Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Проза » Русская современная проза » Уладар рыбаў - Людміла Шчэрба

Уладар рыбаў - Людміла Шчэрба

Читать онлайн Уладар рыбаў - Людміла Шчэрба

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8
Перейти на страницу:

– Я хачу цябе.

Вінусь быў не такі п’яны, як Анцік, аднак гарэлка зрабіла сваю справу, а тым больш калі дзяўчына так адкрыта сябе прапаноўвае…

Да хаты дабраліся на таксі… Адзенне пачалі скідаць у вітальні. Сяк-так падаслалі прасціну, абы-як пакідалі падушкі і тут жа гэта ўсё змясілі. А Кіця ўсё крычала:

– Мне не хапіла цябе, Вінусь! Мне не хапіла цябе…

Ён жа, быццам праваліўшыся ў ватную цемру, не адчуваў нічога, нібы робат, атрымаўшы загад, тупа яго выконваў.

Яна спала, раскінуўшыся на пасцелі. У шэрай каламуці ранка яе цела падавалася гіпсавым, быццам забытая скульптура ў асірацелай майстэрні.

Вінусь паволі курыў і спустошана глядзеў у чорнае вока кавы ў кубачку.

Згадаўся радок:

– Дазволіш згвалціць сам сябе… Як прыкра…

– Пры-крап-ры-крап-ры-крап, – манатонна паўтарала вада з крана.

эпізод 4

«Бясконца, да адурэння, па пылінцы, па крышынцы, па хваінцы, бы мураш, цягаць і цягаць каштоўнае смецце – літарка да літаркі, слоўца да слоўца… А нехта няўмольны возьме і раздушыць безабароннае збудаванне… Згарае энергія. Бессэнсоўна. Нікому не патрэбныя веды, не скарыстаныя, напластоўваюцца і напластоўваюцца, асядаюць пад уласнай важкасцю і зноў адкладваюцца – слой за слоем, выпраменьваючы назапашаную энергію. А калі яна пяройдзе крытычную кропку, адбываецца самаўзгаранне. I тлее-гніе сабе паціху ў табе – вялізнай сметніцы, што ўяўляе сябе ўрнай. А сутнасць адна – парахня…»

– Моцна, але недакладна!!! Недаацаніў свае магчымасці ігрок! Мяч трапіў за лінію варотаў! Як шкада!! Паглядзім яшчэ раз… А пазіцыя была выгодная… Крок за крокам ствараўся галявы момант. А-я-яй, так памыліцца…

– Дзе я памыліўся? – здрыгануўся Вінусь, адрываючыся ад напісанага. Ён ледзь не адскочыў ад камп’ютара. – Адкуль раптам голас спартыўнага каментатара? Я не ўключаў ні радыё, ні тэлевізію. Так гучна, проста ўвушшу!

– Згубнае ўздзеянне тэхнікі на чалавека, – механічным голасам прамовілі камп’ютарныя калонкі, а на экране ўзнікла застаўка – карцінны кот з рыбінай.

– Ды што ж гэта такое?! Я не рабіў аніякай застаўкі! Пайшоў прэч! Псік!!! – крычаў хлопец, націскаючы на клавішы.

– Я, ме-еўжду протчым, павагі патрабую, – зноўку азваліся калонкі ўжо кашэчымі інтанацыямі.

– Хопіць з мяне здзекавацца! Знайсці б мне толькі гэтага «народнага ўмельца», што лазіць у мой камп’ютар ды нейкія вірусы запускае, я б яму паадбіваў ягоныя «ачумелыя ручкі». Ну хто так настойліва перашкаджае мне пісаць?

Раптам залямантаваў званок над дзвярыма.

– Каго там яшчэ чэрці прынеслі на маю галаву? – узлаваўся Вінусь.

На парозе стаяў Анцік з бутэлькай і ўжо на падпітку.

– Здароў! Давай пасядзім, удваіх. Абрыдлі мне гэтыя кампаніі, – не чакаючы запрашэння ўваліўся і пачаў распранацца.

Вінусь моўчкі пакорліва пайшоў за кілішкамі на кухню.

Анцік тым часам пасоўваў камп’ютар на стале, каб найлепей уладкавацца.

– Кацяра ў цябе шыкоўны! – крыкнуў ён з пакоя. – Даўно я не быў у цябе, не бачыў яшчэ. Дзе набыў?

– Ды так, у мастака аднаго, – азваўся Вінусь, мыючы чаркі.

Ён прынёс хлеб, сала, кіслыя агуркі – што яшчэ трэба для душэўнай размовы.

– I ўсё-ткі незвычайны нейкі кот у цябе. Быццам падміргвае. Дык ты і застаўку такую самую зрабіў? Ану, што тутака цікавага…

– Не лезь! Лазяць тут розныя, а потым вірусы пруць…

– Вой-вой-вой, вірусы, падумаеш! Пішаш што?

– Ну пішу. Табе што? – гыркнуў Вінусь.

– Ды нічога-нічога, не буду я глядзець без твайго дазволу. Гэта ж усё адно што ў душу лезці. Ну, за творчую смеласць, – выпіў і захрумсцеў агурком. – А я, ведаеш, нешта не магу пісаць. Апошнім часам нейкі страх апаноўвае. Думаецца, што пісаць – значыць растрачваць сябе. Вось увасобіш свае ідэі на паперы, выкажаш усё, а раптам больш анічога новага не прыйдзе? I застанешся ты пусты і непатрэбны, а яшчэ горш – нікому не цікавы. Я зрабіўся нейкім калекцыянерам думак. Ходзіш такі загадкавы, думкі цікавыя носіш, усім цікавы, сыплеш фразачкі налева-направа. А потым з жахам разумееш, што сёй-той спрытнейшы паклаў ужо твае выразы на паперу і ганарыцца імі як сваімі ўласнымі. I морду яму не наб’еш, бо плагіят «дакументальна» не зафіксаваны.

– Таму я лічу, што творца павінен быць вольным ад ягонага асяродку. Што кантакт ягоны з ім павінен быць на асобасным узроўні, а не на творчым. Бо ты літаральна атручваешся чужымі думкамі, губляеш сваю самасць і толькі клапоцішся пра тое, каб некага пераплюнуць. А на самай справе не можаш узняцца вышэй за гэты асяродак, варышся ў гэтай калатнечы і лічыш сябе найсамейшым. Інтэлектуальна кантактаваць трэба з наасферай, з вопытам усяго чалавецтва.

– Але ж ён таксама складаецца з асобных імёнаў, і ты кантактуеш з кожным паасобку. Некага прымаеш, некага – не, і ўсё гэта таксама на цябе ўплывае. Чаму ты гэта не лічыш атручэннем?

– Бо гэта ўжо спадчына – скарб, гэта іншыя варункі, і табе цікава ўсё асэнсоўваць з пазіцый сучаснасці.

– Аднак жа ёсць і побач з табой скарб – прызнаныя майстры, з якімі ты нібыта ў падобных варунках. Калі ты не будзеш ведаць, чым жывуць іншыя, што яны пішуць, ці не рызыкуеш ты паўтарыцца і ў няведанні стварыць нешта занадта падобнае да таго, што ўжо ёсць? Бо ж, па сутнасці, анічога ў свеце не мяняецца і мы існуем у адных і тых жа сюжэтах, толькі дзеючыя асобы іншыя.

– Дык на тое ты і творца, каб сказаць пра тое ж, ды не так. Усе творцы былі надзвычай самотнымі людзьмі. Ствараць чалавек пачынае толькі сам-насам з аркушам. Творчасць – гэта квінтэсенцыя сябе. Трэба жыць ёю. Жыць з дня ў дзень, не думаючы, што вось калі-небудзь я стану такім і такім, а пакуль і так абыдзецца.

– Ну добра, а ці не хочацца прызнання? – ажывіўся Анцік. – Трэба, каб гэтае самае не любімае табой атачэнне прызнала за табой талент, абвесціла твае творы таленавітымі, а інакш якая карысць ад твайго ўсведамлення сябе геніяльным?

– А што мне нечае меркаванне? Дзе цяпер многія з тых, каго на пэўных этапах гісторыі абвяшчалі таленавітымі, што патрапілі ў струмень часу, выявілі ягоны дух? Іх творы есць моль, грызуць мышы, паглынае пыл. Такія іх чытачы.

– Папера амаль аднолькавая, і мышам па зубах вялікі філасофскі трактат і смачная ім «мыльная» апупея. Не ўсе з трапятаннем адносяцца да кнігі. Людзі хутчэй распаляць у грубцы якім-небудзь Дастаеўскім і адлупцуюць дзіця за шчыра размаляваную матчыну меладрамку. Літаратура цяпер пад грыфам «Для службовага карыстання» – студэнтамі, навукоўцамі, выкладчыкамі. Такі час. Я ўжо не кажу пра беларускую. Вось пайшлі на вуліцу, сацыялагічнае апытанне правядзем, – ускочыў Анцік і пацягнуў за рукаво Вінуся, – якія творы беларускай літаратуры чыталі апошнім часам? Ну што, хадзем?

– Ды супакойся ты, сядай. Ну, згодны я з табой. Ад адчування ўласнай непаўнавартаснасці сёння літаратура рызыкуе стаць неразборлівай паненкай – прымае да сябе абы-каго. Не можа сказаць цвёрда: «Не!»

– Ды не літаратура не можа, – узлаваўся раптам Анцік, – мы, беларусы, не можам. Мы нікому ніколі ад паўстання Каліноўскага не можам сказаць цвёрдае не. Дый хіба гэтае «не» ў нас цвёрдае? Мова – выраз менталітэту. Нашая – мяккая, спеўная, што толькі з ёй ні робяць, а яна ўсё церпіць! Ты як рэдактар адчуй розніцу паміж рускім «нет» і беларускім «не». «Нет» – як стрэл, коратка, рэзка. «Т» – нібы грэбля, перашкода, яна адразае ўсе сумненні й ваганні. Што табе яшчэ прывесці? Нямецкае nаіn – гэтаксама. Ангельскае nо? Хітруе. Нешта няпэўнае, можна патаргавацца, аднак на сваю карысць. А мы сціпленька – «не» – і ніякіх перашкодаў. Так жаласліва: «Не-е-е». Хто паверыць у сур’ёзнасць намеру?

– Маеш рацыю. – Хлопцы выпілі, і Вінусь працягнуў: – Сапраўды, ад часоў Багушэвіча мы, беларусы, толькі і робім, што даказваем усяму свету: мы гэткія людзкія, як і вы, паночкі, і мова нашая нічым не горшая за вашую, прымеце нас да сябе, не зневажайце, калі ласачка. Аднак жа з тых часоў нічога не мяняецца і гучыць, і гучыць увушшу адвечнае: «Бо я мужык, дурны мужык». Можа, раней гэтыя словы і маглі абудзіць ягоную годнасць. Але задоўга мужыку гэтае паўтаралі. I прызвычаіўся ён. Ну, дурны, чорт яго бяры. Вунь рускаму Івану-дурню як шэнціла! Мо яно не так і блага дурнем быць. А менталітэт жа іншы – дурнем прыкінуўся, а што далей – не ведае, так і ўвайшоў у ролю – ну не «ушлыя» мы, па-іншаму нам дзейнічаць трэба. Ай, давай лепш не будзем пра гэта, – махнуў рукой Вінусь, – балюча, далібог.

– Вось і я кажу, што трэба перастаць нешта даказваць, трэба проста жыць з усведамленнем уласнай годнасці. Ну, добра-добра, маўчу, – наўздзіў хутка пагадзіўся Анцік. – Цс-с-с, – прыклаў палец да вуснаў. – А гарэлачка канчаецца, – пабоўтаў рэшткі ў бутэльцы. – Добра ты жывеш, буржуін, – агледзеў пакой. – Усё ў цябе ахайненька, па сваіх месцах. Ні табе адзежыны якой не валяецца, ані посуду бруднага, проста хлопчык-званочак, – хітра-напружана прыплюшчыў вока, – Кіця, відаць, прыбірае? За сякія-такія твае паслугі? – тнуў Вінуся кулаком у плячук.

1 2 3 4 5 6 7 8
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Уладар рыбаў - Людміла Шчэрба.
Комментарии