Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Разная литература » Прочее » Дубянецкі - Неизвестно

Дубянецкі - Неизвестно

Читать онлайн Дубянецкі - Неизвестно

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 101
Перейти на страницу:

А палове адзінаццатай прыйшла бухгалтарка Клара Кунавіч падпісваць чэк у банк. Арыгінальная склалася сітуацыя ў выдавецтве – адсутнічаюць усе тыя, хто мае права першага подпісу: я – тут, галоўны рэдактар – на ММКВК, намесьнік па вытворчасьці – у Маскве па неадкладных асабістых справах.

Клара прыйшла і разгубілася – застала мяне пад кропельніцаю.

– Ой-ё-ёй! А як жа нам цяпер атрымаць тыя фінансы ў банку? – загаласіла бухгалтарка.

– Нічога, Кларачка, пачакайце, калі ласка дзесяць хвілінаў, усяго толькі дзесяць хвілінаў, – кажу я . – Вось бачыце, як мала засталося ў флаконе…

– Ну, тады я патэлефаную Паліне Сяргееўне, што затрымліваюся. Адкуль можна пазваніць?

Я сказаў адкуль і расказаў, як гэта зрабіць, бо тэлефон капрызьлівы. Хутка з мяне зьнялі кропельніцу і я ўстаў, хоць пасьля гэтага рэкамендуецца хвілінаў дзесяць паляжаць. Прывёў сябе ў больш-менш прыстойны выгляд – надзеў новы шарсьцяны спартыўны касьцюм, нядаўна куплены ў Нясьвіжы, паправіў прычоску – усё-такі прымаць буду жанчыну. І тым больш, што яна мне падабаецца, хоць зрэшты мне ўсе выдавецкія жанчыны падабаюцца – хто як жанчына, хто як таленавітая супрацоўніца, хто як чалавек. Усе заслугоўваюць павагі і ўвагі, і дай бог ім шчасьця! А Клара, апрача ўсяго іншага, каштоўная яшчэ і сваёй мэтанакіраванасьцю. Маючы сям’ю – мужа і дваіх дзяцей, яна паступіла на завочную вучобу ў Маскоўскі паліграфічны інстытут, на фінансава-эканамічнае аддзяленьне. І цяпер ужо скончыла пасьпяхова тры курсы. Праз два гады будзе сьпецыяліст з вышэйшай адукацыяй. Я яе заахвоціў тым, што з пасады касіра перавёў у бухгалтары. Гэта ёй дало невялікую прыбаўку да акладу, але, як мне казалі, яна добра адчула маю маральную падтрымку і была вельмі ўдзячная. А нядаўна яна, нарэшце, атрымала кватэру: шмат гадоў жыла ў страшэнных, абражаючых чалавечую годнасьць, умовах. Як і большасьць савецкіх гараджанаў, ды й вяскоўцаў таксама! Яе новая кватэра аднак, не “падараваная” ёй рэжымам і не атрыманая паводле чаргі, у якой трэба “стаяць” і з плачам душэўным спадзявацца і чакаць дзесяць і больш гадоў. Проста гэты рэжым з шасьцідзесяцісямі гадовым спазьненьнем вырашыў паказаць свой “гуманізм” і насельнікам “Кларынай” шматкватэрнай “лачугі”, як савецкая прапаганда называе жытло беднякоў у капіталістычных краінах. Але побач з яе хацінай стаяць пакуль населеныя няшчаснымі людзьмі яшчэ некалькі такіх самых савецкіх палацаў. У адным з іх даўно пакутуе мая добрая знаёмая, дырэктар кнігарні падпісных выданьняў, сімпатычная Ліля Паўлаўна Болдырава. А разам з ёю і сям’я яе любімага сына.

Я падпісаў Кларын чэк і не адзін. Яна ня ўпэўненая была, што той рукою, у якой “нешта тырчала”, можна паставіць “правільны” подпіс, папрасіла падпісаць два-тры празапас. Я выканаў гэтую незаконную просьбу, улічваючы цяперашнія абставіны ў выдавецтве. Аддаючы чэкавую кніжку сказаў:

– А ўсё-такі, Кларачка, напэўна, пройдзе першы чэк, а тыя наўрад ці прымуць.

– Чаму?

– Таму, што надта стараўся. Падпісваў імгненна, а пасьпяваў сачыць за кожным кручком. А гэта гарантыя адступленьня ад подпісу-ўзору.

– Ну, хоць адзін, можа, прапусьцяць. На сёньня больш і ня трэба.

Так мы разьвіталіся, абмяняўшыся нейкімі “рытуальнымі” фразамі.

Папрасіў Марыю, каб да мяне сёньня не прыходзіла. Вядома, мне прыемна было б яе бачыць, маю верную спадарожніцу, адзіна магчымую маці маіх таленавітых дзяцей. Параіў, каб лепш схадзіла ў гэты час на сустрэчу з Краснадарскімі знаёмымі. Ды трэба ж падрыхтаваць у дарогу нашу Галю. А ў яе не абы якая дарога. Гэта ж першы яе працоўны адпачынак! Першая самастойная турыстычная паездка! Ды якая ж доўгая і далёкая – на цэлых дваццаць дзён і аж у Закаўказьзе, на турыстычную базу “Планерскае”. Я сказаў пра гэта ў маёй палаце, дык Віктар кажа, што ён ведае “Планерскае”. Пару гадоў таму назад езьдзіла туды яго дачка-дзесяцікласьніца. З ёю чалавек дваццаць. Працавалі там у саўгасе – на полі ці на саўгасных заводах.

– Дык вось, – кажа, Віктар, – цэлыя канікулы юнакі і дзяўчаты працавалі. За гэта ім налічвалі нейкія грошы. А дайшла справа да разьліку – амаль усё налічанае ўтрымалі на аплату харчоў ды розных штрафаў. Ледзь-ледзь хапіла на зваротны білет. А ў дарозе ж трэба есьці!..

Вечарам па тэлефоне я цёпла разьвітваўся са сваёй юнай турысткаю.

Была адзінаццатая гадзіна вечара, а Галечка яшчэ не рыхтавалася ў дарогу. Як высьветлілася, яна ледзь ня цэлы дзень займалася сваімі вершамі – вычытвала пасьля машынапіснай перадрукоўкі, адбірала разам з Лёнем (тут і далей – Дранько-Майсюком – рэд.) для альманаху “Дзень паэзіі – 86”. У альманах трэба адзін-два, а Лёня “выбраў” цэлы дзясятак. “А цяпер, сказаў, будзем выбіраць з гэтага. Ёсьць жа яшчэ ўкладальнік зборніку, ёсьць загадчык рэдакцыі. Але ім нялёгка будзе, бо з добрага выбраць лепшае ня так лёгка.

Лёня, як рэдактар, рабіў, вядома, свае заўвагі, даваў парады. Кожную з іх Галя, як яна сама мне прызналася, сустракала “ў штыкі”. Я пахваліў яе за “цьвёр­дыя перакананьні”, але ж параіў прыслухоўвацца да Лёневых парадаў – ён мае добрую падрыхтоўку ў паэзіі, а галоўнае, сам паэт таленавіты, з добрым густам.

Гэта Галіны арыгінальныя вершы. Свае вершы яна ўсё яшчэ баіцца публікаваць. Я і ня ведаю, як яна адважылася на абнародаваньне сваіх перакладаў з Р. Бёрнса. А цудоўная атрымалася нізка!

11 верасьня 1985 году. Серада. 10 гадзінаў раніцы. Да сьнеданьня пасьпеў прыняць дзьве нітрагліцэрыначкі і вось цяпер укінуў трэцюю. Ранішнюю дозу лекаў прыняў. А ўрачэбнага абходу чамусьці яшчэ не было. Затое Ірына Аляксандраўна мяне на калідоры папярэдзіла, каб далёка не адыходзіў ад палаты. “Хачу паказаць вас прафесару”, – вымавіла. А якому не сказала.

Нашая палата часта нагадвае чытальню. Зацята чытаюць усе яе насельнікі.

Перада мною цяпер ляжыць часопіс “Беларусь”, разгорнуты на нарысе Леаніда Левановіча “Глыбокія карані”. Ня ведаю, каму пішуць і каму друкуюць такія матэрыялы. Я іх ніколі не чытаю! Хіба што зацікавіць імя аўтара ці ягоны аб’ект. Праштудзірую часопіс, пасьля закажу з дому якую-небудзь кнігу.

Пётр Іванавіч ледзь ня дзень і ноч вельмі зацікаўлена чытае“Шчыт і меч” Вадзіма Кажэўнікава. Прытым другую ўжо кнігу. І перад гэтым шмат чаго, кажа, тут прачытаў. Робіць гэта ён ня ў ложку, як шмат хто любіць, і ня ў крэсьле, што пасавала б да яго ўзросту і рангу. На палату ёсьць адна нізенькая табурэтка – калі трапіцца цяжка хворы, т. зв. ляжачы, тады на ёй стаіць начное начыньне. Табурэтачка гэтая некалі апынулася каля ложку Пятра Іванавіча. Ён яе прыгледзеў і знайшоў ёй прымяненьне: бярэ кнігу і, кладзе яе на ложак, а сам садзіцца на гэты “трон” і чытае. Чытае запар гадзіну-дзьве. Мясьціны, што ўразілі нечым яго, перачытвае па некалькі разоў, чытае іх і нам голасна. Абмяркоўвае іх зьмест. Карацей, жыве імі ўвесь.

Таксама любіць чціва пра шпіёнаў Віктар. Калі я паступіў у палату, ён дачытваў таўшчэзную кнігу Яўгена Вараб’ёва “Зямля да запатрабаваньня” – пра славутага савецкага шпіёна беларуска-яўрэйскага паходжаньня Льва Маневіча. Цяпер пераключыўся на “Лязо брытвы” Яфрэмава.

Калі Пётр Іванавіч зачытвае ўсім нам уголас нешта страшнае ці экстравагантнае пра фашысцкіх правадыроў, дык маладзейшы намнога Віктар з задавальненьнем зьвяртае нашую ўвагу на вычытаныя ім пікантныя сексуальныя штучкі. Нават часта зьвяртаецца да Пятра Іванавіча (!) з “нявінным” пытаньнем, скажам, як той паступіў бы ў такіх сексуальных сітуацыях, альбо ці ўхваляе ён такую і такую тэхніку палавых зносінаў.

Мушу зазначыць, што я, можа, упершыню ўбачыў тут людзей, якія ня толькі чытаюць кнігі, але і дачытваюць іх да канца. Звычайна ж бачыш у гарадскім транспарце, у парках і скверах, у паяздах і самалётах людзей з адгарнутымі на першых старонках кнігамі. Гэта не заўсёды азначае, што пасьля паездкі ці прагулкі кніга будзе забыта. Зусім не. Я таксама не бяру з сабою ў дарогу – вялікую ці малую – тую кнігу, якую ў гэты момант чытаю. А бяру нешта яшчэ нечытанае, альбо тое, што трэба зноў пагартаць. Значыць, і мяне таксама заўсёды па-за домам бачаць з кнігай, разгорнутай на першых старонках.

Прыгадаліся кнігі. І дарэчы. Учора ж у Маскве адкрыўся пяты ММКВК. Сёньня надрукавалі ў асноўных газетах прывітаньне Савету Міністраў СССР “удзельнікам і гасьцям” яго. Там ёсьць словы, што “савецкая кніга нясе праўду пра нашую Радзіму ва ўсе куткі планеты – праўду грамадскага прагрэсу і гуманізму”.

Якую праўду?! Які прагрэс?! Які гуманізм?! За праўду – кара. А яна ў СССР зайздросна разнастайная – ад зьняцьця з чаргі на кватэру да інфаркту і канцлагеру, а яшчэ нядаўна мог быць і расстрэл. Усе полчышчы тыпу “АТ”, “БФ” і інш. нахабна ўпісваюць у нашыя кнігі сваю “праўду”, патрэбную рэ­жыму, замест аўтарскай праўды, аўтарскай думкі, аўтарскай душы, замест нашай праўды.

Тут табе і ўвесь гуманізм, тут табе і прагрэс. Наш сапраўдны гу­манізм, які мы прапаведуем праз такіх лю­дзей як Быкаў, Адамовіч, Караткевіч, Брыль, вы ж “кляйміце” як гуманізм “бязбрэжны”, бяскласавы, а значыць шкодны. Вы палохаецеся нашага гуманізму, гуманізму сапраўды безьбярэжнага. Але ж мы ня прымем і вашага! І, можа, перш за ўсё таму, што ён “з берагамі”, што ён, як вы самі прызнаецеся, абмежаваны класавай ідэалогіяй. А па-вашаму ж класавасьць – гэта вечны антаганізм, гэта “брат на брата”. А які ж гэта гуманізм? Увесь сьвет бачыць, як вы вось ўжо 68 гадоў распальваеце ў сьвеце гэты антаганізм, падбухторваеце народ на народ, сям’ю на сям’ю. Вы ў сваю грамадзянскую вайну даказалі, што ўмееце адкрыта вынішчаць свой народ. У ваш “мірны” час таксама не было міру ў краіне – з дапамогаю свайго класавага “гуманізму” вы зьнішчылі больш за дваццаць мільёнаў чалавек – найлепшую частку насельніцтва вялізнай сваёй імперыі. А цяпер забараняеце нават успамінаць у літаратуры пра гэтыя рэпрэсіі.

1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 101
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Дубянецкі - Неизвестно.
Комментарии