Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Проза » Проза » Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Читать онлайн Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 109
Перейти на страницу:

- А ты часам не з бунтаўшчыкоў гэтых? Не з рабочых-падбухторшчыкаў?

Чалавек у лахманах выгукнуў:

- Не, бог сведка!

- Iх шмат развялося цяпер, - сказаў гаспадар. - Швэндаюцца тут, людзей баламуцяць. Народ з толку збiваюць. У злосць уводзяць. Iх шмат бадзяецца тут. Але хутка мы прыбяром iх да рук, усiх баламутаў гэтых. Прагонiм з краiны. Хочаш працаваць - цудоўна. Не хочаш - чорт з табой. Падбухторваць мы не дазволiм.

Чалавек у лахманах выпрастаўся.

- Я хацеў перасцерагчы вас, людзi, - сказаў ён. - Цэлы год прайшоў, пакуль я разабраўся ва ўсiм гэтым. Спачатку двух дзяцей пахаваў i жонку, i толькi тады зразумеў. Але вам не ўтлумачыш, я ведаю. Мне таксама не ўтлумачылi ў свой час. Хiба ж раскажаш пра тое, як малыя ляжаць у палатцы з успушанымi жыватамi, а самi - скура ды косцi, дрыжаць i скавычуць, як шчанюкi, а я бегаю, работы шукаю... не за плату, не за грошы! - выкрыкнуў ён. - Госпадзi, хоць за кубак мукi i лыжку здору! А потым прыходзiць следчы. Смерць дзяцей настала ад сардэчнай недастатковасцi, кажа. Так i запiсаў. Iх калацiла, а жываты надзьмутыя, як пузыры парасячыя.

Навокал яго ўсе маўчалi, трохi раскрыўшы раты. Амаль стаiўшы дыханне, пазiралi на чалавека ў лахманах.

Ён абвёў позiркам кола твараў, павярнуўся i шпарка пайшоў прэч, у цемру. Яна праглынула яго, але доўга яшчэ чулася шарканне крокаў, шоргат ног па дарозе. Па шашы прамчалася легкавая машына, i фары яе на мiг вырвалi з цемры постаць чалавека: ён iшоў, валакучы ногi, нiзка апусцiўшы галаву, засунуўшы рукi ў кiшэнi чорнага пiнжака.

Людзi каля ганка неспакойна заварушылiся. Нехта прамовiў:

- Ну што ж, час ужо познi. Трэба спаць класцiся.

Гаспадар сказаў:

- Лайдак нейкi. Цяпер па дарогах шмат такiх бадзяецца. - I змоўк. Адкiнуўся разам з крэслам да сцяны, пачухаў шыю пад падбародкам.

Том сказаў:

- Зайду на хвiлiнку да мацi, а тады крыху далей ад'едзем.

Джоўды пайшлi ад ганка.Бацька сказаў:

- А што, калi ён праўду казаў?

Яму адказаў прапаведнiк:

- Вядома, праўду. Сваю праўду. Ён нiчога не выдумляў.

- А мы як? - запытаўся Том. - Для нас гэта таксама праўда?

- Не ведаю, - сказаў Кейсi.

- Не ведаю, - сказаў бацька.

Яны падышлi да палаткi - перакiнутага цераз вяроўку брызенту. Усярэдзiне было цёмна i цiха. Калi яны падышлi блiзка, нешта шэрае заварушылася на зямлi каля ўвахода i паднялося на ўзровень чалавечага росту. Гэта мацi выйшла iм насустрач.

- Усе спяць, - сказала яна. - I бабка нарэшце задрамала. - Тут яна ўбачыла Тома i занепакоена запыталася: - Як ты тут апынуўся? Усё абышлося шчаслiва?

- Наладзiлi, - адказаў Том. - Можам ехаць далей разам з вамi.

- Дзякуй богу, - сказала мацi. - Мне ўжо тут не сядзiцца. Хутчэй бы туды, дзе зелянiна вакол, прыволле. Хутчэй бы даехаць.

Бацька адкашляўся.

- А тут адзiн расказваў...

Том таргануў яго за локаць.

- Ага, цiкава было паслухаць, - сказаў ён. - Народу туды, кажа, едзе процьма.

Мацi прыглядалася да iх у змроку. Пад брызентавым навесам кашлянула i засапла ў сне Руцi.

- Я iх памыла. За ўсю дарогу першы раз вады на купанне хапiла. I вам яшчэ засталося, можаце памыцца. У дарозе хутка пэцкаешся.

- Усе на месцы? - запытаўся бацька.

- Усе, акрамя Конi з Разашарнай. Захацелi спаць на паветры. Сказалi, горача пад брызентам.

Бацька прабурчаў:

- Гэтая Разашарна дужа капрызная стала i пераборлiвая.

- Першае дзiця, - сказала мацi. - Яны абое проста трасуцца над iм. Ты сам такi быў.

- Ну, мы паехалi, - сказаў Том. - Збочым з дарогi дзе-небудзь непадалёк. Можа, мы вас прамаргаем, дык вы паглядайце. З правага боку будзем.

- А Эл застаецца?

- Ага. Замест яго дзядзька Джон паедзе з намi. Добрай ночы, ма.

Яны прайшлi праз сонны лагер. Каля адной палаткi няроўным агнём гарэла маленькае вогнiшча, ля кацялка, у якiм варылася ранняе снеданне, сядзела жанчына. У нос ударыла смачным пахам фасолi.

- Вось каб з'есцi талерачку, - далiкатна прамовiў Том, праходзячы мiма.

Жанчына ўсмiхнулася:

- Яшчэ не згатавалася, а то пачаставала б. Прыходзьце рана-раненька.

- Дзякуй, мэм, - адказаў Том.

Ён, Кейсi i дзядзька Джон прайшлi паўз ганак. Гаспадар усё яшчэ сядзеў на сваiм крэсле, лiхтар шыпеў i час ад часу ярка ўспыхваў. Гаспадар павярнуўся да iх тварам.

- Бензiн канчаецца, - зазначыў Том.

- Ага, час ужо закрываць.

- Манеткi па шашы, здаецца, ужо не коцяцца, - сказаў Том.

Ножкi крэсла грукнулi аб насцiл ганка.

- Ты кiнь задзiрацца. Я цябе запомнiў. Ты таксама з бунтаўшчыкоў.

- Трапiў у самую кропку. Я - бальшавiк.

- Дужа многа вас развялося апошнiм часам.

Том засмяяўся i, выйшаўшы разам з Кейсi i дзядзькам Джонам за вароты, палез у "додж". Сядаючы, ён прыхапiў камяк зямлi i кiнуў яго ў святло. Яны пачулi, як стукнула па сцяне, убачылi, што гаспадар ускочыў з крэсла i пачаў узiрацца ў цемру. Том уключыў запальванне i выехаў на шашу. Ён уважлiва прыслухоўваўся да работы матора - цi не стукае. Шаша бегла перад iм, ледзь бачная ў слабым святле фар.

РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ

Машыны перасяленцаў выпаўзалi з бакавых дарог на аўтастраду, што iшла праз горы i долы, i кiравалi на Захад. Удзень яны, як кузуркi, паспешлiва беглi ў заходнiм напрамку, а калi ў дарозе iх заспяваў вячэрнi змрок, збiвалiся, як кузуркi, у кучкi, блiжэй да жытла i вады. Людзi цiснулiся адзiн да аднаго, бо iх даймала адзiнота i разгубленасць, бо ўсе яны ўцякалi з тых месцаў, дзе iх спасцiглi смутак, нядоля i паражэнне, бо ўсе яны iмкнулiся дабрацца да новага таямнiчага краю; яны гутарылi адзiн з адным, дзялiлiся перажытым, i ежай, i спадзяваннямi на нешта добрае ў новых краях. I бывала так, што якая-небудзь сям'я рабiла прывал каля ручая, потым другая спынялася там дзеля вады i людской кампанii, а тады i трэцяя далучалася да тых, хто выбраў гэту стаянку i быў, вiдаць, задаволены ёю. I да захаду сонца там маглi сабрацца да дваццацi сем'яў, дваццацi машын.

Дзiўныя рэчы здаралiся вечарамi: дваццаць сем'яў рабiлiся адной сям'ёй, дзецi - агульнымi дзецьмi. Страта роднага кута рабiлася агульнай стратай, шчаслiвае жыццё там, на Захадзе, - агульнай марай. I бывала так, што хвароба аднаго дзiцяцi ўводзiла ў роспач дваццаць сем'яў, сто чалавек. I сто чалавек усю ноч захоўвалi поўную цiшыню, ахопленыя набожным страхам, калi ў адной з палатак раджала жанчына, а ранiцай сто чалавек радавалiся нараджэнню дзiцяцi. Сям'я, якая, можа, яшчэ толькi папярэдняй ноччу пакутавала ў адзiноце i страху, цяпер капалася ў сваiм скарбе, шукаючы, што падарыць нованароджанаму. Вечарам каля вогнiшча дваццаць сем'яў злiвалiся ў адну. I гэтая аб'яднаная сям'я была бiвачнай адзiнкай, якая iснавала адзiн вечар, адну ноч. Даставалася загорнутая ў коўдру гiтара, яе настройвалi, i ўначы гучалi песнi - песнi аб народзе. Мужчыны спявалi iх словамi, а жанчыны з закрытымi ратамi цягнулi мелодыю.

Штоноч стваралiся маленькiя сукупнасцi людзей - мiнiяцюрныя грамадствы, i ў такiм "грамадстве", у такiм свеце было ўсё - i дружба, i варожасць; у iм былi выхвалякi i баязлiўцы i былi цiхiя, сцiплыя, добрыя людзi. Кожную ноч мiж iмi завязвалiся адносiны, без якiх не iснуе чалавечае грамадства, i кожную ранiцу яны разам знiмалiся з месца, як вандроўны цырк.

Напачатку ў гэтых грамадствах, што ўзнiкалi i рушылiся, людзi паводзiлi сябе нерашуча, нясмела, але паступова стварэнне iх рабiлася прывычнай справай. Наперад выступалi важакi, узнiкалi правiлы, нараджалiся законы. I чым далей на захад забiралiся гэтыя грамадствы, тым больш дасканалымi i добраўпарадкаванымi яны рабiлiся, бо стваральнiкi iх усё больш набiралiся вопыту.

Сем'i даведвалiся, якiя правы павiнны захоўвацца: права пабыць у адзiноце ў сваёй палатцы; права схаваць у сэрцы памяць аб горкiм мiнулым; права ўдзельнiчаць у гутарцы цi толькi слухаць; права адхiлiць альбо прыняць дапамогу; права прапанаваць дапамогу альбо адмовiць у ёй; права сына пазаляцацца да дзяўчыны i права дачкi прыняць заляцанне; права галоднага быць накормленым i пераважныя правы цяжарных i хворых перад усiмi iншымi правамi.

Сем'i таксама даведвалiся, хоць нiхто iх гэтаму не вучыў, якiя правы тояць у сабе зло i падлягаюць вынiшчэнню: права парушаць чыю-небудзь адзiноту, узнiмаць шум, калi лагер спiць, права спакусiць дзяўчыну, гвалцiць, права на пралюбадзейства, крадзеж i забойства. Гэтыя правы няшчадна душылiся, бо калi iх не выкаранiць, гэтыя маленькiя грамадствы i ночы адной не праiснавалi б.

I па меры таго як грамадствы гэтыя ўсё далей пасоўвалiся на захад, правiлы самi сабой атрымлiвалi сiлу законаў. Незаконна пэцкаць каля лагера; незаконна брудзiць пiтную ваду; незаконна сытна i смачна есцi на вачах у галоднага i не падзялiцца з iм ежай.

А з узнiкненнем законаў узнiкалi i кары - кары ўсяго двух вiдаў: кароткае, але жорсткае збiванне цi выгнанне; выгнанне было больш суровай карай. Бо калi хто пераступаў закон, iмя яго i твар заўсёды былi з iм, i не было яму месца нi ў якiм з гэтых грамадстваў, дзе б яно нi стваралася.

Маральныя асновы ў такiх грамадствах былi цвёрда акрэсленыя i строгiя: мужчына абавязкова павiнен быў паздароўкацца пры сустрэчы, мужчына мог жыць з жанчынай, калi начаваў разам з ёю ў палатцы, калi стаў бацькам i абаронцам яе дзяцей. Але ён не мог спаць сёння з адной, а заўтра з другой, бо гэта пагражала бядой грамадству.

1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 109
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек.
Комментарии