Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Разная литература » Прочее » Блакит - Неизвестно

Блакит - Неизвестно

Читать онлайн Блакит - Неизвестно

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 74
Перейти на страницу:

Пасьля Сьлюнькова везьці з Масквы новага гаспадара рэспублікі ня сталі – ці то прыдатнай кандыдатуры пад рукой не аказалася, ці то кадрамі стаў манапольна распараджацца энергічны вялікі цьвярозьнік Ягор Лігачоў, які вельмі ўпадабаў адводзіць душу на ўлоньні прыроды ў Белавежскай пушчы, дзе сьведкамі маглі быць толькі зубры і маўклівая, бы рыбы, вышкаленая нешматлікая прыслуга ўрадавай рэзідэнцыі. Ну, і вядома гаспадар пушчы – першы сакратар Брэсцкага абкаму Яфрэм Сакалоў. Яго і прыгледзеў Лігачоў замест Сьлюнькова. Нават сам Сьлюнькоў, добра ведаючы дыяпазон і магчымасьці Сакалова, ня мог пераканаць Лігачова: ня тая кандыдатура, хадзіў да Гарбачова, але і Генсек аказаўся бясьсільны перад напорам вялікага цьвярозьніка.

Нечаканы ўзьлёт Сакалова на самую вяршыню рэспубліканскага алімпу быў яшчэ больш незразумелым, чым ранейшае ўзыходжаньне сюды Сьлюнькова. Яфрэма Яўсеевіча добра ведалі па ягонай ранейшай пасадзе загадчыка сельгасаддзелу ЦК, з якой на вялікае зьдзіўленьне многіх сігануў аж на галоўнае крэсла ў Брэсцкім абкаме. Расказвалі, было так: падрыхтаваны Сакаловым даклад на пленум ЦК паклалі на стол Машэраву. Той пачытаў і зрабіў заключэньне, што ў абшырным кандуіце няма ніводнага адказу на пастаўленыя жыцьцём праблемы ў аграрным сектары, ніводнай сьвежай думкі, ніводнага сьвежага падыходу. І тады тэрмінова мабілізуецца так званы мазгавы цэнтр, на паўтара тыдні закідваецца ў Белавежскую пушчу, адкуль яна прывозіць наноў напісаны даклад, з якім павінен выступаць на пленуме Першы. “Во, гэта тое, што трэба! Знойдзеныя тактычныя і стратэгічныя падыходы, дакладныя адказы і шляхі вырашэньня праблемаў...” – пахваліў Сакалова Машэраў. – “А то падсоўвалі нейкую бездапаможную жуйку...” “Так, Пётр Міронавіч,” – пагадзіўся Сакалоў. – Бяда, няма талковых памочнікаў, каму можна даручыць і хто ўмее працаваць. Во і вымушаны быў сам засесьці за напісаньне...” Машэраў быў чалавек даверлівы, прыняў усё гэта за чыстую манету, і неўзабаве “вялікі стратэг і тактык” узьляцеў на Берасьцейскі алімп. І зараз ягоная бляклая, невыразная фігура, прыхарошаная зоркай Героя за будаўніцтва гіганцкіх жывёлагадоўчых комплексаў, ні ў якое параўнаньне не ішла з каларытнымі асобамі кіраўнікоў Гродзенскай і Магілёўскай абласьцей Кляцкова, Лявонава, дый іншых – гэтаксама. Куды больш маштабныя і дастойныя кадры ацалелі і ў не да канца праполатым Сьлюньковым першым эшалоне. Той жа Таразевіч, напрыклад, дый іншыя. І хоць усе бачылі і разумелі, што для Сакалова высокая пасада першай асобы, нядаўняе машэраўскае крэсла – не па Сеньку шапка, дзівіліся, недаўмявалі, ціха альбо адкрыта ў калідорах і пазавугольлі абураліся, пратэставалі, але паслухмяна падначаліліся загаду з Масквы і дружна прагаласавалі, раздвойваючыся ў душы ды мацюкаючыся ад прыкрасьці і на сябе, і на тых, хто навязаў ім гэтакага лідэра...

Сам па сабе Сакалоў быў чалавек неблагі, з яго, пэўна, мог атрымацца ніштосабе міністр сельскай гаспадаркі, мо нават намесьнік Старшыні Саўміну, які вя­дзе аграрны, лясны, прыродаахоўчы сектар эканомікі, альбо сакратар ЦК па сельскай гаспадарцы. Яго з нечае лёгкай рукі адразу ж празвалі старшынём ЦК – быў дырэктар, а цяпер во і старшыня... Пра ягоныя лідэрскія ці нейкія іншыя інтэлектуальныя якасьці, таленты і гаварыць не даводзіцца. Паспрабаваў прадэманстраваць сваю рашучасьць і цьвёрдую руку, загадаўшы разагнаць дубінкамі і газамі народ ля Маскоўскіх могілак, які на Дзяды ішоў памянуць сваіх родных і слынных людзей Беларусі, што пахаваны тут, у тым ліку Машэрава, Кісялёва, Прытыцкага, Казлова, іншых былых кіраўнікоў рэспублікі. Атрымаўся ўсяленскі скандал і канфуз, усе, здаецца, і сам Сакалоў прызналі, што каб і хацеў, нічога дурнейшага, больш бязглуздага нельга было і прыдумаць. Што ён умеў рабіць больш-менш дасканала, то гэта адсочваць і нейтралізаваць, аддаляючы як мага далей ад дзяржаўнага руля людзей разумных, а, значыць, небясьпечных, магчымых канкурэнтаў і супернікаў. Кляцкова адправілі на заслужаны адпачынак, Лявонава сплавілі ў Германію, Таразевіча – у Маскву, а яршыстага і аўтарытэтнага ў наменклатурнай эліты Бураўкіна, якога яна працягвала прочыць у галоўныя ідэолагі замест відавочна слабога Пячэньнікава, ажно ў Амерыку. Нягледзячы, што Пячэньнікаў аскандаліўся сакрушальным паражэньнем на выбарах у Вярхоўны Савет, і нават не ў гарадской, а ў кансерватыўнай сельскай акрузе з выкарыстаньнем усяго адміністратыўнага рэсурсу ды яшчэ ад фактычна свайго падначаленага – радавога супрацоўніка “Советской Белоруссии” Івана Герасюка. Разумныя, дзелавыя, са сьмелым сучасным мысьленьнем паўсюдна адціраліся ў цень, рэй павялі шэранькія бездары і ўгоднікі. Пры Сакалове працягваў прагрэсіраваць, але ўжо нечуванымі тэмпамі, параліч эканомікі з татальным дэфіцытам, масавымі пратэстамі, а разам і параліч улады – аўтарытэт ЦК, партыйных камітэтаў усіх узроўняў, партыі ўвогуле падаў з катастрафічнай быстрынёй, апускаўся, як потым скажа класік, ніжэй калена. Нарэшце, ці то спрацаваў інстынкт самазахаваньня, ці то ў Крамлі ня стала ўсясільнага Лігачова, але наменклатура схамянулася і на чарговым зьезьдзе адправіла збрыднелага ўсім Сакалова на пенсію. Не магу ўстрымацца, каб не працытаваць вытрымку з яшчэ адной таленавітай ананімнай паэмы, што хадзіла ў рукапісах, патрапіла ў “Вожык” і я даў ёй ход у друк. З маналога Пячэньнікава пра Сакалова:

Калі рэзаць праўду-матку,

Дык скажу табе адно:

Ты пячонку да астатку

Пераеў усім даўно.

Адышоў ад апарата.

Палахліва ўцёк ад мас.

За цябе ніякавата

Нават мне было ня раз,

Як стаяў тупою ступай

Перад злоснымі людзьмі,

А народ крычаў і тупаў:

“Шапку, ёлупень, здымі!”

Затыкалі вушы ватай,

Як ты глупства гарадзіў –

“Прагрэсіўны кансерватар”,

Непісьменны брыгадзір.

Замест яго ў лідэры вылучылі кіраўніка сталічнага абкаму партыі Анатоля Малафеева.

Нават на выдратаваным, спустошаным Сьлюньковым і Сакаловым рэспубліканскім кіруючым алімпе Малафееў быў даволі невыразнай і малапрыкметнай фігурай. І ў першым, і ў другім эшалонах усё яшчэ заставаліся куды больш вартыя прэтэндэнты, ня кажучы пра ссыльных Аксёнава, Таразевіча, Барташэвіча, Лявонава. Але Малафееву пратэжаваў у Крамлі Сьлюнькоў, які ў свой час намерваўся зрабіць яго сваім пераемнікам ды дарогу перайшоў Лігачоў з кандыдатурай Сакалова. Зараз, калі Лігачова папрасілі з Крамля, вылучэньне Малафеева засталося справай тэхнікі. Рэспубліканская наменклатурная эліта недалюблівала, мо нават ненавідзела Сьлюнькова, але і аслухацца Палітбюро яшчэ не асмельвалася, супакоіла сябе: усё роўна гэтае ні рыба, ні мяса будзе, як і той Сакалоў, фігурай часовай, кампраміснай, пераходнай, а там відно будзе...

Злыя языкі адразу ж празвалі Малафеева па імені футбольнага цёзкі трэнерам ЦК, ягонае нядоўгае кіраваньне, як і ён сам, было безініцыятыўным, бляклым, малапрадуктыўным і нейкім сонным. Па-праўдзе кажучы, наўрад ці ён і мог што зрабіць, калі ўсё вакол рушылася, абвальвалася. Пры ім бюро ЦК быццам бы падтрымала і адначасова быццам бы не падтрымала ГКЧП, якое абвясьціла сябе ўладай у Маскве. А потым заставалася ў нейкай прастрацыі, летаргічным сьне, глухім і нямым, не заўважаючы, што робіцца наўкол, стварала ўражаньне поўнай разгубленасьці і дэмаралізацыі. Памятаю, ягонае апошняе, можна сказаць гістарычнае пясяджэньне бюро ЦК, на якое быў запрошаны разам з іншымі рэдактарамі партыйных выданьняў. Праходзіла яно праз колькі дзён пасьля падзеньня ГКЧП, здаецца, за тры дні да забароны партыі. Уся краіна бурліла, як патрывожаны вулей, партыйныя камітэты і пярвічкі чакалі ад свайго рэспубліканскага штабу канкрэтных палітычных ацэнак, рэкамендацый і дзеяньняў. У парадак жа дня было пастаўлена ўсяго толькі... абмеркаваньне жыллёвага кодэксу. Сабраліся выпрацаваць заўвагі і папраўкі, каб праз партгрупу правесьці іх у Вярхоўным Савеце. Сьмех і грэх: ужо дом гарыць, палітычнае ж кіраўніцтва кінулася не тушыць, ратаваць, а дзяліць у ім кватэры. Ня вытрымаў і гучна сказаў гэта з месца. Аднак ніхто не зрэагаваў, нібыта не пачулі ці палічылі нейкім несур’ёзным блюзьнерствам. Затым усё ж нехта заклапочана прапанаваў тэрмінова склікаць пленум, параіцца і вызначыцца ў складанай і няпростай сітуацыі. Аднак Малафееў не падтрымаў: маўляў, пленум мы заўсёды сабраць пасьпеем. Спачатку самім трэба вызначыцца, сур’ёзна падрыхтавацца... Нядаўна ўведзены ў склад бюро Іван Пятровіч Шамякін прапанаваў прыняць зварот да камуністаў, спрабаваў нават зачытаць нешта напісанае ад рукі, але ніяк ня мог ўправіцца са сваім почыркам. Ягоную прапанову прынялі без асаблівага энтузіязму, даручыўшы разам з аддзелам прапаганды дапрацаваць тэкст і надрукаваць у прэсе. Не пасьпелі ні склікаць пленум, ні нават дапрацаваць і надрукаваць тэкст звароту... Праз тры дні сесія Вярхоўнага Савету забараніла кампартыю, рэквізаваўшы ўсю ейную маёмасьць. За гэта прагаласавала і амаль уся партгрупа, у якую ўваходзіла амаль 80 адсоткаў дэпутацкага корпусу. А Малафееву наканавана было стаць апошнім першым сакратаром ЦК, які выконваў першую ролю ў дзяржаве...

1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 74
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Блакит - Неизвестно.
Комментарии