Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Разная литература » Прочее » Былое, але не думы - Алесь Марціновіч

Былое, але не думы - Алесь Марціновіч

Читать онлайн Былое, але не думы - Алесь Марціновіч

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 41
Перейти на страницу:

— Але ж па тэхніцы бяспекі забаронена старонняму чалавеку знаходзіцца на капітанскім мосціку.

У той час на камбайнах яшчэ амаль не было кабін. Як і амаль не было самаходных камбайнаў. Звычайна іх прычаплялі да трактара.

Выказаўся я і здзівіўся, што ніхто пасля гэтага нічога не сказаў. Адно заўважыў, што галоўны неяк нядобра паглядзеў на мяне, але таксама нічога не сказаў. На планёрцы, а пасля планёркі...

— Выклікае цябе, — сказала сакратарка, зайшоўшы ў наш кабінет.

Сумнення не заставалася, што гэты тэрміновы выклік на «ковер» звязаны

з маім выступленнем. Але што я такое сказаў, ніяк не магу ўцяміць. Галоўны патлумачыў, прытым не саромеючыся ў выразах.

— Што ты лобіш, — пачаў ён. — Я цябе без плапіскі на плацу ўзяў, а ты пачынаеш. Хіба я сам не ведаю, што ўсё гэта лухта? Але калі тлэба, то тлэба. Злазумеў?

Як было не зразумець, калі ўсё было сказана проста, даходліва і пераканаўча.

Ніягарскі вадаспад у рабочы час

Памятаю і такі эпізод. Ён звязаны з Алесем Пісьмянковым — цудоўным паэтам, надзейным сябрам. Дый проста з чалавекам, з якім ніколі не было сумна і на якога можна было заўсёды спадзявацца.

Заходзіць ён неяк да мяне ў кабінет і прапаноўвае:

— Давай у лазню сходзім?

— Ты нічога больш не прыдумаў? — гляджу на яго са здзіўленнем.

— А што тут такога? — Алесь сама непасрэднасць.

— Здаецца, у рабочы час яшчэ ніхто не мыўся.

— А мы сходзім, — настойвае на сваім Пісьмянкоў і тлумачыць, адкуль у яго з’явілася такое жаданне: — Душ не працуе (тады ён жыў у студэнцкім інтэрнаце. — А. М.), а ў лазню схадзіць часу нестае.

— Гэта ў цябе часу нестае? — засмяяўся я. — Нешта не відаць, каб ты быў надта загружаны.

— Загружаны не загружаны, — ухіліўся ён ад адказу, — а давай сходзім.

Задумаўся я: а чаму б і не схадзіць. Лазня ж не так і далёка ад рэдакцыі.

Адсутнасць нашу ніхто і не заўважыць. Паколькі ж лета, то і не давядзецца пасля наведвання яе доўга чакаць, пакуль абсохнем.

— Пайшлі, — кажу. — Толькі, — папярэджваю загадзя, — ніякіх парылак, — бо ведаю, што Алесь да гэтага надта ахвочы, а я звычайна карыстаўся аднамесным душам.

— Хай будзе па-твойму, — згадзіўся Пісьмянкоў. — Дый я пайду ў душ.

Чаргі, зразумела, у лазні не было: хто асабліва ходзіць у яе ў рабочы час,

таму праз некалькі хвілін кожны з нас быў у сваім нумары. Не памятаю ўжо: на мыццё адводзіцца ці то сорак пяць мінут, а можа, нават і гадзіна. Як бы там ні было, а часу ўдосталь. Дый, паколькі ачышчэнне ад друзу паўсядзённасці мы ўсё ж праходзілі, пайшоўшы з работы, я вырашыў доўга не затрымлівацца і праз нейкія хвілін дваццаць памыўся.

Выйшаў, сяджу, Алеся чакаю. Паспрабаваў пастукаць у дзверы, каб ён паспяшаўся. Дзе там: нічога не чуе, бо за дзвярыма вада шуміць, нібыта Ніягарскі вадаспад. Яшчэ крыху пасядзеў я і сумнавата мне стала. Захацелася над Пісьмянковым пажартаваць. Падняўся з лаўкі, на якой сядзеў, падышоў да электрычнага выключальніка...

Шум вады ў нумары адразу сціх. Хутка Алесь голас падасць, тады я, як нічога і не было ўключу святло. Толькі маўчыць ён, быццам і няма яго там.

Цікаўнасць мяне ўзяла, а што далей будзе... Праходзіць колькі часу, знутры дзвярэй раздаецца шчаўчок і на парозе з’яўляецца Пісьмянкоў. Ягоная галава ўзлахмачаная, сям-там на валасах відаць астаткі мыльнай пены.

— Абнаглелі, — кажа ён, — гэта ж дадумацца святло адключыць!

— Якое святло? — раблю выгляд, што не здагадваюся, пра што ідзе гаворка.

— Якое? — Алесь не хавае свайго раздражнення. — У нумары нечакана пагасла святло, то мне давялося ў цемры дамывацца і апранацца.

Я ад смеху ажно за жывот схапіўся:

— Дык гэта ж я яго выключыў! Думаў, што ты падасі голас, тады зноў уключу, але ты маўчаў, то мне захацелася даведацца, што будзе далей.

— Ну і жарцікі ў цябе, — адказаў Пісьмянкоў, але не пакрыўдзіўся, а прапанаваў: — Давай пасядзім, абсохнем.

— Навошта? — запярэчыў я. — На вуліцы ж горача, пакуль дойдзем...

— Сапраўды, — згадзіўся Алесь, — чаго тут сядзець?

Ідзём сабе, размаўляем. Нібы і не з лазні вяртаемся, а з якой-небудзь прагулкі. Так разгаварыліся, што забыліся ўпэўніцца, ці валасы ў нас высахлі. Заходзім у рэдакцыю, а тут насустрач хтосьці з нашых калег. Зірнуў на нас і, нічога не разумеючы, запытаўся:

— Адкуль вы, хлопцы?

Разумеем, што адпірацца няма сэнсу, таму ў адзін голас і адказваем:

— З лазні.

— З якой яшчэ лазні?

— З той, дзе мыюцца, — смяёмся.

Ты адкуль, сабачка, адкажы

А гэта ўжо адбылося пасля заўчаснай смерці Алеся. І, як на першы погляд, прамой сувязі з ім не назіраецца. Тым не менш...

Неўзабаве пасля таго, як Алесь пайшоў у вечнасць, вяртаўся я з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Тады яна размяшчалася яшчэ ў сваім старым будынку па вуліцы Чырвонаармейскай, а гэта, як вядома, у самым цэнтры Мінска. Карыстацца яе паслугамі было вельмі зручна. Таму я нярэдка парушаў сваю традыцыйную завядзёнку, паводле якой наведваюся ў бібліятэку, за рэдкім выключэннем, толькі ў выхадныя дні — у суботу ці нядзелю. Дый тое, к яе адкрыццю. Калі-нікалі заходзіў у стары будынак пасля рабочага дня. Найперш, калі трэба было забраць папярэдне заказаныя кнігі ў аддзеле абанемента.

Паклаўшы іх у сумку, я накіраваўся да станцыі метро Купалаўская. Толькі спусціўся ўніз, як ля самых уваходных дзвярэй, якія вядуць у вестыбюль, заўважыў маленькага сабачку — беленькага, крыху кучаравага з маленькімі чорненькімі, быццам гузічкі, вочкамі. Уразіў мяне нават не столькі ягоны знешні выгляд, колькі менавіта гэтыя маленькія чорненькія вочкі. У іх заўважалася і нейкая спалоханасць, і пэўная цікаўнасць, і насцярожанасць, а яшчэ...

Чамусьці ў маёй памяці адразу ўсплылі словы адной з песняў Уладзіміра Высоцкага, у якой гаворыцца пра тое, што «хорошую религию придумали ин­дусы». Паводле ж гэтай рэлігіі чалавек у новым сваім жыцці паўстае ў іншым вобліку. І не абавязкова чалавекам. Пры чарговай сустрэчы з Пісьмянковым я звычайна жартаваў, згадваючы з гэтай песні такія:

А этот милый человек

Был раньше добрым псом.

Алесь ніколькі не крыўдаваў за гэтае цытаванне Высоцкага, а толькі нязменна ўсміхаўся ў свае рыжаватыя вусы.

Сабачка тым часам падышоў да мяне, завіляў хвастом, прыўзняў галоўку і так паглядзеў на мяне, што мне нават не па сабе стала. Уражанне было такое, што ён убачыў ува мне свайго даўняга і добрага знаёмага, але не можа ў гэтым прызнацца, бо не ўмее гаварыць.

Не паспеў я прыадчыніць дзверы, як сабачка хуценька ўскочыў у іхні праём і, азірнуўшыся, вінавата паглядзеў на мяне.

— Пайшлі, — ненарокам вырвалася ў мяне. — Пайшлі, — паўтарыў я.

Сабачка абрадаваўся і хуценька пабег да праходу, што знаходзіцца поруч з дзяжурнай — па ім звычайна праходзілі тыя, хто меў пасведчанні, якія гарантуюць ільготу на праезд, ці тыя, у каго папяровыя праязныя білеты. Дзяжурная са здзіўленнем зірнула на яго, але нічога не сказала. Яна падумала, што ён ідзе са мной, таму толькі прыязна ўсміхнулася. Падобную яе рэакцыю зразумець лёгка: сабачка ж маленькі, ніякай небяспекі не ўяўляе.

Ужо без майго запрашэння сабачка, ніколькі не баючыся, скокнуў на прыступкі эскалатара і спакойна паехаў уніз, нават не азіраючыся, каб пераканацца, ці еду следам за ім. Упэўнена адчуваў ён сябе і на платформе. Чакаючы цягніка, бегаў узад-уперад. Прыпыняўся, азіраючыся на мяне. Калі ж падышоў цягнік, пачакаў, калі адчыняцца дзверы вагона, і ўвайшоў у яго. Пасажыраў было няшмат. Калі я сеў на свабодную лаўку, ён лёг поруч са мной.

Насупраць мяне, абняўшыся, сядзелі юнак з дзяўчынай. Як перад гэтым дзяжурная па станцыі, яны, зірнуўшы на сабачку, усміхнуліся. Я ж тым часам пачаў ужо думаць, што рабіць з ім. Канешне, можна было б забраць з сабой, але, сумняваўся, што мае сямейнікі такому набыццю надта ўзрадуюцца. У лепшым выпадку скажуць: «Выгульваць будзеш сам». У гэтым жа і была галоўная закавыка. Звычайна я выходжу з дому вельмі рана — даўно стала для мяне завядзёнкай папрацаваць да пачатку рабочага дня. Калі ж выводзіць сабачаня на вуліцу, звыклы графік парушыцца.

Тым часам цягнік падышоў да станцыі Маладзёжная. Хлопец з дзяўчынай сабраліся выходзіць. Узнімаючыся з лаўкі, яны з замілаваннем паглядзелі на сабачаня.

— Бярыце, — вырвалася ў мяне.

— Вы так лёгка можа аддаць яго? — здзівілася дзяўчына.

— Ды не мой ён, — патлумачыў я, — проста разам са мною зайшоў на станцыю.

— Нам не трэба, — за дзяўчыну і за сябе адказаў хлопец.

Наступнай была Пушкінская. На Пушкінскай мне выход зіць. Сабачка, нібы прачытаўшы мае думкі, зірнуў на мяне і завіляў хвосцікам. Што, несумненна, адзначала: «Згодзен выходзіць з табой». Не сказаць, каб ад такой згоды я асабліва ўзрадаваўся. Выйсце знайшоў у тым, каб, як толькі цягнік падыдзе да Пушкінскай, адразу выскачыць з вагона і растварыцца ў натоўпе — на гэтай станцыі заўсёды выходзіць шмат пасажыраў. Але сабачка ад­разу разгадаў мой намер. Як толькі я ўзняўся з лаўкі, ён саскочыў на падлогу, забег наперад і азірнуўшыся на мяне... Хочаце верце, хочаце сумнявайцеся, але ягоны позірк азначаў: «І не брыдка табе ўцякаць? Мы ж з табой сябры, а хіба сяброў кідаюць?»

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 41
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Былое, але не думы - Алесь Марціновіч.
Комментарии