Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Научные и научно-популярные книги » История » Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) - Вера Смирнова

Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) - Вера Смирнова

Читать онлайн Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) - Вера Смирнова

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24
Перейти на страницу:

Але Гелiёс нават не азiрнуўся. Геракл раззлаваўся i крыкнуў зноў:

- Я не жартую, i стрэлы мае смяртэльныя!

Гелiёс усмiхнуўся, спынiў каня i, сышоўшы з каляснiцы, спытаў:

- Хто ты, дзёрзкi, i чаго ты хочаш ад мяне?

Геракл расказаў яму, хто ён, куды i чаго яго паслалi, i папрасiў Гелiёса перавезцi яго на Барвовую выспу.

Усмiхаючыся, Гелiёс узяў героя ў сваю залатую лодку. Яны паплылi па акiяне. Начная цемра ахутала зямлю. Кожны вечар пераплываў Гелiёс з захаду на ўсход, каб, адпачыўшы ў сваiм высокiм доме на ўсходзе, зноў з'явiцца ранiцай на небе.

Калi яны былi ўжо на палове дарогi, штосьцi зачарнелася ўперадзе - гэта была жаданая выспа.

Залатая лодка падплыла да берага. Геракл выйшаў, i бог Сонца пажадаў герою ўдачы.

Было цёмна, i Геракл нiчога не мог разгледзець вакол сябе. Задаволены, што дабраўся да мэты, ён лёг пад скалою, закруцiўся ў iльвiную шкуру i моцна заснуў.

Ранiцай яго пабудзiў зацяты i хрыплы брэх. Геракл прачнуўся i ўбачыў, што ён сапраўды на Барвовай выспе: усё вакол было чырвонага колеру - скалы, пясок, дарога. I нават вялiзны кудлаты сабака, што стаяў перад героем i злосна брахаў на яго, таксама быў барвова-чырвоны.

Убачыўшы, што Геракл прачнуўся, сабака рынуўся на яго, учапiўся зубамi за яго вопратку. Геракл схапiў сваю дубiнку, аперазаў сабаку, i той, заенчыўшы, пакацiўся на зямлю з прабiтай галавою.

Тады з ускраiны барвовага лесу, што рос непадалёку, прыбег вялiзны чырвоны пастух: i валасы, i барада, i твар, i вопратка - усё ў яго было чырвонае. Размахваючы сваiм кiем i крычучы незразумелыя словы, ён накiнуўся на Геракла.

Геракл спрытна выбiў кiй з рук чырвонага пастуха i так моцна выцяў велiкана ў грудзi, што той расцягнуўся побач з забiтым сабакам.

Геракл падаўся ў лес i ўбачыў на ўзлеску два статкi: адзiн чырвоны, як усё на выспе, другi чорны, як ноч, i вартаваў яго чорны пастух у чорнай вопратцы, з чорнымi валасамi i чорным тварам.

Убачыўшы Геракла, чорны пастух з крыкам уцёк у лес. Потым з лесу тройчы пачуўся страшны рык, i з-за дрэў паказаўся велiкан Герыён. Тры тулавы, што зраслiся разам, крочылi на шасцi нагах, тры галавы пазiралi грозна на Геракла, шэсць рук пагражалi яму. Геракл узняў свой лук - страла засвiстала i ўпiлася ў грудзi велiкана. Адразу ж бяссiльна схiлiлася адна галава, дзве рукi павiслi, як цявiнкi, уздоўж цела, дзве нагi перасталi рухацца i валаклiся за астатнiмi, замiнаючы iм. Але велiкан быў ужо гэтак блiзка, што Геракл не паспеў стрэлiць другi раз. Ён узняў сваю дубiнку i аперазаў Герыёна па другой галаве. I гэта абвяла таксама, i яшчэ дзве рукi апусцiлiся, i ўжо чатыры нагi матлялiся ўнiзе i замiналi Герыёну iсцi. Тады Геракл адкiнуў дубiнку i схапiўся з велiканам урукапашную. Магутнымi рукамi ён абхапiў яго, i яны пачалi дужацца. Два мёртвыя целы перашкаджалi велiкану, лiшнiя рукi матлялiся бездапаможна па баках, лiшнiя ногi штурхалiся памiж нагамi - i неўзабаве прыйшлi Герыёну канцы.

Цяпер Геракл мог гнаць чырвоны статак. Чорны пастух уцёк. Чырвоны пастух забiты, i сам велiкан валяўся на зямлi вялiзнай мёртвай глыбай. Але статак не хацеў слухацца героя, валы не краналiся з месца. Геракл пачаў шукаць вакол, чым можна было б iх пагнаць, i знайшоў каля забiтага пастуха чырвоную дудачку. Ён прыклаў яе да вуснаў, дудачка заспявала, i чырвоныя валы паслухмяна ўсталi з зямлi i пайшлi за Гераклам. Акружаны чырвоным статкам, стаяў Геракл на беразе акiяна i чакаў.

Увечары прыплыла залатая лодка, i Геракл папрасiў Гелiёса перавезцi яго са статкам на зямлю.

- Што скажуць людзi, калi ўбачаць, што Сонца вяртаецца назад? - сказаў Гелiёс.

Але смелы герой спадабаўся богу Сонца, ён аддаў яму сваю лодку, а сам застаўся начаваць на выспе.

У залатой лодцы Гелiёса Геракл давёз чырвоны статак да краю зямлi i пагнаў яго цераз горы, цераз чужыя краiны - у Грэцыю.

Па дарозе здарылася з iмi шмат прыгод. Каля ракi Тыбра велiкан Как украў у яго некалькi валоў. Гераклу давялося з iм бiцца, i герой забiў велiкана.

Потым адзiн вол звалiўся ў мора; хвалi аднеслi яго ў Сiцылiю, i Гераклу трэба было, пакiнуўшы статак на Гефеста, плыць на выспу i бiцца з царом Сiцылii, якi не хацеў аддаваць вала.

Нарэшце, ужо непадалёку ад Аргоса, Гера, якая ўсяляк старалася перашкодзiць Гераклу, напалохала валоў, i яны разбеглiся. Ледзьве сабраў iх Геракл i прывёў у Мiкены. А цар Еўрысфей падарыў увесь чырвоны статак сваёй заступнiцы Геры.

Адзiнаццаты подзвiг

Геракл даходзiць да краю свету i здабывае яблыкi Гесперыд

Даўным-даўно, калi на светлым Алiмпе багi спраўлялi вяселле Зеўса i Геры, Гея-Зямля падарыла нявесце чароўнае дрэва, на якiм раслi залатыя яблыкi.

Гэтыя яблыкi вярталi чалавеку маладосць, i той, хто змог бы iх дастаць, нiколi б не састарыўся.

Але нiхто з людзей не ведаў, дзе знаходзiцца сад, у якiм расла дзiвосная яблыня.

Пакуль Геракл, па загаду цара, хадзiў па зямлi i змагаўся са страшыдламi, Еўрысфей у сваiм палацы старэў i з кожным днём рабiўся ўсё больш слабым i баязлiвым. Ён пачаў ужо баяцца, што Геракл, перамогшы ўсiх на свеце, перастане яго слухацца i сам захоча стаць царом над усёй Грэцыяй. Еўрысфей вырашыў паслаць Геракла так далёка, каб ён не вярнуўся назад. Цар загадаў герою здабыць тры залатыя яблыкi з дрэва маладосцi.

Геракл выправiўся ў свет шукаць залатыя яблыкi. Ён зноў абышоў усю Грэцыю з канца ў канец, пабываў у халоднай паўночнай краiне гiпербарэяў* i прыйшоў да ракi Эрыдану, дзе ўжо быў адзiн раз. Нiмфы пазналi яго, пашкадавалi i навучылi, каб ён папрасiў парады ў марскога цара Нерэя, якi бачыў усё, што схавана ад вока людзей.

* Так старажытныя грэкi называлi народ, што жыў на самай поўначы Грэцыi.

Геракл пайшоў да мора i пачаў клiкаць марскога цара. Хвалi хлынулi на бераг, i на шустрых дэльфiнах усплылi наверх вясёлыя Нерэiды, дочкi марскога цара, а за iмi паказаўся ўдалечынi стары Нерэй з доўгай сiвой барадой. Геракл завабiў яго на бераг, абхапiў сваiмi магутнымi рукамi i сказаў, што не выпусцiць яго, пакуль ён не скажа, дзе расце чароўная яблыня Геры. Нерэй раптам перакiнуўся ў вялiкую рыбiну, i яна выслiзнула з рук Геракла. Ён хуценька наступiў ёй на хвост - рыбiна засыкала i ператварылася ў змяю. Герой схапiў змяю i хацеў задушыць - змяя перакiнулася ў агонь. Геракл зачэрпнуў вады з мора, каб залiць агонь, - агонь ператварыўся ў ваду, вада пацякла ў мора. Герой перагарадзiў ёй дарогу i выкапаў ямку сваёй дубiнкай - вада ўзнялася з ямкi i стала дрэвам. Геракл выцягнуў меч i хацеў ссекчы дрэва - яно перакiнулася ў белую птушку. Геракл узлаваўся, схапiў свой лук i ўжо напяў цецiву. Тады Нерэй прыняў свой першапачатковы выгляд i расказаў Гераклу, што дрэва маладосцi расце на краi свету, у садзе нiмф Гесперыд, дачок тытана Атланта, што пiльнуе яго стовокi дракон, а Гесперыды сочаць, каб ён не заснуў нi ўдзень нi ўночы, i што дарога на край свету ляжыць цераз Лiвiйскую пустыню. Геракл загадаў, каб Нерэй перанёс яго цераз мора ў Лiвiю, i пайшоў шукаць край свету.

Доўга iшоў ён па сыпучых пясках пустынi i сустрэў велiкана ростам з карабельную мачту.

- Стой! - закрычаў велiкан. - Што табе трэба ў маёй пустынi?

- Я iду на край свету, шукаю сад Гесперыд, дзе расце дрэва маладосцi, адказаў Геракл.

- Тут я гаспадар, - сказаў велiкан. - Я - Антэй, сын Зямлi. Я нiкога не прапускаю цераз пустыню; ты павiнен дужацца са мною. Калi пераможаш мяне пойдзеш далей. Калi не - застанешся тут. - I ён паказаў на кучу чарапоў i касцей, напалову засыпаных пяском.

Нiчога не зробiш, давялося Гераклу дужацца з сынам Зямлi.

Спачатку яны кружылiся адзiн вакол аднаго, нiбы звяры, потым разам напалi адзiн на аднаго, сашчапiлiся рукамi i сцiскалi адзiн аднаго з усяе сiлы. Антэй быў вялiзны, цяжкi i моцны, як камень, але Геракл быў дужэйшы - ён павалiў велiкана на зямлю. Антэй адразу ж усхапiўся i рынуўся на Геракла. Зноў дужалiся яны, i другi раз Геракл павалiў Антэя. I зноў, дакрануўшыся да зямлi, Антэй хуценька ўсхапiўся i, смеючыся, адбiваў удары Геракла. Трэцi раз павалiў герой велiкана, i Антэй зноў лёгка падняўся, быццам ад таго, што ён упаў, у яго пабольшала сiлы...

Геракл здзiвiўся сiле велiкана. Раптам ён успомнiў, што Антэй - сын Зямлi, i зразумеў, што Зямля-мацi падтрымлiвала свайго сына i кожны раз, як ён дакранаўся да яе, давала яму новую сiлу. Тады Геракл iмклiва напаў на Антэя, схапiў яго, падняў угору i трымаў над зямлёй - i адразу Антэй страцiў сiлу i задыхнуўся ў магутных руках героя.

Геракл без перашкод пайшоў далей.

Нарэшце дабраўся ён да краю свету, дзе неба апускаецца да зямлi. Там, на самым краi, стаяў тытан Атлант i трымаў на сваiх плячах нябесны купал. Ён стаяў гэтак ужо шмат гадоў, таму што ўладар свету Зеўс прызначыў яго на гэту работу i нiхто за ўвесь час не падмянiў яго.

- Хто ты i чаго прыйшоў на край свету? - спытаў Атлант Геракла.

- Мне патрэбны тры залатыя яблыкi з дрэва маладосцi, што расце ў садзе Гесперыд, - адказаў Геракл.

- Табе не дастаць гэтых яблык. Iх пiльнуе стовокi дракон, ён не спiць нi ўдзень нi ўночы i нiкога не падпускае да дрэва, - сказаў Атлант. - Ды я магу памагчы табе: Гесперыды - мае дочкi.

1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) - Вера Смирнова.
Комментарии