Блакит - Неизвестно
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
У памяці захавалася шмат розных гісторыяў з тых часоў. Прыгадаю толькі адну – вясёлую і адначасова сумную пра Папялушку, якая на нейкі час стала прынцэсай, да чаго меў непасрэднае спрычыненьне...
Неяк пазваніў з райкаму рэдактар і загадаў неадкладна прабыць у кабінет першага сакратара Мікалаенкава. Падзівіўся: навошта спатрэбіўся першаму, калі там рэдактар? Але клічуць дык клічуць – завёў матацыкл і праз дзьве-тры хвіліны быў у райкаме.
У першага сядзелі заклапочана абодва сакратары Грыгор’еў і Нялюбін, старшыня райвыканкаму Апрышчанка са сваімі намесьнікамі, загадчыкі аддзелаў, інструктары, усе тры сакратары райкаму камсамолу на чале з Мішам Крупіцам ды Абрам Данілавіч.
– Такая справа... – зьвярнуўся першы ледзьве я пераступіў парог. – Ты шастаеш па калгасах, то мо ведаеш сьвінараку альбо цялятніцу, каб была да дваццаці пяці гадоў, беларуска, беспартыйная і не камсамолка, з пачатковай адукацыяй і, вядома, мела добрыя паказчыкі?.. – Мусіць, заўважыў на маім твары пытаньне і патлумачыў: – Трэба знайсьці кандыдатуру з такімі параметрамі на вылучэньне дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР па Савеце нацыянальнасьцяў, гэта значыць – адна на пяць раёнаў. Нельга ўпусьціць, трэба знайсьці, і тэрмінова – ужо заўтра-пасьлязаўтра жывую-здаровую даставіць у абкам партыі...
– Ведаю такую, – кажу не задумваючыся. – Тыдні два назад нарыс надрукаваў. Сьвінарка з калгасу імя Куйбышава Ліда Тупік. Рабацяга – пашукаць, і ўсё падходзіць: дваццаць два гады, не камсамолка і беспартыйная, два ці тры класы адкацыі, а па нацыянальнасьці – дык там, здаецца, усе беларусы...
– А як яна ўмудрылася і сямігодку не закончыць, і па-за камсамолам застацца? – падзівіўся першы сакратар. – Калі райана кантралюе абавязковую адукацыю, а ён, – кіўнуў на Мішу Крупіцу, – усіх гамузам у камсамол прымае…
– Яшчэ дзяўчынкай памагала хваравекай маці-сьвінарцы, а потым узяла ўсе клопаты на сябе. Во так і засталася... – патлумачыў я.
– Ну, слава Богу! – узрадаваўся першы і ўзяўся званіць старшыні калгасу Гузаву. – Хай дзеўка хоць сьвет пабачыць...
Гузаў нічога канкрэтнага ня мог сказаць, апроч таго, што насамрэч ёсьць такая вельмі харошая маладая сьвінарка, пра якую толькі што надрукаваны вялікі артыкул у “За Радзіму”. Мікалаенкаў тут жа падсыпаў яму на арэхі, што ня ведае сваіх лепшых людзей і строга загадаў неадкладна ўдакладніць усе анкетныя дадзеныя і праз хвілінаў пятнаццаць далажыць яму асабіста і чакаць далейшых указаньняў... І пайшло-закруцілася. У абкаме ўзрадаваліся, што знайшлася такая, узгаднілі кандыдатуру вышэй, загадалі: калі ня будзе заўвагаў па лініі кампетэнтных органаў, то заўтра, у крайнім выпадку з самай раніцы пасьлязаўтра даставіць пратэндэнтку з пісьмовай згодай балатавацца для гутаркі ў абкам партыі. Раённы гэбіст па сваёй лініі атрымаў звыштэрміновае заданьне, і ўжо к вечару далажыў Мікалаенкаву і, пэўна ж, свайму начальству: ніякага кампрамату на Ліду Тупік ня маецца. Тут жа ў калгас Гузаву паступіла строгае ўказаньне: заўтра к дзевяці даставіць Ліду Тупік ў райкам партыі з гатовай пісьмовай згодай балатавацца. А позна ўвечары той страшэнна растроены апалым голасам пазваніў першаму на кватэру і паведаміў, што Ліда Тупік наадрэз адмаўляецца ад дэпутацтва. Разгневаны Мікалаенкаў на высокіх нотах загадаў Гузаву а палове дзевятай разам з прэтэндэнткай быць у райкаме…
Недзе пасьля дзесяці раніцы ў мяне раздаўся званок і Мікалаенкаў злым голасам загадаў:
– Бягом сюды! Разьбірайся са сваёй Тупік. Зьявілася, як пудзіла гарохавае ды сваёй адмовай устройвае нам палітычны скандал. Забясьпечвайце разам з Каралёвым, а я паклікаў Раева, каб тэрмінова апрануў...
Ліда ў паношанай фуфайцы і гумовіках разам з Гузавым была ў кабінеце Каралёва, вельмі ўзрадавалася, убачыўшы мяне, аднак цягнула сваю ранейшую песьню, шукаючы ў мяне падтрымкі:
– Ёсьць мне час па Масквах разьязджаць, а хто сьвіньні карміць будзе?..
Тыдні тры назад у нас з ёю была доўгая гаворка і на ферме, і ў ейнай маленькай скасабочанай хацінцы з глінянай падлогай, паўразваленай печчу, дзе жылі ўдваіх з нямоглай маці. Усё гэта я напісаў у нарысе, прысаромлюючы калгаснае кіраўніцтва, і ў той жа дзень мне пазваніў Гузаў, пакляўся, што неадкладна пашле брыгаду, якая зробіць усё як трэба. І насамрэч калгасныя будаўнікі ўзяліся ладзіць печ, вокны, дзьверы, слаць падлогу, у чым я пераканаўся, заскочыўшы па дарозе праверыць, як трымае слова Гузаў. Ліда была страшэнна рада, і цяпер Мікалаенкаву і Каралёву заявіла, што верыць толькі мне. Я “аўтарытэтна” пацьвердзіў, што будзе езьдзіць бясплатна ня толькі ў Маскву, а куды і дзе толькі захоча, хоць да Уладзівастоку, жыць і карміць у Маскве таксама будуць задарам ды яшчэ і грошы плаціць, сваімі вачамі, як тут кожнага з нас, будзе бачыць самога Хрушчова і ўсіх, чые партрэты вывешваюць на сьвяты. Яна паверыла, але страшэнна непакоілася, як даедзе да Масквы і ці ня згубіцца там, бо далей Жалудка нідзе не была. Я супакоіў, што ў Маскву дэпутаты ад вобласьці ды ад рэспублікі езьдзяць кампаніяй, не дадуць згубіцца-заблудзіцца, а як асвоіцца – пачувацца ў Крамлі і ў Маскве будзе, як у сваёй вёсцы. А пра сваіх сьвіней хай не хвалюецца – пакуль будзе ў Маскве на сесіях ці на сустрэчах з выбаршчыкамі, іх дагледзіць падменная сьвінарка, што тут жа пацьвердзіў Гузаў, заадно запэўніў, што санітарка і медсястра з фапа будуць штодня прыглядваць за хворай маці. Ліда верыла і ня верыла, аднак згоду балатавацца напісала, дакладней – перапісала з напісанага Каралёвым буйнымі літарамі, старанна і цяжка выводзячы кожную каракуліну. А на прысаромнае пытаньне, чаму, едучы ў людзі, не апранулася прыстойна, ніякавата разьвяла рукамі: няма нічога лепшага, бо і патрэбы нямашака – з відна да цямна на рабоце, не да гуляў...
Усе разам пашлі ў кабінет да першага, дзе ўжо быў вялікі, мажны дырэктар райбыткамбінату Раеў. Мікалаенкаў быў задаволены нашай з Каралёвым агітацыяй, пахваліў Ліду і загадаў Раеву:
– Стаў на вушы ўсе свае службы, каб праз тры гадзіны была апранутая з іголачкі і выглядала, як артыстка…
Раеў памуляўся, але пакорна запрасіў Ліду ісьці з ім, а тая нечакана заўпарцілася: у мне грошай няма на абноўкі...
– Ды не хвалюйся, Ліда, – супакоіў Мікалаенкаў. – За ўсё заплоціць ён, – паказаў на Гузава. – Калгас заплоціць…
Ліда зноў ударыла ў хамут, заявіўшы, што ня верыць. І зноў давялося ўмяшацца, каб пераканаць, што будзе так, як сказаў першы сакратар… А праз гадзіны чатыры райбыткамбінатаўскія майстры і майстрыхі ў аўральным рэжыме адзелі, абулі, прычасалі Ліду – і яна насамрэч стала калі і не прынцэсай то вельмі зграбнай дзяўчынай – проста не пазнаць. Глядзела ў люстэрка, усьміхалася сама сабе і, адчувалася, абноўкі ёй вельмі і вельмі даспадобы…
Ну а далей ператварэньне Папялушкі ў прынцэсу пайшло, як па масьле, па абкатаным сцэнары. Паездка на райкамаўскім легкавіку ў суправаджэньні загадчыка аргаддзелу ў Гродню, арганізаваны ў калгасе сход па вылучэньні з зачытваньнем напісанай Каралёвым просьценькай кароценькай прамоўкі, затым яшчэ пяць-шэсьць раз на сустрэчах з выбаршчыкамі ў розных раёнах, куды яе вазілі і адвозілі на райкамаўскіх легкавіках, а потым выбары са звычайным 99,99 працэнта вынікам. І ўжо спакойна, без сьпешкі і аўралу з самага моднага і дэфіцытнага матэрыялу пашылі ёй за казённы кошт у райбыткамбінаце ўборы на ўсе сезоны і выпадкі. Ну і нарэшце – Масква, Крэмль, дэманстрацыя рэалізаванага ленінскага запавету – кухарка, тое ж самае і непісьменная сьвінарка, засядае ў вышэйшым органе, кіруе дзяржавай...
Сустрэліся з Лідай адразу ж пасьля ейнага вяртаньня з першай сесіі. Трымалася яна куды сьмялей і ўпэўненей, чым перад ад’ездам у Маскву. Дужа пасаваў, рабіў яе значнай салідны значок дэпутата Вярхоўнага Савету ў форме чырвонага сьцягу з пазалочанай аблямоўкай на шэраватага колеру блузцы, якая была ёй вельмі да твару. У Ліды было шмат назіраньняў і ўражаньняў, і бадай, самае важнае – спраўдзілася ўсё, што я гаварыў. Ліда была амаль шчасьлівая і на разьвітаньне сказала пра сваё галоўнае адкрыццё, зробленае ў Крамлі:
– Цяпер я знаю, за што начальнікам такія грошы плоцяць – гэта ж высядзець столькі, нічога ня робячы!..
Больш мы з ёй ніколі ня бачыліся – зьліквідавалі раён, падзяліўшы паміж Лідай і Шчучынам. Калгас Куйбышава адышоў пад Ліду, а я пераехаў ў Шчучын. Праз колькі гадоў пры сустрэчы з лідскімі калегамі пацікавіўся, як там пачувае Ліда Тупік. Расказалі, што выдатна, вельмі прызвычаілася да свайго дэпутацтва, нават выступаць навучылася без паперкі. А старшыня калгасу Гузаў на сёмым небе ад радасьці: завалодаўшы Лідзіным дэпутацкім блакнотам з афіцыйным грыфам Вярхоўнага Савету СССР на кожным адрыўным лістку, ад ейнага імя штурмаваў запытамі і просьбамі высокія ўплывовыя кабінеты, і амаль заўсёды што-небудзь выцыганьваў: то новы трактар, камбайн ці аўтамашыну, то найдэфіцытнешыя ліміты на будаўніцтва, то звышпланавыя мінеральныя тукі, то новую механізацыю на фермы – ніхто ў раёне столькі не паймеў. А за чаркай любіў прыгадваць, які колісь дурань быў, падбухторваючы Ліду не згаджацца, шкадуючы грошы на ўборы...