Албанскае танга - Вінцэсь Мудроў
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Настроіўшыся па патрэбную хвалю, радыёаматарка ўзняла ўгору палец. У прымачу штосьці зашумела, і ён азваўся паныла-цягуткімі зыкамі, якія шматкроць паўтараліся, нарэшце зайграла музыка, і жаночы голас урачыста абвясціў: «Говорит Тирана! Говорит Тирана! Начинаем нашу передачу на русском языке!»
«Тырана! Гэта ж горад, дзе жыве Петрыт!» - Надзея падляцела да прымача, але ў той жа момант эфір напоўніўся злавесным, усё адно як недзе поруч безупынна працавала цыркулярка, шумам. Зрэдзьчасу сярод гукавога гармідару прарываліся асобныя словы, якія яна кагадзе прачытала ў Петрытавым лісце: «сталёвае адзінства партыі», «падкопы рэвізіяністаў», «нечуваны энтузіязм працоўных мас». Пры канцы перадачы зайгралі «Інтэрнацыянал», і «цыркулярка» аціхла.
- Нічога, заўтра тым жа часам уключым - можа, лепш будзе чуваць, - паведаміла Нюрка і дадала: - Пайшлі вячэраць.
Нюрчына загадчыца выправілася з лістом у Варшаву, і Надзея міжволі акрыяла душой. Нават пасміхацца пачала, і ранейшая гордая пастава з’явілася. «Ну навошта, сапраўды, гэтыя пакуты?» - пыталася сама ў сабе. Вунь, Светка з факультэта эксплуатацыі, той і гора няма, што з Дрытэра развіталася. Надоечы запытала яе: «Ці пішаш албанцу? - і гарэза, рагатнуўшы, адказала: «А навошта я буду пісаць, калі ён не адгукаецца?»
Ну не можа Петрыт зараз нармальнага ліста напісаць, дык у наступным годзе напіша. А не праз год, дык праз тры гады. Яна згодна і столькі чакаць. Але ён абавязкова напіша і пачне так: «Мілая Надзя! Ты чакала майго ліста - і вось я яго пішу...» - з такімі ўтрапёнымі думкамі і з ціхай усмешкай на вуснах яна выйшла аднойчы на інстытуцкі ганак, і дарогу ёй заступіў камсамолец Бяльзацкі.
З Бяльзацкім Надзея пазнаёмілася ў самы першы дзень вучобы. З нагоды пачатку навучальнага года зладзілі мітынг, і другакурснікі мусілі перадаць першакурснікам сімвалічны, выразаны з фанеры і пафарбаваны ў залацісты колер ключ ад ведаў. Ключ, вядома, мусіла пераняць нейкая прыгожая дзяўчына, вось перад пачаткам мітынгу Бяльзацкі і нагледзеў яе ў натоўпе. А неўзабаве, сустрэўшы на інстытуцкім калідоры, прапанаваў паўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці. І калі яна няўцямна перасмыкнула плечукамі, камсамольскі сакратар паведаміў, што трэба будзе проста абвяшчаць нумары на канцэртах. І ў той жа дзень даведалася: Бяльзацкі чапляецца да ўсіх прыгожых дзяўчат, а адна студэнтка, па чутках, летась ад яго загрубела. На шчасце, Надзея пазнаёмілася з Петрытам, і Бяльзацкі, калі сустракаў яе, адно пажадна зыркаў ды казаў розныя глупствы. Яшчэ здалёк убачыўшы юрлівага смаўжа, яна звычайна спрабавала прыхавацца, пайсці іншай дарогай, але вось выйшла на ганак і ўзбілася на камсамольскага важака.
Бяльзацкі стаяў, шырока расставіўшы ногі і падставіўшы ветру свае хвалістыя, антрацытнага колеру валасы.
- Што гэта вы, Надзя, мяне ўвесь час ігнаруеце? - гарэзліва выдыхнуў камсамольскі важак.
Яна не адказала. Матлянулася ўбок, збіраючыся абмінуць Бяльзацкага, але той схапіў за рукаво і ўжо сур’ёзным голасам прамовіў:
- Ёсць размова.
Яны прайшліся па ходніку, селі на лаву.
- Ну як твой албанец, піша? - у голасе суразмоўцы ізноў азвалася гарэзлівая інтанацыя.
Надзея акінула важака пагардлівым позіркам.
- Ну ладна... ну ты ж яму пішаш?
Дзяўчына зноў прамаўчала, нанурыўшы долу дрогкія веі.
- Ды пі-ішаш, - расцягваючы зыкі, прамовіў Бяльзацкі і прыпаліў папяросу. - Пра гэта яшчэ не паведамлялі, але табе скажу: кіраўніцтва Албаніі стала на дарогу здрады. Яны пятнаццаць гадоў жылі за наш кошт, а цяпер узяліся паклёпнічаць на КПСС і савецкі народ. Так што лісты ў Албанію, а тым больш праз трэція краіны, пасылаць не варта. Калі ж ты і надалей будзеш шукаць кантакту з албанцам, гэта пагражае сур’ёзнымі непрыемнасцямі. І з табой ужо будуць размаўляць іншыя людзі і ў іншым месцы.
- А што я такога страшнага напісала? - падала нарэшце голас Надзея, адчуўшы, як абмірае трапяткое сэрца.
- Ну, напрыклад, ты паведаміла, што гатовая паехаць з тым пяюном і ў Албанію, і на край свету. Гэта можна трактаваць як падрыхтоўку да здрады радзіме.
«Якой здрады? Якой радзіме?» - сэрца парывіста грукнула, штурхнула гарачай крыві, і шчокі загарэліся, як палітыя варам.
- Ты чытаеш чужыя лісты? - Надзея падскочыла на ногі, і Бяльзацкі ізноў схапіў яе за рукаво.
- Ну, скажам, не я, а тыя людзі, якім гэта належыць рабіць па абавязку службы. І потым, нават калі ён твае лісты атрымае, адказаць не зможа, бо ўжо сядзіць у вязніцы. Усіх, хто вучыўся ў Саюзе, Энвер Ходжа пасадзіў на нары, - Бяльзацкі дыхнуў ёй у твар смярдзючым папяросным дымам.
- Няпраўда! Ты ўсё хлусіш! - Надзея тузанула руку і спачатку подбегам, а потым як ветрам гнаная рынула прэч ад гэтага страшнага чалавека.
«Пеця, дзе ты? Няўжо ў вязніцы? Мілы, каханы... прыедзь, забяры мяне адсюль, з гэтага горада, ад гэтых страшных людзей, якія чытаюць чужыя лісты», - задыхана шаптала яна, ужо паволі ідучы па восеньскіх прысадах.
Свяціла асавела-замглёнае сонца, пад нагамі шамацеў жаўталіст і толькі цяпер згадала Надзея, што якраз гэтым днём, 20 кастрычніка, яна сустрэлася з Петрытам. Але тады ішоў дождж, і восеньскі вецер шпурляў за каршэнь халодныя кроплі, але якой шчаслівай яна была там, у аўтобусе, калі сядзела поруч з хлопцам, у якога былі нетутэйшыя цёмна-вішнёвыя вочы і тонкія, як намаляваныя, бровы.
Да самай Якубоўкі ішла пехатой, разважаючы - як жыць далей, - і калі, змораная, пераступіла парог, пачула гарачкавы Нюрчын голас.
- Хутчэй сюды, тут пра Албанію кажуць!
Нюрка як заўсёды сядзела ля прымача, але гэтым разам слухала не музычную перадачу з Варшавы, а Маскву. У Маскве пачаўся партыйны з’езд - пра гэта ўвесь час трындзелі на інстытуцкіх палітінфармацыях, - і акурат цяпер па радыё перадавалі з’ездаўскія прамовы. Нейкі мужчына з каўказскім акцэнтам манатонна гамзаў:
- Вярнуліся нядаўна ў Албанію маракі, якія навучаліся ў Севастопалі. У гутарках яны выказвалі здзіўленне: чым выклікана нечаканае пагаршэнне дачыненняў паміж Албаніяй і СССР? У выніку многія з іх патрапілі ў вязніцу, - хваля крыху адышла, і Нюрка злёгку крутнула ручку настройкі. - Албанскім студэнтам, якія ў нас вучыліся і якія дачасна паехалі на вакацыі, працягваць вучобу ў СССР не дазволілі. Гэта выклікала сярод іх незадаволенне і зноў-такі многія незадаволеныя былі рэпрэсаваныя.
- Чула? - ускінула брыво Нюрка. - Ці не пасадзілі твайго албанца?
Надзея памаўчала хвіліну, тузаючы ражок блакітнай хусткі, нарэшце
схамянулася, задышліва, як пасля доўгай беганіны, прашаптала:
- Паеду ў Маскву.
- У якую Маскву? Навошта? - Нюрка ўражана глянула ў Надзейчын твар.
- Зайду ў албанскае пасольства. Спытаю: ці на волі ён? Яны павінны ведаць...
- Суніміся... якое пасольства? Ды хто цябе туды пусціць?!
Надзея сцягнула з галавы хустку, страсянула кудзеркамі валасоў і ціха выдыхнула:
- Паеду... - і ў выдыху гэтым чулася гатоўнасць заплакаць.
IX
Трапяткі ветрык крануўся скроні, напорліва налёг на патыліцу, і галава злёгку закружылася. Хоць і праспаў з дарогі аж дванаццаць гадзінаў, але ўсё адно ў целе адчувалася стома, і галава была, як з пахмелля.
У Якубоўцы, па якой ён ішоў, за трыццаць прамінулых гадоў, бадай, нічога не змянілася. Прыгарадная вёска была забудаваная дыхтоўнымі, сточанымі шашалем хатамі на высокіх каменных падмурках. Такія хаты яму часцяком даводзілася бачыць у глыбіні Расеі, але тут, на беразе Сожа, яны глядзеліся экзатычнымі, немаведама калі ўзведзенымі спарудамі.
Надзея знайсці колішнюю Петрытаву сяброўку была знікомай. Гаспадыня, у якой тая здымала кут, відаць, загавела душой; дачка яе, Нюрка, няйначай, кудысьці з’ехала. А калі і не з’ехала, дык наўрад ці скажа - дзе зараз кватарантка, што некалі, чорт ведае калі, жыла ў іхнай хаце. Аднак ён паабяцаў Петрыту знайсці тую жанчыну і цяпер, шыбуючы па пыльнай вясковай вуліцы, прагнымі вачыма паглядаў на няўклюдныя, ад рукі намаляваныя нумары на фасадах якубоўскіх хат.
Патрэбны нумар упрыгожваў не шаляваную будыніну з прыгожымі карункавымі аканіцамі. На двары заходзіўся ад брэху сабака, і Мікола ў нерашучасці спыніўся каля весніц.
- Ну до табе! - пачуўся незадаволены жаночы голас, і сабака, скавытнуўшы, аціх.
Кабета, што выйшла ў двор, была ягонага веку, і Мікола, прасвятлеўшы тварам, яшчэ здалёк выгукнуў:
- Добры дзень, Нюра!
Жанчына працяла яго насцярожлівым позіркам.
Уцяміўшы, што перад ім зусім іншы чалавек, Мікола загаварыў няўцямна і блытана.
- Тут калісьці гаспадыня жыла... разам з дачкой... дачку Нюра звалі... а ў іх дзяўчына кватаравала... студэнтка...
- А калі ж гэта было? - перапытала жанчына.
- Ды дзесьці напачатку шасцідзясятых...
- У-уу... мы тут толькі дзесяць гадоў жывем. Бацька мой, - жанчына ўздыхнула, - гэтую хату купляў. А ў каго - я нават і не ведаю. На БАМе тады працавала.