Тэўтонскi ордэн - Ад Ерусалiма да Грунвальда (на белорусском языке) - А Кравцевич
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Несумненна, прысуд быў на карысць ордэна. Па-першае, той заўсёды мог прад'явiць дакументы на ўладанне Памор'ем, а Польшча не хацела прымiрыцца са стратай гэтай вобласцi; гэтаксама ў крыжакоў здаўна мелiся праўдзiвыя (цi фальшывыя) дакументы на ўладанне Лiтвой. Па-другое, звязаўшы перадачу Польшчы Добжынскай зямлi з авалоданнем ордэнам Жамойцю, Вацлаў закладаў падставы для разладу памiж Вiтаўтам i Ягайлам. Польская дэлегацыя не прыняла гэты прысуд. Яшчэ пад час агалошвання рашэння прадстаўнiкi Польшчы i Мазовii пакiнулi памяшканне ў знак пратэсту таму, што дакумент чытаўся па-нямецку.
У пачатку чэрвеня 1410 г. крыжакi ўзялi ад Вацлава пацвярджэнне прысуду i сведчанне, што яны трымалiся ўмоваў выраку ў адрозненне ад Польшчы, таму ордэн таксама вольны ад яго далейшага выканання. Працяг вайны стаў непазбежнай рэальнасцю. Кожны бок узмоцнена вёў ваенную i дыпламатычную падрыхтоўку. Супернiчалi за саюз з вугорскiм каралём. Хоць у Жыгiмонта быў мiрны дагавор з Польшчай да 1413 г., ён пачаў схiляцца да саюзу з крыжакамi. За гэта ён атрымаў вялiкую суму грошай i "вадзiў за нос" Ягайлу з Вiтаўтам, прыняўшы яшчэ ад апошняга багатыя падарункi, у тым лiку 12 коней, падкаваных залатымi падковамi. Вiтаўт уручыў гэтыя дары на сустрэчы з Жыгiмонтам у Кежмарку. Ад вугорскага караля хацелi толькi, каб ён трымаўся мiру да 1413 г. Жыгiмонт дары прыняў, а потым даў зразумець, што ў выпадку далейшай вайны Ягайлы з ордэнам мiру з Польшчай ён не датрымае. У давяральнай размове Жыгiмонт прапанаваў Вiтаўту каралеўскую карону i саюз супраць Польшчы. Вялiкi князь прапанову не прыняў. Калi Вiтаўт пасля размовы вярнуўся на двор, дзе размяшчалася дэлегацыя, раптам у гэтай частцы горада ўспыхнуў пажар. Сярод тлуму i панiкi мела месца спроба замаху на вялiкага князя. Вiтаўт пакiнуў горад. Жыгiмонт дагнаў яго ў мiлi ад Кежмарка, развiтаўся, але ў перагаворы не ўступаў. Пасля Кежмарка Вiтаўт меў нараду з Ягайлам аб правядзеннi далейшай вайны з крыжакамi. Затым вялiкi князь спешна падаўся да Лiтвы i ўжо на чацвёрты дзень быў у Берасцi, адкуль даў загад усiм землям рыхтавацца да вайны з ордэнам. Тут ён правёў нараду з лiтоўскiмi i мазавецкiмi князямi, затым паехаў да Слонiма. У гэты час вялiкi маршал з войскам правёў хуткi i дзёрзкi паход у бок Берасця. 16 сакавiка 1410 г. ён нечакана напаў на Ваўкавыск, спалiў яго i пабiў шмат людзей, сабраўшыхся на набажэнства. Вiтаўт у гэты час знаходзiўся ў суседнiм Слонiме i, магчыма, рэйд маршала меў на мэце захоп вялiкага князя.
У траўнi ордэн прапанаваў Вiтаўту перамiр'е i яно было прынята да 24 чэрвеня, як i з Польшчай. Зноў вялася актыўная дыпламатычная барацьба па эўрапейскiх дварах. Праз паслоў, лiсты, падарункi апрацоўвалiся амаль усе эўрапейскiя духоўныя i свецкiя ўладары. Ворага лаялi, выкрывалi яго намеры. Поспех, аднак, мелi тыя выкрываннi, якiя падтрымлiвалiся звонкай манетай. Багаты ордэн тут меў перавагу, што вiдаць на прыкладзе з чэшскiм каралём Вацлавам i вугорскiм Жыгiмонтам. Вялася актыўная праца па вярбоўцы наёмных войскаў, прычым абодва бакi праводзiлi яе практычна ў адных i тых жа месцах: Чэхii, Аўстрыii, Мейсэне, Сiлезii, Швейцарыi. У прыватнасцi, швейцарцы ваявалi на абодвух баках. Былi выпадкi, калi вярбоўшчыкi ордэна i саюзнiкаў перахоплiвалi адныя ў другiх наёмныя аддзелы. Вiтаўт спецыяльна для вярбоўкi наймiтаў-прафесiяналаў прыслаў Ягайлу значную суму грошай.
У ордэна мелася рэальная магчымасць з дапамогай сваёй лiвонскай фiлii не дапусцiць актыўнага дзеяння Вiтаўта на прускiм тэатры вайны. Вельмi лагiчны план - лiвонскiя войскi скоўваюць Вiтаўта з паўночнага ўсходу, а ў гэты час пруская армiя распраўляецца з Ягайлам. У траўнi хохмайстар пажадаў, каб лiвонскi ландмайстар у выпадку няўдачы чэрвеньскiх перамоваў аб'явiў вайну Вiтаўту. Ландмайстар Конрад фон Фецiнгоф адказаў, што па ўмовах мiрнай дамовы з Вiтаўтам вайна можа пачацца толькi праз тры месяцы ад моманту атрымання яе аб'явы. Значыць, калi Фецiнгоф аб'явiў Лiтве вайну ў канцы траўня - пачатку чэрвеня, то ваенныя дзеяннi маглi пачацца толькi ў канцы жнiўня цi пачатку верасня.
Яўна, мясцовыя iнтарэсы лiвонцаў узялi верх над агульнай справай ордэна. У канцы 1409 г. Вiтаўт наладзiў добрыя адносiны з Ноўгарадам ды Псковам i Фецiнгоф асцерагаўся лiтоўска-пскоўска-ноўгарадскага саюзу. Таму ён нават не выслаў дастатковых падмацаванняў у Прусiю (на Грунвальдскiм полi была толькi адна харугва лiвонцаў), што, канешне, было адной з прычын паразы ордэна. Трохмесячны тэрмiн памiж аб'явай вайны i яе пачаткам даў магчымасць Вiтаўту прыняць удзел у Грунвальдскай выправе. Лiвонскiя войскi з'явiлiся ў Прусii толькi ў канцы жнiўня.
Вясной 1410 г. Жыгiмонт Вугорскi прапанаваў сваё пасрэднiцтва для мiрнага вырашэння канфлiктаў. Дамовiлiся правесцi перамовы ў Торунi 17 чэрвеня. Мiж тым падрыхтоўка да вайны iшла поўным ходам.
Паспрабуем параўнаць гаспадарчы патэнцыял i ўзброеныя сiлы краiн, якiя рыхтавалiся да рашаючага сутыкнення. Эканамiчны ўзровень ордэнскай дзяржавы быў вышэйшы, чым у Лiтве i Польшчы. Гаспадарка ордэна была ўзорнай у Эўропе. Скарбнiца ў сталiцы заўжды змяшчала значныя сумы грошай у паўнацэннай манеце. Акрамя таго, некаторыя ордэнскiя саноўнiкi трымалi яшчэ свае скарбнiцы. Вялiзнымi грашыма варочалi галоўныя ордэнскiя эканомы - мальборскi i кёнiгсбергскi. Ордэн змог вельмi шчодра аплацiць саюзы з чэшскiм i вугорскiм каралямi i выдзелiць вялiкiя грошы на наёмныя войскi.
У польскiм i лiтоўскiм скарбах не было такiх запасаў свабодных грошай, але мелiся iншыя iстотныя перавагi. Гэта ў першую чаргу перавага ў колькасцi насельнiцтва i памерах тэрыторыi, асаблiва ў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Маленькую Прусiю даволi лёгка аказалася акупаваць, аднак немагчыма ўявiць, каб ордэнскiя войскi здолелi заняць абшары Вялiкага Княства. Каставасць ордэна, фiскальная палiтыка, яго адасобленасць ад насельнiцтва сваёй дзяржавы, у тым лiку i прускай шляхты, выклiкалi апазiцыю з боку падданых. Гэта праявiлася ў ходзе Вялiкай вайны, калi пасля Грунвальда ўладу саюзнiкаў вельмi хутка прызналi ледзь не ўсе гарады i землi Прусii.
З iншага боку, Тэўтонскi ордэн меў грунтоўную падтрымку ў Заходняй Эўропе, асаблiва ў нямецкiх землях. Апошняе зразумела, бо ордэн складаўся з малодшых сыноў нямецкай шляхты. У многiх краiнах захаду iснавалi фiлii ордэна са сваiмi землямi i замкамi. Яны складалi значную гаспадарчую сiлу i пры патрэбе праводзiлi актыўныя прапагандысцкiя кампанii.
У розных крынiцах i даследаваннях маюцца сур'ёзныя адрозненнi ў ацэнцы колькасцi войскаў, якiя ўдзельнiчалi ў Грунвальдскай бiтве. Называлiся лiчбы не тое што ў сотнi тысяч, а нават у мiльёны людзей. Прускiя хранiсты пiсалi толькi аб забiтых у бiтве 60 тыс. лiцвiнаў з палякамi i 40 тыс. ордэнскiх жаўнераў. Некаторыя даследчыкi ХIХ ст. называюць наступную колькасць войскаў: 163 тыс. - саюзнiкi, 83 тыс. - ордэнская армiя, цi адпаведна 90 i 83 тыс., i гэтак далей. Больш сур'ёзныя i дэталёвыя падлiкi складваюцца ў значна меншыя лiчбы. Вядомыя гiсторыкам пiсьмовыя крынiцы не ўтрымлiваюць звестак аб дакладнай колькасцi войскаў, але даюць падставы для высвятлення блiзкiх да рэальнасцi лiчбаў.
Мы пройдзем гэты працэс услед за даследчыкамi - нямецкiм М.Оэлерам i польскiм С.Кучыньскiм, якiя, на наш погляд, найбольш грунтоўна займалiся падлiкам. Асноўнай мабiлiзацыйнай i баявой адзiнкай у тыя часы было "кап'ё". Яно складалася з цяжкаўзброенага рыцара (меў двух коней) з дзiдай, мячом i шчытом, аднаго цi двух лёгкаўзброеных збраяносцаў, стралка з лукам або, часцей, з арбалетам. Двое слуг знаходзiлiся ў табары. Збраяносец, як i рыцар, належаў да шляхецкага стану, стралок мог быць мешчанiнам або селянiнам. Тры вершнiкi - найменшая лiчба кап'я. Заможныя рыцары ў сваiм кап'i мелi большую колькасць збраяносцаў i стралкоў. З коп'яў складалiся харугвы (палкi). Прычым у харугвах магла быць розная колькасць коп'яў - дзесьцi ад 20 да 150.
Асновай кап'я, яго галоўнай ударнай сiлай быў рыцар у сталёвых даспехах i з цяжкiм узбраеннем. Побач з iм змагаўся збраяносец у больш лёгкiх даспехах i стралок, таксама ў панцыры або паўпанцыры. Частка коннiцы Вялiкага Княства складалася з лёгкаўзброеных вершнiкаў i была незаменнай у разведцы, пагонi за адступаючым ворагам.
Татарская коннiца з армii Вiтаўта падзялялася, верагодна, на дзве групы: цяжкую i лёгкую. Цяжкая кавалерыя мела панцыры з гартаванай на агнi буйвалавай скуры, жалезныя цi з такой жа скуры шлемы з нашыйнiкам, якi засцерагаў шыю з бакоў i ззаду. Была ўзброена шаблямi, пiкамi, арканамi, чаканамi. Лёгкаўзброеныя татарскiя коннiкi не насiлi панцыраў, мелi шаблi, арканы, коп'i i па два лукi. Пяхоту ў тагачасных войсках складалi выключна сяляне i мяшчане. Яны галоўным чынам знаходзiлiся пры абозе, у абознай ахове (прыходзiлася прыблiзна па аднаму капейшчыку на аднаго вазнiцу). Акрамя дзiдаў на ўзбраеннi пяхоты мелiся лукi, арбалеты, сякеры, шчыты. Крыжацкая пяхота была лепш узброенай за польскую i лiтоўскую. Мелi паўпанцыры, жалезныя шлемы з нашыйнiкам, акрамя звычайнага ўзбраення яшчэ былi алебарды.
У сярэднявеччы на вайну мабiлiзоўвалася ад 2 да 20% насельнiцтва, у залежнасцi ад абставiн i эпохi. Тэўтонскi ордэн у 1410 г. правёў максiмальна магчымую мабiлiзацыю. Крыжацкая армiя складалася з уласна войска ордэна, войска чатырох прускiх бiскупстваў, прускага зямельнага апалчэння, гарадскiх апалчэнняў, наёмных аддзелаў, войскаў паморскiх князёў i харугваў "гасцей" замежных рыцараў. Усяго ордэн пад Грунвальдам меў каля 33 тыс. чалавек, з iх прыблiзна 21 тыс. конных, 6 тыс. пехацiнцаў i 5 тыс. чэлядзi. Акрамя таго, частка крыжацкага войска засталася ў замкавых залогах; на левым беразе Вiслы знаходзiлася група харугваў пад началам Генрыха фон Плаўэна для прыкрыцця накiрунку магчымага ўдару. Не ўдзельнiчалi ў бiтве войскi з Лiвонii i Новай Маркi.