Блакит - Неизвестно
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
У калідорах і кабінетах на чацьвертым паверсе цэнтральнага корпусу, дзе размяшчаліся ўсе тры ідэалагічныя аддзелы, канечне ж, вяліся шэпты аб магчымых пераемніках АТК – узрост ёсьць узрост, нікуды не падзенешся. Лагічна было, што ў крэсла галоўнага ідэолага, як і колісь АТК, павінен перасесьці загадчык галоўнага ідэалагічнага аддзелу Паўлаў. На першы погляд, ён меў усе падставы для вылучэньня – і ўзрост, і дзелавыя якасьці з багатым службовым вопытам, і насамрэч жалезную арганізатарскую хватку, і ўменьне на высокім узроўні падрыхтаваць любы дакумент, за што яго высока цанілі Машэраў, а потым Кісялёў, і прэстыжнае вучонае званьне кандыдата навук з падыходам доктарскай дысертацыі, і членства ў Саюзах журналістаў, пісьменьнікаў, шматлікія публікацыі і кнігі. Праўда, вялікім мінусам быў ягоны характар, з якім, па словах АТК, у кабінеце галоўнага ідэолага той будзе паводзіць, як слон у лаўцы з посудам. І яшчэ: пэўна, каб выслужыцца і паспрыяць кар’еры, у анкеце той запісаў сябе рускім, хоць, здаецца, жменька старавераў на Браслаўшчыне, з якіх паходзіў Паўлаў, за столькі стагоддзяў, тым больш пры атэістычным сацыялізме даўно растварылася ў мясцовым насельніцтве. Дый справа павярнулася так, што Масква пачала сачыць і негалосна патрабаваць, каб на пасадзе галоўнага ідэолага ў саюзных рэспубліках быў прадстаўнік карэннай нацыянальнасьці. Канечне, пры жаданьні таго ж Машэрава ці потым Кісялёва, Сьлюнькова гэтае патрабаваньне можна і абыйсьці, але ці будзе тое жаданьне?.. Загадчык другога па значэньні ідэалагічнага аддзелу – навукі і навуковых установаў Юры Смірноў доўгія гады працаваў памочнікам у Машэрава, падобна, прытаміўся і ў знак удзячнасьці за добрасумленную працу атрымаў гэты аддзел, і ні па ўзросту, ні па вопыце работы, ні па нейкіх іншых якасьцях у патэнцыяльныя прэтэндэнты нават не каціраваўся. Затое значна маладзейшы за сваіх калегаў надзвычай амбітны загадчык аддзелу культуры Іван Антановіч быў абсалютна рэальным і найбольш верагодным пераемнікам АТК. Хоць ён і блізка ня меў такога паслужнога сьпісу на ідэалагічных пасадах, такога вопыту і хваткі, як у Паўлава, але быў прадстаўніком так званай новай наменклатурнай эліты – з вучоным званьнем доктара філасофскіх навук, прафесара, дасканалым валоданьнем замежнымі мовамі, вопытам, у тым ліку дыпламатычнай, працы за мяжой. Аднак нягледзячы на сваю вучонасьць, ён быў чалавек надзвычай саманадзейны, самаўлюбёны, на поўным сур’ёзе лічыў сябе вялікім стратэгам і дыпламатам, здольным бачыць і прадбачыць разьвіцьцё падзеяў, дакладна пралічваць кожнае сваё дзейства, кожны свой хітры крок як мінімум на пяць хадоў наперад. Аднак усе ягоныя хітрыя хады тут жа распазнаваліся нават маладасьведчанымі, маласпрактыкаванымі у кулуарна-закулісных гульнях дылетантамі. З яго аж перлі кар’ерныя памкненьні, і АТК з хітравата-паблажлівай усьмешачкай назіраў за ягоным местачковым інтрыганствам, іхняй з Паўлавым дробнай валтузьнёй-варажнечай, то падліваючы неўпрыкмет масла ў агонь, сутыкаючы ілбамі, то вялікадушна разводзячы, патрабуючы ад іх міру і згоды між сабой. Вялікі хітраван добра ведаў: пакуль прэтэндэнты варагуюць, гатовыя ў любы момант учапіцца адзін аднаму ў горла – яны ў ягоных руках, і бліскуча перайграў, абвёў вакол пальца абодвух: рэальнага і небясьпечнага прэтэндэнта сплавіў падалей у Маскву на заштатную пасаду прарэктара Акадэміі грамадскіх навук... Паўлаў жа перасядзеў АТК, так і не дачакаўшыся запаветнага кабінету на пятым паверсе, закончыў сваю кар’еру на пасадзе апошняга рэктара мясцовай ВПШ. А Антановіч усё ж зьдзейсьніў сваю блакітную мару – колькі часу пабыў ня проста, а другім сакратаром аперэтачнай Расейскай кампартыі на чале з адыёзным Палазковым. Пасьля правалу ГКЧП і разгону кампартыяў ці не бальшыня нашых землякоў-партфункцыянераў, застаўшыся ў Маскве без пасадаў і іншай сінекуры, як птахі з выраю, пацягнуліся на малую незалежную радзіму, дзе сустракалі іх надзвычай цёпла і гасьцінна, ледзь ці не імгненна ўладкоўваючы на ўплывовыя і грашавітыя пасады. Сярод гэтых, так сказаць, рэпатрыянтаў, канечне ж, не магло ня быць і Івана Антановіча, які ў адрозьненьне ад пераважнай большасьці валодаў ня толькі замежнымі еўрапейскімі, але і роднай беларускай мовай, якая стала дзяржаўнай і магла вельмі і вельмі спатрэбіцца... Антановіча паклікалі пад сьцягі тагачаснага прэм’ера Кебіча, пад якога наменклатура зварганіла канстытуцыю і рыхтавала ў прэзідэнты ледзь ці ня з царскімі паўнамоцтвамі. Іван Іванавіч з найвялікшым імпэтам узяўся за справу і неўзабаве зрабіўся самым актыўным, самым наступальна-агрэсіўным членам Кебічаўскай перадвыбарнай каманды, ейным стратэгам, тактыкам і агітацыйным рупарам. Штодня з ранку да ночы па тэлебачаньні, радыё, у газетах, на мітынгах і сустрэчах з выбаршчыкамі ён скарыстоўваў усё сваё красамоўства, даказваючы, які мудрэц і прафесіянал ягоны патрон і якія дылетанты, нікчэмнасьці ўсе іншыя прэтэндэнты на прэзідэнцкае крэсла. Кебіч бліскуча прайграў, тым ня менш ягоны верны рупар неўзабаве ўпісаўся ў сьвіту пераможцы, атрымаў выдатную магчымасьць праявіць свае дыпламатычныя таленты на высокай пасадзе міністра замежных справаў, аднак умудрыўся перахітрыць нават самога сябе, словам, наламаў дроў, і гаспадару нічога не заставалася, як выдаліць яго з дыпламатычнага ведамства...
Цяжка было не заўважаць, што пасьля Машэрава АТК неяк зьвяў, здаў нават зьнешне, стаў губляць ранейшую ўпэўненасьць, падстрахоўвацца, неахвотна браць на сябе рашэньне неадназначных пытаньняў. Праз нейкі час ён знайшоў паразуменьне з пераемнікам Машэрава Кісялёвым, акрыяў духам, але ненадоўга. Ціхан Якаўлевіч намерыўся памяняць галоўнага ідэолага. Ягоная адстаўка ў сувязі з выхадам на пенсію была абгавораная на сакратарыяце, узгодненая з Масквой. Але Ціхан Якаўлевіч з-за невылечнай хваробы неўзабаве адыйшоў, а прысланаму з Масквы новаму гаспадару рэспублікі Сьлюнькову, адразу ж празванаму дырэктарам ЦК, было не да ідэалогіі. Сьлюнькоў прыгадвае, што АТК быў першы з сакратароў ЦК, хто прыйшоў да яго, расказаў пра прынятае вуснае рашэньне і папытаў, што яму рабіць. Калі верыць Сьлюнькову, ён нічога не адказаў, прыкінуўшы, што зараз да гэтага ў яго ня дойдуць рукі, праз колькі дзён сустрэўся з Васілём Быкавым, каб пачуць ягонае меркаваньне пра стан ідэалогіі ўвогуле і праблемы творчай інтэлігенцыі ў прыватнасьці. Васіль Уладзіміравіч сказаў, што праблемаў хапае, але ня стаў пра іх гаварыць, заявіўшы: калі параўнаць з тым, што робіцца ў іншых рэспубліках, то можна лічыць, што ў нас іх няма, і вельмі пахваліў Кузьміна. Паклікаў АТК і сказаў: забудзьце пра тое рашэньне, працуйце... Але няўмольны час дыктаваў новыя ўмовы, патрабаваў сьвежыя падыходы, іншых выканаўцаў – пачыналася зараніца Гарбачоўскай перабудовы. АТК ня быў закасцянелым дагматыкам і кансерватарам, а хутчэй разумным і спакойным рэфарматарам, аднак дынамічная сацыяльная рэальнасьць ледзь ці не штодня стала высоўваць нязвыклыя праблемы, вытыркаць рэчы, пераступіць праз якія ён ня мог, ня выракшыся таго галоўнага, чаму служыў усё сваё жыцьцё. Праз колькі год зноў узьнікла пытаньне аб ягонай замене, ва ўсякім разе на ўзроўні другога сакратара ЦК Генадзя Барташэвіча, які вёў кадры. Наноў было ўзгоднена з Масквой, а пераемнікам яму быў названы, карыстаючыся фармуліроўкамі Барташэвіча, старшыня Дзяржтэлерадыё – малады, але вопытны, умелы, чуйны да новых праблемаў, здольны прымаць сьмелыя, адэкватныя выкліку часу рашэньні, аўтарытэтны ня толькі сярод навуковай і творчай інтэлігенцыі, але і ўсяго ідэалагічнага актыву рэспублікі, вядомы ня толькі ў Беларусі, а і ва ўсім Саюзе і за мяжой паэт Генадзь Бураўкін. І хоць гэтая кандыдатура не зусім падыходзіла пад патрабаваньні Слюнькова: на ўсе ідэалагічныя пасады ад сакратара да інструктара партыйных камітэтаў прызначаць толькі людзей, якія прайшлі загартоўку і школу на пасадах начальнікаў цэхаў, зьменаў, брыгадаў на прамысловых прадпрыемствах альбо брыгадзіраў, загадчыкаў жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў у калгасах і саўгасах, аднак Барташэвіч быў упэўнены, што той ня будзе пярэчыць супраць узгодненай у Маскве кандыдатуры Бураўкіна. Канечне ж, ні я, ні Генадзь пра тое нічога ня ведалі, хоць і даходзілі нейкія чуткі, але ўсё гэта падавалася на той час малаверагодным і амаль нерэальным. І ў Генадзя былі зусім іншыя планы і памкненьні – ён ссумаваўся па ўласнай творчасьці, на якую проста не хапала часу, прагнуў перабрацца на спакайнейшае месца, займець магчымасьць не прыхапкам, а грунтоўна заняцца рэалізацыяй нязьдзейсьненых за гэтыя гады творчых задумак. Ён быў ужо згодзен перайсьці на работу ў Саюз пісьменьнікаў, яшчэ нядаўна зьняўшы сваю кандыдатуру з абмеркаваньня, аднак АТК рашуча заявіў: і ня думай – ты мне патрэбен на тэлерадыё... Калі праз нейкі час у кабінет да Бураўкіна нечакана заявіўся Барташэвіч з інсьпектарам ЦК КПСС па Беларусі і Прыбалтыцы, Генадзю і ў галаву не прыйшло, што гэта агледзіны, і паводзіў сябе перад высокім маскоўскім госьцем абсалютна натуральна і раскавана, гаварыў без усялякай аглядкі, ад чаго Барташэвіч аж круціўся ў крэсьле, утыркаўся ў гаворку, намагаўся неяк згладжваць вострыя вуглы. А потым пазваніў задаволены і паведаміў і пра мэту візіту маскоўскага чыноўніка, і тое, што таму вельмі спадабалася і шчырая, вострая гаворка, і Генадзева кандыдатура, пра што і зробіць заключэньне свайму начальству. А затым АТК паклікалі ў Маскву, выразна намякнулі і спыталі, каго бачыць сваім пераемнікам. Адказаў, што не гатовы назваць адразу, папрасіў час падумаць. Яму назвалі кандытатуру Бураўкіна, і АТК як толькі мог стаў хваліць яго, у канцы зрабіўшы выразную заміначку: ёсьць адзін недахоп – заядлы беларускі нацыяналіст... Гэтага было дастаткова, каб пахаваць рэальнага суперніка. Я не хачу надта строга судзіць АТК – не ён адзін такім чынам падстаўляў падножкі супернікам, тады была, дый пэўна, жыве па сёньня гэтая звычайная практыка паддывановых наменклатурных гульняў...