Цытадэль неба - Мікола Гамолка
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Народзіцца новы дзень — людзі ператвораць гэтыя мары ў жыццё. Ён пашле іх будаваць гарады, асвойваць новыя землі, вырошчваць сады...
Учора на ватманскай паперы канструктары закончылі праекты складаных машын, станкоў, архітэктары — праекты палацаў, стадыёнаў, заводскіх цэхаў, вучоныя на магутных сінхрацыклатронах разгадалі будову драбнейшай часцінкі матэрыі,— цікавыя, незвычайныя здзейснены справы. Але якім-бы ўчарашні дзень ні быў цудоўным і прыгожым, людзі з нецярпеннем, з пачуццем радаснага чакання і хвалявання сустракаюць дзень новы.
Многага чакала ад гэтага дня і Наташа. Пры гэтым разважанні да яе вярнуўся спакойны настрой. Новы дзень быў жаданым i радасным не толькі таму, што яна імкнулася як мага хутчэй сесці за пульт радыёлакатара. Наташа нецярпліва чакала сустрэчы з сябрамі. I толькі недзе там, у глыбіні душы, балюча варушылася ўчарашняя крыўда.
Зайшоўшы ў тралейбус, Наташа села на канапку i задуменна пачала разглядаць горад праз размаляваную марозам шыбіну. Дзесяць хвілiн язды — i вось ён, радыёлакацыйны цэнтр. Дом, у якім ён знаходзіцца, стаяў у глыбіні двара. Тут расло многа дрэў. Густыя ёлкі, абсыпаныя зіхатлівым інеем, здаваліся як-бы намаляванымі нейкім мастаком.
Ля табельнай дошкі Наташа спынілася і здзіўлена паціснула плячыма. Яе нумарок быў зняты. Няўжо гэта — выпадковасць? Дзяўчына разгублена паглядзела па баках.
У канцы калідора пачуліся крокі. Наташа павярнулася і ўбачыла дзяжурнага па ўчастку.
— Таварыш Гоман, пазнаёмцеся з загадам, — сказаў ён ціха, як-бы неахвотна, і працягнуў паперку.
Перад вачыма дзяўчыны заскакалі нейкія кругі, твар яе балюча перасмыкнуўся. Каб стрымаць сябе, яна прыкусіла ніжнюю губу і ўзяла паперку. .
Значыць, усё? Яна ўжо не працуе? Як гэта крыўдна і горка!
Думкі і разважанні дзяўчыны парушыў знаёмы голас.
— Наташка! Пойдзем да Фёдарава. Там у яго сакратар партбюро...
Дзяўчына павярнулася і з удзячнасцю глянула ў твар Юзіка. Хлопец адчуваў сябе ніякавата. Відаць, загад начальніка быў для яго не меншай нечаканасцю, чым для Наташы.
— Нікуды я не пайду, — адказала ціха дзяўчына. — Мне цяжка гаварыць з гэтым чалавекам.
Юзік схапіў яе за руку.
— Ты — комсамолка... Мы пастаім за цябе. Пішы заяву.
— Навошта? —спакойна вымавіла Наташа. — Ці ў мяне ўсе дарогі зышліся ў клін?.. Я паеду ў Маскву. Бывай!
Яна павярнулася і пайшла з аператарскай.
Раздзел шосты
Новы ўпраўляючы ракетным заводам Білі Спайт умела вёў справу. Ён клапаціўся, каб раслі прыбыткі сенатара Уолтэра і яго кампаніі. Ракеты маркі «Метэор», пабудаваныя заводам, курсіравалі на транспартных лініях. Імі-ж падтрымлівалася сувязь са штучнымі спадарожнікамі «Скарпіён», «Юпітэр», «Гідра», «Змеяносец», запушчанымі Штатамі над Зямлёй два гады назад.
Асабліва старанна працаваў упраўляючы пасля продажу ўчасткаў на Месяцы, калі пачалі будавацца адначасова дваццаць касмічных ракет. Білі стараўся выслужыцца перад гаспадаром.
Канчатковай канструкцыі касмічнай ракеты яшчэ не было. Затрымлівалася распрацоўка атамнага рухавіка. Але гэта не стрымлівала пачатае мерапрыемства. Касмічная ракета — аграмадны карабель даўжынёй у 200 метраў — складаецца з некалькіх ступеняў. Адна з іх, па задуме канструктараў, павінна мець паветрана-рэактыўны рухавік, другая — праматочны і толькі трэцяя, якая панясе першых пасажыраў у далёкія касмічныя прасторы, — атамны. Праекты першых двух ступеняў былі распрацаваны даволі дакладна. 3 іх пачыналася будаўніцтва цэлай эскадры касмічных караблёў.
Між тым набліжалася небяспека. Рабочыя і служачыя кампаніі ўсё часцей патрабавалі палепшыць умовы працы, паменшыць штрафы.
I вось, нарэшце, — забастоўка...
Сёння рабочыя дзённай змены адмовіліся працаваць. Па цэхах плыў гул людскіх абураных галасоў...
Білі Спайт не чакаў такога павароту справы. Каб супакоіць рабочых і сарваць забастоўку, ён паслаў ва ўсе цэхі сваіх людзей. Але гэта толькі падліло масла ў агонь.
Адразу-ж быў арганізаваны забастовачны камітэт, які вылучыў дэлегатаў для перагавораў з Уолтэрам. Па ўсіх цэхах запелі гудкі. Забастоўка пачалася!
Якраз у гэты час на плоскі дах будынка заводакіраўніцтва апусціўся паветраны аўтамабіль. Усе здагадаліся — гэта машына боса.
Сенатар выйшаў з кабіны, нацягнуў на ўспацелую галаву капялюш і глянуў на заводскі двор. Тое, што ён убачыў, здавалася, ніколькі яго не ўстрывожыла. 3 самазадаволенасцю сенатар падышоў да ліфта і на ім апусціўся ў цэнтральную кантору завода.
— Што тут у вас адбываецца? — уладна спытаў ён у Білі Спайта.
Спайт, тонкі, сухі, з казлінай бародкай, паслужліва падбег да гаспадара і, узяўшы з яго рук капялюш i палку, паклаў на стол. Твар упраўляючага быў разгублены i бездапаможны. Развёўшы рукамі, ён з цяжкасцю прамовіў:
— Нічога не разумею, сэр. Яны бастуюць!
— Заткніце ім горла! Чуеце?
— Але як-жа... — i ён асёкся, не ведаючы, што гаварыць.
— Дзе іх дэлегаты? — рэзка спытаў сенатар. — Прышліце да мяне.
Калі Білі Спайт паведаміў, што сенатар Уолтэр чакае дэлегатаў забастовачнага камітэта, рабочыя здзівіліся. Гэта было неверагодна — сам бос хацеў гаварыць з забастоўшчыкамі.
— Хадзем, хлопцы! — прапанаваў стаіршыня забастовачнага камітэта двум сваім таварышам-дэлегатам.
Сенатар сустрэў іх хоць стрымана, але не варожа. Паівярнуўшыся ў крэсле, ён запытаўся:
— Што вам трэба? Якія вашы ўмовы?
— Мы патрабуем павялічыць заработную плату, ліквідаваць штрафы, даваць усім рабочым трохтыднёвы адпачынак за кошт прадпрыемства.
— Усё?
— Так, сэр. Гэта нашы мінімальныя патрабаванні.
Сенатар нахмурыўся. Якое нахабства! Гэтыя чырвоныя ведаюць, калі нанесці ўдар. Цяпер адмовіць ім нельга — забастоўка зацягнецца на некалькі тыдняў. У выніку — марна прападзе не адна тысяча гадзін рабочага часу.
Саркастычна ўсміхнуўшыся, сенатар сказаў:
— У вас, хлопчыкі, дзёрзкія галовы. Баюся, вы іх можаце згубіць. Вашы патрабаванні нерэальныя. Трэба лепш працаваць, хлоіпчыкі, ведаць сваё месца! А яно кожнаму строга вызначана богам.
— Мы думалі, сэр, што вы дзелавіты чалавек... Пайшлі, хлопцы, — сказаў старшыня забастовачнага камітэта і штурхануў перад сабою дзверы.
Сенатар падхапіўся з крэсла:
— Стойце! Паслухайце гаспадара. Перадайце рабочым: я прымаю іх патрабаванні. Хай развязваюць свае кашалькі. Ім будуць сыпацца долары цэлых тры месяцы. Так, так, тры месяцы і ні адной хвіліны больш. А цяпер можаце ісці, — сказаў сенатар, праводзячы дэлегатаў позіркам, поўным знішчальнай пагарды.
Калі дзверы зачыніліся, Уолтэр звярнуўся да Білі Спайта:
— Вы зразумелі мяне?
— Не, сэр, — шчыра прызнауся ўпраўляючы.
— Хе-хе-хе, — самазадаволена зарагатаў сенатар. — Гэта ход канём, містэр Спайт. Гэта — ахвяра, якой патрабуе наш бог.
Білі ўгодлііва ўсміхнуўся.
— Дык слухайце. Тры месяцы — гэта тэрмін, за які я пабудую касмічную ракету «Анаконда». Я павінен апярэдзіць рускіх i быць на Месяцы першым!
Білі Спайт вырачыў вочы. Новы скарочаны тэрмін пабудовы «Анаконды» вымушаў перабудоўваць усю работу на заводзе.
— Вы што, спалохаліся? — углядаючыся ў твар упраўляючага, запытаў сенатар. — Не паспеем?
— Гэтага ніколі не было, сэр, — угодліва адказаў Спайт. — Вашы словы — нашы справы.
Сенатар узбуджана закрочыў па кабінету. Ён гаварыў, гаварыў... Потым, падышоўшы да сцяны, крута павярнуўся, загадаў: ,
— Уключыце тэлевізар. Праверце, ці вярнуліся рабочыя ў цэхі.
Упраўляючы з юнацкай спрытнасцю і рухавасцю выканаў загад гаспадара.
— Рабочыя супакоіліся. Праца аднавілася, — паведаміў ён праз хвіліну.
— Я хачу прайсці па цэхах, — раптам сказаў сенатар.
— Я да вашых паслуг, сэр. — Білі Спайт падаў сенатару капялюш і бамбукавую палку.
Бліскучая нікеляваная брамка аўтаматычна расчынілася, і яны ўвайшлі ў цэх. Над галавой вісеў выгнуты між двух высокіх сцен шкляны дах, пераплецены павуціннем металічных канструкцый. У цэху было цяжка дыхаць. Працавалі станкі-аўтаматы, гулі маторы. У сярэдзіне цэха ішла доўгая лінія канвеера. 3 двух бакоў стаялі кантралёры, сачылі за работай машын.
Сенатар пастаяў з хвіліну, разглядаючы цэх, потым узмахнуў палкай і бадзёра пакрочыў наперад. На прыход гаспадара амаль ніхто з рабочых не звярнуў увагі. Да Уолтэра падбеглі толькі некалькі майстроў і разам са Спайтам пакрочылі ззаду за сенатарам, гатовыя ў кожную хвіліну адказваць на запытанне свайго боса.
Абыходзячы доўгі рад аўтаматычных станкоў, сенатар міжвольна залюбаваўся работай машын, якія самі вярцелі свёрдлы, вырэзвалі канаўкі на дэталях, пераносілі гэтыя дэталі на другое месца, шліфавалі іх, выкідваючы потым на ленту транспарцёра. Ля маленькага століка стаяў рослы юнак у карычневым камбінезоне. Ен трымаў у руках нейкі валік, разглядаў яго і ўсміхаўся. Уолтэр загадаў Спайту паклікаць рабочага. Той паволі подышоў і з усмешкай сказаў: