Былое, але не думы - Алесь Марціновіч
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Я і расказаў яму, у чым прычына такога майго гнятлівага настрою.
— Чаму раней не сказаў? — засмяяўся Віктар Антонавіч і адразу абнадзеіў: — Гэтую праблему мы імгненна вырашым.
— Не можа таго быць, — засумняваўся я.
— Ты мне не верыш? — ён пачаў набіраць нумар тэлефона начальніка драгічынскай міліцыі. Паздароваўся з ім, для прыліку колькі слоў пра надвор’е сказаў, здароўем пацікавіўся, а пасля і пытаецца ў яго:
— Ты вельмі заняты? Кажаш, што для мяне заўсёды свабодны? То мы зойдзем да цябе з адным харошым хлопцам.
Хутка мы былі ў прыёмнай начальніка міліцыі. Сакратарка памкнулася сказаць, што начальнік заняты, але Каваленка апярэдзіў яе:
— Сказаў, каб тэрмінова зайшлі да яго.
Увайшлі мы ў кабінет начальніка міліцыі, а ў таго сядзяць двое юнакоў. У чымсьці сітуацыя, падобная на тую, якую ўбачыў ародны артыст СССР Ц. у кабінеце першага сакратара Маладзечанскага райкама партыі. З адной толькі розніцай. Там партыйны кіраўнік распякаў перадавога механізатра, які згубіў партыйны білет, а галоўны драгічынскі міліцыянер выхоўваў тых, каго прывялі п’янымі.
Пра гэта мы даведаліся, калі ён пры нас прадоўжыў свой урок «назидательности».
— Так і быць, — злітаваўся начальнік міліцыі, — на работу не паведамім, але штраф заплаціць давядзецца.
Задаволеныя такім зыходам, хлопцы з радасцю пакінулі кабінет. Як толькі яны зачынілі за сабой дзверы, Каваленка коратка патлумачыў сітуацыю, у якую трапіў я. Уважліва выслухаўшы яго, начальнік міліцыі сказаў:
— Пашпарт павінны выдаць усё ж у Мінску, ёсць жа, — патлумачыў ён, — наконт гэтага яшчэ адзін дакумент, — ён палез нават у сейф, каб пераканаць нас, што не хлусіць, але Віктар Антонавіч спыніў ягонае памкненне:
— Ды верым мы табе, але дапамажы хлопцу.
— Калі ты просіш, адмовіць не магу, — адказаў начальнік міліцыі і, звяртаючыся да мяне, пачаў: — Так: ехаў ты ў поездзе, павесіў пінжак...
— Ды не ехаў я ні ў якім цягніку, — запярэчыў я.
— Не перабівай, — строга сказаў начальнік міліцыі. — Значыць, ты ў вагоне павесіў пінжак і пайшоў у тамбур. Вярнуўся, а пінжак укралі. Разам з пашпартам... Зразумеў?
Я нічога не зразумеў, але пацвярджальна кіўнуў галавой.
— То бяры ручку і пішы на маё імя заяву. Толькі падрабязней раскажы, як усё гэта было.
Каваленка перапыніў яго:
— Саша што хочаш напіша.
— Што хочаш — не трэба, — сур’ёзна зазначыў начальнік міліцыі, і да мяне: — Паўтараю: у заяве ўсё падрабязна раскажы і папрасі замест украдзенага выдаць новы пашпарт.
Узяўшы ў рукі тэкст маёй заявы, ён, уважліва прачытаўшы яе, застаўся вельмі задаволены:
— Сапраўды, пісаць умее.
— Мой кадр, — радасна засведчыў Віктар Антонавіч.
— То і далей такіх хлопцаў выхоўвай, — пажадаў яму начальнік міліцыі. — Праз месяц пашпарт будзе гатовы, — і, быццам апраўдваючыся, дадаў: — Раней не магу, такое правіла.
Самагонка на кухні і партбілет у кішэні
Паўтараю: камуністам я не быў, таму і згубіў не партыйны білет, а пашпарт. Але праходзіў час і я ўсё больш пачаў думаць, а чым я горшы за іншых. Няўжо па-ранейшаму так і не гатовы далучыцца да кагорты тых, хто з’яўляўся «розумам, гонарам і сумленнем» эпохі. Як быццам розумам не абдзелены. Сумленне маю. Не надта ганарлівы? Дык гэтага гонару з лішкам у іншых. Атрымліваецца, што для стварэння агульнага партрэта вернага ленінца якраз і падыходжу. Ды не тут было. Як кажуць, тварам не падыходзіў.
Гэта цяпер усе тыя, хто некалі займаў розныя пасады, дзякуючы свайму членству, у грудзі грукаюць, што іх, бедных, маўляў, сілком туды цягнулі, а тады, «бедалагі» самі рваліся, ў яе, быццам у атаку ішлі, не шкадуючы нікога, хто трапляўся на іхнім шляху. І, зразумела, стараліся, каб ніхто не стаў камуністам з тых, каго яны не адносілі да сваёй.... Прабачце, хоць гэта прагучыць і грубавата, але слова «хеўра» ў дадзеным выпадку самае дакладнае.
Памятаю, як аднойчы з Алесем Пісьмянковым на вуліцы выпадкова сустрэліся з тагачасным сакратаром партыйнай арганізацыі Саюза пісьменнікаў БССР, вядомым празаікам К. Гэты празаік, заўсёдны аптыміст, весяльчак — з тых, пра каго кажуць: «улыбка до ушей, хоть завязочку пришей», убачыўшы Алеся, расплыўся ва ўсмешцы:
— Дзе гэта ты прапаў?
— Як дзе? — здзівіўся Пісьмянкоў. — Як хадзіў на работу (ён тады працаваў у «Полымі». — А. М.), так і хаджу.
— Я не пра гэта. Ты ж абяцаў напісаць заяву аб уступленні ў партыю...
— Няўжо? — Пісьмянкоў зрабіў выгляд, што чуе пра гэта ўпершыню. — А можа, не трэба?
Тыя, хто добра былі знаёмы з Алесем, неаднойчы маглі ўпэўніцца, што ў яго была даўняя звычка: калі штосьці збіраецца зрабіць, абавязкова мусіць з кім-небудзь некалькі разоў абмеркаваць гэта. Так было і тады, калі рыхтаваў да друку сваю першую кнігу вершаў «Белы камень». «А мо ранавата?» — неаднойчы даймаў ён і мяне дый іншых гэтым пытаннем. Выбіралі яго сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР — тое ж самае: «Ці трэба? Пойдуць размовы: малады яшчэ». З уступленнем у партыю аналагічная сітуацыя. Усё аднекваецца, сумняваецца, хоць і разумее, што ўступаць трэба. Такі ўжо характар чалавек меў. Яму заўсёды трэба было, каб хтосьці пераконваў яго ў неабходнасці таго, у чым ён і сам не сумняваўся, але рабіў выгляд, што вагаецца.
Сакратар партыйнай арганізацыі, не атрымаўшы ад Пісьмянкова пэўнага адказу, тым часам пачаў гаварыць і пра тое, і пра гэта — чалавек ён гаваркі, чымсьці падобны на Пісьмянкова. Па натуры гэткі ж вясёлы, таму лёгка пераскокваў з адной тэмы на другую. Нават дагаварыўся да таго, што пачаў расказваць нам пра тое, як гнаў на кухні ... самагонку. Мы ажно раты раскрылі: як проста, аказваецца, усё і які добры вынік можна атрымаць за такі кароткі час. Да ўсяго з невялікімі фінансавымі затратамі.
— Трэба паспрабаваць, — загарэўся жаданнем Алесь.
К., будучы ўпэўненым, што Пісьмянкоў ужо «созрел» і для працягу той сур’ёзнай размовы, з якой пачалі, з упэўненасцю сказаў:
— То заўтра чакаю цябе з заявай.
Алесь усміхнуўся:
— А навошта спяшацца? — і нечакана для К., дый для мяне таксама прапанаваў: — Прыміце спачатку Марціновіча.
Сакратар партыйнай арганізацыі не чакаў ад яго падобнай прапановы. Тым больш не гатовы быў для адказу на яе. Таму, прамаўчаўшы наконт прапановы Пісьмянкова, не знайшоў нічога лепшага, як паспешна развітацца з намі.
— Прабачце, хлопцы, — паціснуў ён нам рукі, спачатку Алесю, потым мне, — можна было б яшчэ пагаварыць, толькі спяшаюся дахаты.
На тым і развіталіся.
Так і было вырашана маё пытанне з членствам у КПСС.
Да гэтага пытання я не звяртаўся нават тады, калі сакратаром партыйнай арганізацыі СП БССР стаў празаік С., чалавек сумленны ўжо хоць бы таму, што не збіраўся хаваць прычыну сваёй згоды заняць гэтую пасаду ў той час, калі так званыя «перабудавачныя вятры» дзьмулі ўжо ва ўсю моц, узнімаючы на паверхню розную брыдоту, якая нічога іншага не ўмела рабіць, як кляйміць камунякаў. Гэты С. ва ўсякім разе мне сказаў: «Чуў, што партыйным кіраўнікам зарплату падымаюць у два разы. То чаму б не папрацаваць, а далей што будзе, то будзе».
Што далей было, кожнаму вядома: развал СССР, руйнаванне КПСС. Перад гэтым жа самыя ўвішныя партыйныя пацукі пачалі разбягацца, не сумняваючыся, што хутка іхні карабель патоне. На іх месца прыходзілі тыя, хто не расстраціў яшчэ веры ў савецкую ўладу. Яны належалі да тых, каго гэтыя пацукі, маючы ўладу і сілу, на адказныя пасады стараліся не пускаць. Адзін з такіх пісьменнікаў, паэт П. і ўзначаліў партыйную арганізацыю Саюза пісьменнікаў БССР у гэты складаны час, а потым стаў працаваць і ў ЦК КПБ.
То ён і прапанаваў мне:
— Уступай у партыю. Я і з В. перагаварыў, — ён меў на ўвазе галоўнага рэдактара «ЛіМа». — Ён не супраць.
— А ці трэба? — шчыра засумняваўся я. — Тым больш цяпер, калі паўсюдна такі раздрай.
— Гэта ты так думаеш, а ў некаторых думка іншая.
Такое сцвярджэнне мяне заінтрыгавала.
— І хто гэтыя «некаторыя», у каго іншая думка? — пацікавіўся я.
— Вельмі ў партыю рвецца Т., — ён назваў аднаго маладога супрацоўніка «ЛіМа», які потым стаў адным з самых агалцелых «сведамых».
— Зразумей, — працягваў П. — На рэдакцыю выдзелена адна вакансія. Ты ўступаеш, а Т., — П. засмяяўся, — будзе чакаць.
Чаго-чаго, а каб Т. уступаў у партыю, я не хацеў. Вельмі ж не падабаўся ён мне. Вечна насуплены, пануры. Да ўсяго нейкі ўнутрана ваяўнічы. Калектыў штотыднёвіка невялікі, усе адзін аднаго добра ведаюць, а ён ходзіць па калідоры, амаль ні з кім не здароўкаецца, на ўсіх глядзіць пагардліва. Каму-каму, падумалася мне, а яму трэба перакрыць клапан.
— Уступаю, — не вагаючыся заявіў я П.
Але аказалася ўсё не так проста, як думалася мне. Менавіта ў гэты час трэба было паслаць каго-небудзь на вучобу ва ўніверсітэт марксізму-ленінізму пры Мінскім абкаме КПБ. Да «перабудовы» жадаючых вучыцца ў ім было дастаткова, хоць і даводзілася на заняткі хадзіць пасля вучобы, а цяпер ніхто не хацеў з гэтым універсітэтам звязвацца. Само сабой зразумела, што ад «ЛіМа» прапанавалі вучыцца ў ім мне. Давялося згадзіцца. Адбылося ўсё, як у той даўняй песні «Партия сказала: «надо», комсомол ответил: «есть!»