Албанскае танга - Вінцэсь Мудроў
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Калі, на ватных нагах, ён увайшоў у разлеглы, падобны да залы, кабінет і ўбачыў рабаціністага недаростка, што падняўся з-за стала, дык не пазнаў у ім вялікага Сталіна, пра якога столькі чуў, столькі чытаў і партрэты якога віселі па ўсёй Албаніі. І толькі калі пабачыў недаростка зблізку і паціснуў мяккую, сухую навобмацак руку, пераканаўся, што перад ім правадыр сусветнага пралетарыяту. ...Тады, у галодным 1947-м, Сталін даў Албаніі 6 мільёнаў долараў і дармавую зброю. І вось цяпер, напярэдадні візіту Хрушчова, ён загадаў прыбраць з вуліц сталінскія партрэты.
- Энвер! - пачуўся з-за спіны дакорлівы жончын голас.
«Так, трэба ісці спаць», - падумаў Энвер, паціраючы скроні. Сонца ўжо напалову схавалася за небасхіл, кідаючы апошнія кволыя промні на двухгорбую выспу. Цяпер ужо і без бінокля можна было ўгледзець на вяршынях гарбоў высокія мачты - савецкія вайскоўцы разгарнулі там станцыю радыёсачэння, - і Энвер, пазіраючы на выспу, кожнага разу ўздыхаў. Яму здавалася, што саветы цяпер чуюць кожнае прамоўленае ім слова.
Набліжаўся да скону восьмы дзень візіту Мікіты Хрушчова ў Албанію. За гэтыя восем дзён Энвер дарэшты асіп, чытаючы прамовы на мітынгах, якія ладзілі з нагоды візіту, збіў ногі, бегаючы за высокім савецкім госцем, і кінуў сам сябе паважаць ад тых дыфірамбаў, якімі мусіў ганараваць пасланца далёкай Масквы. Хрушчоў, між тым, паводзіў сябе як той сакратар райкаму партыі, што прыехаў з праверкай у падуладны калгас. «А што ў цябе там?» - пытаўся, паказаўшы пальцам на які-небудзь пакарабачаны комін. - «А што вунь там?» І даводзілася запабежліва, на паўсагнутых нагах, тлумачыць шаноўнаму мусафіру, што гэта дыміць комін кацельні, а вунь там, пад гарой, у нас тытунёвая плантацыя. Мала таго, давялося разгортваць перад цікаўным госцем планы арашальных каналаў і дрэнажных сістэм. Хрушчоў няўцямна, закапыліўшы губу, глядзеў на гэтыя планы, усім сваім выглядам даючы зразумець, што яны яго мала цікавяць. Высокага госця - гэта Энвер ведаў дакладна - цікавіла толькі адно: магчымасць разгортвання на албанскім узбярэжжы ваенных баз.
Гэтую ноч Хрушчоў са сваім міністрам абароны Маліноўскім гасцяваў у летняй рэзідэнцыі Энвера на беразе Улёрскай бухты. Віла і ранейшым часам добра ахоўвалася, цяпер жа ахоўнікі сядзелі ледзь не пад кожным дрэвам.
Энвер сцярожка, бязгучным ценем, праслізнуў у спальню, распрануўся да трусоў. Потым падышоў да вакна, адсунуў штору. Знадворку ўжо панаваў прыцемак. Ад бліжэйшага да вакна дрэва аддзялілася чыясьці размытая постаць. Вілу сёння ахоўвалі не толькі ягоныя людзі, але і савецкія гэбісты.
- Ну як там? - запыталася Нэджміе. Жонка ўжо ляжала ў пасцелі, да падбароддзя накрыўшыся прасцінай.
- Напіўся... як свіння.
Жонка ўзбіла падушку, з дакорам выдыхнула:
- Энвер!
Нэджміе не здавалася - яна была перакананая, што саветы праслухоўваюць іхнія размовы.
Энвер плюхнуўся на свой ложак - спалі яны паасобку, бо разам ляжаць было горача, - закінуў рукі за патыліцу.
- Во прыспелі часіны - на ўласнай віле слова не скажы. Хто тут, урэшце, гаспадар? Я ці Мікіта?
- Энвер! - ужо з трывогай у голасе паўтарыла Нэджміе.
Тое, што Хрушчоў збіраецца яго прыбраць і паставіць на чале партыі і дзяржавы свайго чалавека, Энвер даведаўся яшчэ тры гады таму - ад надзейнага інфарматара з Масквы. Ды што там інфарматар. Тут і так усё было зразумела.
Энвер таксама ўзбіў падушку, змучана ўздыхнуў.
Усіх кіраўнікоў, што паважалі і любілі Сталіна, ціха, без пылу і шуму, даканалі. Готвальд, які ніколі не скардзіўся на здароўе, памёр немаведама ад чаго. Берута выклікалі ў Маскву і назад у Варшаву небараку прывезлі ў цынкавай труне. Ракашы сядзеў недзе ў Саюзе пад хатнім арыштам. Чэрвенкава абвінавацілі ў кульце асобы і скінулі з пасады. Добра яшчэ, што не забілі. Пры ўладзе застаўся толькі ён, Энвер Ходжа.
- Але я проста так не здамся! - прашапталі сасмяглыя вусны, і Нэджміе, прыўзняўшыся на ложку, запытала: - Можа, снатворнага даць?
Муж махнуў рукой, адвярнуўся да сценкі.
Усё ж такі дарма ён даў згоду на размяшчэнне савецкай базы тут, у Улёрскай бухце. А ўсё з-за чортавых савецкіх крэдытаў, без якіх краіне проста не выжыць. Цяпер вось збіраюцца непадалёку, за пяць кіламетраў ад вілы, будаваць ваенны аэрадром. Пабудуюць і прылятуць пэўнай ноччу... на дэсантных самалётах. Аточаць вілу, а хто будзе супраціўляцца - перастраляюць. І ў той жа дзень пленум арганізуюць, які назавуць гістарычным і на якім рашуча асудзяць яго, Энвера, культ асобы. Ды што там аэрадром. Яны і сёння могуць падагнаць да вілы пару ваенных катэраў... Пагатоў, да савецкай марской базы ўсяго некалькі кіламетраў.
Сну не было, а заўтра ў яго цяжкі дзень. Заўтра ад ранку яны вернуцца ў Тырану, Хрушчоў будзе закладваць першы камень у падмурак Палаца культуры, які саветы збіраюцца пабудаваць, а на яго, першага сакратара ЦК Албанскай партыі Працы, будзе ўскладзеная адказная місія - з урачыстай пашанотай трымаць хрушчоўскі капялюш. Мікіта, відаць, цяпер спіць, п’яны. Магчыма, нават дае храпака. Энвер прыслухаўся, у спадзеўцы пачуць натужнае храпенне, - высокі госць спаў у супрацьлеглым крыле,
- але пачуў толькі далёкае тахканне, усё адно як дзяцел дробна стукаў па збуцьвелым дрэве. Гэта вартавы савецкі катэр сноўдаў па бухце, ахоўваючы пакой і сон Мікіты Хрушчова. Энвер яшчэ паўгадзіны пакруціўся ў ложку, а потым клікнуў жонку і папрасіў прынесці снатворнага.
IV
Дарога бегла па раўніне, сям-там пазначанай роўнымі шнурамі вінаграднікаў. За шыбамі праплывалі невялікія гарады і мястэчкі з дзіўнымі назвамі: Кавая, Рагожына, Люшня, - і Мікола, пазіраючы на гадзіннік, усё тапіў і тапіў понаж газу. Наперадзе, як паведаміў Петрыт, былі горы, а пнуцца па горных дарогах у цемры, ці хаця б у суцемках, яму ніяк не выпадала.
Петрыт добрых сорак кіламетраў упікаў пляменніка, а потым, пабачыўшы, што той яго не слухае, аціх, зачасаў далонямі валасы на патыліцу і загаварыў па-расейску.
- Ведаеш, Мікола, я ж таксама, як быў падлеткам, з дому збягаў, - спадарожнік прыпаліў чарговую, немаведама якую па ліку, цыгарэту. - Прачытаў у піянерскай газеце, што на рацэ Мат пачалі будаваць гідраэлектрастанцыю, ну і мне захацелася, як тады казалі, унесці свой даробак у справу пабудовы сацыялізму. А яшчэ прагнуў з савецкімі спецыялістамі сустрэцца. Пра іх газеты ўвесь час пісалі. Мне яны тады ўяўляліся нейкімі волатамі, што прыплылі з-за мора. І вось аднойчы ехалі з нашага горада добраахвотнікі ў Люшню, якую мы зараз прамінулі. Тут вакол балоты былі. Вось іх і ўзяліся асушваць. І на гэтую справу ў асноўным моладзь адмабілізоўвалі. Карацей, пакуль быў мітынг, я ў кодаб машыны залез, забіўся пад лаўку ды яшчэ і брызентам прыкрыўся - каб мяне не заўважылі. Так да Люшні і даехаў. Ну а там мяне і злапалі. Добра яшчэ, знаёмыя хлопцы былі. Крыкнулі: «Дык гэта ж Лігораў сын!» Лігор - гэта бацька мой. Дарэчы, герой партызанскай вайны. Ну і пачалі распытваць: на якую халеру я, смаркач, на цаліну прыехаў? Адказаў ім, што еду не балоты асушваць, а будаваць гідраэлектрастанцыю на рацэ Мат. А яшчэ паведаміў, што мару савецкіх спецыялістаў убачыць, пра якіх піянерская газета піша. Усе, вядома, зарагаталі. А потым мяне да аднаго дзядзькі падвялі. Высокі такі мужчына, і вопратка не такая, як у албанцаў. «Вось, кажуць, Іван Іванавіч, савецкі інжынер-меліяратар». Я ад нечаканасці разгубіўся. Нават скуранку памацаў, якая на мужчыне была, каб пераканацца, што перада мной сапраўдны савецкі спецыяліст. Ну, мы з ім пагаманілі, - праз перакладчыка, вядома, - Іван Іванавіч крэкнуў, палашчыў пяцярнёй мае валасы і сказаў: «Будзеш мець у школе добрыя адзнакі, у Савецкі Саюз паедзеш, на інжынера вучыцца». І часопіс «Гидротехника и мелиорация» падарыў - першы нумар за 1952 год. Гэта каб я па ім расейскую мову вучыў. Адвячоркам мяне на той жа машыне дадому выправілі. Бацька, вядома, дубца даў. Але такой бяды. Галоўнае, я вярнуўся з вандроўкі зусім іншым чалавекам. Займеў уласную мэту ў жыцці: паехаць у Саюз і вывучыцца на інжынера. Цэлымі днямі расейскую мову штудыяваў. І ўсе расейскія кніжкі перачытаў, што ў гарадской бібліятэцы былі. Ну і вывучыў, урэшце. Я і некалькі беларускіх слоў памятаю. Картошка - бульба; утро - раніца; учебник - падручнік... Правільна кажу?
Мікола з вясёлай усмешкай кіўнуў і бязгучнымі вуснамі прашаптаў: «Во, бляха, албанец і той нейкія беларускія словы запомніў. А ў нас у аўтабазе і таго не ведаюць».
- Та-ак... мы, маладыя, пра штосьці марылі, да нечага імкнуліся, - Петрыт пакасіўся на пляменніка. - А сённяшняя моладзь пра што марыць?
Мікола пераключыў перадачу, сцепануў плечукамі.
- А ты ў Фатоса спытай. І ён распавядзе табе пра сваю запаветную мару: пасяліцца ў Неапалі і гатаваць піцу ў тамтэйшай кавярні.
- Дзіўная мара, - буркнуў Мікола, не адрываючы вачэй ад дарогі. - Машына пераадольвала зацяжны пад’ём.