Лесавік, вадзянік, палявік - Ганна Навасельцава
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
— Але давядзецца зрабіць тое-сёе, — палявік, лесавік, вадзянік па-змоўніцку пераглянуліся.
І адкрыліся лясныя нетры цёмнаму чарадзею. Паклікаў, загукаў яго лес, нібы свайго сябра. Не адазваўся лясам чарадзей. Усміхнулася-падміргнула сінім вокам самае прыгожае возера. Заплёхала прызыўна, звонка, нібы свайму брату. Не з’явіўся вадзе чарадзей. Шаўковай хусцінкаю раскінуліся палі ды палеткі. Васількі са званочкамі зашапацелі тоненька, прачула, адкрылі вечнае спеўнае лета. Толькі не спакусіўся на яго чарадзей.
Ледзьве сябры не адчаіліся, як не адмовіліся ад свайго жадання зрабіцца добрымі ды ласкавымі. Амаль супынілі свае парыванні:
— Гора-гора нам, вох.
— Бяда-бяда мне, буль.
— Я ж розуму не прыкладу, ша.
Але ці то бяда-гора сама супынілася, пабаяўшыся дужацца з вернымі сябрамі, ці то чарадзей сапраўды прыходзіў туды, дзе быў патрэбным. Невядома. Адно з’явіўся там, дзе сыходзіліся і лес, і возера, і поле, цёмны. Нечакана, раптоўна, напалохаўшы ўсіх трох, якія не маглі нічагуцькі сабе дарадзіць.
Удаўся ціха і адразу аказаўся-азваўся:
— Шукалі мяне, лесавік, вадзянік, палявік? Прыйшоў я да вас, — і працягнуў, атрымаўшы ў адказ здзіўленае маўчанне. — Хопіць мучыць людзей. Хопіць вам ужо.
— Вох?
— Буль?
— Ша? — не сцярпеў і палявік, як абудзіўся ад зімовага сну.
— Пакіньце, кажу, здзекавацца з вясковых, — цярпліва даводзіў чарадзей. — Вы ж не злыя, не шкодныя.
— Не злыя, вох?
— Не шкодныя, буль?
— Але страшныя-страшныя, ша!
— Злавілі цябе, злавілі, вох!
— Узялі ў палон, буль!
— Якое паймалі-ўзялі? Ён жа сам прыйшоў, ша!
— Тым болей! — аж пляскаюць у ладкі вадзянік і лесавік. — Як у нас, дык не адпусцім ужо.
— Можа, і не адпусцім, — асцярожна зірнуў палявік у вочы чарадзею. — Табе ў нас лепей будзе. Што, не верыш?
Нічога не прамовіў чарадзей, адно чакае, што ж далей станецца. А было ўсё проста. Досыць нарадаваўшыся, лесавік, вадзянік, палявік згодна ўзяліся за рукі, паўсталі перад сваім палоннікам ды наказалі:
— Рабі нас, чарадзею, добрымі, ласкавымі, спагаднымі. Каб людзі шанавалі, сябраваць не баяліся. А іначай дрэнна табе будзе.
І засмяяўся з такога жадання-наказу чарадзей, лёгка, прачула, быццам скінуў з плячэй вялізны цяжар. Нібыта не зводзілі далёка-далёка цяжкія дарогі. Не цвілі ў сэрцы горкімі палынамі расстанні. Не падалі зоры, не дазваляючы забыць пра страты, пра ўсіх тых, каго ён не збярог. Смяяўся чарадзей, як нібы ніколі не бачыў на белым свеце няпраўды, крыўды, здрады. Быццам не станавіўся цёмным ад спазнанага. Смяяўся чарадзей.
— А ці не з нас ты, чарадзейка, рагочаш? — зрыхтаваў ладныя кулакі лясун.
— А ці не я ж такі смяхотны? — вадзянік звыкла азірнуўся, шукаючы, дзе б лепей чарэпнуць жвіру.
— А што смешнага мы сказалі? — неяк не падумаў пра бойку палявік. Гледзячы на яго, ахалануліся і сябры-суседзі.
Суняўся чарадзей. Адказаў і пэўна, і проста:
— Анічога, анічога смешнага. Але ж я так узрадаваўся таму, што вы хочаце стаць добрымі, ласкавымі.
— Спагадлівымі, не забудзь! — строга прабурчэў вадзянік.
— Стаць добрымі, ласкавымі, спагадлівымі, — паслухмяна згадзіўся чарадзей, — што не змог схаваць усцехі. Вялікай, шчырай.
Палагаднелі вадзянік ды лясун, а палявік за ўсіх трох нібы папрасіў:
— Дык зрабі нас такімі, чарадзею. Зайграй на сваёй скрыпцы.
— Маю скрыпку. Незвычайную. — лёгка прызнаўся палоннік. — Ды ёсць за яе чары большыя, мацнейшыя, якраз патрэбныя для вашай справы.
— Большыя, вох.
— Мацнейшыя, буль.
— Давай іх сюды хутчэй! — скокнуў палявік.
— Чары тыя схаваны-затоены ў вас саміх, — быццам нічога не пачуўшы, працягнуў чарадзей.
— У нас саміх, вох?
— І ўва мне, буль?
— Вы ж, валадары лясоў, азёр, палёў, самыя чарадзейныя. Магутныя, ведныя. Чаму вам не быць добрымі, не быць спачувальнымі? Дзівосныя таямніцы вашых валадарстваў. Верай ды спагадай адгукаюцца мне спеўна-шумлівыя лясы. Радасна свецяцца, сустракаючы, вочы вечна сініх азёр. Пра жыццё раскажа жыта ў палях, пагамоніць са мною аб пражытым, аб непражытым. Вы як цуд нам, смяротным, простым! Нашыя дзяды, бацькі, унукі доўжаць род. Дзівяцца на вас, лесуноў, вадзянікоў, палевікоў, вечных, як лясы, як азёры, як палі, без якіх аніяк не пражыць чалавеку. І шануюць вас, шануюць, нават калі змрачнее лес, патыхаюць гневам азёры, а чорнай нялітасцю — палі. Супыніце ж і цяпер сваю крыўду.
— Ды супынім, супынім, вох. Як ты прачула сказаў.
— Буль, у мяне аж слёзы пайшлі.
— Ша, яны ў цябе заўсёды сыпляцца з вачэй. Але будзе вясковым наша лагода. А пра тыя чары, што ў нас саміх ты, чарадзею, не ўсё сказаў.
— Ды што ж яшчэ сказаць? Дабрыня, міласэрнасць, спагада бліжэй, чым здаецца. Дапамажыце таму, хто заблукаў у непраходнай пушчы. Няхай хутчэй знойдзе дарогу дамоў. Не пакіньце таго, хто вось-вось патоне ў глыбокім возеры. Няхай шчасліва выберацца на бераг. Дадайце сілы, калі нехта, стаміўшыся, жне ў полі высокае жыта. Няхай адужае свой палетак. І людзі прымуць вас як родных.
Толькі прамовіў так чарадзей, як лесавік, вадзянік і палявік кінуліся бегчы з усёй моцы. І пайшло ўсё ладам.
Ішоў увечары адзін чалавеча праз лес, праставаў, добра ведаючы дарогу. Заблукаў-завадзіў яго лесавік, аж пакуль на досвітку не вывеў небараку проста да роднай хаткі. Здагадаўся той, у чым справа, выцер пот з ілба ды пажадаў, каб лесуна добра Пярун ляснуў.
Купаўся ў возеры чалавеча, заплыў далёка, ажно бераг стаў маленькім. Трэба неяк назад. Але ж за ногі нехта трымае, плысці замінае. Ледзьве не ўтапіўся бядак, пакуль ля самага берага вада не штурхнула яго ў колкую асаку. Дапёк той, у чым справа, выкараскаўся на сухое ды пажадаў, каб вадзяніка добранька Пярун ляснуў.
Жалі людцы жыта, шчыравалі аж да поту. Але, хоць нешырокая была палоска, натаміліся так, што ледзьве на нагах трымаюцца. Спякотна ў полі, сон морыць, паваліліся ўсе ды моцна заснулі. Прачнуліся пад вечар ды бачаць: жыта ўсё пажатае, а снапы па ўсім полі як хто параскідаў. Здагадаліся, у чым справа, ды пажадалі шчыра, каб палевіка тройчы Пярун ляснуў.
Бягуць лесавік, вадзянік, палявік да чарадзея. Пылам дымяцца палеткі, хвалямі возера плешча, лесам рэха ідзе. Сварацца, злуюць на ўвесь свет, і кожны выпінаецца, як не лопне:
— Якая ж такая дабрыня ў тым, каб цябе Пярун ляснуў, вох?!
— Мяне? — спакойна пытаецца чарадзей.
— Ды не цябе, мяне! Вох-вох-вох.
— Якая ж такая спагада ў тым, каб мяне Пярун ляснуў, буль?!
— А мяне аж тройчы ляснуў. Пэўне, на добрыню, спагаду і чуласць, — гучней за ўсіх скардзіцца палявік.
— Ты ж болей за ўсіх хацеў! — азываюцца палевіку сябры-суседзі.
— Ды маўчыце вы! А ты, ты даставай сваю скрыпку, ды грай, чуеш?! — кінуўся палевічок да чарадзея.
— Чую, — азываецца той. — Ты не ціха гаворыш.
— Даставай сваю скрыпку, вох, а то я цябе дубоўняй!
— Дык ты ж дубоўню мне падарыў, буль!
— У мяне яшчэ адна ёсць. Большанькая.
— Даставай сваю скрыпку, буль, а то я цябе жвірам, жвірам ды ў возера.
— Чаго ўжо, зразумела ўсё. Дастаю скрыпку, — па-ранейшаму застаўся спакойным чарадзей.
Звыкла крануў смыкам струны, пабудзіў-адкрыў весялосць белага свету. Паплыла яна па-над аблокамі, паслалася шызымі туманамі, паляцела з буйнымі вятрамі. І так міла стала ў кожнага на сэрцы, што забываюцца ўсе нягоды. Так глядзеў бы ды цешыўся лясамі, ды азёрамі, ды палямі.
Звініць скочная музыка, удаецца чаканай марай, што толькі-толькі спраўдзілася. І ўспамінаюцца людзям радасныя хвіліны, прыгадваецца нечаканая, але такая патрэбная спагада. Не абмінулі тыя чары лесавіка, вадзяніка і палевіка. Прытупнулі яны зухавата ды пусціліся адбіваць у такт.
Так усхадзіўся ад радасці лесавік, што аж загулі векавыя пушчы, завылі-зараўлі ваўкі ды мядзведзі, як сабраліся глынуць увесь свет. Напалохаліся людзі, відаць, гневаецца лясун за іхнюю радасць. А тут яшчэ возера выйшла з берагоў, заліло нізіны-агароды, нарабіла бяды. Гэта, значыць, вадзянікова кара. Ды раптоўна, нібы на залом, палеглі нязжатыя грэчка, авёс, проса. Заплакалі людзі, не стрывалі палевіковай сваволі.
Кленчамі-скаргамі агарнуліся вёскі. Нявесела, нярадасна. А лесавік, вадзянік ды палявік пагрозліва да чарадзея падступаюць:
— Ты, чарадзейка, вырашыў з намі пажартаваць, вох?!
— Паздзекавацца, буль?!
— Падмануць, ша?! Не давялося з радасці нават паскакаць.
Стомлена трымае скрыпку чарадзей, не апраўдваецца, не баіцца. Лесавік жа, вядзянік ды палявік грознымі вычыма зыркаюць, апошні раз ужо зрабіць іх добрымі, ласкавымі, чулымі дазваляюць:
— Глядзі, калі гэтым разам не атрымаецца, не жыць табе, вох!
— Утаплю, буль!
— Заказычу, ша!
Зноў крануў чарадзей смыкам струны, адкрыў журбу, пабудзіў страчаную надзею. Нібы страпянуліся-ажылі ўсе згрызоты, паўсталі зноў ды плешчуць, нявечаць сэрца. Хочацца кожнаму ўдарыцца аб зямлю ды загаласіць на ўвесь свет, каб пазбыцца непамернага болю. Льюць слёзы людзі, не могуць выплакаць свайго гора. Ды не абмінулі тыя чары лесавіка, вадзяніка, палевіка. Успомнілі ўсё, што ўчынілі, і стала ім цяжка-цяжка.