Блакит - Неизвестно
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Памаленьку, са скрыпам ня толькі ў Гродне, а і ў Менску пасьля рашучых пісьменьніцкіх выступленьняў у абарону Быкава кампанія па цкаваньні пісьменьніка губляла энергію, глухла, выраджалася, хаця сям-там па інерцыі адыёзныя артадоксы і форменныя прыдуркі працягвалі “бараніць сьвяшчэнныя прынцыпы сацрэалізму ад Быкава і яму падобных”. Аднак гэта быў ужо фарс. Быкава на нейкі час пакінулі ў спакоі, бы забыліся, потым сталі зьяўляцца стрымана-асьцярожныя артыкулы, у якіх ужо была спроба аб’ектыўна прааналізаваць ягоныя творы, ягоныя філасофскія, этычныя і эстэтычныя прынцыпы. Тым больш, што была добрая зачэпка для такой гаворкі і сур’ёзнага аналізу – амаль штогод і ў арыгінале, і ў перакладзе на рускую мову выходзілі ў Менску ў “Маладосьці” і ў Маскве ў “Новом мире” новыя аповесьці Васіля Быкава, якія заўсёды мелі шырокі чытацкі розгалас.
А потым... А потым паступова і, канечне ж, заканамерна антыбыкаўская кампанія паціху-памалу пераходзіла, праз няпоўныя два гады перайшла ў сваю супрацьлегласьць. Спакваля, нясьмела, бы вінавацячыся перад пісьменьнікам, сталі гаварыць, пісаць пра станоўчае ў ягонай творчасьці, а неўзабаве ўсё тое, што яшчэ зусім нядаўна шальмавалася, пачало прызнававцца, падавацца як сьмелае наватарства, як найвялікшае дасягненьне Быкава-празаіка. І гэта была праўда. Аднак, як заўсёды ў нас, не абыходзілася без шараханьняў у крайнасьці, перасолаў і перасалодаў, казённай алілуйшчыны, якая так цешыць вушы і душы абласканых уладай творцаў, а сьціпламу, цкаванаму гэтулькі год уладамі і аглабельнай крытыкай Васілю Уладзіміравічу ад гэткай увагі і хваласьпеваў часта хацелася скрозь зямлю праваліцца. Пра гэта ён з поўнай шчырасьцю сказаў у “Доўгай дарозе дадому”, апісваючы свой душэўны стан на ўрачыстым сьвяткаваньні пяцідзесяцігадовага юбілею ў Гродне. Я назіраў за ім тады з сярэдзіны вялізнай залы самага сучаснага і раскошнага на той час Палацу хімікаў. Што я толькі-толькі вярнуўся з Масквы і знаходжуся ў зале – ён і не здагадваўся. Рабіў спробу раніцой пазваніць, павіншаваць, але марна. Мы даўнавата ня бачыліся, я ня мог не прыйсьці на ягоны вечар, пра які даведаўся з абвесткі, як толькі ступіў на прывакзальную плошчу. Шчыра кажучы, было вельмі цікава на свае вочы пабачыць, як адаптуецца ён да грамадскай увагі, да свайго заслужанага прызнаньня, парадавацца за яго. Ад хлопцаў даведаўся, што Быкаў, як толькі мог, упарціўся, адбіваўся ад грандыёзнага публічнага сьвяткаваньня, але не ўстаяў пад напорам абкама, менскіх сяброў, а перш за ўсё Карпюка, які зрабіў сваёй вялікай саюзьніцай жонку Васіля Уладзіміравіча Надзею Андрэеўну.
Гэта быў першы ягоны выхад на такую агромістую аўдыторыю. Кідалася ў вочы, што ў вялізным з пазалотаю крэсьле, падобным на царскі ці каралеўскі трон, у якое ўсадзілі яго на сцэне, ды яшчэ пад уласным партрэтам юбіляр пачувае сябе дужа няўтульна. Ён то здымаў, то навешваў акуляры, то вымаў, то зноў клаў у бакавую кішэню нейкія складзеныя папалам паперкі.
Даклад Алеся Адамовіча, які сьпецыяльна прыехаў з Менску расказаць гарадзенцам, хто такі Быкаў, Васіль Уладзіміравіч выслухаў даволі спакойна, нават абыякава, толькі сяды-тады, калі дакладчык даваў надта ж ужо нязвыкла-высокія, падобныя на лёсткі ацэнкі, круціўся на тым крэсьле, як на гарачай патэльні, усё больш змрачнеючы. А як пачаліся доўгія, падобныя на панегірыкі па нябожчыку, віншаваньні ад рабочага класу, калгаснага сялянства, працоўнай інтэлігенцыі, моладзі і студэнцтва, зачытваньне прывітальных адрасоў ад розных арганізацыяў і працоўных калектываў, панурыў галаву і глядзеў у адну кропку, уцягнуўшы шыю ў плечы, быццам яго ня славілі на ўсе лады, а лупцавалі бізунамі. Ну і калі прарэктар педінстытуту прафесар Барыс Фіх усім даў фору, заявіўшы пад апладысьменты залы, што ў Гродна, як і ў Ясную Паляну да магілы Талстога, будуць езьдзіць пілігрымы з усяго сьвету, здалося, што юбіляру хочацца залезьці пад столік, які стаяў перад ім. Нарэшце, больш чым двухгадзіннае выпрабаваньне дыфірамбамі скончылася і пад апладысьменты далі слова юбіляру. Неяк нязвыкла сутуліўшыся, Быкаў падыйшоў да мікрафону, выняў з бакавой кішэні напісаны тэкст, здранцьвелым голасам прачытаў першы абзац, мусіць, зразумеў, што гэта зусім ня тое, што трэба гаварыць у такой сітуацыі, адарваўся ад паперкі, склаў яе і сунуў у кішэнь,
падзякаваў прысутным за тое, што прыйшлі, сказалі добрае слова, пакланіўся зале – на тым і закончылася першая ўрачыстая частка...
Прывыкаў ён да сваёй славы, дакладней – непазьбежных атрыбутаў і ўмоўнасьцяў па абслугоўваньні яе, цяжка і пакутліва, здаецца, так і не прывык да канца дзён сваіх. Канечне ж, ён ведаў сабе цану і самыя высокія прэміі, званьні, узнагароды, іншыя знакі ўвагі прымаў як належнае, як заслужанае, але ніколі, ні пры якіх абставінах не дазваляў сабе, як гэта рабілі многія, шукаць нейкія крывыя сьцежкі, каб атрымаць яшчэ адзін знак увагі. Ён быў горды і адначасова абсалютна просты, даступны чалавек, арганічна не выносіў пыхі, фанабэрыі, гульні ў геніяльнасьць. Я ня ведаю ніводнага чалавека, хто выстаўляў напаказ сваю нібыта абранасьць і геніяльнасьць, з кім таварышаваў Быкаў, але ведаю нямала блізкіх ці сімпатычных яму людзей, з якімі разыходзіўся рашуча і беззваротна, як толькі тыя захворвалі на фанабэрыю і месіянства, хваробу, якую мы ўжарт назвалі іменем аднаго вядомага літаратара, які сваім галоўным недахопам лічыў няўменьне пісаць кепска і, калі даймалі зайздросьнікі, нібыта сьпецыяльна пачынаў шрайбаць левай нагою, як усе, але прачынаўся раніцай, перачытваў – і атрымлівалася, што напісанае зноў
геніяльнае. Жарт жартам, але гэтая хвароба, як іржа, разьядала і разьядае многія пісьменьніцкія душы. У Быкава да гэтага “ізму” быў абсалютны імунітэт, катэгарычны маральны імператыў, які, чаго там хаваць, нярэдка ўскладняў і без таго няпростае ягонае, у тым ліку і асабістае, жыцьцё. Так, па вялікім рахунку Быкаў быў чалавекам прынцыпу, але калі казаць па шчырасьці, не заўсёды яму хапала прынцыпу і мужнасьці пасылаць к чортавай матары людзей яму несімпатычных, што заўсёды таўкліся-круціліся каля яго, цану якім ён выдатна ведаў. Нейкі ледзь ні гіпертрафіраваны душэўны такт замінаў яму некаму ў нечым адмовіць, праз што часам трапляў у складаныя, нават камічныя сітуацыі. Асабліва напачатку сваёй славы. Прыгадваецца, як пасьля адзначэньня юбілею на афіцыйным узроўні з узнагароджаньнем трэцім па рангу ордэнам напісаць, зьняць на кіна- і відэа стужку Быкава, узяць інтэрв’ю ў нядаўна апальнага пісьменьніка захацелі сотні айчынных і замежных тэле-радыёкампаніяў, студыяў кінахронікі, рэдакцыяў газетаў. Яму званілі, дамаўляліся, а то і без усялякай дамовы (падумаеш, правінцыя!) ехала ў Гродна Бог ведае адкуль пішучая і здымаючая брація. Яму, негаваркому па натуры, трохі каснаязыкаму кожнае інтэрв’ю, асабліва відэазапіс даваўся надзвычай цяжка, патрабаваў душэўных сілаў і часу. Словам, для Васіля Уладзіміравіча пачаўся суцэльны кашмар. Не падымаў тэлефонную трубку, прасіў жонку казаць, што яго няма дома і невядома, калі будзе, прыкідваўся хворым, але ня так проста ўлізнуць ад вопытных “акулаў пяра”. Хаваўся ў сяброў, выязджаў на прыроду. Але ж трэба было карпець над новай аповесьцю, а пісалася толькі за сваім сталом. Неяк пад вечар Быкаў пазваніў мне і папрасіў тэрмінова сустрэцца. Ён быў змрочны, здавалася, аж учарнеў, нават схуднеў за тыя тыдні два-тры, як ня бачыліся. Неяк асуджана сказаў, што ўспамінае, як рай нябесны, часы, калі яго лупцавалі з усіх бакоў: тады хоць можна было працаваць, а зараз няма ніякага ратунку ад розных інтэрв’юераў, распытвальшчыкаў, здымальшчыкаў, запрашальшчыкаў.
З ранку да позьняга вечару – і ніякага канца не відно...
– А што рабіць, Васіль Уладзіміравіч? – пажартаваў я. – Як кажуць, цярпі Зося, так прышлося – слава, як і прыгажосьць, патрабуе ахвяраў... – І дадаў сур’ёзна: – Ды пасылайце вы сяго-таго к чортавай матары...
– Яно, канечне, так... – згадзіўся Быкаў і замоўк. Адчувалася, у яго ёсьць нейкая справа-просьба да мяне. Ён не любіў такіх спраў, зьвяртаўся толькі ў крайнім выпадку, пры гэтым пачуваў сябе заўсёды нейк вінавата, бы намерваўся
ўзваліць на цябе свае нямаведама якія цяжкія клопаты. Пасьля паўзы сказаў:
– Слухай, а ці ня мог бы ты памагчы мне па-сяброўску адбівацца хоць ад самых нахрапістых праныраў? – І злавіўшы мой трохі зьдзіўлены погляд, патлумачыў:
– Ня будзеш вельмі супраць, калі жонка званкі пачне скіроўваць на цябе? А ты сам рашыш, каго варта ўважыць, каго – ты ведаеш куды пасылаць... Дый з тваёй пасады лягчэй адганяць ...
Канечне ж, я ня мог адмовіць Васілю Уладзіміравічу і, пэўна, месяцы два-тры, пакуль трошкі не ўляглося, выконваў абавязкі “дысьпетчара-рэгуліроўшчыка” ў ягоных стасунках-дачыненьнях з прэсай і грамадскасьцю. Ды і пасьля даводзілася ня раз рашуча аберагаць занятага творчай справай пісьменьніка ад занадта рашучых і назойлівых аматараў “пакалякаць” з Быкавым ці займець яго ў якасьці вясельнага генерала. Ён ведаў гэта і заўжды плаціў удзячнасьцю.