Дзённік 1993 - Неизвестно
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Дэп. Грыб М. І. У дакладах прагучала сур’ёзная крытыка і самакрытыка. Расійскія тавары складуць нашым моцную канкурэнцыю. Не забываць і аспекты палітычныя! Павінен быць рэальны падзел уладаў і паўнамоцтваў.
Дэп. Жукоўскі М. Дз. У дакладах бачанне выйсця ёсць, задача ў тым, каб аб’яднаць намаганні. У свеце 170 рыначных дзяржаў, а працвітаюць з іх — 20—30. А чаму? Рыначныя адносіны павінны быць рэгуляваныя! Трэба сыходзіць з тых пазіцый, на якіх былі, калі звалілася на нас незалежнасць Беларусі. Сродкаў аднаго бюджэту не хопіць на сацыяльна незабяспечаных. Гуманітарная дапамога часта паступае абы-каму, а не ў дзяржаўны фонд.
Дэп. Спіглазаў А. Ф. Эканоміка не церпіць эксперыментаў. Нам абавязкова патрэбная свая валюта! Трэба мяняць склад Урада, і ёсць кім замяняць у самім Урадзе.
Дэп. Баршчэўскі Л. П. З агульнай рублёвай зонай страцім і ўнутраны рынак—канчаткова! Задача Урада — прагназаваць, што будзе. Урад ставіць на палітычную карту, і нас ужо не ўспрымаюць як самастойную, незалежную краіну. Неабходна зрабіць поўныя замены ва Урадзе! Вячаслаў Францавіч, падайце ў адстаўку — і я складу свой дэпутацкі мандат і не буду выбірацца на чарговых выбарах!
Дэп. Пазьняк З. С. Віна Кебіча — у разбурэнні эканомікі і многага іншага. Прычына — у палітычных пазіцыях Кебіча. Ён — за адраджэнне СССР, за ліквідацыю незалежнай Рэспублікі Беларусь, за ператварэнне Беларусі ў эканамічнае падмаскоўе. Самая вялікая шкода, нанесенная Урадам, — паліўны голад. У Балтыі — свая валюта, і таму — зусім іншае становішча. (Дае Кебічу і ў хвост і ў грыву!) „Што гэта за скамароства? Адкуль гэта глупства? Апрача дзяржаўнага самазабойства — Кебіч не бачыць выйсця. Ён не бачыць і не разумее, як выйсці з крызіснага становішча.
Дэп. Данілевіч І. М. Нагадвае пра гучную заяву Урада „легчы пад паравоз” — калі спатрэбіцца. „Буду гаварыць пра сельскую гаспадарку. Кожны дакладчык лічыць, што праўда ў яго. А я не бачу праўды ні ў аднаго, ні ў другога. Усходнія немцы не ліквідавалі сельгаскалектывы. Усякая стратэгія пачынаецца з земляробства. Я, кіраўнік аграфірмы, прадаў усю прадукцыю — і стаў у шэсць разоў бядней. Што ж гэта? Скажыце: калі пяройдзем на сусветныя цэны? Тады вёска выжыве. Ні адна сельская гаспадарка ў свеце не жыве без датацыі. Як дажыць да 1-га студзеня — не знаю. Лічу: тое, што зрабіў Нацыянальны банк, гэта — дыверсія супроць сяла. СМ павінен прадугледзець сродкі на вёску, на сельскую гаспадарку. Лён і бабовыя — наша золата, а не бульба і не мяса.
Дэп. Грыбанаў У. М. Чакалі высноў ад Шушкевіча. Але — не было: ні аб рэформах, ні аб адстаўцы. Як ісці да мэты — адказу не пачулі ў дакладах. Трэба хірургічнае ўмяшанне! Са скальпелем!
17 лістапада
Працяг абмеркавання дакладаў Шушкевіча С. С. і Кебіча В. Ф.
Дэп. Булахаў Дз. П. Здрада нацыянальным інтарэсам — голы суверэнітэт, што ў галовах у нацыянал-радыкалаў. Трэба наводзіць парадак у структурах улады — у рамках Канстытуцыі. 1. Давайце падпішам пагадненні! 2. Абновім склад Урада! 3. Прымем новую Канстытуцыю! 4. Нам трэба моцная ўлада! („Сильная власть!” Што мае на ўвазе? Дыктатара?)
Дэп. Даўгалёў В. Б. Прапановы Шушкевіча і Кебіча, як выйсці з крызісу, — прынцыпова разыходзяцца. Далей прыводзіць жахлівыя лічбы (сапраўды: жах!). Міністэрства абароны стала камерцыйным. 500 тысяч гектараў лясоў, што ў веданні ваенных, — распрадаюцца. (Жах!) У кішэні сабе кладуць мільёны. (Жах!). Глыбокі крызіс праваахоўнай сістэмы.
Горш няма куды. Прэм’ер адводзіць кожны раз убок ад галоўнага якой-небудзь прыдумкай. Урад не здольны ўзначаліць работу па выхаду з крызісу — трэба ставіць пытанне аб яго адстаўцы!
Дэп. Кучынскі Е. Ф. Крытыкуе Вярхоўны Савет за знешнепалітычную дзейнасць. За неажыццяўленне пагадненняў, падпісанных у Віскулях. „Скажыце: чаму ніводнай пастановы аб паездках у краіны СНД? Вузкі круг людзей дыктуе волю нам — усяму Вярхоўнаму Савету. Прапаную: 1. Зняць Шушкевіча з пасады старшыні ВС. 2. Прагаласаваць давер старшыні Нацбанка. 3. Трэба новая каманда, якая павядзе дзяржаву. (З каго, з якіх сіл каманда?)
Дэп. Сечка Л. Н. Сітуацыя з банкавай справай у нас — нікуды не вартая. Патрэбна паэтапная рэарганізацыя кіраўнічых структур.
Дэп. Кулакоў У. П. Што ў краіне такое становішча — вінаватыя і Урад і Вярхоўны Савет. Ніхто за нас нашы праблемы не вырашыць. Я — за эканамічны саюз з Расіяй, за рублёвую зону. Але — гэта залежыць не толькі ад РБ. Беларусь — зборачны цэх, залежны ад Расіі і іншых краін. Прапаную: 1. Правесці глыбокую структурную перабудову народнай гаспадаркі! 2. Трэба іншая падатковая сістэма. 3. Рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы! Напрыклад, лес: мы яго гонім за мяжу неапрацаваным, а трэба гнаць мэблю. Навісла небяспека над ільнаводствам. 4. Нельга траціць рынак збыту сельгаспрадукцыі. У нас ідзе няспынны рост цэн. Але ж гэта — не рынак! Рынак — канкурэнцыя тавараў!
Дэп. Гаркун У. Г. Што і як рабіць далей? Якія рэальныя шляхі на заўтра? — Ратыфікаваць пагадненне з Расіяй! Розніца ў цэнах прывяла да поўнага банкруцтва многіх-многіх гаспадарак. Выйсце адно — у цэнавай палітыцы. Чым больш калгас вырабляе мяса і малака — тым больш стратна для яго! Што гэта? Бутэлька кефіру — 40 рублёў, бутэлька мінералкі — 330! Што гэта ТАКОЕ? Карэнным чынам змяніць крэдытную палітыку! Няма доўгатэрміновых крэдытаў для сельскай гаспадаркі. Што гэта? Дзе такое ёсць у свеце? (Божа прамілы! Сапраўды: што гэта? Што гэта?)
Дэп. Сасноў А. В. Толькі эканамічныя рэформы змогуць выратаваць краіну! Хай і ў саюзе з Расіяй і іншымі дзяржавамі — але рэформы! І рэнтабельныя прадпрыемствы чакае крах, калі не абнаўляць фонды. Даць рэнтабельным прадпрыемствам замацавацца на рынку! Бо — адкуль будзе бюджэт? Урад абяцае... ужо тры гады! А Вярхоўны Савет верыць яму! І зацвярджае кожную новую праграму. Адносіны Урада да недзяржаўнага сектара — абыякавыя, няма падтрымкі. Можа, усё ж адправім Урад у адстаўку? (Які малайчына Сасноў, які малайчына!)
Дэп. Беленькі Ю. А. Прычына развалу фінансавага становішча Беларусі — поўная некампетэнтнасць Урада ў фінансава-валютных справах. Ён прымае незаконныя пастановы. Банк іх не выконвае. Ствараецца фіктыўны капітал. (Во! Во малайчына!) Што дасць аб’яднанне грашовых сістэм? Будзе страшны ўдар па сельскай гаспадарцы. Нацыянальны банк не дапаможа ёй.
Дэп. Пракаповіч П. П. Што мы сабе думаем? Маем 150 мільярдаў доўгу Расіі за газ — і чакаем, пакуль нас адключаць? Чаму Вярхоўны Савет не кантралюе выкананне Законаў і Пастаноў? Напрыклад, аб прыярытэтах сяла? Паставілі б пытанне — і вызвалілі ад пасады, калі Багданкевіч не слухае! КДБ — у вас! Кантрольная палата — у вас!
Дэп. Гермянчук І. І. Лепш сёння адправіць Кебіча пакаваць чамаданы! Бо праз месяц-другі ўсё адно пойдзе! (У зале шумяць, стукаюць, ляпаюць.) Заяўляюць: „Рэспубліка папала ў крызіс!” Як быццам — сама сабой! Ніякага даверу Ураду няма і не будзе! Абяцалі, абяцалі і зноў абяцаюць! І што? У рабочы час член Прэзідыума Вярхоўнага Савета едзе на свой катэдж. Гэта не дробязь, гэта нахабства! Жонку Кебіча злавілі за руку: тры мільёны бюджэтных даляраў! І што? Журналіста — у суд!
Дэп. Голубеў В. Ф. Хто будзе несці адказнасць за невыкананне Праграм? Чаму вы, Станіслаў Станіслававіч, не паставілі пытанне аб бяздзейнасці Урада? Не трэба, сп. Кебіч, уводзіць валюту сваю прымусова! Расійскі Урад будуе Расію. Кебіч не разуме гэта, ці не хоча разумець. Наконт структуры Урада скажу: у нас над міністрамі стаяць упраўленні і кіруюць міністэрствамі. Наконт знешняй палітыкі: станцыю Гадуцішкі аддалі Літве. Без рашэння Вярхоўнага Савета! Кебіч аддаў! Сам! (Ох, і зашумелі- закруціліся ў зале.)
Дэп. Герасіменка А. М. Заклікаю падтрымаць ідэю стварэння Вышэйшага Савета па эканоміцы. 1. Рэфармаваць банкавую сістэму. Усе банкі передаць Ураду! 2. Падатковая палітыка павінна стымуляваць прадпрыемствы, а не быць фіскальнай. Затым цытуе нейкі зварот аб падтрымцы эканамічнага саюза і рублёвай зоны. Прадпрыемствы вінаваты гораду Мінску 75 мільярдаў рублёў (Жах! Што ж адбываецца?) Рэкамендуе не захапляцца чэкамі, думаць пра сацыяльную абарону грамадзян! І пра бюджэт!
Дэп. Сямдзянава Г. Г. Чэргі па хлеб такія, што — у адстаўку ўвесь кабінет Урада! Яго грахі не пералічыць!
Дэп. Унучка Р. І. БНФ і ПКБ (Партыя камуністаў) самкнуліся ў сваёй дзейнасці. Мала шукаем крыніцы энергіі. Ядзерную трэба развіваць! Каб не загубіць эканоміку — трэба ўзяць крэдыт на 450—500 мільёнаў даляраў. Вёску заспакойваем, ашукваем — як і раней. Вытворчасць прадукцыі сельскагаспадарчай стала нявыгаднай. Стала нявыгадна ў вёсцы жыць.
Дэп. Антончык С. А. Гваздае карпаратыўныя партыйна-дзяржаўныя групы, якія рабуюць народ і краіну. (Ой гваздае!) Гваздае — як прайдзісветаў. (А як доказна!) Урад дазваляе ім займацца прыхватызацыяй! У гэтых умовах — толькі адстаўка Урада! Заклікае народ да забастовак, да бунту, на вуліцу! (Такога з трыбуны ВС яшчэ не гучала!.. Сапраўдны рабоча-пралетарскі лідэр! Брава, Антончык!)