Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Разная литература » Прочее » Каменная ноч - Алесь Яфімаў

Каменная ноч - Алесь Яфімаў

Читать онлайн Каменная ноч - Алесь Яфімаў

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 14
Перейти на страницу:

— Не, наадварот... Я сказаў пра ўваскрашэнне менавіта таму, што перад гэтым думаў пра спыненне цягніка... Тады, акурат, будзе добра відаць: якія сэнсы штучныя, а якія сапраўдныя. І гэта будзе добрай ілюстрацыяй таго, што штучнага нашмат болей, што большая частка нашых спраў, жаданняў і мэт — марнасць.

— Усё вялікае складаецца з простага.

Злы крыху памаўчаў, магчыма, чакаючы адказу. Калі стала зразумела, што Ён ужо амаль засынае, працягнуў — нават не для дыялогу, а для таго, каб Ён пачуў:

— Дарогу здужае той, хто ідзе. Гэты твой вобраз цягніка... Ты ж сам разумееш, што сэнс не ў тым, каб даехаць да апошняй станцыі і выйсці. Сэнс у тым, каб чаму-небудзь навучыцца, нешта зрабіць. Інакш, адкуль возмецца вопыт? Адкуль возмецца характар? Якім чынам твая асоба будзе адрознівацца ад іншых, калі ўсім адразу даць усё гатовае? Што, генетыка? Але адкуль узяліся пэўныя гены? Гэта — той жа вопыт, які фарміраваўся на працягу тысячагоддзяў пакаленнямі. Таму і на побытавым узроўні лепш паступова ісці крок за крокам, бясконца кідаць гэты вугаль у пылу і поце, чым сядзець і марыць, што адразу атрымаеш усё. Ды за якія заслугі?

— Давай ужо потым... Няма сіл...

У Яго насамрэч ужо не было ніякіх сіл. Але зноў Ён імкнецца цягнуць вялізную каменную глыбу да сябе. Цягнуць шчыра, аддана, быцам бы ніякай размовы сёння і не было.

НОЧ СЕМАЯ

Чалавек нясе адказнасць за Бога.

Андрэ ЖЫД

Ён ляжыць на сваім няўтульным ложку і імкнецца ўзгадаць учарашнюю размову. Памятае, што яна не была скончана так, як трэба, і па крупінках узнаўляе яе... Амаль ніколі не можа ўзгадаць адразу апошні момант мінулай ночы, непасрэдна перад тым, як засынае. Прыгадвае нейкі ўрывак, разумее, што пасля было нешта яшчэ, прыгадвае наступны... Урэшце ўзнаўляе поўную карціну. І гэтая ноч быццам бы зліваецца з папярэдняй, утвараючы агульнае цэлае — звязнае і лагічнае. Пражыты дзень пачынае здавацца толькі нейкім сном ці насланнём. Ноч жа, нібыта ніколі не канчалася і не пачыналася... Але іншым часам здаецца Яму, што гэта не гармонія, а нейкі праклён, кшталту пакарання Сізіфа. Кожную ноч пачынаў Ён блуканне па замкнёным коле думак. Кожную ноч рабіў пэўныя высновы і кожны раз пачынаў усё спачатку. Кожную ноч паскараў сваю каменную глыбу, аднак кожны раз сустракаў яе нерухомай. І тады ілюзія бясконцасці гэтай адзінай ночы здавалася страшнай. Іншы раз у Яго нават узнікалі думкі, што насамрэч Ён ужо памёр і не заўважыў. І затрымаўся ў гэтай ночы, у гэтай статыцы, каб раз за разам пракручваць адно і тое ж, шукаючы выйсце. Ён нават не памятаў, колькі часу ўжо мінула, колькі начэй было замкнёна ў гэтую адну бясконцую ноч... Аднак такія думкі з’яўляліся нячаста. У асноўным, неверагодная стомленасць не дазваляла Яму разважаць на гэты конт у адмоўным рэчышчы. Бачыць усю жудасць сітуацыі не хацелася. Таму звычайна Ён узгадваў забытыя моманты, запаўняў прабелы, якія з’яўляліся ў час дзённай мітусні і вяртаўся ў адзіную і непадзельную ноч, як у родны ўтульны дом.

Цяпер ужо цалкам аднавіў у сваёй памяці ўчарашні дыялог і разважаў над некаторымі момантамі. Адчуўшы гэта, Злы пачаў гаварыць:

— Ты думаеш, што можна ў любы момант узяць і ўсё скончыць? Абрынуць астэроід, спыніць цягнік часу... Прывесці ўсіх да адзінай роўніцы... Але пры гэтым ты верыш у нейкі працяг... Ці можна сказаць, што ты верыш у Бога? Я думаю, можна.

Але чаму ты спадзяешся на тое, што Бог пагодзіцца абрынуць астэроід цяпер? З якой нагоды? На гэтым жа трымаецца ўся твая ідэя-фікс: што Бог, Космас ці наасфера пойдзе табе насустрач... Я буду ўжываць слова «Бог», калі ты не супраць, чыста ўмоўна... І як ты не можаш зразумець, што твае хваравітыя жаданні не могуць паўплываць на задуму Бога?..

— Я і не прэтэндую... Але што, калі маё жаданне — і ёсць воля Бога? Ты ж сам казаў, што Бог не можа працягнуць сваю руку з Нябёсаў і такім чынам нешта змяніць у гэтым свеце... А вось у мяне з’явілася ідэя, якая цяпер здаецца відавочнай... Магчыма, у шматлікіх людзей у той жа час з’явілася такая ж ідэя. І ўжо некалькі чалавек па ўсёй Зямлі імкнуцца абрынуць астэроід...

— Бог думае пра людзей. Але ён не думае за людзей... Ты заўжды забываеш, што чалавек створаны вольным. А навошта? Навошта некаму ці нечаму Усемагутнаму ствараць штосьці незалежнае, хай нават і часткова? Гэта было б лагічна зрабіць чыста дзеля забаўкі. Аднак навошта тады ўводзіць нейкія правілы, рабіць Страшны Суд, дзяліць усіх на праведнікаў і грэшнікаў, каб потым першых пакінуць з сабой, а апошніх кінуць у пекла? Толькі сёння на Зямлі жыве больш за сем мільярдаў абсалютна ўнікальных людзей. А колькі іх жыло ўсяго ад пачатку часоў? Лічыцца, што больш за сто мільярдаў. І яшчэ раз: кожны з іх унікальны. Дык навошта ствараць такую колькасць людзей уручную, калі можна паставіць працэс на аўтамат? Гэта вельмі складаны алгарытм — на асобу чалавека ўплывае вялізная колькасць фактараў. А так дастаткова было б толькі стварыць асноўныя законы — у сэнсе, так званыя законы прыроды — і ўсё, «пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю». Адносна чалавека гэты працэс цягнецца тысячы гадоў, але адносна Бога ён можа доўжыцца імгненне. А ўжо пасля — Страшны Суд, агляд вынікаў эксперымента. Дарэчы, воля чалавека можа з’яўляцца той пераменнай, якую нават Богу было б няпроста прадбачыць у самым пачатку... А тут — раз і ўсё гатова. І ёсць з чаго выбіраць. Найбольш паспяховыя ўзоры Бог пакідае сабе, няўдалыя трапляюць у пекла. Выглядае лагічным, што ў хрысціянскай канцэпцыі людзі не трапляюць у рай ці ў пекла адразу пасля смерці. Усе памерлыя «спяць» да заканчэння часоў. А ўжо потым, калі эксперымент скончыцца, усе будуць уваскрэшаны — будзе ўзноўлена кожная асобная мадэль чалавека. З унікальнай генетыкай, абставінамі станаўлення асобы, з жыццёвай гісторыяй і шэрагам іншых фактараў, якія ў сукупнасці сваёй і стварылі канкрэтнага чалавека. Гэта выглядае цалкам, як нейкая камп’ютарная праграма — спачатку ідзе стварэнне чалавечай адзінкі паводле аднаго складанага алгарытма, пасля інфармацыя захоўваецца, у алагарытме змяняецца адна пераменная (а ўсяго іх — амаль бясконцая колькасць), ствараецца наступная адзінка і гэтак далей. І геніяльнасць дадзенай праграмы ў тым, што сам чалавек можа змяняць пераменныя як для ўласнага алгарытма, так і для алгарытмаў іншых людзей непасрэдна падчас эксперымента. І ўрэшце збярэцца неверагодная колькасць вынікаў па кожнай асобнай адзінцы і Бог будзе мець доступ да ўсёй гэтай інфармацыі аднача­сова. Аднак зразумей: гэтае апісанне вельмі прымітыўнае ў параўнанні з тым, што, магчыма, адбываецца насамрэч. І вось тады якраз гэты твой цягнік і спыніцца...

— Ты хочаш сказаць, што мы патрэбныя Богу?

— Канешне ж. А як яшчэ можа быць?

— У сэнсе, з нейкага прагматычнага пункту гледжання. Ён жа павінен быць абсалютна самадастатковым...

— Не бачу ніякіх супярэчнасцей...

Ён ляжыць і думае над словамі Злога. Усё выглядае быццам бы лагічным. Аднак гэта ж Злы. Заўжды ён размаўляе нейкімі сафізмамі, якія знешне падаюцца слушнымі, аднак насамрэч з’яўляюцца падманам. Тым часам Злы працягнуў:

— Я гэта ўсё да таго, што ў Бога свае планы адносна чалавецтва. Унесці ў іх нейкія карэктывы ты не можаш апрыёры. А думаць, што ты з’яўляешся часткай гэтых планаў і нават нейкім яго партнёрам — занадта саманадзейна. Увогуле, мільёны людзей просяць Бога аб лепшым жыцці. І няўжо ты думаеш, што Бог хутчэй згодзіцца на тваю ідэю і дапаможа абрынуць астэроід, чым прыслухаецца да малітваў пра лепшую долю мільёнаў іншых?

— Мая ідэя мае на мэце не абрынуць астэроід... Яна, у канчатковым выніку, накіравана на выратаванне ўсіх людзей... Хіба можа параўнацца наіўная малітва пра бягучыя даброты з глабальнай ідэяй, якая дапаможа вырашыць усе праблемы адным махам? Нехта просіць пра здароўе, нехта — пра духоўную моц, нехта — пра паляпшэнне матэрыяльнага становішча... Але што гэта ў маштабах вечнасці?..

— Твая ідэя, магчыма, сапраўды з’яўляецца выратавальнай для вялікай колькасці людзей. Я ўжо казаў пра гэта... Аднак, па-першае, не для ўсіх. А па-другое, што больш значна, не думаю, што яна ўпісваецца ў планы Бога. Бо інтарэсы Бога і чалавека далёка не заўжды супадаюць.

— Гэта ж ты казаў пра тое, што Бог не прадухіліў бамбёжку Хірасімы... І ўсё такое... А я веру, што магу абрынуць астэроід... І якая розніца, па вялікім рахунку?

— Ты адмовіўся націснуць на чырвоную кнопку, памятаеш? Значыць, ты ўсё ж не хочаш браць на сябе адказнасць. Не хочаш ісці супраць Бога.

— Я адмовіўся не ад націскання кнопкі, а ад тэсту ўвогуле... Глупства нейкае... Падмена паняццяў...

— Хай будзе так. Але ж самае галоўнае ў тым, што ты ведаеш: няма паблізу такога астэроіда ці каметы, які б мог адным махам вынішчыць усё жыццё. Нават калі ляснецца такая ж глыба, якая калісьці забіла дыназаўраў, частка людзей, а зна­чыць — чалавецтва ў цэлым — гэта перажыве. Будзе адкінута ў развіцці на пару стагоддзяў назад і ўсяго толькі. Але ж твая задума не спраўдзіцца. Тым не менш, сучасная дыягностыка дазваляе сказаць, што ў бліжэйшай перспетыве — на тваё жыццё хопіць — нічога такога з Зямлёй не сутыкнецца. Усё, канец.

1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 14
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Каменная ноч - Алесь Яфімаў.
Комментарии