Блакит - Неизвестно
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Калі гаварыць аб’ектыўна і па вялікім рахунку, то Бог насамрэч не абдзяліў Паўлава вострым розумам, арганізатарскімі здольнасьцямі, публіцыстычным талентам, што прадвызначала яму сьветлую будучыню, добрыя справы, людскую ўдзячнасьць і доўгую памяць. Ды, мусіць, пры гэтай дзяльбе не драмаў і чорт, неўпрыкмет падсунуўшы невыносна-цяжкі характар, з якім няпроста будзе рэалізаваць Богам задуманае. Пэўна, усё жыцьцё, ва ўсякім разе наколькі мог назіраць за ім у час сумеснай работы ў ЦК, ён змагаўся са сваім характарам, рабіў адчайныя спробы ўтаймаваць, зацугляць, узяць пад кантроль грубую, злую, чорную сілу, што расьпірала, рвалася з яго. Аднак яна была непадуладная ягонаму розуму, ягоным добрым памкненьням. Іншы раз неймавернымі высілкамі волі і з дапамогай супакаяльных пілюляў яму ўдавалася браць сябе ў рукі, але толькі на нейкі час, ненадоўга – натура ва ўсёй сваёй нядобрай, злой праяве няўмольна рвалася, вылузвалася наверх, прагнучы наталеньня новай энергіяй... Яна, натура, насамрэч нагадвала садыстку, вампірку, якая пастаянна патрабуе ахвяры, псіхічнай падзарадкі, без чаго пачувае сябе дужа няўтульна, дыскамфортна, хваравіта. У аддзеле пастаянна быў нехта ў ролі Паўлаўскай ахвяры, казла адпушчэньня, над кім ён літаральна зьдзекваўся, і чым ямчэй, балючай удавалася абразіць, растаптаць маральна, прынізіць, зьніштожыць чалавека, тым, адчувалася, ён большую асалоду меў. Гэтыя ахвярапрынашэньні сабе самому рабіліся, звычайна, публічна, для чаго склікаў да сябе ў кабінет усіх, хто быў на месцы, і працягваліся з дня ў дзень, аж пакуль не даламваў, не дабіваў некага, робячы кар’ерны крывапуск, альбо вярбуючы сабе ў сексоты, ці не выбіраў сьвежую ахвяру... На маёй памяці ў аддзеле ягонымі ахвярамі, казламі адпушчэньня, хлопчыкамі для біцьця былі Коля Шоба, Слава Некрашэвіч, Мікола Жылінскі, Мікола Зяньковіч, Генадзь Анціпаў, Васіль Каленчыц, Генадзь Суднік, Віктар Крукоўскі дый іншыя. А трохі раней дык больш за ўсіх Міхась Парахневіч. Не было ў Паўлава ні літасьці, ні элементарнага такту, калі таптаў у гразь, еў поедам, даводзячы да сьлёз мілую і дабрэйшай душы Людмілу Севасьцьянчык, бязрукага інваліда Віктара Кіселя. Канечне, ва ўсіх іх можна было знайсьці нейкія недахопы, прамашкі ў рабоце, але гэта былі пераважна разумныя, прыстойныя людзі з вучонымі званьнямі, літаратурнымі здольнасьцямі. Адны з іх, як добры празаік Міхась Парахневіч, зламаліся, другія, як Мікола Зяньковіч, якога ўзялі ў ЦК КПСС, дзе зусім за кароткі час прайшоў шлях ад інструктара да намесьніка загадчыка аддзелу, выдатна праявілі сябе, пакінулі сьлед і добрую памяць ў іншых калектывах. Мне з першых жа дзён вельмі не падабалася маральныя экзекуцыі Паўлава, як і незразумелым было пакорлівае маўчанне калегаў. Пэўна ж, думаў, адчуваюць свае прамашкі, сваю віну, калі моўчкі згаджаюцца, не супраціўляюцца, не абураюцца, не даюць здачы, не бароняць свой гонар і чалавечую годнасьць... Потым стаў прыглядацца, карыстаючыся добрым стаўленьнем да сябе, іншы раз устаўляў рэплікі, каб зьвесьці на жарт, трохі астудзіць гнеўны імпэт, за што тут жа атрымліваў заўвагу і незласьлівага лёгкага прачуханца. І вось наступіла і мая чарга...
Вэрхал ўсчаўся пасьля прамой трансляцыі футбольнага матча, які ўпершыню на тэлебачаньні з пачатку да канца каментаваў па-беларуску Алесь Камароўскі. Гэта была нечуваная дзёрзкасьць. З самай раніцы тэлефоны ў ЦК аж разаграваліся ад званкоў. То былі пераважна пратэсты, і больш за ўсё ад вайскоўцаў. Званілі і тыя, хто вельмі ўхваляў пачатае, але рабіў заўвагі і прапаноўваў падказаць тэлевізійнікам чыста беларускія аналагі спартыўна-футбольных тэрмінаў. Памятаю, пазваніў нейкі грузін і з акцэнтам на ламанай беларуска-рускай трасянцы стаў тэмпераментна хваліць, напорыста патрабаваць, каб усе перадачы на беларускім тэлебачанні ішлі толькі па-беларуску. Мяне гэта вельмі кранула, даў яму тэлефон Паўлава і папрасіў пазваніць і сказаць усё яму. Такім макарам пераадрасаваў яшчэ некалькі званкоў. Ня ведаю, якая там размова адбылася, але Паўлаў паклікаў не мяне, а майго інструктара Ганну Сьцяпанаўну Лазоўскую, свайго намесьніка Гаўрылу Міхайлавіча Конанава і загадаў тэрмінова рыхтаваць пытаньне на бюро ЦК з аргвывадамі. Назаўтра пошта прынесла і пісьмовыя водгукі. Мо праз кожныя паўгадзіны мы перазвоньваліся па “вяртушцы” з Генадзем, абменьваліся інфармацыяй, узгаднялі і ўдакладнялі нашыя дзеяньні. Мы былі ўпэўненыя, што робім правільна, і не было ні ценю сумненьня, ніякай разгубленасьці ці страху. Генадзь размаўляў з АТК, і той успрыняў усё гэта даволі спакойна і нейтральна, сказаў, што высокапастаўленыя вайсковыя чыны, відаць, з нечае падачы мусіруюць пастаноўку пытаньня на бюро, але ня можам жа мы па кожнай спартыўнай тэлеперадачы зьбіраць бюро. На душы палягчэла...
Пад канец дня ўзбуджаны, змрочны Паўлаў сабраў, хто быў на месцы, на тэрміновую нараду і, махаючы стосам пісем, з ледзь прыхаваным трыумфам у голасе з ходу ў сваёй звычайнай манеры атакаваў мяне поўным наборам абвінавачаньняў, ярлыкоў і лаянак. У мяне была радасьць ад душы ад масы званкоў падтрымкі на тэлебачаньне, пра што толькі-толькі па тэлефоне расказаў Генадзь, і гнеўныя тырады, пагрозы, абразы Паўлава мала краналі, аж сам дзівіўся, наколькі спакойна ўспрымаю іх, быццам тычыліся не мяне ўвогуле, і гэта разьятрывала яго яшчэ больш. Стоячы, размахваў рукамі, крычаў, што не давярае, і дня не намераны трымаць у аддзеле, гразіў адабраць партыйны білет. Гэта было ўжо занадта. Я падняўся, стрымана, але цьвёрда заявіў, што ня ён мне ўручаў партбілет і не яму адбіраць, а ўсе ягоныя абвінавачаньні аблыжныя, несур’ёзныя, сьмеху вартыя, што грубіць абражаць сябе я не дазволю. Ці то ён не разумеў сэнс слова “аблыжны”, ці яно падалося яму надта ж абразьлівым, кранула за жывое, але літаральна ўзарваўся, ледзьве валодаючы сабой ашалела-тупа паўтараў: я табе дам “аблыжны”, я табе пакажу “аблыжныя”!.. Першы раз бачыў ягоныя ашклянелыя, засмужаныя павалокай, налітыя злосьцю вочы, і міжволі працяла незразумелае пачуцьцё, замешанае на нейкім падсьвядомым містычным страху і адначасова спагадзе і спачуваньні яму. А ён не сунімаўся, то пераходзіў на неразборлівы крык, то трохі збаўляў тон, падбіраючы самыя крыўдныя і абразьлівыя словы, відавочна правакуючы мяне на скандал, а я на злосьць яму працягваў заставацца спакойным і стрыманым. Але праз нейкі час не рэагаваць стала немагчыма, і наколькі яшчэ мог спакойна, прапанаваў яму астудзіцца, супакоіцца, спыніць гэты базарны лямант, а затым ужо пагаварыць сур’ёзна, без абвінавачаньняў, па-сутнасьці, як таго вымушае статус нашай саліднай установы. Паўлаў ажно разгубіўся ад такога майго нахабства...
У калідоры адны адкрыта ці неўпрыкмет пад локаць паціскалі мне руку, другія з заклапочаным выглядам разьбягаліся па сваіх кабінетах. Паўлава баяліся, але ня надта паважалі і ў сваім, і ў сумежных аддзелах. Як і ў падведамасных, так і непадведамасных аддзелу прапаганды арганізацыях, ўстановах, творчых саюзах і вучэбных установах, дзе ён меў дурную славу і процьму пакрыўджаных, каму паламаў кар’еру, насаліў, нахаміў – і калі было за што, і без дай прычыны. І яны люта ненавідзелі Паўлава – хто спадцішка, асьцерагаючыся ягоных сексотаў, хто адкрыта і дэманстратыўна, як ягоны намесьнік Васіль Каленчыц, які не хаваў, што згадзіўся пайсьці ў памочнікі да Машэрава толькі з адной мэтай адкрыць таму вочы і зваліць Паўлава. Не пасьпеў...
А ўвогуле гэта дзіўная і рэдкая зьява, калі начальніка цэняць, паважаюць як прафесіянала і ненавідзяць як чалавека. Гэткай дваістай фігурай і быў загадчык галоўнага ідэалагічнага аддзелу ЦК. Мне падабаліся ягоныя публіцыстычныя, сатырычныя творы, феналагічныя нататкі і замалёўкі, якія ён друкаваў пад сваім прозьвішчам у “Полымі”, “Нёмане”, “Вожыку”, “Роднай прыродзе” і іншых выданьнях. Праўда, куды слабейшымі, кволенькімі падаваліся ягоныя спробы ў мастацкай прозе. Ён літаральна расьцьвітаў, калі я часам заводзіў гаворку пра ягоныя творы – і калі хваліў, і калі рабіў нейкія заўвагі. Хацелася яго зразумець, многае дараваць, апроч, канечне ж, беспардоннага хамства ў дачыненьнях з падначаленымі і, найперш, безумоўна, ваяўнічага русіфікатарства, зьняважлівага стаўлення да беларускай мовы і нацыянальнай культуры. Памятаю, неяк гаварыў па “вяртушцы”, здаецца, з дырэктарам праграм Пятром Каваленкам, натуральна, па-беларуску і ў гэты час падаў голас другі, звычайны гарадскі тэлефон. Як заўсёды, падняў трубку, папрасіў пачакаць хвіліначку, хуценька закончыў гаворку па “вяртушцы”, пераключыў увагу на гарадскі. На дроце быў... Паўлаў! Мо з паўхвіліны ён чуў нашую гаворку, і першае, што сказаў: на каком это ты еще языке разговариваешь?! І ў ягоным зьдзеклівым голасе быў і недвухсэнсоўны напамінак, на якой мове належыць размаўляць у кабінетах ЦК, і непрыхаваная абраза і пагарда да роднай мне мовы. Адказаў яму рэзка, непрыязьнена, з выклікам: а вы што, ужо не пазнаеце мову рэспублікі, у якой жывеце?! Паўлаў зразумеў, што хапіў лішку, спакойным, прымірэнчым голасам павёў гаворку пра нейкую службовую справу. Ні тады, ні цяпер для мяне застаецца неспасцігальным, як чалавек, які дастаткова добра валодае беларускай мовай, піша на ёй свае артыкулы, гумарэскі, фельетоны, памфлеты, замалёўкі і зацемкі для беларускамоўных выданьняў, можа грэбліва ставіцца да яе. Неяк, калі яшчэ ў нас былі добрыя, паважлівыя службовыя стасункі, ён з характэрнай упэўненасьцю і катэгарычнасьцю ўбіваў у галаву мне, недасьведчанаму, што мова – гэта ня больш і ня менш, чым рэлейныя лініі, тэлефонныя правады, радыё і тэлеперадатчыкі, газетная папера, іншыя камунікатыўныя сродкі, а ўсё астатняе – нацыяналістычная балбатня і несусьветнае глупства...