Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
У адзін цудоўны дзень, першы дзень лета, бацька і Каця дамовіліся, што будуць чакаць ад Нягоршы сыгналу. На нейкі час Нягорша зрабіўся іхным аракулам — без ухвалы якога нельга было пачынаць апэрацыю па вызваленьні Сіа і ейнага брата. Кожнага дня бацька зь нецярплівасьцю чакаў, калі Каця раскажа яму свой сьвежы сон — але да пары адважны і мудры Нягорша маўчаў.
З кожным днём Каця рабілася ўсё больш празрыстай. Цяпер яна ведала, чаго хоча. І гэтае жаданьне быццам бы здымала зь яе абалонку — не было больш ні мінулага, ні досьведу, ні разгубленасьці, ні бессэнсоўнасьці. На ачышчаным ад лішніх фарбаў фоне праступала Каця — ягоная Каця, змоўніца супраць сьвету, ахвярная абаронца іхнай мовы, якую яны дзялілі цяпер на дваіх, і мовы не рабілася меней. Як Лёсі быў патрэбны Лёччык — так яму, бацьку, была патрэбная гэтая жанчына, жыцьцю якой ён падарыў сэнс.
Яна напісала ліст аднаму нямецкаму славісту, які, як распавядаў ёй бацька, быў апошні спэцыяліст у сьвеце, які лічыў іх мову жывой. Яна наважылася на тое, пра што марыў ён сам — марыў гадамі.
Навошта яны пісалі яму? Проста неяк увечары пабачылі яго па тэлевізары: гэты славіст, гер Гюншэ, даваў інтэрвію першаму нацыянальнаму. Тое, што ён казаў, не магло спадабацца ні Тацяне Эдуардаўне, ні ім усім.
«Я считаю, что реанимировать эту мова поздно, и поэтому не стал бы тратить время на это бесперспективное занятие», — казаў гер Гюншэ правільным, вельмі правільным языком, блытаючы толькі націскі. — «Но вот акцент… этот ваш акцент — он очень узнаваем, он мог бы обьединить вас значительно лучше, чем мертворожденный мова, который, как мы знаем, был искусственный проект. Насколько я знаю, у вас нет ни одного ребенка, который бы владел ёй с рождения. Да и взрослых больше нет. Только рисователи и писатели».
«Да, государством многое делается в этом направлении», — уставіў румяны вядучы.
«Но акцент остается! Он как муха в янтаре. Сберечь его — и он заменит вам целый язык. Если уж вы так хотите иметь нацию в наше время — нужно становится под флаг акцента. Он — это единственное, что отличает вас от других. Больше ничего. Никс».
«Но мы не хотим отличаться!» — усьміхнуўся вядучы. — «У нас все мечтают говорить на чистом языке! Даже писатели!»
«Я тоже не понимаю, зачем вам мёртвый язык, но акцент — здесь я не соглашусь!» — заматляў галавой немец. — «Он красивый. Он расцветёт ваш чистый язык. Слишком чисто, это, знаете ли, слишком пресно. Должна быть изюминка! Знаете, вот людям так иногда идёт лёгкое заикание… Или картавесть».
Вядучы дабрадушна засьмяяўся. Прафэсар таксама ўсьміхнуўся:
«Должна же у вашего Языка быть какая-то индивидуальность! Вообще, что считать мовой — это сейчас большой вопрос. Почему бы не считать ей чистый язык, но с вашим акцентом… Фонетические особенности, да. Если в бывшей Югославии…»
Далей яны ня слухалі, сядзелі, агаломшаныя, перад тэлевізарам і спрабавалі спасьцігнуць — няўжо гер Гюншэ, такі паважаны чалавек, дурыў ім галаву? Бацька пагаджаўся з тым, што акцэнт — гэта тая саломінка, за якую варта хапацца. Але хапацца, каб так і застацца з саломінкай у руцэ? Ня з Коласам?
Думаць пра гэта было страшна.
Каця знайшла нейкія кантакты гера Гюншэ і напісала яму пра тое, што прафэсар памыляецца — бо ёсьць адна дзяўчынка. Дзяўчынка, у якой хутка не застанецца нават акцэнту. Каця прасіла дапамогі, але прафэсар так і не адказаў. Мо кантакты былі ня тыя. Або пісаць трэба было па-ангельску. Гер Гюншэ не выглядаў на чалавека, які можа гаварыць па-іхнаму.
А Каця гаварыла.
Каця.
Жанчына, якая здрадзіла. Бацька закрыў рукамі твар. Яго цела, аднак, хацела большага І вось ён упаў у мох і заплакаў. І лес пачуў ягоныя ўсхліпваньні. Перад лесам не было сорамна. Урэшце, лес — гэта ўсяго толькі лес, што б там ні казалі паэты, якіх ніхто не чытае. Іх любімыя паэты.
13. ГЭТАЕ СОНЦА МЯНЕ ЗАБ’Е
«Гэтае сонца мяне заб’е», — падумаў пісьменьнік Міхась Барадаўкін, спыніўся, дастаў смаркатку і выцер з ілба свой гераічны пот. Такія словы заўжды прыходзілі яму ў галаву на роднай мове. Бо ён быў пісьменьнік, і яму было можна.
Ён выехаў з самага раньня, каб апярэдзіць сьпёку. У пустым трамваі даехаў да аўтавакзалу, потым сеў у маршрутку, якая за дзьве гадзіны вытрасла зь яго ўсю душу. Кіроўца быў знаёмы — высадзіў яго ля патрэбнага слупа, што рос паміж бярозак і соснаў, да дачы адсюль было бліжэй, чым ад прыпынку. Асфальтавая дарога пацякла далей, а Міхась Барадаўкін паклэпаў проста ў лес. Лес патыхаў такой бясьпекаю і такім спакоем, што Міхась Барадаўкін з асалодаю ўявіў сабе, як яму будзе працавацца на дачы. Как у Христа за пазухой, сказаў ён уголас.
Зь лесу ён выйшаў на белы, нешырокі гасьцінец, над якім клубіўся пыл — заставалася адолець яго, кілямэтры два, ня болей, падняцца на ўзгорак — і там нырнуць у падлесак, дзе і стаяла ягоная нядаўна набытая — за капейкі! — самотная хата. І вось тут, на гэтым гасьцінцы, яго і насьцігла сьпёка.
Быццам помсьцячы Міхасю Барадаўкіну за ягоную ранішнюю хітрасьць, яна падсмажвала яго на сваёй патэльні з усіх бакоў, яна гнала яго па схілах і прымушала, задыхаючыся, узьбірацца на ўзвышшы — і ён пакорліва клэпаў, быццам качаўся у расплаўленым тлушчы.
Усю ўзятую з сабой ваду ён выпіў яшчэ ў маршрутцы. Гасьцінец усё не сканчаўся — пісьменьнік пакутліва чакаў, калі ж пад ногі яму кінецца запаветны ўзгорак, за якім ляжала ўсё: тры дні, якія цалкам можна прысьвяціць працы, калодзеж з чароўнай, сьцюдзёнай вадой, якая вяртае прытомнасьць нават з самага моцнага перапою, натхненьне,