Цытадэль неба - Мікола Гамолка
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Няўжо гэта і прыходзіць смерць — без болю і пакут? Цела агортвае салодкая, млявая стома...
— Бывай, капітан! Мы сустрэнемся з табой у іншым свеце... Амін!
Роб выпрастаў ногі, і яны абсунуліся ў чорны правал цясніны. Не, так нязручна паміраць. Трэба выцягнуць ногі ў напрамку Сонца, глядзець на яго, покуль не пагасне зрок.
Роб зрабіў невялікае намаганне і адсунуўся ад жахлівага каменнага правалу. Калі ён павярнуў галаву ў бок, яму здалося, што непадалёку стаіць нейкая сіняватая імгла. Праз яе, як праз фіранку, удалечыні ззяла скарэжаная пустыня з беспарадкава раскіданых скал і каменных глыбаў.
Што за праява? Няўжо гэта зрок засцілае ліпкі, перадсмяротны туман? Не, быць не можа! Смялей паглядзі, Роб, наперад. Ты павінен усё ўбачыць, аб усім здагадацца.
У галаве праз нудны, надакіучлівы звон бліснулі жывыя думкі. Вочы Роба раптам ажылі, засвяціліся надзеяй. Які ён нездагадлівы! Ды гэта-ж, мабыць, дым ад «Анаконды». Яна павінна быць тут, зусім недалёка.
Роб зрабіў намаганне і ўстаў на ногі. Над вострабокімі скаламі па-ранейшаму пералівалася сіняватае мігценне. Хоць дрыжалі ногі, перасохла ў горле, няшчаснаму падарожніку вельмі моцна захацелася ўбачыць месца, дзе знайшла сваю пагібель «Анаконда». Ён падскочыў і высока ўзляцеў угару. Потым яго сілу, намаганне мускулаў замяніў газавы струмень маторчыка. Роб зноў ляцеў над Месяцам.
Вось высокі вал нейкай невялікай скалы... Падножжа яе плоскае, роўнае, быццам залітае чорнай смалой. А вунь пакручастая неглыбокая шчыліна, якая нагадвае сабой высахлае рэчышча. Ці была калі-небудзь тут вада? Мабыць, ніколі. А колькі яе там, на Зямлі!
Сэрца білася ад узбуджэння часта і гулка. Яго ўдары Роб адчуваў не толькі ля віскоў, але і ў руках і нагах. Ліпкі, гарачы пот раз’ядаў цела.
Нарэшце невялікая гара засталася ззаду. Наперадзе віднелася шырокае плоскагор’е з адзінокімі глыбамі скал.
А што вунь там? Дымок? Там — гэта не падман зроку — з чорнай шчыліны вырываўся фантан газу і тут-жа як-бы ўзрываўся, знікаў. На месцы яго заставалася ледзь прыкметная сіняватая імгла.
Роб выключыў рухавік, паволі апусціўся на порыстую глебу. Радасць ахапіла душу. Яму здавалася, што ён сустрэўся з даўно знаёмым сябрам.
«Анаконда» разламалася на дзве часткі. Адна тырчэла ў глыбокай разварочанай яміне, другая — неяк выслізнула з глебы і ляжала на паверхні.
Сумная і страшная карціна. Роб, пацягнуўся рукою да галавы, як-бы намерваючыся зняць шапку. Ен забыўся, што быў у міжпланетным касцюме і не можа ўшанаваць памяць загінуўшага карабля. Тады ён падышоў да насавой часткі, што вытыркалася з глебы, стаў на калені.
Цяпер ён мог добра разгледзець ракету. 3 серабрыстай яна стала бруднай, чорнай. Бартавая абшыўка парвалася, пакарэжылася. Роб заўважыў, што ўбаку ледзь-ледзь уздрыгвала і пульсавала глеба. Калі ён прыгледзеўся лепш, усё стала зразумела: праз нейкую шчыліну аднекуль вырывалася паветра. Роб абышоў ракету. У насавой частцы ў борце віднелася прабоіна. Хоць Роб быў знясілены, дыхаў ад недахопіу паветра часта і няроўна, ён рашыў абавязкова прабрацца ў пасажырскую каюту. А раптам на шчасце там што-небудзь захавалася? Абнадзейваючая думка! Плечы яго распрасталіся і ён рашуча падышоў да адтуліны.
Каюты нельга было пазнаць: усё паламана, звалена ў адну кучу. Пасярод каюты маленькай лужынкай блішчэла вада. Яна аднекуль цурчэла, вылівалася. Трэба спыніць! Хутчэй! — i вочы ліхаманкава заскакалi па баках. А вунь — што гэта? Распоратыя выбухам кіслародныя балоны? Няўжо яны ўсе знішчаны? Хаця-б крышку чыстага, свежага паветра! Толькі адзін глыток!
Роб падбег да балонных нішаў. Нішы — пустыя. Зняможана апусціліся рукі, задрыжэла, аслабела цела. Ён у адчаі асеў.
Так, зачараванае кола замкнулася. Ён зноў быў у ракеце, якая на гэты раз стане яго труной.
Моцна запацела шкло скафандра. Дыханне зрабілася частым, неглыбокім. Пагаслі, зніклі заманлівыя мары аб паратунку. Хаця-б адзін глыток паветра...
Роб заплюшчыў вочы, i яму ўспомнілася дзяцінства. Сухія шызыя стэпы. Ён з бацькам едзе па пыльнай пясчанай дарозе. Сям-там у стэпе віднеюцца гіганцкія стрэльчатыя кактусы. Неба высокае, бязвоблачнае. Прабягаюць павевы ветру. I ўсюды — у небе i на зямлі — плыве ледзь чутны звон. Гэта песня. Хто яе пяе — вецер, людзі ці сам стэп? Нельга разабраць. Душна, спякотна. Млявасць разліваецца па целе. Хочацца спаць, але ці заснеш пры такой гарачыні? Сонца пад самым купалам неба плыве, плыве... I нідзе не знайсці ад яго паратунку. Нават пад кактусамі высахлі цені. I пахне рыбай, запляснелай цінай. Роб прыўзнімае галаву, глядзіць удалеч. Як нізка апусціўся гарызонт! Ён запаланіў блакітам усю прастору, стэп адступіў ад яго, рэзка падрэзаны наўскасяк. Якое дзіва — небасхіл хвалюецца, плыве.
Ды гэта-ж — рака!
Коні ідуць шпарчэй, лёгка бяжыць паветра. Хутчэй, хутчэй да вады. Вось i круча! Няма калі любавацца ёю — сэрца замірае.
Ускінуты ўверх рукі, разгон — і вось яна, цёплая, ласкавая, пяшчотная глыбіня. Набягае ў рот вада, звініць пырскамі і струменямі. Як хораша!
Роб глыбока ўздыхнуў і адчуў, як горла сціснуў пякучы боль, ён інстынктыўна падхапіўся на ногі, агледзеўся. Знікла прыгожае, як прывід, маленства.
Шкло скафандра зацягнула парай. Пануры, чужы свет адступаў, гойдаўся пад нагамі. Роб зрабіў некалькі крокаў, імкнучыся падысці да адтуліны, якая яшчэ ледзь-ледзь свяцілася перад яго вачыма. Нечакана ен пахіснуўся, упаў, і яго накрыла тонкая металічная сценка. У той-жа момант па ёй нешта пакацілася. Проста на шкляны скафандр зваліўся пукаты цыліндр. Роб толькі ледзь-ледзь заўважыў яго форму, але ўраз здагадаўся, што гэта. Паветраныя балоны! Калі яны коцяцца, значыць цэлыя, не парваныя.
Божа літасцівы! Няўжо гэта праўда?
Роб адчуваў, што ў яго не было сіл, ён ужо не ўсведамляў, што рабіў.
Мінула хвіліна — і скаванасці ў нагах і ва ўсім целе як не было.
Яго да жыцця вярнуў кісларод, паветра, якое так неспадзявана было знойдзена ў загінуўшай ракеце.
Роб уздыхнуў на ўсе грудзі, вылез з-пад тонкай металічнай сценкі. Ён нават добра не памятаў, як рукі схапілі адзін з паветраных балонаў, прымацавалі яго да касцюма замест скарыстанага, апусцелага.
Цяпер можна больш спакойна і пільна агледзець ракету. Ён запаліў ліхтарык і зірнуў на падлогу. Якое багацце — два, тры... сем... аж дваццаць балонаў! Гэта на восем дзён жыцця. Цэлая вечнасць!
Смерць адступіла. Робу хацелася крычаць, скакаць, спяваць.
Чуеш, Зямля! Роб яшчэ будзе глядзець на цябе, любавацца тваёй прыгажосцю!
Больш гадзіны аглядаў ён ракету. Пошукі аказаліся не дарэмнымі. Знайшлася вада, страва, запас гаручага для рэактыўных маторчыкаў. Можна цяпер спакойна жыць і нават напісаць аб усёй гэтай трагічнай гісторыі. Адно дрэнна: давядзецца ўвесь час быць у касцюме, а ён вельмі замінае ў час хадзьбы і работы.
Роб сеў на нейкую скрынку, каб падумаць аб тым, што рабіць далей. Ён выратаваўся, але што з Полем? Чаму маўчыць, не адказвае на сігналы? Можа ён цяпер недзе курчыцца ад болю, задыхаецца. У яго-ж толькі два паветраныя балоны.
Роб ад самага нараджэння не быў помслівы, злы чалавек. Ён усё дараваў у гэты час Полю: і яго пагарду, i злосць. Цяпер на Месяцы Поль — просты, звычайны чалавек. Калі ён дзе-небудзь не загінуў, яму пагражае смерць ад удушша.
Роб разважаў нядоўга. Ён зарадзіў палівам маторчык, узяў у запас некалькі балонаў і праз адтуліну выбраўся з ракеты.
Сонца зноў схавалася за небасхіл. Відаць была толькі палавіна дыска. Перад Робам раскінулася таямнічая, з незвычайным пейзажам далячынь. Нідзе ні дарогі, ні сцяжынкі. Куды, у які бок ісці, каб вярнуцца назад, не заблудзіцца. Тут неба больш знаёмае, чым мясцовасць. Поль пільна ўглядаецца ў вышыню: вунь Вялікая Мядзведзіца, Арыён i Зямля. Яна ніколі не сыйдзе з гэтага месца, будзе заўсёды вісець над галавою.
Заходзіла Сонца... Без вячэрняй зары, ружовага палыхання нябёсаў небасхіл быў чорны, як сажа.
А вось Сонца зусім знікла. Толькі ў далечыні, як дзівосныя ліхтары, палалі не прыкрытыя змрокам вяршыні невядомых гор.
Якая дзіўная зеленавата-блакітная далечыня! Робу здавалася, Hiбыта ён знаходзіцца на дне нейкага фантастычнага акіяна.
Але хопіць думаць! Павярнуўшыся тварам да Арыёна, Роб адштурхнуўся ад глебы і паімчаўся ў супрацьлеглы ад Сонца бок. Недзе там зрабіў пасадку Поль. Яго трэба знайсці.
Калі-б не тыя незвычайныя ўмовы, якія стварае паменшаная амаль у шэсць разоў у параўнанні з зямной сіла прыцягнення, ні аб якіх пошуках чалавека на Месяцы не магло-б быць і гутаркі. Паспрабуй прайдзі па камяністай, перасечанай глыбокімі шчылінамі мясцовасці, пералезь цераз стромкія скалы, цераз вуглаватыя калючыя ланцугі гор, што спляліся на небасхіле ў тугі вузел! Гэта звыш чалавечых сіл.
Але Роб важыў на Месяцы не больш 12 кілограмаў! Без асаблівага намагання ён мог пераскокваць рвы шырынёй 15 метраў. А ў дадатак, у яго яшчэ быў цудоўны рэактыўны маторчык. I не трэба было мець крылляў—Роб ляцеў, як птушка, легка мяняў напрамак, то ўзнімаючыся ў вышыню, то ледзь-ледзь дакранаючыся нагамі да камяністай глебы.