчы ў мяне нават узнiкла спакуслiвае жаданне пераблытаць лiсткi ў насценным календары!). Але нарэшце мая адзiнота была даказаная, i я мог спакойна аддацца ўцехам мужнага смутку.

Такiм чынам, кожная мая дабрачыннасць мела свой адваротны i намнога меней прывабны бок. Затое, калi на гэта зiрнуць iначай, мае хiбы абарочвалiся мне ж на карысць. Напрыклад, тое, што я быў вымушаны хаваць ад другiх заганы свайго жыцця, надавала мне халодны i непадступны выгляд, якi ўсе прымалi за непадкупную дабрадзейнасць, мая абыякавасць, а значыць, i непераборлiвасць у адносiнах да людзей, прыносiла мне iх любоў i ўдзячнасць, i нарэшце, учынкi, якiя я рабiў з чыстага эгаiзму, лiчылiся за вышэйшую велiкадушнасць. На гэтым пакуль што спынюся, бо залiшняя сiметрычнасць перашкодзiць маёй нагляднасцi. Дый, зрэшты, што там казаць - якi б я нi быў чэрствы, я нiколi не мог устаяць перад прапанаваным кiлiшкам вiна цi прывабнай жанчынай! Мяне ўсе лiчылi за дзейнага, энергiчнага чалавека, а маёю стыхiяй быў ложак. Я паўсюль крычаў пра сваю вернасць, але ў мяне, бадай, не было нiводнага сябра, якому б я нарэшце не здрадзiў. Здрады, праўда, нiколi не замiналi маёй адданасцi, я мог занядбаць добрую справу хiба праз сваю ленаватасць, але нiколi не адмаўляў у дапамозе блiзкаму чалавеку, калi знаходзiў у тым асалоду. I ўсё ж дарэмна я паўтараў сабе гэтыя збiтыя iсцiны, яны мала мяне суцяшалi. Часам, уранку, я выклiкаў сябе на бязлiтасны суд i прыходзiў тады да высновы, што найбольшага поспеху мне ўдалося дабiцца ў сваёй пагардзе да iншых. Прычым больш за ўсё я пагарджаў менавiта тымi, каму часцей за другiх памагаў. З вялiкай пачцiвасцю i заўжды ўсхваляванай спагадай я, па сутнасцi, кожны дзень пляваў у твар усiм сляпым, якiх сустракаў на дарозе.

1 ... 7 8 9 10 11 12 13 14 15 ... 20
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Падзенне (на белорусском языке) - Альбер Камю.
Комментарии