Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Разная литература » Прочее » Танцы над горадам - Уладзімер Арлоў

Танцы над горадам - Уладзімер Арлоў

Читать онлайн Танцы над горадам - Уладзімер Арлоў

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10
Перейти на страницу:

І нарэшце ў бязгучным суладдзі танца надыходзіў момант, калі мы адпускалі рукі і ўскідвалі іх у неба, туды, адкуль на нас глядзелі зоркі.

14

Яшчэ працягваліся ўрокі, і ў школьным калідоры я сутыкнуўся з Настаўнікам, што на выцягнутай руцэ нёс разгорнутую мапу зорнага неба. Сэрца шалёна закалацілася, але Настаўнік аказаўся проста настаўнікам астраноміі. Перакінуўшы зорны небасхіл у левую руку, ён, паводле завядзёнкі, праваю павітаўся са мной і рушыў далей. Няўжо гэта не ягоная рука ляжала ў маёй два дні таму? Няўжо гэта не мы пад ціхі посвіст ластаўчыных крылаў уздымалі твары да зорнага сяйва?..

Блакітны шапік, дзе працавала Кіяскёрка, месціўся пад старымі ліпамі каля кінатэатра. У дзявятым класе, у перыяд захаплення спортам, па аўторкавых раніцах я бегаў сюды, каб купіць футбольны тыднёвік, і атрымліваў газету з дзяжурнай ветліваю ўсмешкай з-за шкла. Цяпер, убачыўшы там знаёмы авал твару ў абладзе чорных валасоў, я некалькі разоў прайшоўся вакол кінатэатра і ўрэшце наважыўся павітацца і спытаць тэлепраграму. Рука з доўгімі пальцамі працягнула газету і адлічыла рэшту. У вачах - гэтым разам яны здаліся зялёнымі - не адбілася ні радасці пазнавання, ні іскрынкі цікавасці - нічога.

Злева ад вакенца шапіка вісела таблічка з імёнамі і прозвішчамі Кіяскёркі і ейнай напарніцы. Нескладана было высветліць, якое належыць нашай танцорцы, ды таго хацелася найменш. Я не сумняваўся: напісанае тут імя служыць ёй толькі ўдзень.

15

У суботу, гуляючы з Лорай па парку, я ўбачыў на лавачцы каля каруселяў Гімнастку, якая засяроджана ласавалася шакаладным пламбірам. Гімнастка безуважна слізганула па мне вачыма, нібы не яна, а хтосьці іншы пракруціў у пазамінулую ноч на даху цэлы каскад складаных са­льта. Заставалася сустрэцца з Залацістай і Коткаю, але, не выключана, яны ў горадзе ніколі не з’яўляліся. Я ўжо казаў, што сёння ведаю пра сваю прыналежнасць да меншасці, якая ўсё памятае. Тады ж падавалася, быццам адрозна ад астатніх з нашага начнога брацтва я проста яшчэ не навучыўся трымацца так, як яны, каб таямніца заставалася непарушнай.

Але ў тыя дні ў мяне ўжо з’явілася іншае імя. Яно прыйшло аднаго разу ў танцы, калі мы абняліся за плечы. Імя пачулася невядома адкуль, і ад неспадзяванкі я спыніўся. Ды кола не магло чакаць, і праз мірг вока я зноў аддаўся ягонаму рытму: новаму імю, якое на розныя лады гучала ўва мне, не запярэчыў ніводны куточак маёй істоты. Такое імя, мог мець, магчыма, і марсіянскі хлопчык, што стукаўся ўначы да зямных перасяленцаў.

Мяне звалі - Эф.

Лора, у якой было ўсяго адно імя, душою юнай жанчыны, відаць, адчувала, што са мною нешта адбываецца. Я аддаляўся, пакуль не адчуваючы ніякай віны, бо Лора заставалася маёй адзінай. Мы не падазравалі, як хутка ўсё зменіцца.

16

Аднае начы, мяняючыся месцамі ў коле, я абавязкова апынаўся ў танцы побач з Кіяскёркай, і, калі мы ўсе браліся за рукі, мая рука нецярпліва чакала ейных доўгіх шорсткіх пальцаў з затоеным паміж імі халадком.

Па дарозе дадому я раптам уцяміў, што за касцёлам павярнуў не направа, а налева... Кіяскёрка ішла крокаў за дваццаць наперадзе, і ўслед за ёю я ступіў на бязлюдны стары мост цераз Дзвіну. Падымаўся туман, і мост плыў разам з намі над нябачнай унізе ракой.

На самім мосце туману не было, але, спусціўшыся на тым беразе за маёй праваднічкаю па драўляных прыступках на насыпе, я разгубіўся: наваколле паглынала густая малочная субстанцыя. У наступную хвіліну на дапамогу прыйшла рука, якая ўсцешыла нечаканай грубавата-шорсткай цеплынёй.

Мы ішлі даволі доўга, вуліца пачала падымацца, а туман - адступаць, адкрываючы вачам зарэчны раён з прыватнаю забудовай, садамі і гародамі, дзе жыхары трымалі кароў, а перад Новым годам у дварах смалілі кабанчыкаў. Кіяскёрка выпусціла маю руку і, паказваючы дарогу, зноў ішла за пару дзясяткаў крокаў ад мяне. Яна спынілася пры жалезнай брамцы, за якой у засені маладой травеньскай лістоты стаяла залітая месяцавым святлом мураванка. Брамка засталася адчыненай, і праз дзесяць удараў сэрца я ступіў на брукаваную сцежку.

У цесным калідорчыку гаспадыня раскрыліла мне абдымкі. Як і ў танцах на даху, у спальні з двума вокнамі і доўгім вузкім ложкам мы маўчалі, ды ўзахапы размаўлялі й спявалі рукі, целы, яе грудзі, большыя, чым здаваліся пад адзеннем, смоль ейных валасоў, калі яна апыналася зверху. Тонкую мелодыю вялі і знянацку жарыя, а не чорныя кудзеркі над улоннем.

На белай процілеглай сцяне вісела карціна з незвычайным краявідам - у небе над начной ракою плылі, люструючыся ў вадзяной роўнядзі, адразу дзве налітыя залатым сокам поўні. Трэцяя поўня, пакуль не такая спелая і дасканалая, але найярчэйшая, зазірала ў бліжэйшае да нас вакно. Усе поўні неўпрыкмет увайшлі ў наш рытм і пачалі мяняцца месцамі: тая, за вакном, перавандроўвала на карціну, каб дадаць у пакоі святла, а залатыя, што адбіваліся ў рацэ, зазіралі ў вокны - кожная ў сваё...

Назаўтра ўсё паўтарылася: туман, брамка, вузкі ложак. Чатыры поўні на карціне далучаліся да танцу нястомных целаў. У нейкі момант дзверы спальні бязгучна адчыніліся, і на парозе ўзнікла жаночая постаць. У мігатлівым прыцемку яе немагчыма было разгледзець, і штосьці знаёмае мне, пэўна, толькі прымроілася. Жанчына некалькі імгненняў глядзела на нас, скрыжаваўшы на грудзях рукі, і гэтаксама, без гуку і шолаху, растала за дзвярыма. Наш танец не перапыняўся: Кіяскёрка танчыла спінаю да ўваходу і магла ўбачыць прывідную візітантку адно ў маіх вачах, але я папрасіў іх маўчаць.

З той начы памятаю і высокія тонкія шкляніцы, адкуль мы пілі адзіны напой - ваду, у якой грала, пералівалася і танчыла, намагаючыся перадаць нам свае тайніцы, месяцавае святло.

17

Напачатку ўяўлялася: ночы не ўплываюць на дзённае жыццё, бо дзве гэтыя рэальнасці - паралельныя і не перасякаюцца. Я памыляўся.

Спаткаўшыся праз два дні з Лораю, я пацярпеў жорсткую мужчынскую паразу. Лорыны намаганні натхніць мяне толькі пагаршалі становішча. Яна пайшла на тое, каб аголенай станчыць імправізаваны эратычны танец, пасля чаго мой сорам стаўся адно больш пякучым. Нечакана Лора, праявіўшы жаночую мудрасць, - чым, трэба сказаць, моцна ўразіла - абвясціла, што, маўляў, з кожным хоць раз, але такое абавязкова здараецца.

Мая мужчынская існасць прагнула рэваншу, і па дарозе дадому я адмыслова прайшоў каля кінатэатра. Працавала якраз Кіяскёрка. Ці застаўся ў вас «Футбол»? - таймуючы сэрца, запытаўся я. «Футбол» па аўторках, - дзяжурна адказала яна, падняўшы фіялетавыя вочы. Я змусіў сябе не адвесці позірку. Што яшчэ? - Скажыце, а вы жывяце ў Зарэччы? Ейныя вочы імгненна сталіся гуллівымі: Малады чалавек, вы, здаецца, хочаце пазнаёміцца са мной бліжэй? Адвагі хапіла на тое, каб выціснуць з сябе: Хачу. Кіяскёрка крыху падумала. Тады можаш правесці мяне заўтра ўвечары дадому. Прыходзь а восьмай, - весела прапанавала яна. Заўтра ўвечары не магу, - у раптоўнай паніцы адказаў я. Ну як сабе хочаце... - Яна зноў перайшла на «вы», а голас набыў адценне паблажлівасці.

Я доўга не мог супакоіцца, хоць адчуваў, што зрабіў абсалютна правільна. Яе раніцы, дні і вечары пасля восьмай няхай належаць каму заўгодна, але ночы, калі мы танчым, будуць толькі маімі.

18

Пачаліся выпускныя школьныя экзамены. Дні стаялі ветраныя, з дажджамі й халоднымі начамі, і я засынаў і прачынаўся, не выходзячы з пакоя. Маці ўхваліла мае паводзіны: маўляў, цяпер на першым месцы адзнакі, а Лора - пачакае.

За дзень да апошняга экзамена вярнулася пагода. Радасць ува мне злівалася з хваляваннем. Мы ніколі не танчылі ў непагадзь, аднак і пагодлівы дзень не абавязкова азначаў, што ўначы Котка кінецца да мяне па прыступках, ускочыць на рукі і я пачую тахканне маленькага сэрца.

Але ноч рыхтавала свае падарункі.

Гладзячы Котку, мае пальцы ўпершыню адчулі: яе круглая выпаленая плямка зарастае густым пушком. У адказ на дотык Котка не ўздрыгвала, а ўдзячна муркала.

Праз дзясятак прыступак чакала новая неспадзяванка. Хтосьці шчодра раскідаў па руберойдзе сцябліны маладога аеру. Чорнае палатно даху маляўніча спярэшчвалі зялёныя мазкі, і гэтая карціна цешыла не толькі вока: у паветры струменіў вытанчаны святочны водар. Я памятаў яго з дзяцінства, калі ў мамінай вёсцы перад Сёмухай прыцярушвалі аерам падлогу. Праўда, там аерны пах змешваўся з іншымі пахамі сялянскае хаты, тут жа ў паветры непадзельна ўладарыў адзін ён.

Кожны з нас радаваўся нечаканцы па-свойму. Залацістая аздобіла стрэлкай аеру кучаравую фрызуру. Кіяскёрка змайстравала сабе зялёныя, з ружовымі квадрацікамі ад карэньчыкаў каралі. Котка ўзяла аеравую шабельку ў зубы і не выпускала яе ні рухаючыся па коле, ні танцуючы пасярод яго, што выглядала асабліва святочна.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Танцы над горадам - Уладзімер Арлоў.
Комментарии