Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Замалёўкi (на белорусском языке) - Сергей Давидович

Замалёўкi (на белорусском языке) - Сергей Давидович

Читать онлайн Замалёўкi (на белорусском языке) - Сергей Давидович

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 42
Перейти на страницу:

Шчасця табе, чароўная дзяўчынка!

ПАМIЖ НЕБАМ I ЗЯМЛЁЙ

Надышла i мая пара iсцi служыць у войска. Спачатку прызыўная ваенная камiсiя зрабiла заключэнне: "Годзен для службы ў надводным флоце", што выклiкала з майго боку бурлiвую радасць - надта ж мне падабалася марская форма. Тады мяне не засмуцiла тое, што на флоце трэба служыць на год больш, чым у войску, - аж чатыры гады. Карпiлаўскi Пеця Слiжук служыў на флоце, а чым я горшы?

Потым прыйшла павестка, i я апынуўся ў войску - i дзякуй Богу! Тры гады маладога жыцця, няхай i ваеннай няволi - тэрмiн не малы.

Прызвалi мяне з Карпiлаўкi, i пачаўся мой "пачэсны абавязак". Усё было добра, але падчас маёй службы брат Косцiк забраў старых бацькоў з вёскi ў Менск, дзе ён, працуючы токарам, атрымаў у драўляным бараку дзесяцiметровую каморку на Вознiцкiм завулку. I зажылi яны ўтраiх на дзесяцi метрах, як тыя паны на хамутах. Жывуць, перабiваюцца на Косцiкаву мiзэрную зарплату, бо бацькам за дзесяцiгоддзi дармавой працы ў калгасе, згодна савецкiх законаў, дзяржава, замест пенсii, выставiла фiгу (прабачце, не фiгу, а цэлых дзве маме i тату).

Праляцелi тры гады маёй службы, з'еў я не адзiн кацёл салдацкай кашы, i выдаюць мне на рукi прыпiсное пасведчанне, у якiм чорным па беламу, зноў жа, згодна савецкiх законаў, я накiроўваўся туды, адкуль прызваўся, - у Карпiлаўку Лагойскага раёна. Адпаведныя дакументы былi адпраўлены i ў Лагойскi райваенкамат, дзе я павiнен быў стаць на ваенны ўлiк.

Я ў штабе палка паспрабаваў тлумачыць, што за тыя гады, што я служыў Радзiме, сёе-тое змянiлася ў маiм жыццi, што ў Карпiлаўцы мяне нiхто не чакае, але штабныя пацукi адказалi:

- Нiчога не хочам ведаць! Кругом марш!..

I паехаў я на Вознiцкi завулак "нелегалам", i пасялiўся на два з паловай метры, бо дзесяць лёгка дзелiцца на чатыры.

Тады я i не думаў, i не снiў, што сiмвалiчныя i непазбеглыя два з паловай метры чакаюць кожнага ў канцы жыцця. Гэта цяпер я такi разумны, а тады я, аддаўшы Радзiме свой доўг, працягваў любiць яе, лiчыў яе самым дарагiм i неабходным у жыццi. "Ружовыя акуляры" не дазвалялi мне ўявiць, што ёй я не патрэбен. Ёсць я цi не - ёй аднолькава, ёй усё роўна...

Пачалiся мае шматмесячныя i шматлiкiя пакуты. Мне цяжка было зразумець, чаму мяне, не злодзея, не п'янiцу, чэснага чалавека, выганялi адусюль, куды толькi я нi стукаўся. Бралi ў рукi маё прыпiсное пасведчанне i злосна, у адзiн голас абуралiся:

- Чаго ты да нас прыпёрся? Едзь у сваю Карпiлаўку!..

О, я бы з радасцю паехаў туды, але ж там нi сваякоў, нi калгаснай гасадаркi, нiчога, за што можна было б зачапiцца. I ружовыя акуляры пачыналi шарэць...

Калi дзесяць метраў жылой плошчы цярпелi нас, то братава зарплата не вытрымлiвала чатырох чалавек, мы падгаладоўвалi, не кажучы пра тое, што я не мог зняць з плячэй салдацкай робы. А прыбрацца вельмi хацелася - малады ж.

На працу мяне нiдзе не бралi, бо я быў без прапiскi. У казённых абiнетах, дзе я намазолiў вочы, ад мяне кiдалiся ледзь не на сцены, як ад заразнага. У якi бок я нi крануся - усюды была мёртвая сцяна раўнадушша i абыякавасцi. Зноў, як i ў маленстве, мне даставалiся братавы старыя штаны, якiя я "падфасоньваў", даношваў яго кашулi, з дня на дзень мама варыла буракi, бо гэта была самая танная яда.

Зрэдзь удавалася разгрузiць вагон, але i там усталявалiся свае парадкi, склалiся свае брыгады - чужых блiзка не падпускалi...

Раптоўна ад знаёмых паступiла прапанова:

- Ёсць адна баба, ёй, праўда, семдзесят гадоў, затое мае двухпакаёўку. Спаць ты з "жонкай" не будзеш (дзякуй i за гэта), аформiце шлюб у загсе - i ты гарадскi жыхар! А там, дасць Бог, яна доўга не пачырыкае, табе i кватэра застанецца...

- Не-е! - устаў я на дыбы. - Каб я ды ажанiўся з сямi-дзесяцiгадовай бабай! Нiколi! Нават фiктыўна не хачу!..

Сёння гэта можа выклiкаць усмешку, але не ў мяне. Я i цяпер не паважаў бы сябе за той шлюб, каб ён адбыўся...

Раiлi мне i нейкага гарбатага калеку, за якiм патрэбен быў дагляд i якi за тое, што я буду з-пад яго выносiць ягоныя нечыстоты, прапiша мяне часова як апекуна.

I пра гэта я не захацеў слухаць.

Нарэшце прапiсалi мяне, за адпаведную плату, у пасёлку Лiпкi Менскага раёна, i зрабiўся я сапраўдным савецкiм чалавекам, бо займеў паперку на руках.

З раённай прапiскай бралi на працу мала куды - у асноўным у нейкiя шарагi, але ж я мог зарабiць сабе на штаны i кавалак хлеба.

МЯЖА

Дажыла бабуля да адзiноты...

Цi ёсць у свеце што-небудзь горшае i горкае, чым адзiнота? На гэта пытанне здольны адказаць толькi той, каго яна, праклятая, напаткала.

Жыве бабуля, цягне гаспадарчую лямку, не паддаецца бясконцай сялянскай працы i свайму ўзросту. За адзiн сённяшнi дзень чаго толькi нi перабыло ў бабулiных руках: i дрэўка, i дровы, i саганы, i вiлы, i сякера, i вёдры з вадой, i нiтка з iголкай, i вялiзныя вязкi саломы, i маленькi апошнi кавалачак хлеба з кубкам купленага ў суседзяў малака. Але гэтыя дзве апошнiя "цяжары" ледзь "заўважылi" бабулiны рукi, бо для рук праца - жыццёвая неабходнасць, а кароткачасовы перапынак для яды - вымушанасць.

Ды i прымае ежу вясковец па-асаблiваму - прыткнецца на самы крайчык лавы цi табурэткi, мiска з зацiркай цi булёнам ад яго - за вярсту, быццам ён у сваёй хаце не гаспадар. А ўсё гэта ад таго, што няма калi яму рассядацца ды сталавацца, бо дзень пралятае хвiлiнкай, а праца чакаць не будзе...

Надышла вясна-вёсенка. Трэба ж неяк адсеяцца, каб не горш чым у людзей было. Тут, як на тое шчасце, прыкацiлi на сваiх машынах з горада дзецi з унукамi.

- Дзякуй табе, Божачка! Мiца i сына i святога духа! - перахрысцiлася старая. - Адсеюся ў пару!

Яна горача прывiталася i руплiва кульганула ў хату, заляскацела мiскамi, выцягнула з печы саган з бульбай. Потым дастала сцiплы кавалачак сала, саскрэбла з яго леташнюю соль i парэзала яго на тоненькiя лустачкi.

"Эх, шкада, што куркi не нясуцца пакуль", - паскардзiлася сама сабе i з той жа руплiвасцю кульганула на двор.

Тут адчувалiся перадпрацоўная бадзёрасць i ўзрушанасць, чулiся жарты i рогат.

- Дзеткi! Унучкi! - паклiкала шчаслiвая бабуля. - Хоцькi ў хату, падсiлкуйцеся з дарогi, мае залаценькiя!

Старая адчынiла варотцы, прапускаючы дарагiх гасцей, i вiнавата дадала:

- Вось толькi хлеб выйшаў увесь - выбачайце... Але ж i бульбачка не ўступiць яму...

Нявестка, праходзячы мiма старой, артыстычна завойкала:

- Ой! Вой-вой! А мы ж так спяшалiся сюды, што i пра хлеб забылiся!..

- Нiчога, дзеткi, i бульбачка яда. Нiчога, мае залаценькiя...

Усё радзей i радзей пачалi прыязджаць да яе дзецi. Старая гэта заўважыла не па лiстках календара, якiя адрывала ўрачыста i старанна, а адчула сэрцам... Памёр стары, i за iм падышла да зводу кароўка, бо сена - мужчынская праца. Без кароўкi - нi малачка, нi тваражку, нi смятанкi. Колiсь з гаспадаром бабуля выгадоўвала дзвюх, а былi гады, i трох свiней. Тады дзецi маглi, як кажуць, i каўбаскай падперазацца, i ў траўнi паляндвiчкай паласавацца, а цяпер... Цяпер кволае адзiнае свiнчо, якое калолася перад Калядамi, у той жа дзень размяркоўвалася па гарадскiх сумках дзяцей, а астаткi потым бабуля выдавала сама сабе ашчадна i з аглядкай на заўтрашнi дзень...

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 ... 23 24 25 26 27 28 29 30 31 ... 42
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Замалёўкi (на белорусском языке) - Сергей Давидович.
Комментарии