Блакит - Неизвестно
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Ах, я і не сказаў, што за няпоўных два месяцы да ўказу мне, як тут лічылі самаму прыкметнаму жаніху, наканавана было нечакана, нават на дзіва ўсім пакончыць з вольным халасьцяцкім жыцьцём, павязаўшыся вузамі Геменея з зусім непрыкметнай нявестай, але адчайна-рамантычнай і настолькі ж сімпатычнай студэнтачкай медвучылішча Ліляй, з якой пазнаёміўся пад Новы год у час ейнага прыезду да бацькоў на канікулы...
(…)
…Чэхаславацкія падзеі 1968 году крута павярнулі мой журналісцкі лёс. У першы ж трывожны дзень у Навагрудскі райкам пазванілі з абкама партыі і загадалі тэрмінова знайсьці і любым відам транспарту – аж да машыны першага сакратара, калі з-за туману не паляціць рэйсавы самалёт-кукурузьнік, даставіць мяне да сакратара Гарадзенскага абкаму Ульяновіча. Ехаў на райкамаўскай “Волзе” і ніяк ня мог уцяміць, навошта гэтак, у пажарным парадку спатрэбіўся Ульяновічу? Праходзіла мабілізацыя рэзервістаў, і быў амаль перакананы, што выклік зьвязаны з чэхаславацкімі падзеямі – няйнакш арганізоўваюць нейкую ваенную газету... Тое, што пачуў ад сустрэтага ў абкамаўскім калідоры загадчыка аддзелу прапаганды і агітацыі Грышкевіча, ледзь ня кінула ў шок: толькі што бюро зацьвердзіла мяне загадчыкам сектару друку, радыё і тэлебачаньня. Як так: не папытаўшы згоды, не пагутарыўшы?! З Грышкевічам пайшлі да Ульяновіча, дзе я рашуча ўдарыў у хамут, а потым павялі да першага сакратара Мікуловіча, які з парогу заявіў:
– Лічы сябе мабілізаваным. Бачыш, якая абстаноўка ў сьвеце... – І калі я ледзь ці не ўзмаліўся, каб пакінулі ў газеце, супакоіў: – Ладна, пабудзеш з годзік, а там паглядзім...
Загадчыку сектару друку, радыё і тэлебачаньня належала чытаць і аналізаваць раённыя газеты, абавязковыя экземпляры якіх паступалі ў абкам партыі, час ад часу рыхтаваць тэматычныя ці нейкія іншыя агляды і друкаваць у абласной газеце пад сваім прозьвішчам з абавязковым указаньнем пасады альбо бяз подпісу, што гэтаксама сьведчыла аб афіцыйнай пазіцыі абкаму, выяўляць і публічна ўхваляць нейкія журналісткія знаходкі ў раёнках, раніцой слухаць абласное радыё і выказваць свае заўвагі калектыву альбо старшыні радыёкамітэту Сінілаву, які чамусьці ўспрымаў іх заўсёды насьцярожана і балюча, нават калі тычылася абсалютна відавочных ляпаў. І яшчэ найважнейшай задачай было па публікацыях выяўляць таленавітых і персьпектыўных журналістаў, запрошваць на іх вусныя характарыстыкі ў рэдактараў, самаму бываць на месцах для знаёмства з калектывамі, вывучэньня ўзятых на прыкмету для вылучэньня работнікаў. Калі не было каго вылучаць на месцы, рэдактары званілі і прасілі прыслаць добрага хлопца. Пад рукой у мяне быў абноўлены сьпіс творчых работнікаў усіх газетаў. І яшчэ абавязкам загадчыка сектару было пісаць устаўкі ў даклады на пленумы, у выступленьні першага сакратара з ацэнкамі і ўстаноўкамі ў дачыненьні газетаў і радыё, а таксама пункты ў пастановы партканферэнцыяў, пленумаў, бюро абкаму. Ну і, вядома ж, разьбіраць і рабіць заключэньні па розных скаргах і ананімках, якія зрэдку паступалі ў абкам ці перасылаліся з менскіх альбо маскоўскіх высокіх інстанцыяў. Нават такія, як штогадовыя звароты ў перыяд абвастрэньня хваробы ціхага і сьціплага загадчыка аддзелу пісьмаў адной раённай газеты на імя Генеральнага сакратара ЦК КПСС і старшыні КДБ СССР аб тым, што Герынг уцёк з-пад вісельні і затаіўся на пасадзе рэдактара іхняй газеты пад прозьвішчам Шут, і для доказу прыкладваў фотакартку беднага рэдактара...
Але вернемся да маёй абкамаўскай адысеі. Адбылося нешта неверагоднае, чаго і ўявіць сабе ня мог – не прайшло і году, а я ўжо і думаць перастаў аб вяртаньні ў газету. Мусіць, заўсёды ў маладыя леты абвостранае амбітнае памкненьне самарэалізавацца, даказаць некаму, а найперш самому сабе, што ты ня лыкам шыты, а найперш – зьдзейсьніць нешта важнае, важкае, дамагчыся як мага большага грамадскага прызнаньня. Тут, у абкаме, – самай высокай і аўтарытэтнай уладнай установе, для таго былі, здавалася па маладосьці і наіўнасьці, найлепшыя ўмовы і магчымасьці. Займеўшы статус афіцыйнай асобы, а з ім – і пэўнае права выступаць ад імя абкаму, атрымаў магчымасьць непасрэдна ўзьдзейнічаць на стан і творчы ўзровень прэсы, перш за ўсё, канешне ж, раённай, бо ўжо твае вусныя ці выказаныя ў аглядах друку на старонках “Гродненской правды” думкі, ацэнкі, заўвагі, прапановы ўспрымаюцца як афіцыйныя, патрабуюць адпаведнага стаўленьня і рэагаваньня. А сваё бачаньне праблемаў, персьпектываў разьвіцьця прэсы, яе падыходаў да актуальных палітычна-гаспадарчых задачаў мог рэалізоўваць, укладваючы іх у даклады на абласных партканферэнцыях, пленумах абкаму і канцэнтравана ў пункты іхніх пастановаў, якія мелі абавязковы дырэктыўны характар. Канешне, усё гэта ўсьцешвала душу, надавала важнасьці рабоце, і толькі з гадамі прыходзіла разуменьне “суеты сует”, столькі марна патрачанага часу і нерваў!
Бадай, самай сур’ёзнай і важнай справай, якую ўдалося зрабіць тады, была арганізацыя абласнога тэлебачаньня. Мо калі землякі-гарадзенцы, сьвяткуючы нейкі надта ж круглы юбілей свайго мясцовага тэлебачаньня, прыгадаюць добрым словам, а не прыгадаюць – такой бяды, ня ў тым справа, галоўнае, што яно адбылося. Калі пачыналі, то ні я, каму па пасадзе належала займацца арганізацыяй тэлестудыі, ні мае начальнікі ня мелі ніякага ўяўленьня, што гэта такое. У Гародні быў, хіба, адзін больш-менш дасьведчаны ў тэхнічных праблемах тэлебачаньня чалавек – Валянцін Дзьмітрыевіч Лапін, якога і прызначылі дырэктарам неіснуючага тэлецэнтру. Яму давялося пачынаць з нуля – і будаваць памяшканьне, і даставаць-выбіваць у Менску, Маскве патрэбнае абсталяваньне, падбіраць, рыхтаваць тэхнічныя кадры. Гэта проста шчасьце, што знайшоўся такі няўрымсьлівы, улюбёны ў тэлебачаньне прабіўны арганізатар, высілкамі якога было зроблена амаль немагчымае. Каб займець адпаведную айчынную тэхніку, трэба было як мінімум за два гады патрапіць у сьпісы усясільнага і непрыступнага маскоўскага Дзяржплану, паколькі абсталяваньне выпускалася паштучна на заводах ваенна-прамысловага комплексу. Айчынная прамысловасьць тады не асвоіла і палавіны патрэбнай тэхнікі, а дэфіцытную валюту для закупу за мяжой трымаў у сваіх руках яшчэ больш непрыступны маскоўскі Мінфін, якому да лямпачкі нейкая двойчы перыферыйная тэлестудыя. Таму чакаць планавай камплектацыі тэлецэнтру раней, чым на пяцігодку – справа безнадзейная, і Лапін стаў дзейнічаць па прынцыпе: са сьвету па нітцы – і голаму кашуля. Праз дасьведчаных людзей у Маскве ён праўдамі-няпраўдамі выведваў, на якіх студыях маецца лішняе ці запасное абсталяваньне, узбройваўся абкамаўскімі і аблвыканкамаўскімі просьбамі-хадайніцтвамі і дапінаў аж да маскоўскага Лапіна – старшыні Дзяржтэлерадыё, чалавека інтэлігентнага, які ня мог адмовіць свайму цёзку, і падпісваў распараджэньні аб бясплатнай перадачы з балансу на баланс Гарадзенскага тэлецэнтру тэхнікі з маскоўскага Астанкіна, Рыгі, Кіева, Вільнюса і г.д.
Будаўніцтвам і тэхнікай пасьпяхова займаўся няўрымсьлівы Лапін, але ня меней складанай задачай было ствараць на голым месцы пры поўнай адсутнасьці кадраў дзеяздольны творчы калектыў. Дырэктарам тэлестудыі выбралі рэдактара ашмянскай раёнкі Якава Ільіча Карабка, які эмацыянальна рукамі-нагамі адбрыкваўся ад прапановы: ды не мая гэта справа, ніякага паняцьця ня маю аб тэлебачаньні, аднак яму нагадалі пра партыйны білет, партыйную дысцыпліну... Карабку далі карт-бланш: шукаць касьцяк кадраў тэлевізійнікаў дзе толькі можа пад гарантыю атрыманьня жыльля. Першым прывёз ён з Вільнюса рэжысёра Ёнаса Дзяргінчуса, які быў там ці не асістэнтам і завочна вучыўся ў інстытуце. Дзяргінчус усім нам спадабаўся, адразу ж атрымаў ордэр на кватэру і з імпэтам узяўся вучыць падабраных самім жа аператараў, асістэнтаў, гукааператараў, мастакоў-афармляльнікаў, настойліва авалодваў беларускай мовай, паколькі вяшчаньне меркавалася весьці па-беларуску. Ён быў неспакойны, творча неардынарны чалавек, мог запярэчыць, паспрачацца ня толькі з Карабком, але і са мной. Неўзабаве ён стаў галоўным рэжысёрам, з першага ж дня фактычна фарміраваў аблічча гарадзенскага тэлебачаньня, адпрацаваў тут ледзь ці ня трыццаць гадоў і зьехаў у Вільнюс, калі Літва стала незалежнай дзяржавай.
Першым тэлежурналістам, які самасеем прыбіўся ў Гародню, быў Іван Тарасюк. Яго пагналі, ці то толькі зьбіраліся пагнаць, за злоўжываньне сьпіртным з нейкай чарговай, здаецца, Брэсцкай тэлестудыі. Ды як кажуць, на бязрыб’і і рак – рыба. Іван кляўся-бажыўся, што больш і глядзець ня будзе ў бок чаркі, а Карабок умеў трымаць такіх у жорсткіх рукавіцах. Тарасюк быў класны тэлевізійны прафесіянал і стаў сапраўдным настаўнікам для маладых газетчыкаў, якія рабілі першыя крокі на ніве тэлежурналістыкі.
Але найбольшая праблема ўзьнікла з дыктарамі-вядучымі. Мужчынскую ролю мог выконваць Тарасюк, а на жаночую прагледзелі сотні пратэндэнтак – ніводная не падыходзіла. Нарэшце, удалося спакусіць добрай кватэрай у цэнтры гораду Веру Шэбеку з рэспубліканскага тэлерадыёкамітэту. Апроч кватэры, якой ёй і не сьвяціла ў сталіцы, у Веры былі складаныя стасункі з начальствам, якое не хацела выпускаць яе на тэлеэкран, трымаючы на радыё. Вера стала тварам гарадзенскага тэлебачаньня, а праз колькі гадоў напаткала суджанага, пераехала ў Маскву, дзе яе ахвотна ўзялі на ЦТ, і неўзабаве на многія гады, аж да ГКЧП, стала ў пары з Кірылавым весьці галоўную інфармацыйную праграму краіны “Время”.