Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Проза » Русская современная проза » Уладар рыбаў - Людміла Шчэрба

Уладар рыбаў - Людміла Шчэрба

Читать онлайн Уладар рыбаў - Людміла Шчэрба

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8
Перейти на страницу:

– Пакаштуй! Тытунёк яшчэ дзедаўскі.

– Дык і люлька ягоная. Казаў мне, што калісьці сам Сталін яе курыў. Дзе ты яе знайшоў? Я ўжо абшукаўся – сямейная рэліквія ўсё-ткі.

– А я замову ведаю.

– Як гэта?

– А так. Скажу толькі «чорт-чорт, пажартаваў ды аддай» – адразу любая рэч знаходзіцца, – смяяўся ў вусы кот. – Пакаштуй-пакаштуй, гэта табе не шмаль розную паліць. Гэта мудрасці надае. Бо дурноты ў галаве і так заўсёды хапае. Так-так, здзіўляешся, што кот робіць неўласцівыя яму рэчы? Felis sum et humani nihil a me alienum puto – я кот, і нішто чалавечае мне не чужое, калі ты яшчэ не забыўся лаціну.

Тым часам канчаткова раззлаваная рыбіна абярнула са стала кілішак.

– Вой, прабач, Палагея, – кот паправіў ёй сурвэтку. – Частуйся.

Рыбіна пачала хапаць матыля, які ўжо амаль распоўзся па стале. Кот наліў ёй мінералкі ў вялізны пацір. I яна апускала туды галаву ды задаволена булькатала.

– Чарачка-каток, каціся ў раток, – з гэтымі словамі Апостраф зноў-такі віртуозна выпіў тэкілы. – Люлька, разумееш, настройвае на медытатыўны лад.

– А навошта табе рыбіна?

– Ага, разумею, куды ты вядзеш. Кот павінен есці рыбу. Не, мой даражэнькі. Палагея – не звычайная рыбіна, – адказаў кот, пыхкаючы люлькай. – Гея – Зямля, калі ты яшчэ памятаеш старажытныя міфы. Яна прамаці ўсяго, можна сказаць. Дык вось, я шкадую яе, покуль не знайду адказу на філасофскае пытанне: што ж усё-ткі было раней – рыбіна ці ікра? Я ўжо столькі часу назіраю за ёй, вывучаю яе мову, звычкі і – нічога, б’ю яе аб лёд – маўчыць, нават заглынуць спрабаваў дзеля страху – усё марна. Так і пакутую над гэтай праблемай, – кот хітра засмяяўся. – Антыномія.

За вокнамі было ўжо цёмна. Раптам шалёны парыў ветру ўварваўся ў кепска замкнёную фортку. Вінусь падхапіўся зачыніць.

– Прыродныя катаклізмы нейкія…

– Страшэнна не люблю гэтае слова, – скрывіўся кот. – Не прамаўляй яго пры мне, калі ласка. Гэта што ж атрымоўваецца, клізма для ката? Што да чаго? Іншая справа, напрыклад, байкот – баявы кот, катрыбуцыя – трыбуна для ката, катафонія – кашэчыя спевы, дый ці мала яшчэ добрых слоў! Гэтаксама не люблю слова «каталох» – каго-каго, а ката ўжо аніяк нельга так абазваць. А катавасія – што за мізэрнасць мыслення? – чаму як кот, дык абавязкова Васька?..

Нябачны гадзіннік цененька адлічыў шэсць.

– Ну, забарыўся я. Бывай, Вінсэнты, – кот па-мужчынску парукаўся з Вінусем, забраў рыбіну і знік як не было.

У пакоі таксама нішто не нагадвала аб ягоным візіце.

– Што за немарасць? Жыў бы за мяжой, неадкладна пайшоў бы да псіхааналітыка. Трызненне нейкае.

На момант падалося, што на рыбіне з карціны павязаная чырвоная сурвэтка. Вінусь моцна заплюшчыў вочы, потым зірнуў зноўку – нічога.

– Схадзі-схадзі… Да псіха-аналітыка… – рагатнуў нехта нібы здалёк.

эпізод 6

Вінусь стаяў на прыпынку, чакаючы тралейбус. Вясновы вецер расхінаў крысо незашпіленай курткі і прыемна бадзёрыў. Ці то ад цыгарэты нашча, ці ад вясновых пахаў кружылася галава. Раптам нейкая невядомая сіла прымусіла яго азірнуцца. Сонечнае зайчанё імгненна скокнула хлапцу ў вока. I ў нейкім загадкавым і надзіва яркім святле – бы пошуг – ён пабачыў… Яе. Зусім юная з выгляду, стройная дзяўчынка ў модным аранжавым палітончыку і гэткіх жа лакавых боціках з вострымі мысікамі і абцасікамі ды бэзавай маленькай сумачкай, з ільнянымі валасамі, у якіх ігралі бэзавыя таксама пасмачкі, трымала ў руцэ вялізны лядзяш – ад яго на ўсе бакі скакалі сонечныя іскаркі. Яна глядзела проста на Вінуся сваімі вялікімі… рознымі вачыма – блакітным і зялёным – і ўсміхалася ветла ды шырока, не, не яму – усяму свету. Ён ахапіў яе позіркам усю і адразу, да маленькай драбніцы, бы сфатаграфаваў. «Вясна!» – пранеслася ў галаве. Ён ашалела ўтаропіўся на яе свежыя вусны. «Цікава, як гэтая дзяўчына цалуецца?» – прыйшлі больш «зямныя» думкі.

Ён ніколі не баяўся завесці гаворку з упадабанай дзяўчынай – словы знаходзіліся самі сабою, а зараз проста зніякавеў, стаў міжволі церабіць гузік на куртцы і ледзьве не ўсмоктваць цыгарэту – ведаў, што банальным зваротам можа ўсё азвычайніць. Вінусь разумеў, што трэба нешта рабіць, бо зараз прыйдзе транспарт і ён можа больш ніколі не пабачыць гэтую дзіўную незнаёмку, што вось так проста скончыцца нечаканая яркая казка і… «Злазь у кішэню за словамі, мо што знойдзецца», – бы муха на вуха зумкнула. Падуладны нечаму неўсвядомленаму, Вінусь у прадчуванні цуду апусціў руку ў кішэню, аднак намацаў там толькі запальнічку. З роспаччу дастаў яе й пабачыў надпіс: ВOJENА. «Бажэна!» – вырвалася ў яго. Дзяўчына пайшла ўжо да пад’ехаўшага тралейбуса, але азірнулася на нечаканы ўсклік.

– Мы знаёмыя? – запыталася яна.

– Н-не, так… так… Мы дамовіліся сустрэцца тут і разам растапіць апошні зімовы лядзяш, – нечакана для самаго сябе знайшоўся хлопец. Дзяўчына засмяялася:

– I як завуць ратавальніка вясны?

– Вінсэнт.

– І ўсё-ткі адкуль вы ведаеце маё імя?

– Вясна на вуха шапнула, – пасмялеў хлопец. Як фокуснік дастае з рукава рознакаляровыя хусцінкі, так ён пачаў незаўважна і ненавязліва разгортваць сваё абаянне. Бліскучыя жарты і трапныя адказы на дзявочыя рэплікі зрабілі сваю справу – незвычайныя вочы Бажэны глядзелі на яго з дзіцячай цікаўнасцю.

Яны ўжо забыліся, што некуды спяшаліся, і паволі ішлі па парку, размаўляючы. Нейкі дзядок, апрануты ў чорнае рызманнё, з ярка-пунсовай насоўкай, што тырчэла з кішэні старога звалялага пінжака, відно на падпітку, запытаўся:

– Вы часам ці не брат з сястрою? Такія падобныя, вой-вой-вой.

– Ды не, – пасміхнуўся Вінусь, гледзячы на дзяўчыну.

– Дзетачкі, дайце колькі рублёў – на хлеб не хапае.

– А на гарэлку, значыць, дастаткова, – сказаў хлопец, аднак грошай даў.

Бажэна таксама працягнула яму паперкі, аднак адчувалася, што ёй неяк няёмка.

Дзядок раптам спрытна схапіў пяшчотную дзявочую далоньку сваімі парэпанымі, бруднымі пальцамі, з чорнымі абламанымі пазногцямі, зірнуў на яе.

– Чакае цябе нешта, – трывожна прамовіў ён.

Бажэна інстынктыўна адхіснулася ад яго.

– А не палохайцеся, дзеткі, дурня старога. Дай жа вам і ў ручкі, і ў ножкі, дый туды трошкі, – пайшоў ён, падкульгваючы ды мармычучы. Дзяўчына камячыла ў руцэ снежку і нярвова пакусвала вусны, стараючыся зладзіць з эмоцыямі.

– Не бяры да галавы. Калі яшчэ розных бамжоў слухаць… – імкнуўся заспакоіць яе Вінусь, хоць самому было таксама прыкра ад таго, што нехта парушыў тое няўлоўна-крохкае, што вось-вось пачало ўсталёўвацца паміж маладымі людзьмі, так рэзка ды нахабна.

– А я лекцыі прагуляла, – спахапілася дзяўчына.

– А я рукапіс у выдавецтва не аднёс… Узнікла паўза.

– А можа, ну яго? – з надзеяй паглядзеў Вінусь на Бажэну.

Тая згодна ўсміхнулася.

– Ведаеш, заўсёды няёмка пачуваюся ў такія моманты. Міма галоднага сабакі не магу прайсці – ці свой бутэрброд аддам, ці ў краму забягу якую сасіску куплю. Не магу ім у вочы глядзець. Чалавек заўсёды мае выбар, можа паклапаціцца пра сябе, калі не паралізаваны і не інвалід, канешне…

Ужо вечаровыя ліхтары перакінулі кладачкі святла з аднаго берага ракі на другі. У высокім небе яснелі зоркі. Паркавыя дрэвы стаіліся, перачэкваючы апошнія вясновыя халады. Яны беражліва ахоўвалі ад сцюжы ўжо пульсуючае ў кожнай галінцы новае жыццё – моцна сцялі пупышкавыя далонькі, сцярожка трымаючы ў іх вось-вось гатовы разгарнуцца-выпрастацца пяшчотна-зялёны пахкі камячок. Абнадзееная першым цяплом зямля вытачала ні з чым не параўнальны водар жаночага чакання. Пад нагамі папісквала цененькая ледзяная скарыначка, пахрумстваў яшчэ ацалелы снег.

– А ведаеш, чаму снег хрумсціць? – запыталася Бажэна.

– Чаму? – адгукнуўся Вінусь.

– Таму што ў сняжынак промнікі ломяцца. Мне так мама тлумачыла ў дзяцінстве.

– Прыгожа.

Хлопец гатовы быў бясконца вось так ісці ды ісці па гэтым вялікім парку.

Хацелася, каб у ім было яшчэ болей алеяў, сцяжынак, сцежачак, куточкаў – каб кружляць і кружляць па іх з гэтай незнаёмай прыгажуняй. Нібыта ўжо зусім блізкай і роднай, такой падобнай да яго і адначасова такой загадкавай і прыцягальнай. I, здаецца, ні аб чым незвычайным не гутарылі, а было нова, свежа і ўтульна, неяк цёпла ды натуральна.

Раптам у яе сумачцы зазвінеў мабільнік.

– Ало! Не хвалюйся, хутка буду. Потым пагаворым.

Перахапіўшы занепакоена-запытальны позірк Вінуся, дзяўчына паспяшалася патлумачыць:

– Мама хвалюецца. Час ужо дадому.

Хлопец вяртаўся дахаты акрылены. Наперадзе мігцелі зоркі, а за спінай вялізнымі пухкімі шматкамі паволі і ўрачыста падаў развітальны снег. Вокны дамоў глядзелі на яго па-асабліваму ветла ды адкрыта. Было дзіўнае адчуванне яднання каменнай стыхіі ды абуджанай прыроды, бы гожая Паненка-Вясна, звонка цокаючы абцасікамі, ішла пад руку са шляхетным Спадаром-Горадам і залівіста смяялася.

1 2 3 4 5 6 7 8
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Уладар рыбаў - Людміла Шчэрба.
Комментарии