Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Проза » Русская классическая проза » Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Читать онлайн Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 61
Перейти на страницу:
на мапу», — сказала яна. — «Нам яшчэ ісьці і ісьці. Я думаю, што яны не маглі тут усё зьесьці. Яны проста аднесьлі прысмакі ўсярэдзіну, каб дождж не папсаваў».

«Думаеш, нам можна туды ўвайсьці?» — адгукнуўся Лёччык, з сумневам углядаючыся ў цэляфан на вокнах.

«Можна», — пачулі яны скрыпучы голас, і павярнулі галовы туды, адкуль ён пачуўся — да зусім ужо цёмнага лесу.

5. ЗАМЯНІЎШЫ АДНО СЛОВА НА ІНШАЕ, ТЫ НІЧЫМ НЕ РЫЗЫКУЕШ

Замяніўшы адно слова на іншае, ты нічым не рызыкуеш, падумаў доктар. Вядома, большасьць з гэтым не пагадзілася б. Асабліва так званыя паэты. Людзі звыклі лічыць, што слова мусіць быць дакладным. Людзі вераць у стыль і сэнсавыя адценьні. А самі ня могуць правільна вымавіць тое, што падаецца ім такім важным.

Яму падабалася думаць пра гэта пасьля абеду, бо менавіта пасьля абеду сумневы зьнікалі, заставаліся адны пацьверджаньні. Ежа надае людзям упэўненасьці ў сабе. У адрозьненьне ад словаў. Словы маюць значэньне толькі ў межах адной мовы, дый тое не заўжды. Насамрэч важна толькі тое, як ты вымаўляеш гукі. Ці правільна ты карыстаешся інструмэнтамі, дадзенымі табе для таго, каб гаварыць. А самі словы — гэта ўмоўнасьць. На месцы кожнага слова магло быць іншае. Падстаўляй, прыбірай, ці нават зусім скасоўвай. Часам ён так і робіць. І нічога не зьмяняецца — кабінэт ня робіцца большым, белыя сьцены не набываюць чырвонага адценьня, гэтая незаплянаваная муха не пачынае чытаць вершаў, стол не падымаецца і не вісіць над галавой, і ягоная асыстэнтка, якая ўпарта называла сябе мэдсястрой, не прасоўвае ў дзьверы сьвінячую галаву замест сваёй, кучаравай і вечна такой бліскучай. Лак для валасоў. Яна занадта часта ім карыстаецца.

«Вам чаёчку приготовить?» — сказала асыстэнтка. — «Как всегда?»

«Нет, спасибо, не нужно», — прамовіў ён. — «Закройте дверь. Хотя постойте…»

Ён паглядзеў на яе зь цікаўнасьцю.

«Как вы сказали?»

«Что сказала?» — спалохалася яна, прыгладжваючы валасы. Цяпер у яе і рукі бліскучыя. Мокрыя, бліскучыя рукі, якімі яна будзе насыпаць гарбату і браць кубак.

«Повторите! Ну вот это, про чай… Да зайдите же сюда и закройте дверь».

«Я просто спросила, вы чаю хотите?..» — разгублена сказала асыстэнтка, прычыняючы за сабой дзьверы.

«Нет. Вы не так сказали. Повторите вот это, про чаёчек».

«Чаю не хотите?» — прамармытала асыстэнтка, хаваючы вочы. Доктар падняўся з-за стала, рашуча прайшоў туды, дзе яны хаваліся — гэтыя дзьве адтуліны, густа намазаныя нечым і таксама бліскучыя. Вочы адскочылі, але ён уважліва паглядзеў на яе вусны, і вочы паслухмяна вярнуліся. Зірнулі на яго. Зусім неглыбокія. З такімі можна працаваць.

«Повторите», — мякка, але ўладна сказаў доктар і ўзяў яе за падбародзьдзе.

«Чаёчку не хотите?»

«Ещё раз».

«Чаёчку не хотите?»

«Еще».

«Чаёчку не хотите?»

«Повторите это тринадцать раз подряд».

Яна паглядзела на яго так бездапаможна, што доктару зрабілася брыдка. Яна нічым не адрозьніваецца ад жывёлы. Толькі языком. Толькі тым, што ёй, празь нейкі капрыз прыроды, быў дадзены язык. Язык зь вялікай літары. Вялікі і магутны, надзея і апора. Чаму ёй? Чым яна заслужыла? Чым гэтая жывёліна заслужыла такі дарунак — які яна марнуе, кожны дзень марнуе, псуе, ня ўмеючы нават правільна ім карыстацца?

У сьвеце так шмат несправядлівасьці. Выправіць якую могуць толькі дактары. Не палітыкі, не мастакі, ня грошы. Толькі дактары.

«Я сказал, повторите это тринадцать раз подряд».

І яна пачала паўтараць. Было відаць, што яна пры гэтым лічыць у галаве: адзін, два, тры, чатыры… Старанна лічыць. Баіцца зьбіцца. Жывёліна. Доктар не лічыў. Яму было абсалютна бяз розьніцы, колькі разоў яна гэта скажа. Ён чуў, а яна не. Вось што было важна.

«Прекрасно», — сказаў доктар ухвальна, калі яна спынілася. — «Вы же тоже проходили курс у меня, не правда ли?»

«Да. Пять лет назад».

«Вы молодец», — усьміхнуўся ён. — «Знаете, принесите мне чаю… Это была хорошая мысль. Только вот сначала…»

Яна спынілася на парозе.

«Повторите это, про чаёчек, еще тридцаць раз. Станьте вот сюда. Смотрите мне в глаза. И повторяйте. Ну, начинаем».

Яна маўчала. Ён адвярнуўся і потым рэзка пракрычаў ёй у твар:

«Ну, пошла! Кому сказал?!»

«Чаёчку не хотите… Чаёчку не хотите…» — залапатала мэдсястра, а ён глядзеў ёй у рот, дзе мільгалі жоўтым касьцяным бляскам зубы і з напругаю працаваў ледзь бачны язык.

«Вы неправильно произносите „чь“», — казаў ён ласкава, пакуль яна аднастайна паўтарала свой прысуд. — «Вы ленитесь. Вы не хотите дать языку сделать свое дело. Отпустите его на волю. Или ему снова что-то мешает? А? Откройте рот!» — сказаў доктар у поўнай цішыні. Яе парушала толькі гэтая чортава муха.

«Так и есть», — сказаў доктар і пацокаў языком. — «У вас снова опухоль. Еще совсем маленькая. Кость увеличилась. Пока что обойдемся без хирургии. Просто повторяйте это, про чаёк, и старайтесь следить за собой. Да не здесь!» — крыкнуў ён, калі яна пачала зноў паўтараць практыкаваньне. — «У себя в корпусе, или, не знаю, в туалете. Мне уже хватило на сегодня ваших чаёчкаў… Принесите мне чаю, наконец. Сколько можно меня дразнить? И перестаньне брызгать на себя этим вонючим лаком! Вы всех мух ко мне переселите, они вьются за вами, как дети!»

Асыстэнтка ўцягнула галаву ў плечы і пабегла да дзьвярэй.

«Пошла! Пошла!» — прыкрыкнуў на яе доктар. А як інакш — калі ёй падабаецца. Цяпер яна будзе некалькі начэй запар прапаноўваць яму чаёчку ў сьне. Доктар ведаў, што яна ў яго закаханая. Часам ён думаў, што цікава было б праверыць, з навуковага гледзішча: як уплывае гэтая чортава костка, а насамрэч — пухліна, на сэксуальнае жыцьцё. Ня можа не ўплываць. Занадта добрае яна абрала сабе месцазнаходжаньне. Як, зрэшты, і любая брыда, якая замінае жыць чалавеку.

Любое слова можна замяніць на любое слова. І нічога ня зьменіцца. Можна было б прымусіць яе паўтарыць дзьвесьце разоў «Доктар, я хачу ад вас дзяцей», і нічога не зьмянілася б. Замест чаёчку было б гэтае «хачу» — якое клятая пухліна ператварыла б у першабытны, зьвярыны рык, у нейкае чвяканьне — замест тонкай мэлёдыі. Як шкада, што абсалютны слых нельга выдаваць гэтым стварэньням у выглядзе звычайных пігулак. У якім сьвеце яны жылі б… Тады можна было б зачыняць гэты брудны лягер, які часам, асабліва зімой, нагадвае яму могілкі, а ўлетку — склад. Зьняць эмблему, прыбраць агароджу, пагрузіць усё абсталяваньне на грузавікі, а самому ехаць побач на ровары, па лясной дарозе, робячы выгляд, што ён тут ні пры чым, што

1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 61
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич.
Комментарии