Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Проза » Русская классическая проза » Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Читать онлайн Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61
Перейти на страницу:
бо ў доме было цёмна і зьніклі ўсе вокны.

І тут зазваніў тэлефон. Баравой Дохлы нехаця палез у кішэню сваіх салдацкіх штаноў.

«Да», — сказаў ён, і на грудзі яму капнула сьліна, ружовая і густая. — «Да! Да-да-да!»

«Ничего, я успею,» — сказаў Баравой Дохлы, хаваючы тэлефон у кішэнь. — «Маленькая девочька, маленькій язык, маленькие заботы… Когда я вернусь, вы будете крепко спать. Спокойной ночи!»

І ён выйшаў з дамка, замкнуўшы за сабой дзьверы. Лёся і Лёччык засталіся ў поўнай цямрэчы.

А цагляны будынак, на якім усё яшчэ вісела шыльда з надпісам «Паграничный кантрол», пачаў запаўняць газ.

Гэты газ пах салодкімі лугавымі кветкамі. Ён пах так добра, што на імгненьне Лёсі і Лёччыку падалося, што гэта вецер прынёс з лугу гэты цудоўны водар. Але вось Лёся пачала пазяхаць, і вочы яе сталі прасіцца, каб яна дазволіла ім трохі паабдымацца. Лёччык глядзеў на яе з трывогаю — аднак як яна магла яе пабачыць? Газ ішоў аднекуль збоку, Лёччык паспрабаваў адшукаць, адкуль менавіта, але было так цёмна, што ён знайшоў толькі мыш. Мыш-палёўку, якая даўно ўжо спала.

Яны пачулі, як за дзьвярыма нецярпліва топчацца па бітай цэгле Баравой Дохлы.

«Лёся», — паклікаў яе Лёччык, але яна адказала не адразу.

«Што? Лёччык, здымі… Здымі зь мяне гэты сон. Я ведаю, ты можаш».

«Не здыму», — маркотна сказаў Лёччык. — «Не магу».

«Лёччык», — цяпер ужо яна паклікала яго слабым голасам. — «Хто ты, Лёччык?»

«Я ня ведаю», — сказаў Лёччык. — «Раней я думаў, што я звычайны хлопчык. А цяпер ня ведаю. Але я твой брат, можаш не сумнявацца».

Цяпер пакой пахнуў так, як быццам іх зь Лёччыкам душылі букетам кветак.

«Можа, зараз прыедзе доктар і нас уратуе?» — спытала нябачная ў цемры і амаль нежывая Лёся.

«Ён не пасьпее», — сказаў Лёччык. — «А табе так хочацца назад у лягер? А як жа Брэмэн? Мы ж былі так блізка».

«Дурны Лёччык», — пачуў ён Лёсін шэпт, цішэйшы за шыпеньне газу. — «Ты так і не дапяў, што гэта было?»

«А што?» — засьмяяўся Лёччык. — «Паслухай, Лёся».

«Што?»

«Здаецца, нам час разьвітацца».

«Я памру?»

«Не», — прамовіў Лёччык абурана. — «Цябе што, ваўкі ўкусілі? Ты не памрэш. Проста мы разьвітаемся зараз. Назаўсёды. А ты абавязкова ідзі далей. А зараз слухай мяне…»

Потым было шмат чаго. Лёся ніколі не любіла пра гэта згадваць. Дый каму захочацца згадваць пра тое, як ты доўга-доўга сядзеў унутры свайго роднага брата. Таму што калі Баравой Дохлы ўвайшоў у гэтую зруйнаваную будыніну і ў вокны зноў засьвяціла нядобрае сонца (проста ў яго ў той дзень быў ня самы лепшы настрой), ён не знайшоў там ні Лёсі, ні Лёччыка. Усё было як раней, калі ён выходзіў — і толькі ні смачнай бруднай дзяўчынкі, ні малога алігафрэна нідзе не было відаць. Ён тупа пахадзіў з кута ў кут, адчуваючы крыўду і голад. Усё было безнадзейна. Бітая цэгла, Дошкі, недапалкі, матрацы, згнілыя коўдры, кавалкі брызэнту… Газэтнае ашмецьце, зьдзьмуты гумовы мяч, зламаны парасон… Старыя плякаты, купкі чалавечага дзярма, пустыя бутэлькі з-пад пладова-ягаднага віна, бронзавыя бюсты і гіпсавыя скульптуры розных клясыкаў, генэралаў і іншых даўно памерлых герояў з адбітымі насамі, некаторыя амаль у натуральную велічыню…

Калі прыехалі людзі ад доктара, ён сышоў у лес. Яны пачакалі трохі, пахадзілі вакол дома, пакурылі, седзячы на кучах цэглы, памацюгаліся — і зьехалі ні з чым. Радавой Бохан быў ужо далёка. Ішоў за адным грыбніком і слухаў, як той нешта бубніць сабе пад нос. З доктарам усё роўна давядзецца гаварыць. Дык у Радавога Бохана зьявілася ідэя яго задобрыць. Вось, напрыклад, гэты мужычок з кошыкам…

А Лёся, счакаўшы, колькі было трэба, пачала рухаць рукамі і нагамі — і падстаўка нарэшце адвалілася. Ёй зусім не задушліва было сядзець у тым прыгожым помніку, у які ператварыўся яе брат — ён пакінуў ёй сваё дыханьне, усё да кропелькі. Толькі вось рукі і ногі здранцьвелі. Лёччык быў меншы за яе ростам, і як ён ні стараўся выпнуць грудзі і раскінуць рукі — усё роўна сядзець у ягоным нутры было даволі нязручна.

Яна хутка зрабіла гімнастыку — і кроў заструменіла па жылах, як трэба. Потым паставіла помнік на ногі і захінула брызэнтам. Яна спадзявалася вярнуцца сюды.

Дзіўна, але яна амаль ня плакала. Ну, хіба што зусім трошкі. Урэшце, пераконвала яна сябе, адбылася даволі простая хімічная рэакцыя. Вільготная гліна зрабілася сухая. Застыла. А ператварыць яе назад у Лёччыка нельга. Лёччык сам ёй патлумачыў, перад тым, як разьвітацца. Калі намачыць яго, атрымаецца проста бессэнсоўнае месіва. Такая гліна, сказаў ён, ператвараецца толькі аднойчы. Дый тое неабходна ведаць заклёны, а іх ведаюць толькі дарослыя. І зноў жа, ня ўсе. Так было трэба камусьці. Толькі вось каму?

Адной у лесе было ня тое што жудасна, але вельмі нязвычна. Яна ўжо так доўга не заставалася адна… Спрытна абмінаючы шэрыя яліны, якія, бы тыя бярозы ды сосны, даўно зрабіліся ёй сёстрамі, Лёся ішла празь лес, і ёй усё падавалася, што недзе паблізу ходзіць Баравой Дохлы. Таму яна заблытвала сьляды, як магла. А сілы ў нагах заставалася ўсё меней.

Уначы яна прыгадала, як аднойчы, калі яшчэ жыла з бацькам, ён пакінуў яе адну ў кватэры. Ён думаў, што яна сьпіць. А яна прачнулася сярод ночы — бо па кватэры нехта хадзіў. Вядома ж, першай яе думкай было, што гэта тата, і яна, прыхапіўшы самую сьмелую са сваіх лялек, вызірнула ў калідор. І пабачыла там сьпіну — зусім чужую сьпіну з чыста паголенай патыліцай.

Той чалавек хадзіў па кватэры, крадучыся, адчыняў шуфляды і шафы, корпаўся ў іх, шукаў нешта. Ён зайшоў і да яе ў пакой — а яна, выставіўшы наперад сваю самую сьмелую, самую-самую адважную ляльку — як жа гэта яе звалі? — стаяла за фіранкай і старалася ня дыхаць.

Чалавек адкінуў коўдру на яе ложку, пасьвяціў ліхтарыкам, паціснуў плячыма і пачаў правяраць кошык для бруднай бялізны. Ён залез нават туды, у кут, дзе ў вялікай скрыні ляжалі яе цацкі. А яна стаяла за фіранкай і думала: калі ён яе знойдзе — ці гаварыць зь ім? Ёй нельга было гаварыць на Языку — тата строга забараніў ёй гэта. Ёй хацелася закрычаць — але яна ведала, што крычаць нельга. Ніхто ня мусіў пачуць, як размаўляе дзяўчынка з гэтай кватэры.

Чалавек сышоў, акуратна павярнуўшы ключ у замку. Яна ня ведала, ці прыхапіў ён нешта з сабой. Яна ня ведала, што ён

1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 61
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич.
Комментарии