Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Замалёўкi (на белорусском языке) - Сергей Давидович

Замалёўкi (на белорусском языке) - Сергей Давидович

Читать онлайн Замалёўкi (на белорусском языке) - Сергей Давидович

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 42
Перейти на страницу:

А яна ж была такая прыгожая! Як мне хацелася хоць раз пагладзiць яе цi дакрануцца!

I вось нарэшце, як кажуць, найшла каса на камень. У нашу Карпiлаўку заляцелi чарговыя "парушынкi" - бедныя, з невядомага край-свету людзi - Курт з жонкай. Прозвiшча яго паказалася нам непрывычным i дзiкiм. Ды i сам ён выглядаў страшна i дзiка. Кручкаваты нос надаваў ягонаму твару драпежнасць i бязлiтаснасць, а вочы рабiлi яго свiрэпым. У яго было толькi адно вока, а другое - шкляное, але цяжка было сказаць, якое з iх страшней блiшчэла. Жонка ж яго была настолькi цiхая, што за той час, што "парушынкi" жылi ў Карпiлаўцы, нiхто не чуў ад яе нi слова.

Вось гэтаму Курту брыгадзiр з палёгкай i задавальненнем даў парку коней, у якой была Муха. Ранiцай наступнага дня, на нарадзе, усе разявiлi раты i не дыхалi - што ж будзе? А адбылося ўсё настолькi нечакана, што мы не паспелi i раты закрыць.

Курт падышоў да стойла, каб адкiнуць жэрдкi i надзець на кабылу аброць, але тая крутнулася задам i пачала ярасна брыкацца.

Тут Курт як блiснуў сваiмi страшэннымi вачыма, як крутнуў кручкаватым носам ды як гыкнуў нейкiм нечалавечым голасам - мы ажно прыселi, хоць на нас аброць надзявай.

Затым Курт смела адкiнуў завалы i рашуча ўвайшоў у стойла, гыкнуўшы яшчэ некалькi разоў. Муха, здавалася, гатовая была выскачыць з уласнай шкуры - уся дрыжыць, перабiрае нагамi, вочы налiлiся крывёй, але ўсё ж дазваляе Курту накiнуць на сябе аброць. I як нi вытанцоўвала Муха, як нi кiпяцiлася ад гневу i непрыступнага самалюбства - яна была пераможана.

Потым Курта можна было пачуць за некалькi вёрстаў, бо, прабачце за параўнанне, сам Бог на сваёй каляснiцы не нарабiў бы столькi грукату, колькi яго рабiў Курт, несучыся, не разбiраючы дарогi, на запрэжаных двух конях, адна з якiх была Муха.

Не было б шчасця - ды няшчасце памагло... Так. Думаю, што не доўга пражыла б прыгажуня Муха ў сваёй непадступнасцi, бо ў калгасе ад конскай прыгажосцi мала карысцi. Конь павiнен працаваць, цягнуць да смерцi лямку. Пайшла б яна "пад нож", не завiтай у яе лёс той Курт, якi пераламаў характар Мухi i гэтым даў ёй магчымасць пражыць свой конскi век у працы i да старасцi.

НЕБЯСПЕЧНАЯ ДРЫГВА

Запрог я кабылку, паклаў на бакавiнкi падводы дошчачку-сядзенне, узяў дубец у рукi i падаўся праз Гарэлы лес аж да Харужанцаў. Там, у балоцiстай нiзiне, расце цудоўны белы мох. Без такога моху - нi хатку, нi хлявок не пабудуеш.

Еду, пацмокваю на кабылку, аб'язджаю лужы, любуюся навакольнай прыгажосцю - ну пан, ды i толькi! Побач з кабылкай бяжыць яе ўжо даволi велiкаваты сынок - Казбек.

Прыехаў я да балотца, кiнуў кабылцы сена, каб яна не сумавала, а сам - за вiлы i давай iрваць мох. Прыемная гэта справа - мох доўгi, чысцюткi, смачна пахне. Праўда, цяжкаваты, як возьмеш на вiлы, бо ў той дажджлiвы год быў "з галавой" залiты вадой. Накладзеш яго на падводу, а з яго вада цячэ, як з рэшата, аж да самай вёскi.

Да белага моху, увогуле, трэба ставiцца з павагай i ўдзячнасцю. I не толькi таму, што ён паслухмяна кладзецца мiж бярвенцамi, каб чалавеку цi жывёле цяплей i ўтульней было ў будынiне. Хаця i за гэта яму дзякуй!

У час вайны ён быў надзейным памочнiкам партызанскiх дактароў. Лекаў i бiнтоў катастрафiчна не хапала, а раненых, якiм тэрмiнова трэба было iсцi "пад нож" - на аперацыю, хапала. Вось тады i выручаў людзей белы мох. Аказваецца, ён не толькi стэрыльны, але i спрыяе хутчэйшаму загойванню раны.

Вось з такiмi ўдзячнымi думкамi дзяру я мох, падношу да падводы, на душы спакойна.

I раптам спакой душы iмгненна парушыла думка: "А дзе ж Казбек?" Я - тут, кабыла - тут, мы з ёй пры справе, а дзе гэты шалянец?

Кiнуў я вачыма ў адзiн, у другi бок - i вiлы вывалiлiся з рук. Ад Казбека засталася толькi галава i пярэднiя ногi - астатняе паглынула дрыгва.

Тут, у гэтай балоцiстай нiзiне, некалi капалi рыдлёўкамi торф. Даўно гэта было, мала хто пра гэта ведае. Тыя глыбокiя кар'еры-ямы запоўнiлiся вадой, i з часам iх роўненька зацягнуў мох. Калi iсцi прамiком праз балота, можна даволi лёгка трапiць у смяротную пастку. Праўда, над гэтымi ямамi крыху святлейшага колеру мох, але Казбеку было не да колеру. Ён як бег, так i ўскочыў у яму.

Падляцеў я да яго, а ён прыкладае ўсе намаганнi, каб выбрацца. I чым больш ён дрыгаўся, тым хутчэй i глыбей апускаўся.

Я, наколькi гэта было магчыма, супакойваю яго:

- Казбечык, мiлы, не хвалюйся! Я зараз нешта прыдумаю!

Ён, цi выбiўся з сiл, цi зразумеў мяне, перастаў дрыгацца i толькi жаласлiва глядзеў мне ў вочы. Блiзка да жарэбчыка я падступiцца не мог, паспрабаваў цягнуць за пярэднюю нагу - нiчога не атрымалася. Няўжо так i загiне бедная жывёла на маiх вачах? Ад падводы пачулася трывожнае ржанне. Гэта мацi Казбека не разумела, чаму бачна толькi галава яе дзiцяцi - адчула бяду.

Раптам мяне ажно падкiнула: да Харужанцаў усяго з паўвярсты - там жа людзi, яны дапамогуць! Набраў я паветра поўныя грудзi i як закрычу:

- Ого-го! Людзi! Памажыце!..

Вечар быў цiхi, ясны, i мой голас, здавалася, аблятаў вакол Зямлi i вяртаўся сюды зноў.

- Гэ-эй! Людзi! Сюды! - гарлапанiў я, i... Божа мiлы! Чую адказ! Чую, што i мяне пачулi! Чую, што мне адказваюць i падбадзёрваюць мяне. Хутка крыкi пачалi наблiжацца, а праз некалькi хвiлiн я ўбачыў мужчын - хто з сякерай, хто з вяроўкай - хто з чым. Якiя малайцы харужане!

Прыбеглi i крыху расчаравалiся:

- Вось табе й на! А мы ж думалi, што чалавек трапiў у гэтае пекла!..

Накiнулi вяроўку на ногi жарэбчыку, паднапнулiся, пацягнулi - Казбек зразумеў, што i ён павiнен дапамагаць, пачаў кiдацца з апошнiх сiл - i вось ён на волi! Стаiць шчаслiвы, пафырквае ды абтрасае з бакоў ваду i слiзкую балотную цiну.

Выратальнiкi, знаёмыя харужанскiя мужчыны, задымiлi цыгаркамi i расказалi, што аднойчы з гэтага ж месца пачулi таксама крыкi аб дапамозе. Прыбеглi, а з цiны тырчыць галава не жарабяцi, а чалавека. Тады нейкi паляўнiчы шыбаваў праз балотца i шугануў у ямiну. Прыбеглi своечасова, бо пачынала хавацца ў багну i ягоная "макаўка".

Назад я ехаў усхваляваны, i мне падалося, што ўсё жыццё я спрабую выкараскацца з нейкай дрыгвы i толькi галава мая пакуль вытыркае з чаднага балота.

ПШТЫК

Жыў некалi ў нашай вёсцы Васiль (чамусьцi мянушку яму далi - Пштык). Жыў бядней самага беднага чалавека - нiчога ў яго не было, акрамя хаты ды голых куткоў у ёй.

Жонка яго памерла даўно, дзяцей у iх не было, вось Васiль i дажываў век "нашчака" - нi парасяцi, нi курыцы, нi бульбiнкi... У гэткага бедака, пэўна, i мыш павесiцца ў кладоўцы.

I хоць галеча была вiдавочнай, Васiль старанна хаваў яе ад чужога вока. Але як схаваеш схуднелы твар з глыбока запалымi вачыма цi драныя-перадраныя лахманы, што звiсалi з ягоных плячэй ды ног?

Прыходзiла нядзелька. Вяскоўцы мылiся, прыбiралiся i, паснедаўшы, выходзiлi ў вольны час да варотцаў цi зусiм на вулiцу, каб "на людзей паглядзець ды сябе паказаць".

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 42
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Замалёўкi (на белорусском языке) - Сергей Давидович.
Комментарии