Блакит - Неизвестно
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Надвор’е ў Прыбалтыцы ў той год было цёплае, нават гарачае, ласкавае мора, і мы выдатна адпачылі. На два дні раней заканчэньня тэрміну загадзя купілі білеты на вячэрні цягнік, каб праз дзень накіравацца з Караткевічам ў тыднёвае падарожжа па Прыпяці. За два дні да ад’езду ледзьве вярнуліся з Сяргеем з пляжу, як у вестыбюлі дзяжурная паведаміла: званілі з Менскуа, прасілі перадаць, што памёр нейкі пісьменьнік.
– А хто? Прозьвішча не называлі?
– Называць то называлі, але не запомніла. Пачынаецца на “К”...
Грэшнай справай падумалі, што стары Крапіва, пра Караткевіча ж і ў галаву не магло прыйсьці. Разьмянялі ў дзяжурнай папяровыя рублі на капейкі і кінуліся да міжгародняга тэлефону-аўтамату, які ўмеў бесцырымонна глытаць дваццацікапеечныя манеты, ня надта дбаючы з першага ці другога разу злучаць з абанентам ў Менску. На дзіва ўдалося дазваніцца адразу... Калі сказаць, што гэта было нешта накшталт грому сярод яснага дня ці ўдару абухам па галаве – гэта і блізка нельга параўнаць з тым шокам, які здарыўся з намі ад паведамленьня пра сьмерць Караткевіча. Ачомаўшыся, сталі сьпешна зьбірацца, а найперш вырашаць пытанне з білетамі на Менск. Ні на сёньняшні вячэрні, ні на заўтрашнія цягнікі ніводнага месца не было, і нічога не заставалася, як на шэсьць раніцы выклікаць таксі і ехаць у аэрапорт, спадзеючыся ўбіцца на які-небудзь рэйс калі не да Менску, то хоць да Вільні, адкуль дабрацца прасьцей. Ні на Менск, ні на Вільню білетаў не было, адна маленькая надзея, што нехта адмовіцца ад палёту... І тут пацьвердзілася старая ісьціна пра цесны сьвет – у залу зайшоў у суправаджэньні генерала і двух палкоўнікаў мой даўні добры знаёмы па Жалудку брат Валодзі Фядотава Міхаіл, зараз генерал, кіраўнік транспартнай міліцыі Беларусі, з якім мы даўным-даўно ня бачыліся. Абняліся і я сказаў пра свае праблемы з білетамі, і яны тут жа, амаль імгненна былі вырашаныя – ляцім да Менску разам з ім напаўпасажырскім, напаўгрузавым сьпецрэйсам. Ягоныя латышкія калегі-праважатыя павялі ўсіх нас ў нейкі пакойчык з сервіраваным пад фуршэт сталом, узялі па пару чарак за знаёмства і на разьвітанне, і праз якіх паўгадзіны АН-24 падняў нас разам з Міхаілам у паветра, узяў курс на Менск...
Пахаваньне Караткевіча было прызначанае на заўтра, і мы, а найперш Сяргей як загадчык сектаруа літаратуры, пасьпелі яшчэ прыняць удзел у арганізацыі і правядзеньні жалобных мерапрыемстваў. Разьвітаньне адбывалася ў вялікай зале Дома літаратара пры вялізным наплыве народу. Труна была ўбраная сьціплымі палявымі валошкамі і рамонкамі і нахіленымі, гатовымі пад серп сасьпелымі ўжо каласамі. У зале ўвесь час гучала музыка, але не жалобная, а, як таго пажадаў нябожчык, задумліва-журботныя народныя мелодыі...
Высьветліліся абставіны ягонай сьмерці. І было загадкай, і не было загадкі, чаму Уладзімір Сямёнавіч не дачакаўся, як было дамоўлена, нас з Юрмалы, чаму за пяць дзён да нашага вяртаньня накіраваўся ў тое падарожа са сваім даўнім сябрам – мастаком Пятром Драчовым? Магчыма, адчуў, што канчаюцца ягоныя дні, іх ужо ня хопіць, каб дачакацца нас і пасьпець разьвітацца назаўсёды з запаветнымі, дарагімі і любымі яму мясьцінамі. А мо аберагаў нас ад маральнай адказнасьці перад людзьмі і самімі сабой за тое, што магло ці нават мусіла здарыцца ў тым апошнім ягоным падарожжы... Хто ж яго ведае... Усё роўна спазьніўся – не даплыў... А нам не наканавана было пабачыць ягоныя райскія мясьціны з празрыстымі крынічнымі рэчкамі ў гранітных ложах, дзе кішма кішаць элегантныя, празваныя царскай рыбай стронгі, гаі, бары, дубровы, у якіх растуць аж паўмятровыя баравікі, чырвонагаловікі... І па сёньня не пакідае сумненьне: а мо і варта было паслухацца Караткевіча і адмовіцца ад той паездкі ў Юрмалу? Хто ж яго ведае...
На сваім жыцьцёвым шляху мне пашчасьціла сутыкацца, мець знаёмства, таварышаваць з многімі вядомымі і ня надта вядомымі, цікавымі і ня надта цікавымі людзьмі. Мог бы, у прыватнасьці, нямала расказаць пра гаворкі з патрыярхам нашай літаратуры Кандратам Крапівой, сустрэчы і бяседы з Максімам Танкам, Янкам Брылём, Іванам Шамякіным, Іванам Навуменкам, Алесем Адамовічам, Вячаславам Адамчыкам, Барысам Сачанкам, Іванам Чыгрынавым, Леанідам Гаўрылкіным, Нэляй Тулупавай, Анатолем Грачаньнікавым, Міколам Матукоўскім, Жэняй Янішчыц, Уладзімірам Верамейчыкам і многімі-многімі іншымі, але выдатна разумею, што не настолькі блізкімі, даверлівымі былі стасункі са многімі з іх ці настолькі значнымі, яркімі і запамінальнымі сустрэчы, гаворкі, каб дадаць да іхняга вобліку нешта новае, не сказанае імі самімі ці тымі, хто іх больш ведаў. Кажу пра тых, хто ўжо адыйшоў. А пра жывых час успамінаў яшчэ не наступіў – здаўна лічылася кепскім знакам згадваць жывых, таму пра сяброў і блізкіх людзей у гэтым расповедзе намагаюся згадваць выключна ў зьвязку з іншымі асобамі і падзеямі. Хоць, шчыра кажучы, так і пад’юджвае прысьвяціць асобныя разьдзелы ці эсэ Міколу Каралёву, унікальна таленавітаму чалавеку, з кім мяне зьвязвае дружба практычна ўсё маё сьвядомае жыцьцё, на працягу больш чым паўстагоддзя ніколі не азмрочвалася нават нейкім самым маленькім непаразуменьнем. Прыгадаць запамінальныя вясёлыя і сур’ёзныя, нейкія бытавыя і з глыбокай сакральнай падсьветкай гісторыі, гаворкі, уражаньні, яркія штрышкі і эпізоды з Генадзем Бураўкіным, з кім нас зьвязвае поўнае аднадумства і амаль трыццацігадовая шчырая мужчынская дружба. З маімі малодшымі блізкімі сябрамі Сяргеем Законьнікавым і Алесем Жуком, З Анатолем Кудраўцом, з кім яшчэ з гарадзенскіх часоў нас зьвязваюць добрыя прыяцельскія стасункі і ўзаемная сімпатыя. З Нілам Гілевічам, з кім прайшло ў свой час столькі шчырых запамінальных сустрэчаў у Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна, дый у яго ці ў мяне дома, вясёлае, часам з розыгрышамі, але заўсёды плённае супрацоўніцтва ў час майго рэдактарства ў “Вожыку”. З Анатолем Вярцінскім, з якім яшчэ ў Гродне вялі гарачыя філасофскія спрэчкі пра альтруізм і эгаізм, а нашым арбітарам быў Васіль Быкаў. З Данутай Бічэль, Вольгай Іпатавай, Юркам Голубам, Васілём Зуёнкам, Міколам Аўрамчыкам, Генрыхам Далідовічам, Аляксеем Дударавым, Уладзімірам Някляевым, Янкам Сіпаковым, Уладзімірам Правасудам, з якімі сыходзіліся, перасякаліся нашы шляхі-дарогі. З Зіновіем Прыгодзічам, з кім не адзін год прахадзілі і ў цэкоўскіх уладных і прасторных калідорах старога Дому друку, абсьледавана разам столькі грыбных узьдзенскіх лясоў, пералескаў, як і з Валодзем Ліпскім, маім аднакурсьнікам, які, прымкнуўшы да чаргінцова-аўруцінскага Саюзу, падобна, стаў абачліва асьцерагацца нашай кампаніі. З Анатолем Бутэвічам, у якога хапіла мужнасьці ўзьняцца над жыцьцёвымі абставінамі, мо нават над самім сабой, каб вызначыцца са сваім прызваньнем, застацца чалавекам. Вядома ж, з Рыгорам Барадуліным, з кім яшчэ з гарадзенскіх часоў нас зьвязваюць ня толькі шчырыя прыяцельскія стасункі, але і дружба з Васілём Быкавым, Генадзем Бураўкіным. Хацелася б расказаць пра шмат каго з блізкіх і дарагіх мне людзей з журналісцкага і колішняга партыйна-савецкага асяродку, як Сяргей Паўлюкевіч, Барыс Саўчанка, Іосіф Навумчык, Павел Антонавіч Васілеўскі, Пятро Дзевяцень, Яўген Місарэвіч, Леанід Толкач, Іосіф Сярэдзіч, Павел Шаўчук, Віктар Крукоўскі, Іосіф Багіна, Яўген Коктыш, Іван Пяшко, Косьця Клебан і, канечне ж, універсітэцкага аднакурсьніка, абаяльнейшага і шчырага чалавека Івана Журко, былога рэдактара клімавіцкай газеты і многіх-многіх іншых. Але я чалавек трохі прымхлівы...
А свой расповед, пэўна, закончу згадкай пра апошняе месца работы, якое пакінула ў памяці такія ж добрыя і сьветлыя ўспаміны, як і колісь першае ў шчучынскай раёнцы. Мой прыход у “Нёман” адбыўся нечакана, роўна праз год, як у пажарным парадку выправілі мяне ў поўным здравіі з “Вожыка” на заслужаны адпачынак. Ня даўшы ня тое што адсвяткаваць 60-цігоддзе часопісу, як сьлед “абкатаць” свайго зьменшчыка, пра што толькі-толькі прасіў-угаварыў міністр інфармацыі Міхаіл Падгайны, а нават дабыць адпачынак. Відаць, некага ў вярхах надта ж даняў зьедлівы сьмех у выпусках вожыкавай “Лупцакоўскай праўды”, дзе ў хроніцы з Хамутоўскай аўтаномнай акругі можна было знайсьці паведамленьні кшталту: усенародна абраны хамутоўскі прэзідэнт Лёха Лупцакоў, праяўляючы клопат пра ветэранаў, інвалідаў і пенсіянераў, сваім указам прадаставіў ім права хадзіць на чырвоны сігнал сьветлафору. У выніку эканомія пенсійнага фонду склала амаль 50 працэнтаў. Альбо: той жа Лёха Лупцакоў намерыўся далучыць сваю аўтаномную акругу да Гандураса і Маршалавых астравоў і стаць прэзідэнтам саюзнай дзяржавы, дзе ніколі не заходзіць сонца. А цярпеньне лопнула, магчыма, пасьля эксьпертызы, пра якую, мусіць, варта трохі расказаць...
Неяк пазванілі з пракуратуры і запыталі, ці можам мы зрабіць эксьпертнае заключэньне на выпушчаную ў Гродне і канфіскаваную адпаведнымі органамі брашуру карыкатураў у сувязі з узбуджэньнем крымінальнай справы “по признаку оскорбления Президента Республики Беларусь и дискредитации власти”? І таемна дадалі: вельмі патрэбна і важна... Падумаў: во толькі гэтага яшчэ не хапала ў амаль шасьцідзесяцігадовай гісторыі “Вожыка”! Але куды падзенешся – мы адзінае дзяржаўнае сатырычна-гумарыстычнае выданьне, і было б незразумелым, каб адмовілі сьледчым органам у высвятленьні ісьціны. Неўзабаве на маё імя з Гарадзенскай пракуратуры паступіла бандэролька з той брашурай і просьбай на афіцыйным бланку пад нумарам і подпісам сьледчага Тонкавіча, змацаванай для надзейнасьці яшчэ і пячаткай пракуратуры. Гэта была так сабе, на самадзейным узроўні аформленая і выкананая даволі аб’ёмная брашура з карыкатурамі, дзе ці не праз адну фігураваў вусаты тыпаж. Як і было прапанавана пракуратурай, я сваім загадам стварыў эксьпертную камісію, у склад якой увёў найбольш аўтарытэтных і вядомых у рэспубліцы мастакоў-карыкатурыстаў і журналістаў-фельетаністаў – як штатных вожыкаўскіх, так і пазаштатных, абавязаўшы ў двухтыднёвы тэрмін зрабіць абгрунтаванае эксьпертнае заключэньне. Камісія пастаралася, і доказна, пераканаўча з фактамі і тэарэтычнымі выкладкамі засьведчыла, што няма ніякай падставы індэфікаваць асобу Прэзідэнта з карыкатурным тыпажом па наяўнасьці ў абодвух такой даволі распаўсюджанай сярод мужчынскага насельніцтва дэталі, як вусы, а каб нават можна было і дапусьціць такое, то ўсё роўна не было б нічога абразьлівага для Прэзідэнта. У пацьверджаньне прыклалі ксеракапіраваную вытрамку са стэнаграмы сустрэчы Лукашэнкі з высокапастаўленай дэлегацыяй расійскіх журналістаў, дзе ён на патаньне кіраўніка Башкірскай журналісцкай арганізацыі, адначасова галоўнага рэдактара іхняга сатырычна-гумарыстычнага часопісу Марселя Салімава: мы пастаянна друкуем карыкатуры і шаржы на свайго прэзідэнта Рахімава, і ён не крыўдзіцца, ставіцца вельмі спакойна, а вось пагартаў гадавы камплект вашага цудоўнага “Вожыка” і не заўважыў гэтакіх эфектных вусоў... Аляксандр Рыгоравіч адказаў, што таксама спакойна ставіцца да карыкатур і шаржаў на сябе, паабяцаў падказаць “Вожыку” на істотнае ўпушчэньне... І хоць ніякай падказкі не паступіла, але надрукаваная ў афіцыйным бюлетэні Адміністрацыі прэзідэнта заява магла трактавацца не інакш, як афіцыйная пазіцыя Прэзідэнта і ўсёй вышэйшай улады. Словам, з крымінальнага працэсу, які, магчыма, рыхтаваўся як паказальны, атрымаўся пшык, а на галоўнага рэдактара, была дадзеная каманда “фас!”... Я даўно быў гатовы да сыходу з пасады галоўнага, толькі не зусім разумеў прычыну гэткай сьпешкі, але махнуў рукою і ўспрыняў усё больш чым спакойна.