Блакит - Неизвестно
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Сацыялагічныя замеры між тым засьведчвалі, што рэйтынг БНФ у буйных гарадах падбіраўся, а то часам і перавальваў за пяцьдзесят адсоткаў, і для дэмаралізаванай, разгубленай наменклатуры гэта быў яшчэ адзін званочак, яшчэ адна прычына для галаўнога болю, сігнал арганізоўвацца, дзейнічаць. І для не пазбаўленага тонкай інтуіцыі палітыка Пазьняка гэта таксама быў сігнал да яшчэ больш рашучых дзеяньняў – куй жалеза, пакуль гарачае, ці як справядліва заўважыў вялікі стратэг і тактык «промедление смерти подобно”. Ён ня раз у авальнай зале агучваў прапанову аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савету і прызначэньні новых выбараў, але яна ўсур’ёз не прымалася, расцэньвалася як альбо папулісцкая, альбо экстрэмісцкая. Цяпер, калі расстаноўка палітычных сілаў у грамадстве стала прынцыпова іншая і БНФ займеў гэтакую салідную электаральную падтрымку, можна дзейнічаць энергічней, напорысьцей, з пазіцыі сілы. Пазьняк двойчы выходзіў з прапановай аб рэферэндуме па роспуску парламенту і двойчы яе дружна правальвалі. У тым ліку і галасамі многіх старых і новых дэмакратаў, саюзьнікаў БНФ. Але Пазьняк з таварышамі не здаваліся – мабілізавалі сваіх прыхільнікаў і за кароткі час сабралі больш за 450 тысячаў подпісаў за правядзеньне рэферэндуму, і ў адпаведнасьці з нядаўна прынятым законам Вярхоўны Савет абавязаны аўтаматычна прызначыць ягоную дату. Наменклатурную бальшыню ахапіў панічны страх, і тут на выручку ёй прыйшоў Шушкевіч. Са свайго сьпікерскага крэсла ён ня толькі выступіў супраць рэферэндуму, але і з вясны да позьняй восені, на паўгода абвясьціў перапынак у рабоце сесійных пасяджэньняў. За гэты час, адыйшоўшы ад шоку, арганізаваўшыся і кансалідаваўшыся, наменклатура пасьпела шмат што зрабіць па дыскрыдацыі і нейтралізацыі БНФ. Словам, да восені шмат вады сьцякло, а калі ў канцы кастрычніка сабраліся на сесію, то ўжо не асабліва цырымонячыся пахавалі ідэю рэферэндуму, праігнараваўшы думку і патрабаваньне амаль паўмільёна грамадзянаў, груба парушыўшы іхняе права і самімі ж прыняты закон, на якім яшчэ і не пасьпелі высахнуць чарнілы. Здаецца, толькі 30 ці 35 чалавек прагаласавала за рэферэндум па роспуску парламенту. Ня думаю, што тут нейкая палітыка – проста кожны хваляваўся за сваю шкуру: дзе гарантыя, што зноў выбяруць?.. І яшчэ дэталька: усьлед за Булахавым найбольш апантана выступаў супраць рэферэндуму дэпутат Лукашэнка. Канечне ж, ужо тады ў яго былі свае з далёкім прыцэлам напалеонаўскія планы. Як, дарэчы, і ў Шушкевіча, які па наіўнасьці сваёй спадзяваўся, што антынезалежніцкая, антыбеларуская па сваёй сутнасьці наменклатура належным чынам ацэніць ягоную памяркоўнасьць, паразуменьне, згаворлівасьць, дэ-юрэ і дэ-факта прызнае яго сваім законным лідэрам, для чаго ён быў гатовы ледзь ці не на любыя кампрамісы, нават зрабіць сваім першым намесьнікам Кузьняцова, які і сесіі ня мог па-людску весьці... Але ў сваёй бальшыні дэнацыялізаваная наменклатура ўжо вызначылася – паставіла на блізкага і зразумелага свайго гадаванца, энергічнага гаспадарніка з трывалымі сувязямі ў Маскве прэм’ер-міністра Кебіча. Чужак з сумніўнымі нацыянальнымі прынцыпамі Шушкевіч ёй патрэбен быў чыста па тактычных меркаваньнях – супакоіць грамадскую думку, не даць кансалідавацца апазіцыі, спыніць Пазьняка, а калі стане праяўляць залішнюю самастойнасьць і непаслушэнства, ці “адыграе сваю ролю”, можна будзе лёгка і без праблемаў пазбавіцца, як ад баласту. Так яно ў рэшце рэшт і сталася...
Калі напачатку ледзь ці не штодзённыя і на ўвесь дзень у прамым эфіры тэле-радыйныя шоў на чале з першай службовай асобай рэспублікі выклікалі пэўную цікавасьць і захапленьне ў людзей, то па меры пагаршэньня эканамічнага становішча, зьяўленьня талонаў, татальнага дэфіцыту сталі выклікаць недаўменьне і злосьць – не ўкладвалася ў галовы, што галоўны начальнік Шушкевіч займаецца ня справай, а дні напралёт ладзіць з дэпутатамі не заўсёды зразумелыя спрэчкі і пустую балбатню, быццам кіраваць гэтым не могуць ягоныя намеснікі ці старшыні пастаянных камісій. Кемлівая наменклатура выдатна выкарыстоўвала і незайздроснае эканамічнае становішча, да якога нібыта давялі дэмакраты на чале з Шушкевічам, каб паступова і мэтанакіравана ўбіваць у грамадскую сьвядомасьць: парламенская рэспубліка, на якой настойвае апазіцыя і палова дэпутацкага корпусу, – шлях у нікуды. Патрэбная цьвёрдая рука, моцны прэзідэнт з царскімі паўнамоцтвамі. Але зацятыя шматмесячныя спрэчкі, шматлікія пайменныя і непайменныя галасаваньні і перагаласаваньні не давалі канстытуцыйнай большасьці. І наменклатура пайшла на адчайны крок – галасаваньне імяннымі бюлетэнямі. І ўздыхнула з палёгкай: нарэшце, удалося...
Адразу ж пад відавочных і магчымых кандыдатаў у прэзідэнты сталі стварацца партыі, рухі, клубы, дэпутацкія групы, складвацца нейкія кааліцыі. Пад Кебіча арганізавалі магутную дэпутацкую групу “Беларусь”, якая склала парламенцкую большасьць і магла заблакаваць любое рашэньне. Не хаваў сваіх прэзідэнцкіх амбіцый і Шушкевіч, які меў магчымасьць хоць псіхалагічна пакарыстацца адміністратыўным рэсурсам, адцягнуць галасы ад Кебіча, таму наменклатура вырашыла, што наступіў час – і з другога заходу пры сітуацыі, калі БНФ устрымалася ад галасаваньня, адправіла яго ў адстаўку – хай адбірае галасы ў Пазьняка. А зачэпкай абралі анекдатычную скрынку цьвікоў, якую выкрыла антыкарупцыйная камісія, старшынём якой па ініцыятыве і настойлівай прапанове Шушкевіча ў свой час абралі дэпутата Лукашэнку. Пасьля эмацыянальнага выступленьня ў прамым тэлеэфіры з сенсацыйным дакладам аб карумпаванасьці ў вышэйшых эшалонах улады ён праславіўся на ўсю рэспубліку як самы сьмелы, самы прынцыповы і непахісны народны заступнік і барацьбіт з карупцыйнай гідрай. Пасьля эфектнай дэманстрацыі з трыбуны пухлых папак з кампраматам да яго кінуліся журналісты ўведаць яшчэ якую сенсацыю. Я гэтаксама злавіў яго ў вестыбюлі, прапанаваў падрыхтаваць серыю фельетонаў, на што ён ахвотна пагадзіўся, але калі гаворка зайшла пра характар нейкіх канкрэтных матэрыялаў, адказваў ухіліста, агульнымі словамі і фразамі, а больш дык лозунговымі прапіснымі ісьцінамі, і маё журналісцкае чуцьцё падказвала: ды няма ў яго ніякіх нявыкарыстаных ці новых, невядомых матэрыялаў, а дэманстрацыя пухлых папак – блеф, ці як сёньня сказалі б, чысты піяр. Гэтая здагадка ўзмацнілася пасьля гаворак з калегамі-журналістамі, нікому з якіх таксама не ўдалося вывудзіць хоць нейкі невядомы яшчэ матэрыял. А калі неўзабаве Лукашэнка ў прэс-цэнтры перад журналістамі, дзе і я прысутнічаў, наколькі памятаю, нават задаў нейкае ня дужа зручнае пытаньне, упершыню заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі і пра тое, што пачынае перадвыбарную кампанію, навіна, здаецца, трапіла не буйным шрыфтам на першыя палосы газетаў, а ў разрад кур’ёзаў, нараўне з самавылучэньнем журналісткі Масьлюковай, нейкага беспрацоўнага і нікому невядомага дробнага прадпрымальніка. Калегі-дэпутаты, журналісты іранічна і паблажліва пасьмейваліся, падахвочваючы: давай, Саша, давай, толькі нас пасьля не забудзь... Праўду кажуць, што сьмяецца той, хто сьмяецца апошні...
З абвяшчэньнем даты і афіцыйным пачаткам перадвыбарнай кампаніі высьветлілася, што за прэзідэнцкае крэсла, апроч Кебіча, Шушкевіча, Пазьняка, на левым фланзе будзе змагацца кандыдат ад камуністаў і нехта з аграрнага саюзу, мо нават ягоны кіраўнік старшыня знакамітага вярцялішкаўскага калгасу, Герой, лаўрэат Дубко, а таксама малады, энергічны барацьбіт з карупцыяй Лукашэнка, які можа трохі патаптацца па ўсіх дзялянках, і вельмі папулярны маладзечанскі мэр, былы дырэктар вядомага прадпрыемства парашковай металургіі акадэмік Карпенка, пад якога арганізавалася партыя Народнай згоды. Карпенку падтрымлівала значная частка наменклатуры і дэмакратычна настроенай грамадскасьці, бальшыня навуковай і тэхнічнай інтэлігенцыі. На той час, на думку многіх, гэта была, бадай, самая прыймальная і самая рэальная для перамогі кандыдатура, здольная згуртаваць вакол сябе самыя прагрэсіўныя і інтэлектуальныя сілы, адцягнуць значную колькасць выбаршчыкаў літаральна ад усіх прэтэндэнтаў, а найбольш дык у Кебіча, Шушкевіча і, вядома, Лукашэнкі. Карпенка для сваёй рэгістрацыі вырашыў пайсьці самым простым і лёгкім шляхам – заручыцца подпісамі калегаў-дэпутатаў, што было прадугледжана ў Законе аб выбарах, і махнуць рукой на збор подпісаў сярод выбаршчыкаў. І ў тым была ягоная найвялікшая памылка. Напярэдадні рэгістрацыі пачался паддывановыя гульні-інтрыжкі, і 8 дэпутатаў ад сацыял-дэмакратычнай фракцыі, сярод якіх былі вядомыя інтэлектуалы Анатоль Вярцінскі, Алег Трусаў, адклікалі свае подпісы, тым самым з-за недахопу літаральна некалькіх дэпутацкіх галасоў найбольш рэальны кандыдат быў зьняты з рэгістрацыі, выведзены з гульні. Электаральныя сімпатыі на той час складваліся прыкладна так: ні Кебіч, ні Шушкевіч яўна былі непраханжэ – з імі атаясамлівалася бяздарнае кіраўніцтва апошняга часу з гіперінфляцыяй, татальным дэфіцытам, зьбядненьнем асноўнай масы насельніцтва і зьяўленьнем класу нахабных нуворышаў. Шэранькі і бязьлікі камуніст Новікаў, як і другі пракамуністычны вылучэнец Дубко, таксама ня мелі шанцаў. Пазьняк сваімі заявамі наконт расійскага імперыялізму, абразьлівых выказваньняў пра Леніна і асабліва пра неабходнасьць люстрацыі камуністаў насьцярожыў недасьпелую ўспрымаць такія думкі і ідэі грамадскасьць, зводзіў свае шанцы на нішто. Рэальны выбар такім чынам мог ісьці паміж разважлівым, вопытным, адукаваным адміністратарам Карпенкам, які меў за плячыма неблагія дасягненьні ў Маладзечне, і маладым гаваркім барацьбітом з карупцыяй Лукашэнкам... Гістарычны народны вопыт, мудрая ментальная ўзважанасьць і разважлівасьць, у рэшце рэшт інстынкт, пэўна ж, аддалі б перавагу першаму... З выбыцьцём Карпенкі Лукашэнка практычна застаўся без альтэрнатывы. Менавіта да яго перайшлі дапамагаць здабыць перамогу многія Карпенкавы памочнікі, у тым ліку і ягоны бліжэйшы спадзьвіжнік па будаўніцтве гораду-сонца Маладзечна Віктар Ганчар, спадзеючыся займець рэальныя рычагі ўлады, маніпуляаваць маладым і нявопытным прэзідэнтам. Чым гэта скончылася – усім вядома...