Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Разная литература » Прочее » Блакит - Неизвестно

Блакит - Неизвестно

Читать онлайн Блакит - Неизвестно

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 74
Перейти на страницу:

Ды не для таго я сюды ішоў, каб сьлепа, пад казырок выконваць яго самадзейныя выдумкі і завіхрэньні па дратаваньні і без таго ўдратаваных астаткаў беларускасьці. Калі зусім шчыра, то і згадзіўся на гэтую пасаду, каб разам з Генадзем Бураўкіным рабіць беларускае радыё і тэлебачаньне нацыянальнымі, беларускімі, тым больш, што на гэты конт у мяне быў добры абкамаўскі вопыт па амаль поў­най беларусізацыі гарадзенскіх абласных тэле і радыёперадачаў. У мяне накапілася процьма праблемаў і прэтэнзіяў да рэспубліканскага тэлебачаньня і радыё, сярод якіх і незразумелы, дзіўны падыход: мясцовыя перадачы ў Гародні спрэс вядуцца па-беларуску, а выхады на Менск патрабуюць толькі па-руску, быццам бы ўжо гэта і не беларуская сталіца. Во цяпер будзе магчымасьць паставіць усё на сваё месца...

Але і недаацэньваць Паўлава, донкіхотнічаць, лезьці ўлабавую на ражон гэтаксама было б вялікім глупствам, шкодзіла б справе. Абгаварылі з Генадзем, выпрацавалі стратэгію і тактыку нашых паводзінаў. У прыватнасьці: калі Паўлаў пачне браць мяне за горла – буду спасылацца на Бураўкіна: маўляў, гэта ягоная ініцыятыва, ён не палічыў патрэбным узгадняць яе ні са мною, ні з ім, паколькі дэталёва абгаварыў усё з Машэравым... Удакладняць, высьвятляць ня тое што ў Машэрава, а нават у самога Генадзя, выдатна ведаючы, чыя ён крэарэтура і з чыёй ласкі насуперак ягонай волі прыйшоў на гэтую пасаду, мацёры кабінетны воўк Паўлаў нізашто і ніколі не асьмеліцца... Нашыя хітрыкі давалі плён. Сьцяўшы зубы, Паўлаў моўчкі мірыўся з паступовай, крок за крокам беларусізацыяй усіх без выключэньня накірункаў вяшчаньня, публічна не выказваючы сваёй незадаволенасьці, але, адчувалася, усё больш і больш расчароўваючыся ва мне. Першы раз, здаецца, адкрыта, непрыязна наляцеў каршуном пасьля выхаду ў лепшы вячэрні час цыклавой тэлеперадачы “Роднае слова”: ты куды глядзіш?! Што там робіцца?! Што, у гэткі час нельга паставіць нічога больш вартага?!. Я адбіўся даволі спакойна, спаслаўшыся на ўступнае слова патрыярха нашай літаратуры і навукі Кандрата Кандратавіча Крапівы, які вельмі высока ацаніў актуальнасьць і карысьць пачынаньня тэлевізійнікаў. З Кандратам Кандратавічам Паўлаў ня стаў упадаць у спрэчку, а мне загадаў штодня падрабязна дакладваць яму пра ўсё, што робіцца і што мае рабіцца ў тэлерадыёкамітэце. Ніякага сакрэту ў тым не было, і я рэгулярна заходзіў і расказваў яму пра вырашаныя і нявырашаныя праблемы, захады, якія прымаюцца па павышэньні ідэйнага і літаратурна-мастацкага ўзроўню, тэхнічнай якасьці вяшчаньня, усталяваньні патрабавальнасьці і адказнасьці, творчай атмасферы ў калектывах, пра падрыхтоўку новых цыклавых перадачаў. Ён слухаў дзе ўважліва, дзе ўпаўвуха, дзе ўвогуле сумаваў, адчувалася, яго больш цікавіць інфармацыя зусім іншага кшталту, пачынаў пераможна падкідваць нейкія невядомыя мне сумніўнага характару факты, патрабуючы праверыць ці пераправерыць і зрабіць афіцыйнае заключэньне. Для мяне было пытаньнем: адкуль гэта ў яго? Па лініі КДБ ці ад уласных сексотаў, якіх, казалі, мае ва ўсіх рэдакцыях, падведамасных арганізацыях і ўстановах? Натуральна, узьнікла патрэба сустрэцца і пазнаёміцца з аператыўным супрацоўнікам КДБ Валерам Саўчуком, які займаўся Дзяржтэлерадыё. Гэта быў сімпатычны, разумны і вельмі прыстойны хлопец, з якім мы адразу ж знайшлі паразуменьне і агульную мову – у прамым і пераносным сэньсе. Праз некаторы час ён атрымаў павышэньне – узначаліў свой аддзел, які курыраваў ня толькі тэлерадыё, а і ўсе сродкі масавай інфармацыі, таксама творчыя саюзы. А нам вельмі пашчасьціла, што на гэтым месце аказаўся сумленны чалавек. Як і тое, што памочнікам у Генадзя быў былы баявы разьведчык, падпалкоўнік КДБ, а чэкісты, як вядома, ніколі не бываюць у адстаўцы, Мікалай Гаўрылавіч Братушэнка – крыштальна сумленны і прыстойны чалавек, які ня проста падзяляў нашыя погляды і ўсё, што мы рабілі, але ў некаторых сітуацыях быў і сапраўдным нашым, а найперш Генадзевым анёлам-ахоўнікам... Нядаўна прачытаў мемуары аднаго вядомага літаратара. Калі верыць чорным па белым напісанаму, то выходзіць быў толькі адзін чалавек, які па-сапраўднаму дбаў пра беларускасьць, змагаўся за яе ўадзіночку, калі ўсе вакол, нават блізкія сябры не разумелі, заміналі, часам шкодзілі яму і, натуральна, ягонай тытанічнай місіі, ускладзенай на яго самой Гісторыяй, і тым ня менш ён выцягнуў на сваім гарбе ўсё нацыянальнае адраджэньне. Канечне ж, гэты волат, абранец Божы і ёсьць любімы аўтарам галоўны герой мемуараў. Дзіву даешся, як ён не надарваўся... Жарт жартам, але па вялікім рахунку часам непрыкметныя, без аніякіх прэтэнзіяўна гістарычную місію людзі кшталту таго ж Саўчука, Братушэнкі ці затурканых жанчынак-настаўніц роднай мовы непрыкметна, ціха, спакойна і самааддана рабілі для нацыянальнага адраджэньня ня менш, чым некаторыя пратэндэнты на ролю нацыянальных волатаў і месіяў...

Паўлаў, здаецца, ўсімі фібрамі душы ненавідзеў Бураўкіна, і на тое, пэўна, былі падставы. Генадзь для яго быў непапраўны, закаранелы нацыяналіст, можна сказаць, закляты ідэйны вораг, які заўсёды абыходзіў яго на паваротах. Непрыязь да незалежнага і пасьпяховага Бураўкіна ў ім жыла даўно, і сам дакладна ня ведаў, з якіх часоў. Раздражнялі і ягоныя шматлікія артыкулы ў “Правде” па праблемах ідэалогіі, культуры, гісторыі, і тое, што патрапіў прадстаўляць гэтую найсаліднейшую партыйную газету ў Беларусі з падтрымкі і пратэкцыі Машэрава. Саўка ніяк ня мог зразумець, як здолеў, на ягоную думку, чалавек з сумніўным сьветапоглядам уцерціся ў давер, гэтак ачмурыць вопытнага і мудрага Машэрава. Ды не аднаго Машэрава! Яму дазваляецца выходзіць напрамую і вырашаць пытаньні ў Аксёнава, Кузьміна, ня кажучы пра Кісялёва і ягоных намесьнікаў. Цераз ягоную, Паўлава, галаву, без усялякага ўзгадненьня і прапрацоўкі на ягоным узроўні. Па маіх назіраньнях нялюбоў Паўлава да Бураўкіна дзіўным чынам ужывалася з паважным стаўленьнем да яго і яшчэ, здаецца, таемнай зайздрасьцю ва ўсім – і ягонаму таленту, і ягонай рэспубліканскай і саюзнай вядомасьці, і ягонай камунікабельнасьці, абаяльнасьці, уменьню сыходзіцца з людзьмі, і ягонай імгненнай рэакцыі, у любой сітуацыі ня лезьці ў кішэню па слова. Паўлаў не адважваўся канфліктаваць, брацца ў рожкі з ім адкрыта, пэўна, асьцерагаўся ня толькі чарговы раз нарвацца на высокае заступніцтва, але і вострага Генадзевага языка, здольнага асадзіць, выставіць на сьмех каго хочаш. Таму, наступіўшы на горла ўласнай песьні, змушаў сябе па-прыяцельску зычліва, нават лісьліва ўсьміхацца Бураўкіну, спа­дзеючыся, што будзе сьвята і на ягонай вуліцы, ды ўсё часьцей і часьцей зрываючы сваю прыкрасьць і злосьць на мне. Нашыя добрыя службовыя стасункі неў­забаве сталі зусім псавацца. Пераканаўшыся, што патрэбнай інфармацыі, ці па­просту кажучы кампрамату на Бураўкіна, ад мяне не дачакаецца, больш таго – пастаянна абвяргаю альбо зводжу на анішто даносы ягоных сексотаў, Паўлаў дачакаўся зручнага моманту і вырашыў, самы час адкрываць па мне агонь на паражэньне – яму патрэбны быў на гэтай пасадзе зусім іншы, свой чалавек...

Калі гаварыць аб’ектыўна і па вялікім рахунку, то Бог насамрэч не абдзяліў Паўлава вострым розумам, арганізатарскімі здольнасьцямі, публіцыстычным талентам, што прадвызначала яму сьветлую будучыню, добрыя справы, людскую ўдзячнасьць і доўгую памяць. Ды, мусіць, пры гэтай дзяльбе не драмаў і чорт, неўпрыкмет падсунуўшы невыносна-цяжкі характар, з якім няпроста будзе рэалізаваць Богам задуманае. Пэўна, усё жыцьцё, ва ўсякім разе наколькі мог назіраць за ім у час сумеснай работы ў ЦК, ён змагаўся са сваім характарам, рабіў адчайныя спробы ўтаймаваць, зацугляць, узяць пад кантроль грубую, злую, чорную сілу, што расьпірала, рвалася з яго. Аднак яна была непадуладная ягонаму розуму, ягоным добрым памкненьням. Іншы раз неймавернымі высілкамі волі і з дапамогай супакаяльных пілюляў яму ўдавалася браць сябе ў рукі, але толькі на нейкі час, ненадоўга – натура ва ўсёй сваёй нядобрай, злой праяве няўмольна рвалася, вылузвалася наверх, прагнучы наталеньня новай энергіяй... Яна, натура, насамрэч нагадвала садыстку, вампірку, якая пастаянна патрабуе ахвяры, псіхічнай падзарадкі, без чаго пачувае сябе дужа няўтульна, дыскамфортна, хваравіта. У аддзеле пастаянна быў нехта ў ролі Паўлаўскай ахвяры, казла адпушчэньня, над кім ён літаральна зьдзекваўся, і чым ямчэй, балючай удавалася абразіць, растаптаць маральна, прынізіць, зьніштожыць чалавека, тым, адчувалася, ён большую асалоду меў. Гэтыя ахвярапрынашэньні сабе самому рабіліся, звычайна, публічна, для чаго склікаў да сябе ў кабінет усіх, хто быў на месцы, і працягваліся з дня ў дзень, аж пакуль не даламваў, не дабіваў некага, робячы кар’ерны крывапуск, альбо вярбуючы сабе ў сексоты, ці не выбіраў сьвежую ахвяру... На маёй памяці ў аддзеле ягонымі ахвярамі, казламі адпушчэньня, хлопчыкамі для біцьця былі Коля Шоба, Слава Некрашэвіч, Мікола Жылінскі, Мікола Зяньковіч, Генадзь Анціпаў, Васіль Каленчыц, Генадзь Суднік, Віктар Крукоўскі дый іншыя. А трохі раней дык больш за ўсіх Міхась Парахневіч. Не было ў Паўлава ні літасьці, ні элементарнага такту, калі таптаў у гразь, еў поедам, даводзячы да сьлёз мілую і дабрэйшай душы Людмілу Севасьцьянчык, бязрукага інваліда Віктара Кіселя. Канечне, ва ўсіх іх можна было знайсьці нейкія недахопы, прамашкі ў рабоце, але гэта былі пераважна разумныя, прыстойныя людзі з вучонымі званьнямі, літаратурнымі здольнасьцямі. Адны з іх, як добры празаік Міхась Парахневіч, зламалі­ся, другія, як Мікола Зяньковіч, якога ўзялі ў ЦК КПСС, дзе зусім за кароткі час прайшоў шлях ад інструктара да намесьніка загадчыка аддзелу, выдатна праявілі сябе, пакінулі сьлед і добрую памяць ў іншых калектывах. Мне з першых жа дзён вельмі не падабалася маральныя экзекуцыі Паўлава, як і незразумелым было пакорлівае маўчанне калегаў. Пэўна ж, думаў, адчуваюць свае прамашкі, сваю віну, калі моўчкі згаджаюцца, не супраціўляюцца, не абураюцца, не даюць здачы, не бароняць свой гонар і чалавечую годнасьць... Потым стаў прыглядацца, карыстаючыся добрым стаўленьнем да сябе, іншы раз устаўляў рэплікі, каб зьвесьці на жарт, трохі астудзіць гнеўны імпэт, за што тут жа атрымліваў заўвагу і незлась­лівага лёгкага прачуханца. І вось наступіла і мая чарга...

1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 74
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Блакит - Неизвестно.
Комментарии