Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Проза » Проза » Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Читать онлайн Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 40 41 42 43 44 45 46 47 48 ... 109
Перейти на страницу:

- Вы з гэтых краёў?

- Не, з Усходу. На Захад едзем.

- Ну пашукайце. Хоць двор увесь спалiце, мне што.

- Ты, я бачу, не вельмi гаспадара свайго любiш.

Валочачы ногi, чалавек падышоў блiжэй i зноў блiснуў сваiм адзiным вокам.

- Цярпець яго не магу, - вымавiў ён цiха. - Цярпець не магу гэту сволач! Цяпер во дамоў падаўся. Паехаў сабе дадому. - Словы вывальвалiся з яго вуснаў, налятаючы адно на адно. - Такую прывычку сабе завёў... такую прывычку чапляцца i дражнiцца. Ён... ён сволач! Дачка ў яго, дзевятнаццаць гадоў, прыгожанькая з твару. Дык ён пытаецца: "Як ты наконт таго, каб ажанiцца з ёю?" Гэта ён у мяне пытаецца! А сёння кажа: "Вечарам танцы будуць. Ну як, пойдзеш?" Гэта ён мне кажа - мне! - На вачах у яго выступiлi слёзы, пакацiлiся з пустой чырвонай вачнiцы па шчацэ. - Далiбог, калi-небудзь вазьму i схаваю трубны ключ у кiшэнi. Такое мне гаворыць i на маё выбiтае вока зырыцца. Я... я гэтым ключом галаву яму адкручу... накiну i проста з шыi скручу, гэтак лёгенька буду паварочваць. - Ён задыхаўся ад шаленства. - Лёгенька паварочваць буду i з шыi скручу.

Сонца схавалася за горы. Эл паглядзеў на двор, завалены разбiтымi машынамi.

- Вунь, Том, глянь! Здаецца, "додж" дваццаць пятага цi дваццаць шостага.

Том павярнуўся да аднавокага:

- Зiрнуць можна?

- Чорт з вамi, бярыце што трэба.

Прабiраючыся мiж мёртвых аўтамабiляў, Том з Элам накiравалiся да закрытай iржавай машыны, што стаяла на спушчаных шынах.

- Так i ёсць, дваццаць пятага! - усклiкнуў Эл. - Зняць паддон можна, мiстэр?

Том апусцiўся на каленi i зазiрнуў пад машыну.

- Ужо зняты. Аднаго шатуна няма. Ага, ужо няма. - Ён запоўз пад машыну. Эл, вазьмi ручку i пакруцi. - Ён пахiстаў шатун на валу. - Усё застылым маслам залеплена. - Эл пацiху паварочваў завадную ручку. - Цiшэй! - крыкнуў Том. Ён падабраў з зямлi трэску i саскроб з падшыпнiка i балтоў засохлае масла.

- Моцна расхiстаўся? - запытаўся Эл.

- Не, толькi крышачку, не страшна.

- Вельмi зношаны?

- Пракладкi ёсць, амаль усе. Ага, парадак. Яшчэ крышачку крутнi. Зараз апусцiцца, цiшэй! Ага, вось, хопiць. Цяпер збегай да грузавiка, ключ прынясi.

Аднавокi сказаў:

- Я дам вам скрынку з iнструментам. - Ён зашкандыбаў памiж iржавых машын да павецi i неўзабаве вярнуўся з бляшанай скрынкай. Том узяў з яе тарцовы ключ i перадаў Элу.

- Адкручвай. Толькi пракладак не згубi, не пазрывай балтоў, са шплiнтамi асцеражней. Не марудзь, хутка зусiм сцямнее.

Эл падлез пад машыну.

- Абавязкова трэба абзавесцiся тарцовымi ключамi, - пачуўся голас знiзу. З развадным нi да чога не дабярэшся.

- Паклiч, калi адзiн не справiшся.

Аднавокi з бездапаможным выглядам стаяў каля машыны.

- Я падмагу, калi трэба, - сказаў ён. - А ведаеце, што гэты сукiн сын яшчэ прыдумаў? Прыходзiць раз у белых штанах i кажа мне: "Хадзем пакатаемся на маёй яхце". Далiбог, я трахну яго калi-небудзь. - Ён цяжка дыхаў. - З тае пары, як я вока страцiў, у мяне не было нiводнай жанчыны. А ён мне такое гаворыць! - I буйныя слёзы пацяклi з яго вачэй, прамываючы баразёнкi на брудным твары каля носа.

Том з раздражненнем сказаў:

- Дык чаму ж ты тут тырчыш? Цябе ж пад вартай нiхто не трымае.

- Табе лёгка казаць. Не так проста работу знайсцi, ды яшчэ калi ў цябе аднаго вока няма.

Том крута павярнуўся да яго:

- Слухай, дружа. Ты хоць гэтым сваiм адным вокам на сябе паглядзi. Ты брудны ўвесь, ад цябе смярдзiць. Сам нарываешся на непрыемнасцi. Табе так хочацца. А потым сам сябе шкадуеш. Дзе табе, сляпому, думаць пра жанчын. Хоць павязку начапi, твар памый. Выкiнь з галавы - нiякiм ты ключом нiкога не заб'еш.

- Пажыў бы ты сам з адным вокам. I бачыш не так, як усе, i адлегласць правiльна не вызначыш - не можаш. Усё плоскiм здаецца.

Том сказаў:

- Галава ты яловая! Я вось шлюху ведаў адну без нагi. Дык, думаеш, яна па дзяшоўцы давала? Ого! Дзе там! Ёй яшчэ звыш паўдаляра прыплочвалi. Яна казала: "Цi шмат табе разоў даводзiлася з аднаногай спаць? Нi разу! Ну вось, кажа, атрымаеш асаблiвае задавальненне, а каштаваць табе гэта будзе ўсяго на паўдаляра больш". I плацiлi, далiбог, праўда, i нават лiчылi яшчэ, што iм пашанцавала. Запэўнiвалi, што гэта ўдачу прыносiць. А яшчэ гарбуна ведаў... у адным месцы. Зарабляў сабе на жыццё тым, што даваў пакратаць свой горб за грошы. Гэта таксама нiбыта ўдачу прыносiла. А ў цябе ж, госпадзi, аднаго толькi вока няма.

Аднавокi, запiнаючыся, сказаў:

- Дык жа ж усе цябе староняцца, нехаця такiм станеш.

- А ты завяжы чым-небудзь вока. А то выстаўляеш усiм напаказ, як карова заднiцу. Вельмi любiш шкадаваць самога сябе. А з табой нiчога ж такога. Штаны сабе белыя купi. Ты, вiдаць, найболей п'яны ў ложку валяешся i плачаш. Эл, табе памагчы?

- Не, - пачуўся адказ. - Падшыпнiк я ўжо зняў. Хачу поршань ссадзiць.

- Галавой не стукнiся.

Аднавокi цiха прамовiў:

- Думаеш... я магу яшчэ... каму-небудзь спадабацца?

- Абавязкова, - адказаў Том. - Кажы ўсiм, што пасля таго, як ты страцiў вока, у цябе нешта iншае добра адрасло.

- Куды вы, хлопцы, едзеце?

- У Калiфорнiю. Усёй сям'ёй. Думаем на працу там прыстроiцца.

- А як па-твойму, такому, як я, работа там знойдзецца? У мяне ж будзе чорная павязка.

- Чаму не? Ты ж не калека.

- Дык... можа, вы падвезяце мяне?

- О не! Мы самi так напакавалiся, што ледзь валачомся. Знайдзi нейкi iншы спосаб. Прывядзi да ладу якую-небудзь з гэтых развалiн i едзь.

- Што ж, магчыма, так i зраблю, далiбог.

Пад машынай нешта бразнула.

- Гатова, - пачуўся голас Эла.

- Дык вылазь, паглядзiм.

Эл падаў Тому поршань з нiжняй галоўкай падшыпнiка. Том працёр бабiтавую паверхню i ўважлiва агледзеў падшыпнiк.

- Здаецца, усё ў парадку, - сказаў ён. - Каб быў у нас лiхтар, мы сёння i паставiлi б.

- Ведаеш, Том, пра што я падумаў? - сказаў Эл. - У нас няма зацiскачкi. I паваждаемся ж мы з кольцамi, асаблiва з нiжнiмi, пакуль поршань уставiм!

Том сказаў:

- Мне неяк раз параiлi абкруцiць кольцы тонкiм латунным дротам, i ён зацiсне.

- А як яго потым зняць?

- Знiмаць не трэба. Сам расплавiцца.

- Тады лепш медны.

- Медзь слабейшая, - сказаў Том i павярнуўся да аднавокага: - У цябе знойдзецца тонкi латунны дрот?

- Хто яго ведае. Здаецца, адна шпуля недзе валяецца. А дзе, па-твойму, можна дастаць такую павязку на вока?

Шпулю яны знайшлi ў павецi, пакапаўшыся ў скрынях. Том уставiў шатун у цiскi i старанна абкруцiў дротам поршневыя кольцы, заганяючы iх глыбей у пазы; там, дзе дрот быў сагнуты, падраўняў яго малатком, потым, паварочваючы поршань, лёгенька пастукваў па ўсёй паверхнi, каб дрот нiдзе не выпiраў. Нарэшце правёў па поршнi пальцам, правяраючы, цi ўсё легла ўпоравень з паверхняй поршня. У павецi хутка цямнела. Аднавокi прынёс кiшэнны лiхтарык i накiраваў прамень святла на цiскi.

- Ну вось, гатова! - сказаў Том. - Паслухай, колькi возьмеш за лiхтарык?

- Ён ужо добра выгараў. За новую батарэйку я заплацiў пятнаццаць цэнтаў. Ну бяры ўсё за... трыццаць пяць.

- Згодзен. А колькi з нас за шатун з поршнем?

- Проста не ведаю, што вам сказаць. Калi б гаспадар тут быў, ён праверыў бы па прэйскуранту, колькi каштуе новая запчастка, i, пакуль ты тут важдаешся, паспеў бы выведаць, цi сур'ёзна ты засеў i колькi ў цябе манеты, i за тое, што па прэйскуранту каштуе восем зялёненькiх, запрасiў бы пяць. Пачнеш таргавацца, да трох збавiць. Вось ты ва ўсiм мяне вiнавацiш, але ж, далiбог, ён сволач. Бачыць, што табе да зарэзу трэба. Бывае, за дыск счаплення здзярэ больш, чым уся машына яму каштавала.

- Во як! Ну, а ўсё-такi, колькi з мяне?

- Каля даляра, думаю.

- Добра. I яшчэ за тарцовы ключ чвэрць даляра дам. З iм удвая лягчэй пойдзе. - Том перадаў аднавокаму грошы. - Дзякуй. А вока сваё чым-небудзь прыкрый.

Том з Элам селi ў машыну. Было ўжо зусiм цёмна. Эл запусцiў матор i ўключыў фары.

- Ну, бывай, - крыкнуў Том. - Можа, у Калiфорнii ўбачымся. - Грузавiк развярнуўся на шашы i паехаў.

Аднавокi пастаяў, пазiраючы яму ўслед, потым пайшоў цераз павець у сваю халупку. Там было цёмна. Ён вобмацкам прабраўся да матраца на падлозе, лёг i заплакаў, а машыны, што з вiскатам праносiлiся па шашы, толькi шчыльнейшымi рабiлi сцены яго адзiноты.

Том сказаў Элу:

- Калi б ты мне напачатку сказаў, што мы дастанем гэту штуковiну i сёння ж паставiм, я цябе вар'ятам абазваў бы.

- Сёння абавязкова скончым, - сказаў Эл. - Толькi ты сам усё рабi. Я баюся, зацягну падшыпнiк крыху тужэй, ён расплавiцца, недацягну - стукаць будзе.

- Пастаўлю, - сказаў Том. - Паляцiць дык паляцiць. Што зробiш.

Эл углядаўся ў густы змрок. Святла фар было недастаткова, каб разагнаць яго; спераду, на дарозе, трапiўшы на iмгненне ў прамень рэфлектара, зялёным агнём блiснулi вочы кошкi, што выйшла на начное паляванне.

- А здорава ты яго прапясочыў, - сказаў Эл. - Управiў яму мазгi.

- Сам, дурань, напрасiўся. Усё пад'юджвае сябе, ные, усе свае беды звальвае на вока. Абiбок, неахайнiк. Можа, i возьмецца за розум, калi зразумее, што людзi наскрозь яго бачаць.

- Я, Том, не вiнаваты, што падшыпнiк згарэў.

Хвiлiну памаўчаўшы, Том адказаў:

- У мяне проста рукi свярбяць на цябе, Эл. Заладзiў адно i тое, баiшся, што цябе будуць лiчыць вiнаватым. Але не станавiся ў позу, калi цябе не чапаюць. I ўсё добра будзе.

1 ... 40 41 42 43 44 45 46 47 48 ... 109
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек.
Комментарии