Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Разная литература » Прочее » Танцы над горадам - Уладзімер Арлоў

Танцы над горадам - Уладзімер Арлоў

Читать онлайн Танцы над горадам - Уладзімер Арлоў

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10
Перейти на страницу:

Неяк увечары я вырашыў зрабіць у гэтай маленькай кунсткамеры рэвізію. Апрача Арцікавых паштовак пакруціў у руках манету з партрэтам яшчэ незнаёмага манарха на аверсе і конным рыцарам на рэверсе, потым старую блешню са шпуляй лёскі і свой першы гадзіннік, што даўно стаміўся вымяраць час. Цёпла адгукнулася ў душы важкая ад пяску бляшанка з-пад гуталіну, з якой я паспяхова гуляў на асфальце ў «класікі». У глыбіні вузкай шуфлядкі сумаваў альбом з маркамі, а пад ім зелянеў агульны сшытак майго даўняга дзённіка.

Сэрца злёгку падскочыла: няўжо гэта я выводзіў такія роўныя радкі з круглявымі літарамі, не падкрэсліваючы, як цяпер, «ш» і не пішучы друкаванае «т»? Вока выхоплівала фрагменты па-дзіцячы наіўных сказаў з акуратна выпраўленымі зверху памылкамі. Мільганула думка пагартаць знойдзены помнік пісьменства разам з Лораю, але ў дзённіку сустракаліся імёны іншых дзяўчатак...

Сярод старонак вытыркалася закладка - пажоўклы лісток календара, што прымусіў кроў пабегчы па жылах хутчэй. «Учора тата і мама вазілі мяне да «спецыяліста». Магчыма, я - лунацік. Ды мне не страшна, таму што я смелы і люблю фантастыку». Цёплымі хвалямі бэзавага паху вярталася мінулае. Маміны слёзы і тата ў піжаме на начным двары... Узняты ўгору палец доктара... Вакно, куды можна было прасунуць адно руку... Вяровачка на руцэ... Я міжволі ўсміхнуўся: шкада, што ўсё скончылася, так і не разгарнуўшыся ў сюжэт з прагулянкамі па дахах, знаёмствамі з тамтэйшымі катамі й коткамі, пярэпалахам начных мінакоў...

Але сюжэт толькі пачынаў закручвацца.

9

У няпісанай гарадской тапаніміі тая спаруда над Дзвіной мела дзве назвы: Гатэль і База. Сваёй загадкавасцю і метафізікай - улюбёнае слоўца нашага настаўніка астраноміі - мне значна больш падабаўся Гатэль. Гатэль, дзе ніхто не жыве... Тут было разгарненне для фантазіі.

Некалі ў тым будынку меліся адкрыць спартовую базу з гатэлем для весляроў і яхтсменаў. 3 тае прычыны спаруда сапраўды нагадвала карабель: супроць рачной плыні быў павернуты ветразь з арматуры і цёмнага, амаль чорнага шкла, пад якім намагаўся трымацца на плаву бетонны галіён з палубамі-паверхамі. Мы з Арцікам спрабавалі называць гэты «карабель» Лятучым Галандцам, ды пастанавілі адмовіцца ад рамантычнага наймення. Лятучай лёгкасці там і не начавала: цяжкі шасціпавярховы бетонны кубік меў яшчэ і нізкую грувасткую карму. Будоўлю закінулі гады чатыры таму. Ветразь зеўраў шматлікімі квадратамі з выбітым - ці то звонку, ці то знутры - шклом, а зашкліць вокны самому Гатэлю так і не паспелі.

Калісьці там адбылася жахлівая падзея: загінулі хлопец і дзяўчына. Адны лічылі, што яны выпадкова сарваліся з высачыні, другія - што скончылі жыццё самагубствам, трэція сцвярджалі, нібыта з гатэльнага даху іх хтосьці скінуў. Следства, казаў тата, скончылася нічым. Што б тады ні здарылася, але ўдзень Гатэль, які чакаў лепшых часін за пакінутым будаўнікамі высокім плотам, нязменна выклікаў у душы лёгкую трывогу, што, праўда, не палохала, а, наадварот, вабіла. Мы з Артурам некалькі разоў даследвалі тыя мясціны, і кожная такая выправа пакідала адчуванне дотыку да таямніцы.

Вакол пацямнелага ад дажджоў дашчанага плота буяў бур’ян і гусцелі астраўкі вербалозу. Утравелая дарога падводзіла да забітай крыж-накрыж брамы і, ператварыўшыся ў сцежку, паварочвала направа. Сцежка пакрысе рабілася больш зарослай, аднак знаходзіла сілы абабегчы ўсю згароду і, амаль зніцеўшы, вярнуцца да брамы. Калі, абдзіраючы рукі і ногі, мы пералазілі плот з боку ракі, то апыналіся ў тыле колішняй будаўнічай пляцоўкі, дзе ацалеў лапік поплава з высокай травой і дываном красак - смолак, зязюльчыных слёзак, званочкаў, піжмы, белага і жоўтага донніку, мышынага гарошку... - за веданне ўсіх гэтых назваў я ўдзячны сваёй бабулі.

Вядома, у тых рызыкоўных вылазках мы з Арцікам спрабавалі патрапіць і ў сам Гатэль. Але ўсе пяць ягоных дзвярэй заўсёды стаялі замкнёныя, а з замочных адтулінаў тырчэла пакулле. Ніхто не ведаў, што магло чакаць за тымі дзвярыма, і надыходзіў момант, калі ўзнікала адчуванне, быццам нехта спрабуе адчыніць дзверы і з таго боку. Тады мы, не згаворваючыся, адступалі да плота і адно за ім адважваліся кінуць праз шчыліну позірк назад. Усе ўваходы па-ранейшаму былі зачыненыя, ды, здавалася, адтуль за намі таксама хтосьці назірае.

10

Я ведаў, гэта не сон і абсалютна ўсё памятаў і разумеў, хоць усведамленне таго, што дзеецца, прыходзіла з пэўным адставаннем, паступова праяўляючыся на экране свядомасці. Апынуўшыся на двары, я ўспамінаў, як ціхутка зачыняў дзверы і спускаўся па лесвіцы. Прамінуўшы арку і ступіўшы на вулічны ходнік, «бачыў», як пераходжу начны двор. Пакінуўшы за спінай даўно зачынены касцёл і павярнуўшы на закінутую дарогу да Гатэля, я запознена сустракаўся позіркам са святымі Пётрам і Паўлам, якія аздаблялі франтон, але не маглі нікога багаславіць, бо ў кожнага хтосьці рупліва адбіў правую руку.

Сам паварот за мураванай касцельнай агароджаю «даганяў» мяне ўжо на закінутай дарозе, што ад часу нашых з Артурам адважных экспедыцый зарасла не толькі травою, а сям-там і хмызняком. Аднак прамежкі паміж маімі дзеяннямі ды іхняй «трансляцыяй» хутка скарачаліся. За плотам яны канчаткова знікалі, і я, можна сказаць, супадаў з самім сабой.

Плот пераадольваўся там, дзе і калісьці, а падцягвацца і пералазіць цераз яго не было патрэбы: праз колькі крокаў ад выспы вербалозу, падобнай здалёк на велізарнага вожыка, шырокая дошка трымалася ўсяго на адным верхнім цвіку і лёгка адыходзіла ўбок. Адтуль ледзь прыкметная сцяжынка - дакладней, намёк на яе - наўпрост вяла да саміх непрыкметных гатэльных дзвярэй. Яны, як і астатнія, былі на замку, ды адчыняліся і зачыняліся звычайным цвіком з расплясканай галоўкай. Яго дастаткова было павольна павярнуць тры, а часам і два разы. Кожны меў уласны такі ключ, прычым я не мог прыгадаць, ад каго і калі яго атрымаў.

Дзверы, найверагодней, павінны былі служыць чорным ходам, які праз дзясятак прыступак выводзіў у шырокую прастору першага паверха, дзе, відаць, меркавалася зрабіць рэстарацыю або канферэнц-залу. Два бетонныя маршы і сорак восем засыпаных бітым шклом і тынкам прыступак вялі на другі паверх. Потым лесвічныя пралёты рабіліся карацейшыя, і паміж паверхамі заставалася па трыццаць прыступак, што аўтаматычна адлічваліся ў паўзмроку. На кожным паверсе на два бакі разыходзіліся кароткія цёмныя калідоры з прахонамі для дзвярэй гатэльных нумароў. Аднаго разу тарганулася жаданне прайсці па калідоры. Я зрабіў колькі крокаў, але прыцемак наперадзе адразу згусціўся, папярэджваючы, што мне туды не трэба.

Мне трэба было на шосты паверх, адкуль заставаліся апошнія прыступкі да выйсця ў зорнае неба.

11

Мы ішлі па адным і ніколі не сустракаліся, бо кожны меў свой марш­рут, ды часам, ужо на закінутай дарозе да Гатэля, я мог знячэўку ўбачыць наперадзе невысокую, вузкаплечую і трохі нехлямяжую постаць Настаўніка, які рухаўся, здавалася, нейкімі рыўкамі - то павольна, то паскараючы крок. За ім, крыху воддаль, нязменна ішла Гімнастка. Маленькая, танклявая, але налітая сілай, яна, наадварот, крочыла рытмічна і лёгка, так, быццам пад ступачкамі ў яе былі схаваныя спружынкі, што падкідвалі цела над зямлёй. Юная зорка спартыўнай гімнастыкі, як называла яе гарадская газета, вучылася ў восьмым класе суседняй школы. Я запамятаваў, дый не хацеў узгадваць ейнага імя, бо яно магло парушыць загадкавы баланс таго, што з намі адбывалася.

Наогул у тыя імгненні не думалася ні пра яе зорнасць, ні пра нехлямяжасць Настаўніка. Мяне апаноўвала невыказная радасць: я - не самотны, мы ідзем, мы - разам, мы падымемся па прыступках і выйдзем на дах, дзе сустрэнем астатніх. Магчыма, азірнуўшыся, я мог бы ўбачыць яшчэ кагосьці з нашага маленькага брацтва, аднак ніколі не рабіў гэтага: хапала і той радасці, што перадавала сваю вібрацыю кожнай часцінцы маёй істоты.

Мы збіраліся ў розным парадку, але Залацістая і Котка кожнага разу ўжо былі там. Яны ж і заставаліся апошнімі - нібыта й жылі на даху або недзе ў нетрах Гатэля, хоць такая версія мне не надта падабалася. Залацістая зазвычай сядзела на краі люка, у які звісалі яе босыя ногі, а Котка вітала нас, збягаючы насустрач па прыступках да шостага паверха, затым паважна, быццам паказваючы дарогу, ішла наперадзе да лесвіцы ў неба, перад якою прасілася на рукі, каб цёплым вуркатлівым камячком аддана прытуліцца да грудзей. Найпазней з’яўлялася Кіяскёрка - як неўзабаве стала вядома, яна ішла з няблізкага Зарэчча.

3 прыходам кожнага пачуццё еднасці мацнела. Заўсёды шчаслівыя адно ідыёты, але ж чалавеку выпадаюць шчаслівыя хвіліны, гадзіны, дні. Той час на даху ўкрай поўніўся шчасцем.

Чакаючы, пакуль усе будуць у зборы, Гімнастка, здаралася, успамінала, што яна - гімнастка: выходзіла на сярэдзіну даха ды, палохаючы ластавак, якія гэтаксама лічылі дах сваім, пачынала круціць сальта за сальтам, лёгка пералятаючы вентыляцыйныя калодзежы і часам відочна пакідаючы межы нашага прастакутніка, ды ў апошні момант паспяваючы згрупавацца і мякка прызямліцца на самюткі край. Чамусьці ні я, ні, думаю, ніхто іншы не адчуваў страху за яе, толькі Котка пасля такіх рызыкоўных вылетаў падыходзіла і церлася аб ногі з рэльефнымі цягліцамі - можа, дзякуючы за пабачаную віхуру скачкоў, а можа - за тое, што Гімнастка вырашыла застацца тут, з намі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Танцы над горадам - Уладзімер Арлоў.
Комментарии