Бары-бэры - Уладзімір Някляеў
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Вам гэта больш, значна больш спадабаецца! І жонцы вашай глянецца, мяркую...
Ён садраў газеты - і Сяўко ўбачыў сябе. Не аднаго сябе, бо на карціне - а гэта была карціна - былі яшчэ іншыя людзі, але найперш Сяўко ўбачыў самога сябе. Ён нахіліўся, каб лепей сябе разгледзець, і прачытаў пад карцінай надпіс...
Карціна называлася: «А. Міцкевіч, А. Дабралюбаў, В. Бялінскі і А. М. Сяўко каля ложа М. А. Някрасава ў перыяд «Апошніх песень».
У Сяўко ажно галава закружылася... Во гэта кампанія! Гэта вам не праектны інстытут, не пяцёра маставікоў!
- А як вы... скуль вы... - пачаў ён падбіраць словы, каб спытаць вялікага рускага мастака, якога ледзь не прыняў за алкаша, за злодзея, скуль жа той ведаў столькі гадоў назад, што Сяўко пазнаёміцца з Міцкевічам, Дабралюбавым, Бялінскім і будзе гуляць з імі ў карты каля ложа Някрасава, а вялікі рускі мастак угадаў ягонае пытанне:
- Прадбачыў.
Во гэта геній! А Бялінскі: кампазіцыя, кампазіцыя...
- І што цяпер... як... - зноў замямліў Сяўко, любуючыся сабой на зэдліку паміж Міцкевічам і Дабралюбавым каля ложа Някрасава, у галаве якога стаяў, бо не меў на што сесці, не на столік жа сядаць, Бялінскі (стаіць Бялінскі!), і геніяльны рускі мастак зноўку ўсё ўгадаў:
- Ды ніяк. Забірайце. І прывітанне вашай жонцы... Прыемная ва ўсіх адносінах дама, я з ёй у Маскве сустракаўся.
Во як! Усё ж Алёна была ў Маскве, а не ў Піцеры!.. І цягалася з гэтым...
- Чаму цягалася?.. - не спадабалася тое, як падумаў Сяўко пра жонку, мастаку Крамскому. - Мы з ёй міла бавілі час. Яна... як бы гэта вас не пакрыўдзіць... яна казала, што ніколі вас не кахала, усё жыццё чакала мяне. Вельмі шкадавала, што я памёр.
Гульнула! Ды яшчэ з нябожчыкам! Ну, Алёна! Усё ёй бары-бэры!..
- Добра, - прысланіў Сяўко да парэнчаў копію. - Мяняемся, калі так.
Ён узяў арыгінал і, нават дзякуй не сказаўшы мастаку І. А. Крамскому, які, чакаючы падзякі, прыўзняў капялюш, выйшаў на вуліцу.
Ісці было няпроста. Калі спрабаваў несці карціну спераду, рама балюча біла па галёнках, ззаду - па лытках. Збоку адной рукой не ўтрымаць, дзвюма - спіну перакручвала... І раптам Сяўко здалося, што ў каторы раз, не толькі сёння, а ўчора і заўчора, тыдзень, месяц, год і дваццаць гадоў таму, ад самага дня народзінаў ён цягаецца з гэтай непатрэбнай яму карцінай, якая б’е і б’е па галёнках і лытках - і не можа яе выкінуць, бо некалі яна каштавала 130 рублёў, а цяпер ён на ёй намаляваны разам з Някрасавым. І што з таго?.. Ну хоць бы 1300 рублёў яна каштавала, а ён быў намаляваны на ёй хоць з Папам Рымскім - што з таго? Нічога. Папа - гэта Папа, 1300 рублёў - гэта 1300 рублёў, а ён, Сяўко, - гэта ён, Сяўко. І яго самога значна болей без Папы і карціны, бо яны сцягваюць увагу з яго на сябе - вунь усе разявакі на вуліцы на карціну зыркаюць, а не на таго, хто яе нясе. І нават без 1300 рублёў яго болей, бо, калі ён мае 1300 рублёў, дык выходзіць, ці ва ўсялякім выпадку ўсе гэтак думаюць, што столькі ён і каштуе, а чаго ён насамрэч варты - хто ведае? Ніхто не ведае і ведаць не хоча, бо ўсім гэта - бары-бэры!..
Тая ж Алёна... Ведае яна, за каго замуж выйшла, з кім жыве?.. Ведала б - не цягалася б абы з кім... 3 нябожчыкамі...
Шкада, што Фёкла памерла. Перад самай яе смерцю, можа, за імгненне да таго, як яна крыкнула: «Позна!..» - Сяўко раптам адчуў, што яна і ёсць ягоная жанчына! Такая жонка не дазволіла б яму гібець нейкім шараговым інжынерам у праектным інстытуце - вунь на якую вышыню Някрасава ўскінула! Ці гэта не яна - Някрасаў яшчэ пра нейкую жонку казаў... Але ўсё адно: нехта ж Някрасава ўскінуў... Дый Міцкевіча - полькі ўвогуле крутлівыя...
Калі б Фёкла не памерла, дык хто ведае... Канечне, пазнавата, але...
Ён прыпыніўся, каб яшчэ раз паглядзець на карціну - і аслупянеў!.. «Во штукар! 3 той жа хеўры!.. Гіпноз наслаў, карціну за фотакартку выдурыў!»
Мастак...
У раме, якая біла і біла яго то па галёнках, то па лытках, быў фотаздымак, зроблены Любай: Кашын на канапе, у ягоных нагах - Каржакевіч, на венскім крэсле ў галаве Кашына - Маслюк, каля яго стаіць Зусман, а збоку на зэдліку - ён, Сяўко. Увесь аддзел маставікоў праектнага інстытута.
Пад фотаздымкам было напісана: «Прывітанне з Ізраілю. Зусман».
Гэта ўжо было занадта... «Жу-лі-кі!» - не стрываўшы, крыкнуў Сяўко, рвануўся назад, каб знайсці гэтага «мастака», разабрацца з усёй гэтай хеўрай, але цяжкая рама падбіла яму калені - і ён бразнуўся на ходнік, раскрывавіўшы нос, левую скулу і лабаціну...
- 3 Кашыным пабіўся? - спытала Алёна, калі ён даплёўся дахаты. - Расквасіў яму нюрбалку?..
Чаму ён павінен з Кашыным біцца, калі той памірае?
- Бо ты даўно з ім пабіцца павінен быў, - пачула, нібы сама з той хеўры, ягонае маўклівае пытанне Алёна. - Як можна гэтак ненавідзець адзін аднаго ўсё жыццё - і ні разу не пабіцца?
Кашын павярнуў да яе фотаздымак.
- Ён памірае... Вось... Увесь аддзел развітацца прыйшоў.
Алёна зірнула на фотаздымак абыякава.
- Навошта такі вялікі?.. І скуль тут Зусман?.. Ён жа ў Ізраіль даўно з’ехаў. І гады два як памёр.
Сяўко ўгледзеўся ў Зусмана... На фотаздымку той быў нават жывейшы, чым тады, калі жыў.
- Жывы ён, яны ўсе жывыя... - пачаў Сяўко, падумаўшы: «Божа! Як даўно я, ды ніколі не гаварыў з ёй па-людску!..» - і адставіў карціну, каб падысці да Алёны, абняць яе, прысесці з ёй на канапу так, каб яна паклала галаву яму на плячо, пагладзіць яе валасы, спытаць: «Як ты, любая? Што было з табой сёння, раскажы... Са мной дык вось што было...» - але Алёна адмахнулася, махальшчыца: «Няхай і ўсе жывыя, і ён жывы, мне бары-бэры! - і ткнула пальцам у фотаздымак. - Вось і ўсё вашае жыццё. Занясі ў падвал, куды яно тут...»
Сяўко падняў цяжэнную раму, спусціўся ў падвал і доўга сядзеў там, гледзячы, як цэдзіцца пыл скрозь павуцінне на закратаваным падвальным акенцы і ўспамінаючы такую нечаканую, якая толькі аднойчы ў жыцці можа здарыцца, сустрэчу. Ён шкадаваў, што не скарыстаў шанец, не застаўся з Дабралюбавым, Бялінскім і Міцкевічам каля ложа Някрасава ў перыяд апошніх песень, тады б, можа, усе былі б жывыя - і Фёкла б не памерла.
Сакавік 2011 г.