Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Проза » Проза » Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Читать онлайн Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 91 92 93 94 95 96 97 98 99 ... 109
Перейти на страницу:

- Добра, - стомлена прамовiў Том. - Добра. Хоць i нельга мне, я ведаю.

Мацi вярнулася да печкi, памыла ў тазе алавяныя талеркi i выцерла iх.

- Ты ноччу не спаў.

- Не.

- Дык паспi. Адзежа твая, я бачу, мокрая. Зараз павешу падсушыць каля печкi. - Мацi ўсё зрабiла, прыбрала. - Ну цяпер я пайду. Абiраць буду. Разашарна, калi хто прыйдзе - Том захварэў, чуеш? Нiкога не пускай. Чуеш? Ружа Сарона кiўнула галавой. - Мы апоўднi вернемся. Ты паспi, Том. Магчыма, вечарам мы адсюль паедзем. - Мацi паспешлiва падышла да яго. - Том, ты не ўцячэш?

- Не, ма.

- Далiбог? Не пойдзеш ад нас?

- Не, ма, я тут буду.

- Ну добра. Дык не забудзься, Разашарна. - Мацi выйшла i шчыльна зачынiла за сабою дзверы.

Том ляжаў, не варушыўся, i раптам сон, нiбы хваляй, падняў яго да той мяжы, за якой гасне свядомасць, паволi апусцiў i зноў падняў.

- Том! Том!

- Га? Што? - Том прачнуўся, як ад штуршка. Ён скiраваў позiрк на Ружу Сарона. Вочы яе гарэлi абурэннем.

- Ты забiў чалавека?

- Забiў. Не крычы! Хочаш, каб пачулi?

- Няхай чуюць! - крыкнула яна. - Тая жанчына мне ўсё сказала. Яна расказала, што бывае за грахi. Хiба ж дзiця здаровае народзiцца? Конi пайшоў ад мяне, ежы мне патрэбнай не даюць. Малака няма. - Яна iстэрычна залямантавала: - А цяпер ты яшчэ чалавека забiў! Цi ж цяпер народзiцца здаровае дзiця? Я ведаю... яно будзе вырадкам... вырадкам! Я на танцулькi не хадзiла!

Том падняўся з матраца.

- Цiха! - сказаў ён. - Людзi пачуюць, збягуцца.

- Ну i няхай! Дзiця будзе вырадкам. У абнiмку я нiколi не танцавала.

Том падышоў да Ружы Сарона.

- Сцiхнi.

- Не падыходзь да мяне. Ты ўжо не першага чалавека забiў. - Твар у Ружы Сарона пабарвавеў, словы яна вымаўляла невыразна. - Бачыць цябе не магу. - Яна ўкрыла галаву коўдрай.

Том пачуў задышлiвыя, сутаргавыя рыданнi. Ён закусiў нiжнюю губу i ўтаропiўся ў падлогу. Потым падышоў да бацькавага матраца. Пад матрацам з краю ляжала вiнтоўка - доўгi цяжкi вiнчэстэр трыццаць восьмага калiбру з рычаговым затворам. Том узяў яго, адцягнуў затвор, каб праверыць, цi ёсць патрон у патроннiку, паглядзеў, цi стаiць курок на засцерагальнiку, i вярнуўся на сваё месца. Вiнтоўку ён паклаў на падлогу каля свайго матраца прыкладам да ўзгалоўя. Ружа Сарона цяпер цiха ўсхлiпвала. Том лёг, накрыўся коўдрай, закрыў ёю свой разбiты твар, пакiнуўшы маленькую шчылiнку, каб дыхаць. Ён уздыхнуў:

- Госпадзi, а госпадзi!

На вулiцы праездам спынiлася некалькi машын, пачулiся галасы:

- Колькi мужчын?

- Ды вось мы, трое. А плата якая?

- Едзьце да дома дваццаць пяць. Нумар на дзвярах.

- Добра, мiстэр. А якая плата?

- Два з паловай цэнты.

- Ды так, чорт вазьмi, i на абед сабе не заробiш!

- Такая плата ў нас. З поўдня сюды дзвесце чалавек едуць - яны i такому заробку радыя будуць.

- Але ж, божа мой, мiстэр!

- Давайце, давайце. Згаджайцеся альбо едзьце, куды ехалi. Мне няма калi з вамi спрачацца.

- Дык жа ж...

- Слухайце. Я плату не прызначаю. Мая справа запiсаць вас. Хочаце працаваць, згаджайцеся. Не хочаце - паварочвайце i гладкай дарогi.

- Дваццаць пяты, кажаце?

- Ага, нумар дваццаць пяць.

Том драмаў, лежачы на матрацы. Яго пабудзiў нейкi падкрадлiвы шолах. Рука пацягнулася да вiнчэстэра i моцна сцiснула шыйку прыклада. Ён адкiнуў з твару коўдру. Каля яго стаяла Ружа Сарона.

- Чаго табе? - запытаўся Том.

- Ты спi, - сказала яна. - Высыпайся. Я папiльную дзверы. Нiхто не ўвойдзе.

З хвiлiну Том моўчкi глядзеў ёй у твар.

- Добра, - сказаў ён i зноў нацягнуў коўдру на галаву.

Мацi вярнулася дамоў, калi пачало змяркацца. Яна спынiлася на ганку, пастукала ў дзверы i сказала:

- Гэта я, - каб не ўстрывожыць Тома. Тады адчынiла дзверы i ўвайшла. У руках яна трымала мяшэчак. Том прачнуўся i сеў на матрацы. Рана яго падсохла i так сцягнулася па краях, што скура на шчацэ блiшчала. Левае вока ўсё заплыло i амаль не расплюшчвалася.

- Без мяне нiхто не прыходзiў? - запыталася мацi.

- Не, нiхто, - адказаў Том. - Плату ўсё ж такi зрэзалi.

- Адкуль ты ведаеш?

- Чуў, як на вулiцы гаварылi.

Ружа Сарона паныла паглядзела на мацi.

Том паказаў на яе вялiкiм пальцам:

- Яна тут такi гвалт падняла, ма. Думае, усе няшчасцi на яе адну зваляцца. Калi яна так праз мяне расстройваецца, давядзецца мне ад вас iсцi.

Мацi павярнулася да дачкi:

- Што такое з табой робiцца?

Ружа Сарона з абурэннем сказала:

- Хiба ж народзiш здаровае дзiця, калi такое навокал?

Мацi сказала:

- Сцiхнi! Замаўчы. Я разумею, што ў цябе на душы, я ведаю, гэта мацней за цябе, а ўсё ж трымай язык за зубамi. - Яна павярнулася да Тома: - Ты на яе не глядзi, Том. Ёй цяпер вельмi цяжка, я гэта па сабе памятаю. Калi чакаеш дзiцяцi, усё, што б нi здарылася, здаецца, адну цябе закранае, у кожным слове табе чуецца абраза, i здаецца, усё накiравана супраць цябе. Яна не вiнаватая, Том, гэта мацней за яе. Такi ўжо ў яе душэўны стан.

- Я не хачу, каб праз мяне яна расстройвалася.

- Замаўчы! Проста нiчога не гавары. - Мацi паклала мяшэчак на халодную плiту. - Сёння мы амаль нiчога не зарабiлi. Я ж сказала, трэба ехаць адсюль. Насячы, Том, мне трэсак. Не, табе ж нельга выходзiць. Вось, у нас яшчэ апошняя скрынка засталася. Разламай яе. Я сказала, каб яны хоць сушняку назбiралi па дарозе дамоў. На вячэру ў нас будзе мамалыга, i я яе трохi цукрам пасыплю.

Том падняўся з матраца i растаптаў нагамi апошнюю скрынку. Мацi распалiла агонь збоку ў топцы, стараючыся, каб ён гарэў толькi пад адной канфоркай. Потым налiла вады ў кацялок i паставiла на плiту. Неўзабаве кацялок, якi стаяў над самым полымем, забразгатаў, вада ў iм заклекатала i запыхкала.

- Як сёння працавалi? - пацiкавiўся Том.

Мацi зачарпнула кубкам кукурузнай мукi з мяшэчка.

- I гаварыць не хочацца. Прыгадалася мне сёння, як мы раней жартавалi. Усё цяпер не так, Том. Цяпер мы не жартуем. А калi хто i адпусцiць жарт, дык ён нейкi зласлiвы, горкi i зусiм не смешны. Адзiн сёння сказаў: "Дэпрэсiя скончылася. Я бачыў зайца, але нiхто за iм не гнаўся". А другi кажа: "Правiльна. Цяпер зайцоў не б'юць. Iх цяпер ловяць - падояць i адпусцяць. А твой, вiдаць, быў нядойны". Ну бачыш? Зусiм не смешна, не так, як было тады, калi дзядзька Джон перавярнуў iндзейца ў нашу веру i прывёў да сябе ў дом, а той з'еў у яго цэлы засек бабоў i, выпiўшы дзядзькава вiскi, зноў вярнуўся ў язычнiцтва. А ты, Том, вазьмi намачы анучку i прыкладзi да твару.

Вячэрняе сутонне гусцела. Мацi запалiла лiхтар i павесiла яго на цвiк. Яна падкiнула трэсак у агонь i пачала патроху сыпаць у кiпень кукурузную муку.

- Разашарна, - сказала яна, - ты памяшаеш кашу?

На вулiцы пачуўся хуткi тупат ног. Дзверы раптам расчынiлiся i з грукатам ударылiся аб сцяну. У пакой уляцела Руцi.

- Ма! - крыкнула яна. - Ма, Уiнфiлда курчыць.

- Дзе ён? Кажы!

Руцi ледзь пераводзiла дух.

- Увесь белы стаў i павалiўся. Ён сёння столькi персiкаў з'еў, i ў яго зрабiўся панос. Так i павалiўся. Сам белы!

- Вядзi да яго! - загадала мацi. - Разашарна, кашу глядзi.

Разам з Руцi яна выбегла з домiка. Яна цяжка бегла па вулiцы, не паспяваючы за дзяўчынкай. У змроку насустрач iм iшлi трое мужчын, i той, што iшоў пасярэдзiне, нёс на руках Уiнфiлда. Мацi кiнулася да iх.

- Гэта мой, - крыкнула яна. - Дайце яго мне.

- Я данясу вам, мэм.

- Не, дайце мне. - Яна ўзяла хлопчыка на рукi i павярнула назад, але раптам спахапiлася: - Дзякуй вам, канешне, - сказала яна мужчыну.

- Няма за што, мэм. Хлопчык зусiм аслабеў. Мабыць, у яго глiсты.

Мацi шпарка пакрочыла назад з Уiнфiлдам на руках. Занёсшы яго ў дом, яна апусцiлася на каленi i паклала хлопчыка на матрац.

- Ну што, што з табой? Гавары.

Хлопчык млява расплюшчыў павекi, матнуў галавой i зноў заплюшчыў вочы.

Руцi сказала:

- Я ж гаварыла табе, ма, у яго цэлы дзень быў панос. Ён персiкаў аб'еўся.

Мацi паклала яму пальцы на лоб.

- Не гарачы. Але твар бледны, i шчокi запалi.

Том падышоў блiжэй i пасвяцiў унiз лiхтаром.

- Усё ясна, - сказаў ён. - Згаладаўся, аслабеў. Купi яму бляшанку малака, прымусь выпiць. Няхай кашы з малаком з'есць.

- Уiнфiлд, ну як сябе адчуваеш? - запыталася мацi.

- Галава кружыцца, - адказаў хлопчык, - так i кружыцца.

- Такога паносу ты яшчэ нiколi не бачыла, - з важнасцю сказала Руцi.

У пакой увайшлi бацька, дзядзька Джон i Эл, несучы ахапак ламачча i сушняку. Свае ношы яны скiнулi каля печкi.

- Што тут у вас яшчэ? - запытаўся бацька.

- Уiнфiлд. Яму малака трэба.

- Божа лiтасцiвы! Кожнаму з нас што-небудзь трэба.

- Ну, колькi зарабiлi сёння?

- Даляр сорак два.

- Дык схадзi ў краму, купi малака Ўiнфiлду.

- Чаго гэта ён раптам захварэў?

- Чаго, я не ведаю, але захварэў. Ну iдзi! - Нешта прабурчаўшы сабе пад нос, бацька выйшаў за дзверы. - Ты там кашу мяшаеш?

- А як жа. - У доказ сваiх слоў Ружа Сарона пачала хутчэй працаваць лыжкай.

Эл пакрыўдзiўся:

- Госпадзi, ма! Няўжо адна каша пасля таго, як мы аж да самага цямна працавалi?

- Ты ж ведаеш, Эл, нам трэба ехаць. Усё, што ў нас ёсць, пойдзе на бензiн. Ты i сам гэта ведаеш.

- Але ж, далiбог, ма, каб працаваць, чалавеку трэба есцi.

1 ... 91 92 93 94 95 96 97 98 99 ... 109
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек.
Комментарии