Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
«Не забудзь павярнуць», — сказала бацьку Каця і аблізала вусны.
І тады яны збочылі на лясную дарогу — і тут Лёся прачнулася. Паглядзела на мокрую пляму, якая расплылася на Лёччыкавай футболцы, неўразумела паўзіралася ў акно.
«А дзе авадзень? Той, тоўсты?»
І праўда, яго даўно не было чуваць. «Падох», — сказала Каця. — «Задуха».
А сама не дазваляе адчыняць вокны. І бацька яе слухаецца.
Асфальт неўзабаве скончыўся. А потым пачалася сапраўдная гайданка. Можна было падумаць, што яны вярнуліся ў тое месца, адкуль пачыналі сваё падарожжа. Але лягер быў цяпер далёка. Немагчыма было сказаць, у якім баку. Хаця Лёччык ведаў, што варта яму захацець, і ён яго адшукае. Проста падыме галаву так высока, як можа — і тады пабачыць. Акіне позіркам усю краіну, усе вёскі, мястэчкі і гарады, і рана ці позна натрапіць вачыма на браму з пратубэранцамі. Месца, дзе іх лячылі ад чагосьці — і ня іхнай справай было ведаць, ад чаго.
За гэтай брамаю, пэўне, ужо заўважылі іхную адсутнасьць. Конкурс адмянілі, і важатыя знайшлі дзірку ў сятчастай агароджы. Ходзяць па лесе, крычаць, перакідваюцца рэхам, як мячыкам, мацаюць вачыма кару на дрэвах, прымятую траву, дасьледуюць павуціньне. Абяцаюць, што ня будуць нікога прывязваць, калі яны зь Лёсяй адгукнуцца. Ня трэба было яму забіваць таго авадня. Трэба было пасадзіць у нейкую скрыначку — і ён дакладна паказаў бы ім дарогу назад. Аднак, што праўда, ніякай скрыначкі ў Лёччыка не было. Толькі футболка, парваная на плячы, шорты і басаножкі. І на Лёсі тое самае. Амаль аднолькавае адзеньне. Толькі ў Лёсі шорты белыя, а ў яго — сінія. Сінія, сінія, здымі… Не здыму. І больш нічога. Сьпякотнае стаяла лета.
І тут машына заглухла і спынілася.
Усе паглядзелі на бацьку — а ён, здаецца, быў толькі рады. «Ня ведаю», — сказаў ён у адказ на запытальна ўзьнятыя Каціны бровы. — «Я ж казаў, я нічога не разумею ў машынах».
«Да месца яшчэ кілямэтраў сто», — сказала Каця.
«Ніхто ня бачыў, як мы сюды павярнулі», — сказаў бацька, гледзячы проста перад сабой, і паклаў руку ёй на калена. — «Абсалютна пустая шаша. Я знарок прасачыў. Ніводнай машыны».
«Але што мы…» — пачала Каця. — «Ну, ладна».
Ладна — гэта на Языку. Лёччык і Лёся ведалі гэтае слова. Яны пераглянуліся. Машына стаяла, выдзяляючы ў паветра амаль што бачную цеплыню, унутры яе нешта ціха пацоквала, яна неяк на дзіва лёгка ўпісалася ў навакольны краявід, загарадзіўшы сабой вузкую лясную дарогу: гальлё калыхалася над самым дахам, і шышкі глядзелі ім у вокны, а на капот села нейкая птушка, і ўспырхнула, як толькі ўздрыгнулі дворнікі, зь якіх пасыпалася ігліца. Бацька адчыніў вокны. У машыну, якая ўсё яшчэ пахла незнаёмай Лёччыку, чужой, трывожнай раніцай, адразу ж запоўз водар нагрэтага сонцам лесу. Запоўз, заняў сабой увесь салён. Гэта быў іншы лес. Зусім іншы лес, чым той, які яны месяцамі бачылі зь Лёсяй празь сетку.
Яны выйшлі, задаволена крэкчучы. Лёся пацерла сабе азадак. «Ну што, давайце я вас абдыму, мае любыя!» — сказаў бацька, але Лёччык і Лёся бачылі, што ён думае зусім не пра іх. Таму яны не варухнуліся, а бацька, так і не абняўшы іх, паказаў на сьцежку, што вілася ў гушчары: вузкі праход пад нізка навіслым гальлём, як пад апушчанымі сьцягамі:
«Глядзіце, колькі чарніцаў. Налятай!»
Лёччык і Лёся недаверліва нахіліліся да зямлі. І чарнічнік павёў іх па сьцежцы, а адтуль на ўзгорак, у сапраўднае чарнічнае каралеўства. Чарніцы, чмурыцы, чарнадур. «Прапаную Тардэсільяскую дамову», — пасьпешліва сказаў Лёччык, засунуўшы ў рот першыя ягады з гэтай зялёнай, сіняй, чорнай, залатой, загадкавай Індыі. «Згодная», — кіўнула Лёся. — «Усход ад гэтага мэрыдыяну мой!» І яны ўпалі на калені, раскрыўшы раты, і папаўзьлі кожнае ў свой бок.
…Маю сястру зьелі ваўкі, сказаў Лёччык апошні раз і адплюшчыў вочы. І тут жа страшная зялёная сіла зьбіла яго з ног, і ён паваліўся тварам у мох, а яна біла яго пяткамі і пальцамі ззаду сьціскала горла. Здымі, прахрыпеў ён.
«Гэта цябе зьелі, зьелі і выплюнулі», — сказала Лёся, цяжка дыхаючы, але паслабляючы нарэшце хватку. — «Ты ўвесь у ваўчынай сьліне. І ў страўнікавым соку. Напаўператраўлены, абгрызены, мокры. Фу!»
«Сама ты мокрая! Ты вечна мокрая!» — прамармытаў Лёччык. Здаровая якая сястра, як наваліцца — дык адчуваньне, быццам жыўцом цябе закопваюць. Гэта ўсё лягер. Вітаміны. Сьвежае паветра.
«Паглядзі, што ты мне тут панапісвала!» — закрычаў ён, а лес узяў ягоныя словы і панёс кудысьці, быццам Лёччык нічога не казаў. Аддай мне голас, лес. Аддай мне лес, голас.
«Што? Дзе?»
«Вось, тут», — і ён паказаў на сваю футболку. На ёй і праўда густа сінелі адбіткі Лёсіных пальцаў, носа і нават вуснаў. Нібыта і праўда яна нешта напісала на белай тканіне футболкі зь дзіркай на плячы. Нейкі даўгі сказ незразумелымі, таямнічымі знакамі.
«Так ужо і не зразумелымі», — прамовіла Лёся, прыглядаючыся. — «Глядзі, вось тут у мяне атрымалася „б“. А гэта можна прыняць за лацінскае „s“. Гатычным шрыфтам. А тут ужо нейкая глаголіца…»
«Трэба будзе расшыфраваць», — сказаў Лёччык. — «Здаецца, мяне зараз званітуе.»
«Ташніт», — засьмяялася Лёся. — «На Языку гэта называецца: у цібя ташніт».
«Не ў цібя, а цібе», — няўпэўнена сказаў Лёччык. — «Але я таксама напішу штосьці ў цябе на майцы. Бо ты вось якая чыстая…»
«Ні халеры ня чыстая», — сказала Лёся. — «Але пішы, браце мой ташніт, пішы».
І ён расьціснуў у пальцах жменю чарнічын, з роспаччу думаючы, што іх зусім не паменела на гэтым узгорку пасьля іхнага ўварваньня, расьцёр іх, так што пальцы зрабіліся аж чорныя, сеў перад ёй і пачаў пісаць на Лёсінай футболцы, проста на грудзях і жываце.
«Пра ваўкоў пішаш?» — спытала абыякава Лёся, адкінуўшыся на сьпіну і заплюшчыўшы вочы. — «Як жа ў жываце цяпер бурчыць…»
«Ага», — сказаў заклапочаны працаю Лёччык, не падымаючы вачэй. — «Усё».
Ён працягнуў ёй руку, і яны падняліся. Пахла блізкім балотам, смачна, як абедам на лягернай кухні. Недзе там, дзе віліся камары, снуючы ў паветры сваё воблака, быў шлях да машыны. Яны прайшлі скрозь камароў, нібы скрозь дым, прыплюшчыўшы вочы, потым пастаялі крыху пад сонечным промнем, які біў проста з найбліжэйшага куста, затым стомлена пацягнуліся па сьцяжыне і выйшлі нарэшце зноў на дарогу, да машыны.
Каця і