Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Проза » Русская классическая проза » Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Читать онлайн Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 61
Перейти на страницу:
проста такія істоты, якія ходзяць па сьвеце і пакідаюць за сабой дарогі і сьцежкі“.

„Файна“, — засьмяяўся Лёччык. — „Ты хтомка, а я дзем!“

„Гучыць“, — цяпер засьмяялася і Лёся.

І яны зноў прынялі тую самую позу, задаволеныя сабой.

Аўтобус тым часам выруліў са старой дарогі на новую і неўзабаве ўжо ехаў празь нейкае мястэчка.

„Вуліца сямнаццатага верасьня“, — прачытаў Лёччык, падняўшыся. — „Няўжо восень надышла — а мы і не заўважылі?“

„Дурны ты, Лёччык“, — сказала Лёся і пацягнулася ўсім целам. — „Гэта сьвята такое. У гэты дзень барадатыя мужчыны цалуюць бязвусых і небарадатых“.

Аўтобус вільнуў, чхнуў і спыніўся пад нізкім навесам, пад якім сядзелі ў рад бабулькі і чамаданы. „Стаянка дзесяць мінут“, — раздражнёна прамовіў кіроўца і закурыў.

„А вось крамы тут цікава называюцца“, — Лёся засьмяялася і павярнула галаву Лёччыка туды, дзе чырванелі шыльды на дзіўных, падобных да вялізных сьмецьцевых кантэйнэраў, быццам з канструктару складзеных спарудах.

„Ліліана. Алінта“, — прачыталі яны хорам і пераглянуліся ў захапленьні. — Тофілія. Лукер’я».

«Я б хацела, каб мяне звалі Алінта», — сказала Лёся. — «А цябе я назвала б Ліліян. Ліліян Лёччык!»

Дзьверы адчыніліся, і ў праходзе зьявілася худая, нязграбная і нейкая панылая постаць міліцыянта. Ён акінуў салён сумнымі вачыма і шпарка прайшоў да тых месцаў, дзе Лёся і Лёччык курчылі адно аднаму страшныя фізіяноміі.

«Ну што, рэбяты», — сказаў міліцыянт. — «Прыехалі. Давайце за мной, і каб бяз фокусаў тут. Бо рэмень здыму. Далеко сабралісь?»

Ён паказаў ім, каб яны ішлі наперад, і сам пайшоў за імі — сваёй панылай паходкай зморанага на сьпёцы чалавека.

«Дык далёка, кажу, сабраліся?» — паўтарыў ён, усаджваючы іх у міліцэйскі ўазік.

«У Брэмэн», — горда сказала Лёся. — «А што, нельга?»

«Ах дык вось як мы гаварым!» — зьдзівіўся міліцыянт. — «Ну шчас прыедзем, прадолжым разгавор».

Уазік спрытна, але нейкімі нэрвовымі рыўкамі паскакаў па вузкіх вуліцах мястэчка. Не мінула і пяці хвілін, як Лёся і Лёччык сядзелі за старым, сьпісаным асадкаю, як у школе, сталом, а насупраць сядзеў іншы міліцыянт, маленькі, зь вялікай галавой, якая хілілася да стала, быццам перавешвала тулава, і слухалі, як гэтая галава гаворыць:

«Расказваем, дзе радзіцелі, куда пуць дзержым, што дзелаем адні ў пагранічнай зоне. Расказваем, дзе радзіцелі, куда пуць дзержым, што дзелаем адні…»

Лёся і Лёччык маўчалі, пазіраючы на яго без усялякага страху. Ён і праўда быў зусім ня страшны, гэты малады міліцыянт у завялікай для яго форме. Лёся яму нават усьміхнулася. І ён зьбянтэжыўся, заёрзаў на крэсьле.

«Так», — здаўся міліцыянт. — «Скора прыедзет наша інспектар па дзелам несавершэнналетніх. А пака што, рэбята, прыдзёцца вас паўчыць жызьні. Рэмнём. А патом інспектар с вамі пагаварыт па-добраму. Што ж вы мне жызьнь услажняеце, а, рэбята?»

І ён узяўся за спражку рэменя. І зноў памацаў яе. І зноў. І тады Лёччык, які зь цікавасьцю сачыў за ягонымі маніпуляцыямі, спытаў:

«А ў цябе ёсьць нож?»

«Ты мне тут не дуры мазгі!» — раззлаваўся міліцыянт. — «Я з вамі па-харошаму. Што дзелаем адні…»

«Мы не адны», — сказаў Лёччык. — «У нас тата ёсьць. Па-вашаму папа».

«Вот эта ужэ лучшэ», — пасьміхнуўся гэты сымпатычны міліцыянт і перастаў тузаць рэмень. — «Как завут атца, гдзе жывёт, шчас пазвонім, і паедзеце дамой».

«Тата ёсьць тата», — паціснуў плячыма Лёччык. — «Навошта тату імя? У чалавека адзін бацька. Хіба не? Ці ў вас іх восем?»

Твар міліцыянта выцягнуўся, і Лёся пасьпешліва прамовіла:

«Я Лёся, а гэта мой брат Лёччык. Мы ідзем у Брэмэн. Але ніяк ня можам трапіць на мапу. Памажыце нам, і бог вас не пакіне».

«Секта», — паківаў галавой міліцыянт. — «Ясна. Ладна, пасядзіце траха тут, у нас. Можа, мазгі праясьняцца».

Ён вывеў іх з гэтага непрытульнага пакоя з кратамі на вокнах і павёў у іншы — там на акне таксама былі краты, але акно выходзіла ў двор, і можна было спакойна назіраць, як па вуліцы ідуць людзі, як у іх пад нагамі сноўдаюць галубы, і як палівальная машына паволі падкрадаецца да кампаніі школьніц, якія ішлі кудысьці і курылі, няўмела пускаючы дым. Можна нават было разабраць, пра што гаворыць гэтая вуліца — а гаварыла яна пра рэчы, якія Лёся і Лёччык не зусім разумелі: пра тое, што сёньня канцэрт, і вабшчэ празьнік, і што з самага ўтра ў парку танцы…

Міліцыянт замкнуў дзьверы і сышоў, пакінуўшы іх у гэтым пустым пакоі, дзе была толькі брудная лавачка і сьветла-зялёныя пафарбаваныя сьцены, якія адразу ж ім не спадабаліся. Лёся хутка разгадала іх сакрэт: калі заплюшчыць вочы, сьцены рабілі непрыкметны рух — і прасторы ў пакоі заставалася меней. Гэта былі жывыя сьцены, якія ссоўваліся, калі на іх ніхто не глядзеў.

«Проста давай ня будзем міргаць», — прапанаваў Лёччык. — «І тады яны нічога нам ня зробяць».

Лёся пагадзілася, але не міргаць у яе чамусьці не выходзіла. Вочы напаўняліся сьлязьмі і сьвярбелі. Яны згулялі ў гэтую гульню дзесяць разоў — бо Лёччык хацеў давесьці ёй, што не міргаць — гэта магчыма, і Лёччык выйграў дзесяць разоў запар.

Ён і праўда мог сядзець і не міргаць — зусім, быццам вочы ў яго былі на распорках. А Лёсі плакаць хацелася ад зайздрасьці.

І тут замок у дзьвярах зарыпеў, і на парозе зноў зьявіўся той самы маленькі міліцыянт зь вялікай галавой.

«Ну ўсё», — сказаў ён. — «Выходзім. Папа прыехал».

Яны вярнуліся ў той самы пакой са школьным сталом. Перад імі стаяў мужчына з тварам, зарослым шчэцьцю, і ў цёмных акулярах. На мужчыне была вайсковая форма, але без пагонаў і наогул безь ніякіх знакаў. На нагах у мужчыны былі высокія вайсковыя боты. Ён быў падобны да грыбніка, ці рыбака, ці паляўнічага. Ну, нешта такое. І трымаў руку каля вуснаў, нібы ўвесь час хацеў штосьці нашаптаць на вуха.

«Вашы?» — спытаў міліцыянт.

«Мои», — глуха сказаў мужчына ў вайсковай форме. — «Пошли. За мной».

«Вы бы лучшэ за імі сматрэлі», — павучальна сказаў міліцыянт. — «Падпішыце вот тут. І тут. І ў нас к вам просьба. Вы ім там усыпце па поўнай дома, есьлі, канешна, рэлігія пазваляет. Былі б маі, я б усыпаў».

«Всыплю», — сказаў мужчына, гледзячы некуды ўбок, і ўсё гэтак жа трымаючы руку ля вуснаў, так што цяжка было разабраць, што ён кажа. — «Усыплю. Конечно».

Лёся і Лёччык паслухмяна пайшлі да выхаду, а мужчына схапіў іх за рукі — Лёччыка за правую, Лёсю за левую — і пацягнуў іх, як быццам яны ўпарціліся. Але калі яны ўжо выходзілі на калідор, голас міліцыянта спыніў іх:

«І ешчо!»

1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 61
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич.
Комментарии