Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Выродлiвы хлапчук (на белорусском языке) - Айзек Азимов

Выродлiвы хлапчук (на белорусском языке) - Айзек Азимов

Читать онлайн Выродлiвы хлапчук (на белорусском языке) - Айзек Азимов

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15
Перейти на страницу:

- Мiс Фэлоўз, - збянтэжана сказаў Джэры, няўпэўнена, бачком наблiжаючыся да яе i дастаючы з кiшэнi нейкi абрывак газеты.

- Што там у цябе, Джэры?

- Гэта фотаздымак Цiмi.

Мiс Фэлоўз уважлiва паглядзела на Джэры, а потым хуценька вырвала з яго рук шматок газеты. Усеагульнае ўзрушэнне, выклiканае "Праектам Сярэднявечча", абудзiла ў друку пэўную цiкавасць i да Цiмi.

Джэры ўважлiва сачыў за яе тварам.

- Тут сказана, што Цiмi - хлопчык-малпа. Што гэта значыць, мiс Фэлоўз?

Яна схапiла яго за руку, з цяжкасцю стрымаўшы жаданне добра страсянуць яго.

- Нiколi не гавары так, Джэры. Нiколi. Ты разумееш гэта? Гэта брыдкае слова, i ты не павiнен ужываць яго.

Перапалоханы Джэры адчайна вырываўся з яе рук.

Мiс Фэлоўз раз'юшана рвала газету.

- А цяпер iдзi i гуляй з Цiмi.

Нарэшце прыйшла дзяўчына. Мiс Фэлоўз нiколi не бачыла яе. Нiхто з пастаянных служачых Стасiса, што зрэдку падмянялi яе цяпер, у сувязi з наблiжэннем ажыццяўлення праекта, памагчы ёй не мог. Аднак сакратарка Хоскiнса абяцала ёй памагчы знайсцi якую-небудзь дзяўчынку.

- Вы i ёсць тая дзяўчынка, якую прымацавалi да Першай Секцыi Стасiса? стараючыся стрымаць дрыжанне ў голасе, спыталася мiс Фэлоўз.

- Так, гэта я. Завуць мяне Мэндзi Тэрыс. А вы мiс Фэлоўз?

- Правiльна.

- Даруйце, што я крыху спазнiлася. Усюды такая сумятня.

- Я ведаю. Я хачу, каб вы...

- Вы ж будзеце глядзець, праўда? - перабiла яе Мэндзi. На яе прыгожанькiм, тонкiм, але нейкiм пустым твары адбiлася пякучая зайздрасць.

- Гэта не мае значэння. Я хачу, каб вы пазнаёмiлiся з Цiмi i Джэры. Яны будуць гуляць гадзiны са дзве i не наробяць вам нiякага клопату. Iм пакiнута малако, у iх многа цацак. Будзе нават лепш, калi вы не будзеце iм перашкаджаць. А цяпер я пакажу вам, дзе што знаходзiцца i...

- Гэты Цiмi - хлопчык-мал...?

- Цiмi - дзiця, якое жыве ў Стасiсе, - рэзка перапынiла яе мiс Фэлоўз.

- Я хацела сказаць, што Цiмi - гэта той, каму нельга выходзiць з дому. Цi ж не так?

- Так. А цяпер заходзьце, у нас мала часу.

I калi ёй, нарэшце, удалося пайсцi, услед ёй пачуўся пранiзлiвы голас Мэндзi Тэрыс:

- Спадзяюся, вам дастанецца добрае месцейка. Далiбог, мне так хочацца, каб дослед удаўся.

Не ўпэўненая ў тым, што, адказваючы Мэндзi, ёй удасца захаваць стрыманасць, мiс Фэлоўз, нават не азiрнуўшыся, яшчэ больш заспяшалася.

* * *

Але з-за таго, што яна затрымалася, ёй не ўдалося заняць добрае месца. Яна з цяжкасцю прабiлася толькi да экрана ў Зале сходаў. Калi б ёй пашанцавала апынуцца паблiзу ад месца, дзе праводзiцца эксперымент, калi б толькi яна магла падысцi да якога-небудзь чуйнага прыбора, калi б яна як-небудзь умудрылася сарваць эксперымент...

Яна знайшла ў сабе сiлы авалодаць сабою. Простае ж псаванне прыбора нi да чаго не прывядзе. Яны ўсё роўна наладзяць яго i паставяць эксперымент нанава... А ёй нiколi не дазволяць вярнуцца да Цiмi.

Нiшто не магло ёй дапамагчы. Нiшто, апрача натуральнага i прытым непапраўнага правалу эксперыменту.

I ў тыя iмгненнi, калi адлiчвалiся апошнiя секунды, ёй заставалася толькi чакаць, напружана сачыць за кожным рухам на вялiзным экране, уважлiва ўзiрацца ў твары занятых у доследзе супрацоўнiкаў, калi то адзiн, то другi з iх трапляў у поле зроку; яна спадзявалася ўбачыць у iх позiрках выраз неспакою i няўпэўненасцi, як доказу ўзнiкнення нечаканых цяжкасцей у ажыццяўленнi эксперыменту, яна нi на секунду не адводзiла вачэй ад экрана...

Але яе надзеi не спраўдзiлiся. Была адлiчана апошняя секунда, i вельмi спакойна, без лiшняга шуму дослед паспяхова быў завершаны!

У нядаўна пабудаваным новым памяшканнi Стасiса стаяў барадаты сутулы селянiн няпэўнага ўзросту, у падраным, брудным адзеннi i драўляных сандалях; ён з тупым жахам азiраўся па баках, свядомасць яго не магла ўспрыняць такой раптоўнай, такой неверагоднай перамены.

I ў той момант, калi ледзь не ўвесь свет звар'яцеў ад захаплення, мiс Фэлоўз, скамянеўшы ад гора, стаяла адна нерухома сярод гэтае мiтуснi. Яе штурхалi, шпурлялi, ледзь не тапталi нагамi, а яна стаяла сярод натоўпу, якi вiраваў, трыумфаваў, i ўсё больш сцiскалася пад цяжарам страчаных надзей.

I калi скрыпучы голас у дынамiку назваў яе iмя, гэта дайшло да яе свядомасцi толькi пасля трохразовага паўтору.

- Мiс Фэлоўз, мiс Фэлоўз, вас выклiкаюць у Першую Секцыю Стасiса. Мiс Фэлоўз, мiс Фэлоўз...

- Прапусцiце мяне! - задыхаючыся, крыкнула яна, а дынамiк, нi на секунду не спыняючыся, усё паўтараў i паўтараў адну i тую ж фразу.

Сабраўшы ўсю сваю сiлу, яна адчайна прабiвалася праз натоўп, расштурхоўваючы людзей. Не спыняючыся нi перад чым, пусцiўшы ў ход нават кулакi, раздаючы направа i налева кухталi, яна ўвесь час вязла ў людскiм вiры, але ўсё ж такi рухалася да выхаду.

* * *

Мэндзi Тэрыс рыдала.

- Я проста не магу сабе ўявiць, як гэта адбылося. Я адлучылася ўсяго толькi на адну хвiлiнку, каб зiрнуць на той маленькi экран, якi яны паставiлi ў калiдоры. I раптам, перш чым я паспела штосьцi зрабiць... Вы самi сказалi мне, што яны нiчога не наробяць, вы самi параiлi мне пакiнуць iх адных! выкрыкнула раптам Мэндзi, пераходзячы ў наступленне.

- Дзе Цiмi? - гледзячы на яе няўцямнымi вачыма, спыталася мiс Фэлоўз, не заўважаючы, як дрыжыць нервова ўсё яе цела.

Адна сястра працiрала ў Джэры руку дэзiнфiцыйнымi сродкамi, другая рыхтавала шпрыц з супрацьслупняковай сывараткай.

- Ён укусiў мяне, мiс Фэлоўз! - душачыся ад злосцi, крыкнуў Джэры. - Ён укусiў мяне!

Але мiс Фэлоўз нават не звярнула на яго ўвагi.

- Што вы зрабiлi з Цiмi? - крыкнула яна.

- Я зачынiла яго ў ваннай, - адказала Мэдзi. - Я проста шпурнула туды гэтую маленькую пачвару i замкнула яе там.

Мiс Фэлоўз бягом рынулася ў лялечным домiк. Яна замарудзiлася каля дзвярэй ваннай, здавалася, што прайшла цэлая вечнасць, пакуль ёй удалося, нарэшце, адчынiць дзверы i знайсцi ў кутку свайго выродлiвага хлапчука.

- Не бiце мяне, мiс Фэлоўз, - прашаптаў ён. Вочы яго пачырванелi, вусны дрыжалi. - Я не хацеў гэтага.

- О Цiмi! Чаму ты думаеш, што я буду цябе бiць? - падхапiўшы дзiця на рукi, яна моцна прытулiла яго да сябе.

- Яна сказала, што вы адлупцуеце мяне доўгай вяроўкай. Яна сказала, што вы будзеце мяне бiць, бiць, бiць...

- Нiхто цябе не будзе бiць. Вельмi нядобра было ёй так гаварыць. Але што здарылася? Што здарылася?

- Ён назваў мяне хлопчыкам-малпай. Ён сказаў, што я не сапраўдны хлопчык, што я - жывёлiна.

З вачэй у Цiмi палiлiся слёзы.

- Ён сказаў, што не хоча больш гуляць з малпаю. А я сказаў, што я не малпа. Я не малпа! Потым ён сказаў, што я вельмi смешны, што я жахлiва пачварны. Ён паўтарыў гэта многа-многа разоў, i я ўкусiў яго.

Цяпер яны плакалi абое.

- Але ж ты ведаеш, Цiмi, што гэта няпраўда, - усхлiпваючы, сказала мiс Фэлоўз, - i ты сапраўдны хлопчык. Ты сама сапраўдны i сама харошы хлопчык на свеце. I нiхто, нiхто нiколi цябе ў мяне не адбярэ.

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 ... 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Выродлiвы хлапчук (на белорусском языке) - Айзек Азимов.
Комментарии