Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Проза » Проза » Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Читать онлайн Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 82 83 84 85 86 87 88 89 90 ... 109
Перейти на страницу:

- Ну i няхай.

Ружа Сарона ўпраўлялася з посудам. Мацi непрыкметна прыгледзелася да яе.

- Як ты сябе адчуваеш? Шчокi ў цябе нешта запалi.

- Мне сказалi, малако трэба пiць, а я не п'ю.

- Ведаю, што трэба. Ды яго няма.

Ружа Сарона паныла сказала:

- Каб Конi не пайшоў ад нас, мы б цяпер з iм жылi ў сваiм домiку, ён вучыўся б i ўсё такое. I малако б мы куплялi. I дзiця здаровым нарадзiлася б. А цяпер здаровым не будзе. Малако мне пiць трэба. - Яна засунула руку ў кiшэню фартуха i нешта паклала ў рот.

- Што ты там грызеш? Пакажы, - сказала мацi.

- Нiчога.

- Але ж ты нешта грызеш, паказвай.

- Проста драбочак вапны. Я знайшла вялiкi кавалак.

- Гэта ж усё роўна, што зямлю есцi!

- Мяне цягне на яе.

Мацi доўга маўчала. Яна напяла каленямi спаднiцу. Нарэшце сказала:

- Я гэта разумею. Неяк раз я з'ела кавалак вугалю, калi хадзiла цяжарная. Вялiкi кавалак. Бабка сказала, гэтага нельга рабiць. А пра дзiця сваё ты такiх слоў не гавары. Нават думаць пра гэта ты права не маеш.

- Нi мужа. Нi малака.

- Калi б ты была здаровая, я ўсыпала б табе як след. Аплявуху заляпiла б. - Мацi паднялася i пайшла пад брызент. Неўзабаве вярнулася, падышла да дачкi i працягнула руку. - Глянь! - У руцэ ў яе былi маленькiя зялёныя завушнiцы. Гэта табе.

Вочы ў Ружы Сарона на момант пасвятлелi, але яна адразу адвяла iх убок.

- У мяне вушы не праколатыя.

- А мы iх зараз праколем. - Мацi зноў паспешлiва пайшла ў палатку i вярнулася з кардоннай скрыначкай у руках. Яна хуценька ўцягнула нiтку ў iголку, здвоiла яе i завязала на ёй некалькi вузельчыкаў. Пасля прасунула нiтку ў другую iголку, таксама завязала на ёй вузельчыкi i выняла са скрыначкi кавалак корка.

- Ой, забалiць, забалiць! - спужалася Ружа Сарона.

Мацi падышла да дачкi, паклала корак ёй пад мочку вуха i пракалола яе, канец iголкi ўпёрся ў корак.

Ружа Сарона скурчылася:

- Ой, коле! Мне будзе балець.

- Мацней балець не будзе.

- Будзе, будзе!

- Ну добра. Давай спярша глянем з другога боку. - Мацi падклала корак пад другое вуха i пракалола iголкай мочку.

- Балець будзе!

- Цiха! - сказала мацi. - Гэта ўсё.

Ружа Сарона здзiўлена паглядзела на яе. Мацi перарэзала нiткi, зняла iголкi i ўцягнула ў абедзве мочкi па вузельчыку.

- Ну вось, - сказала яна. - Цяпер будзем кожны дзень працягваць па вузельчыку, праз два тыднi загаiцца, i ты зможаш надзець завушнiцы. Вазьмi, цяпер яны твае. Схавай пакуль дзе.

Ружа Сарона асцярожна памацала вушы i паглядзела на кропелькi крывi, што засталiся на пальцах.

- Зусiм не балiць. Толькi крышачку ўкалола.

- Даўно трэба было гэта зрабiць. - Мацi глянула дачцэ ў твар i пераможна ўсмiхнулася. - Ну канчай з талеркамi. Дзiця будзе ў цябе добрае. Ледзь не забылася, што табе ўжо хутка, а вушы не праколатыя. Ну, цяпер не страшна.

- А хiба гэта мае якое-небудзь значэнне?

- А як жа. Вядома, мае значэнне.

Эл шпацырнай хадою iшоў мiж палатак у бок танцавальнай пляцоўкi. Каля адной палаткi ён цiхенька свiснуў i пакрочыў далей. За рысай лагера ён сеў на траву.

Чырвоная акаймоўка воблакаў, што сабралiся на захадзе, цяпер ужо пагасла, i асяродак у iх пачарнеў. Эл пачухваў ногi i пазiраў у вячэрняе неба.

Праз некалькi хвiлiн да яго падышла бялявая дзяўчына, мiлавiдная, з выразнымi рысамi твару. Яна моўчкi апусцiлася на траву побач з Элам. Ён абняў яе за талiю, i пальцы яго пачалi забiрацца крыху вышэй.

- Кiнь, - сказала дзяўчына. - Козытна.

- Заўтра мы едзем, - сказаў Эл.

- Заўтра? Куды? - Дзяўчына спалохана паглядзела на яго.

- Далей, на поўнач, - безуважна прамовiў Эл.

- Але ж мы збiралiся пажанiцца, цi ж не так?

- Ну i пажэнiмся, калi-небудзь.

- Ты ж казаў, што зусiм хутка! - занервавалася дзяўчына.

- Хутка бывае па-рознаму.

- Ты ж абяцаў! - Пальцы яго забралiся яшчэ вышэй. - Адчапiся, - крыкнула дзяўчына. - Ты казаў, што пажэнiмся.

- Ну i пажэнiмся.

- Але ж ты едзеш.

- Што ты захвалявалася так? Цябе на кiсленькае пацягнула?

- Не.

Эл засмяяўся:

- Выходзiць, я марна час патрацiў, га?

Дзяўчына задрала падбародак, ускочыла на ногi.

- Iдзi прэч, Эл Джоўд! I бачыць цябе больш не хачу.

- Ды кiнь ты. Што з табой?

- Уявiў сябе ўдальцом залётным!

- Ды пачакай хвiлiнку.

- Думаеш, я пайду з табой? А як жа! Быццам у мяне iншых няма.

- Ну пачакай!

- Не, сэр! Iдзi прэч!

Раптам Эл iрвануўся наперад, злавiў яе за шчыкалатку i пацягнуў да сябе. Дзяўчына ўпала, ён схапiў яе, моцна абняў i зацiснуў рукою яе скажоны злосцю рот. Яна спрабавала ўкусiць руку, але ён выгнуў далонь, а другой рукой прыцiснуў яе да зямлi. I праз момант дзяўчына зацiхла, а яшчэ праз момант яны ўжо хiхiкалi, лежачы ў сухой траве.

- Мы хутка вернемся, - гаварыў Эл. - У мяне будуць поўныя кiшэнi грошай. Паедзем з табой у Галiвуд, у кiно будзем хадзiць.

Яна ляжала на спiне. Эл нахiлiўся над ёю. I ўбачыў у вачах у яе адбiтак яркай вячэрняй зоркi, i ўбачыў у вачах у яе адбiтак чорных воблакаў.

- Мы паедзем на цягнiку, - сказаў ён.

- А калi, ты думаеш, гэта будзе? - запыталася яна.

- Ну, можа, праз месяц, - адказаў ён.

Апусцiўся вячэрнi змрок. Бацька i дзядзька Джон сядзелi на кукiшках каля канторы разам з iншымi галовамi сем'яў. Перад вачамi ў iх была ноч i невядомая будучыня. Маленькi адмiнiстратар у пацёртым бездакорна белым касцюме стаяў, абапёршыся локцямi на парэнчы ганка. Твар у яго быў зямлiсты, асунуты.

Хастан глянуў на яго i сказаў:

- Вы пайшлi б трохi паспалi, мiстэр.

- Ага, не шкодзiла б. Мiнулай ноччу ў трэцiм аддзяленнi былi роды. Яшчэ трохi, i я сапраўднай павiтухай стану.

- Гэта таксама трэба ўмець, - зазначыў Хастан. - Жанатаму чалавеку ўсё трэба ўмець.

Бацька сказаў:

- Заўтра рана мы едзем.

- Ужо? Куды?

- Думаем падацца крыху далей на поўнач. Магчыма, якраз паспеем на збор бавоўны. Тут без працы сядзiм. Есцi няма чаго.

- Вы дакладна ведаеце, што там ёсць праца? - запытаўся Хастан.

- Не. Але ж тут яе ўжо напэўна няма.

- Будзе. Крыху пазней будзе, - сказаў Хастан. - Мы вырашылi чакаць.

- Не хочацца ехаць адсюль, - сказаў бацька. - Народ тут добры... i туалеты, i ўсё такое. Але ж ехаць трэба. У нас цэлы бак бензiну. Куды-небудзь дабяромся. Тут мы кожны дзень мылiся пад душам. Я ў жыццi нiколi такi чысты не хадзiў. Дзiўная рэч - раней мыўся раз на тыдзень, i ад мяне нiчым не пахла. А цяпер - дзень прапусцiш, i ад цябе смярдзiць. Што, гэта ад частага мыцця так?

- Раней вы, можа, не заўважалi, - сказаў адмiнiстратар.

- Магчыма, i так. Вельмi хочацца тут астацца.

Маленькi адмiнiстратар сцiснуў скронi далонямi.

- Па-мойму, сёння ноччу ў нас тут будзе яшчэ адзiн нованароджаны, - сказаў ён.

- У нас у сям'i таксама неўзабаве чакаецца, - сказаў бацька. - Лепш бы тут раджала. Тут было б лепш.

Том, Уiлi i метыс Джул сядзелi на краi танцавальнай пляцоўкi, пакалыхваючы нагамi.

- У мяне цэлы пачак добрага тытуню, - сказаў Джул. - Пасмалiм?

- Я б з ахвотай, - сказаў Том. - Чорт ведае калi я апошнi раз палiў. - Ён акуратна скруцiў цыгарку, стараючыся не рассыпаць карычневых табачынак.

- Так, сэр, шкада, што вы ўжо едзеце, - сказаў Уiлi. - Вы людзi добрыя.

Том запалiў папяроску.

- Я многа думаў - ехаць, не ехаць. Госпадзi, хутчэй бы ўжо асесцi дзе-небудзь.

Джул узяў у яго свой пачак.

- Нядобра нам жывецца, - сказаў ён. - У мяне дачка маленькая. Думаў, прыеду ў Калiфорнiю, у школу яе пашлю. Ды дзе там! На адным месцы мы доўга не затрымлiваемся. Пажывеш дзе-небудзь трохi, i трэба цягнуцца далей.

- Хоць бы нам у гэтыя гувервiлi зноў трапляць не давялося, - сказаў Том. Я ў адным нацярпеўся страху.

- А што, шэрыфавы памагатыя ганялi?

- Баяўся, каб не забiць каго з iх, - адказаў Том. - Мы i пабылi ў тым лагеры зусiм нядоўга, але я проста кiпеў увесь. Прыехаў палiсмен i забраў прыяцеля майго так, нiзашто - ён фараону гэтаму слова ўпоперак сказаў. Я ўвесь кiпеў, ледзь стрымаўся.

- А ты баставаў калi-небудзь? - пацiкавiўся Ўiлi.

- Не, нiколi.

- Я ўсё думаю: чаму шэрыфскiя агенты не пранiкаюць у наш лагер, не арудуюць тут? Думаеш, гэты маленькi з канторы iм перашкода? Не, сэр!

- Тады што ж? - запытаўся Джул.

- Вось я табе i скажу: тое, што мы ўсе заадно. Калi палiсмен захоча каго-небудзь загрэбцi, ён павiнен перабраць увесь лагер. А на гэта ў яго духу не хопiць. Бо варта нам толькi раз крыкнуць, i ўмомант чалавек дзвесце прыбяжыць. Нядаўна адзiн арганiзатар выступаў у нас тут, каля дарогi. Гэтак паўсюль можна рабiць, кажа. Трымайцеся толькi гуртам. З дзвюма сотнямi людзей жарты дрэнныя. Шэрыфавы людзi толькi адзiночак вылоўлiваюць.

- Ну, а што, калi i будзе саюз? - сказаў Джул. - Трэба ж, каб у яго важакi былi. А схопяць важака, i куды дзеўся твой саюз?

- Што ж, - адказаў Уiлi, - калi-небудзь давядзецца над гэтым падумаць. Я тут цэлы ўжо год, а заработная плата ўсё падае i падае. Цяпер сям'ю нiяк не пракормiш сваёй працай, i з дня на дзень усё горш робiцца. Што ж нам, сядзець склаўшы рукi i з голаду памiраць? Проста не ведаю, што рабiць. Гаспадар коней кормiць, нават калi яны без работы стаяць, - як мiленькi. А вось калi на яго людзi працуюць, пляваць ён на iх хацеў. Выходзiць, конi яму куды даражэйшыя за людзей. Не разумею я гэтага.

1 ... 82 83 84 85 86 87 88 89 90 ... 109
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек.
Комментарии