Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Проза » Проза » Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Читать онлайн Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 83 84 85 86 87 88 89 90 91 ... 109
Перейти на страницу:

- Мне ўжо i думаць абрыдла, - сказаў Джул. - А думаць трэба. У мяне вось дачка маленькая. Самi ведаеце - прыгажуня. Ёй нават тут прыз за прыгажосць далi. А што з ёю далей будзе? На вачах худзее. Вынесцi гэтага не магу. Такая прыгожая... Я не вытрымаю, учыню што-небудзь.

- Што? - запытаўся Ўiлi. - Што ты ўчынiш? Пойдзеш красцi? У турму сядзеш. Заб'еш каго? На шыбенiцу пойдзеш.

- Не ведаю, - сказаў Джул. - У галаве ўсё блытаецца, як падумаю. Проста ў галаве ўсё блытаецца.

- А мне запомняцца гэтыя танцы, - сказаў Том. - Нiдзе яшчэ я такiх прыстойных не бачыў. Што ж, спаць ужо час класцiся. Ну, будзьце здаровы. Дзе-небудзь яшчэ, можа, стрэнемся.

- Абавязкова, - сказаў Джул.

- Ну, усяго добрага. - Том пайшоў ад iх, i яго паглынула цемра.

У палатцы Джоўдаў Руцi i Ўiнфiлд ляжалi ў цемры на адным матрацы, побач з мацi. Руцi прашаптала:

- Ма!

- Што табе? Ты не спiш?

- Ма... а там... ну куды мы едзем, кракет будзе?

- Адкуль я ведаю. Спi. Заўтра рана ад'язджаем.

- Лепш застанемся, тут ёсць кракет, а там?

- Ш-шш!..

- Ма, Уiнфiлд вечарам набiў аднаго хлопчыка.

- Дрэнна зрабiў.

- Ага, дрэнна. Я яму так i сказала. Ён яго па носе ляснуў. Кроў так i хлынула, а божа мой!

- Не трэба так гаварыць. Так гаварыць нядобра.

Уiнфiлд павярнуўся тварам да iх.

- Ён абазваў нас Окi! - з абурэннем сказаў ён. - А пра сябе кажа: я не Окi, я з Арэгона, а вы паганыя Окi. Ну я яму i даў.

- Ш-шш... Дрэнна зрабiў. Ад яго мянушак табе шкоды нiякай.

- А я не хачу, каб ён абзываў нас, - са злосцю сказаў Уiнфiлд.

- Ш-ш... Спiце.

Руцi сказала:

- Ты бачыла б - кроў як хлыне, усю кашулю яму залiла.

Мацi высунула руку з-пад коўдры i лёгенька ўдарыла Руцi пальцам па шчацэ. Дзяўчынка замерла на мiг, потым зашмыгала носам i цiха заплакала.

У санiтарным блоку, у дзвюх суседнiх кабiнках, сядзелi бацька i дзядзька Джон.

- Хоць напаследак добра пасядзiм, - сказаў бацька. - Добрая прыбiральня. Памятаеш, як малыя напалохалiся, калi першы раз ваду спусцiлi?

- Я i сам адчуваў сябе нiякавата, - сказаў дзядзька Джон. Ён акуратна падцягнуў штаны да каленяў. - Кепска мне. Адчуваю, што хутка зноў саграшу.

- Не саграшыш. Ты ж зусiм без грошай. Мацуйся. Грэх абыдзецца даляры ў два, не менш, а ў нас такiх грошай няма.

- Няма. Але ў мяне думкi грэшныя.

- Ну што ж. Думаць можна i бясплатна.

- Усё роўна грэх.

- Затое куды танней.

- Ты з грэхам не жартуй.

- Я не жартую. Давай грашы. Ты заўсёды носiшся са сваiмi грахамi, якраз калi чорт ведае што робiцца.

- Гэта праўда, - сказаў дзядзька Джон. - Са мной заўсёды так. Але вы i паловы маiх грахоў не ведаеце.

- Ну i трымай iх пры сабе.

- Вось i з гэтымi ўнiтазамi так - сяджу, а сам адчуваю - грэх.

- Тады iдзi ў кусты. Ну, падцягвай штаны, i пойдзем хоць трохi паспiм. Бацька надзеў на плечы шлейкi камбiнезона i зашпiлiў спражку. Потым спусцiў ваду i доўга стаяў, задуменна пазiраючы, як яна бурлiць у ракавiне.

Было яшчэ цёмна, калi мацi разбудзiла сваю сям'ю. Праз расчыненыя дзверы санiтарных блокаў сачылася кволае святло дзяжурных начных лямпачак. З суседнiх палатак даносiлiся разнастайныя гукi пахрапвання.

- Падымайцеся, вылазьце з палаткi, - сказала мацi. - Час ужо ехаць. Хутка развiднее. - Яна падняла скрыпучы шчыток лiхтара i запалiла кнот. - Уставайце ўсе, уставайце!

На зямлi пад брызентавым навесам лянiва заварушылiся, скiнулi з сябе байкавыя i ватовыя коўдры, сонныя вочы жмурылiся на святло. Мацi нацягнула сукенку на кашулю, у якой спала.

- Кавы няма, - гаварыла яна. - Ёсць некалькi блiноў. Iх можна з'есцi ў дарозе. Ну, падымайцеся, будзем грузiцца на машыну. Давайце, давайце! Толькi цiшэй, а то суседзяў пабудзiм.

Прайшло яшчэ некалькi хвiлiн, перш чым Джоўды канчаткова стрэслi з сябе сон.

- Нiкуды не бегаць! - папярэдзiла мацi Ўiнфiлда i Руцi. Усе апранулiся. Мужчыны знялi брызент з распоркi i пачалi грузiць рэчы на машыну. - Раўней кладзiце, каб было зручна, - сказала мацi. Яны паклалi зверху матрацы i перакiнулi брызент цераз папярочную жэрдку.

- Ну вось, ма, - сказаў Том. - Можна ехаць.

У мацi ў руцэ была талерка з халоднымi блiнамi.

- Добра. Бярыце па адным. Больш у нас нiчога няма.

Руцi i Ўiнфiлд схапiлi па блiну i залезлi на паклажу. Там яны ўкрылiся коўдрай i заснулi, не выпускаючы з рук халодных зачарсцвелых блiноў. Том сеў за руль, нацiснуў на стартэр. Ён хрыпла загуў i праз момант сцiх.

- Каб цябе чорт, Эл! - вылаяўся Том. - У цябе ж акумулятар сеў.

Эл прыйшоў у лютасць:

- А як яго, халеру, перазарадзiш, калi бензiну ў абрэз?

Том крыва ўсмiхнуўся:

- Ну не ведаю, але гэта твая вiна. Цяпер давядзецца заводзiць уручную.

- Кажу ж табе, не мая.

Том вылез з кабiны i дастаў з-пад сядзення завадную ручку.

- Выходзiць, мая, - сказаў ён.

- Давай сюды. - Эл схапiў завадную ручку. - Пастаў на позняе, а то руку мне адарве.

- Добра. Ну, задай жару.

Эл круцiў з усяе сiлы - адзiн абарот, другi, яшчэ i яшчэ. Нарэшце матор завёўся, зафыркаў, потым зароў. Том асцярожна прыглушыў яго - пераставiў запальванне на больш ранняе i паменшыў падачу газу.

Мацi села побач з iм.

- Гэтак увесь лагер перабудзiм, - сказала яна.

- Нiчога, зноў заснуць.

Эл улез у кабiну з другога боку.

- Тата з дзядзькам Джонам селi наверх, - сказаў ён. - Хочуць даспаць.

Грузавiк пад'ехаў да галоўных варот лагера. Вартаўнiк выйшаў з канторы i правёў промнем лiхтара па машыне.

- Хвiлiнку пачакайце, - сказаў ён.

- А што такое?

- Вы зусiм адсюль едзеце?

- Зусiм.

- Тады трэба вас выкрэслiць.

- Выкрэслiвайце.

- Куды кiруеце?

- Хочам падацца крыху далей на поўнач.

- Ну, жадаю шчасця.

- I мы вам таксама. Бывайце.

Грузавiк асцярожна абагнуў насып. Том вёў машыну па той самай дарозе, па якой яны прыехалi ў лагер, - мiма гарадка Ўiдпэтч i далей на захад, да шашы No 99, а там - на поўнач па шырокай шашэйнай дарозе, якая вяла да Бейкерсфiлда. Ужо развiднела, калi яны пад'ехалi да гарадской ускраiны.

Том сказаў:

- Куды нi кiнь вокам, усюды рэстараны. I ў кожным каву падаюць. А вунь, гляньце, начны рэстаран яшчэ працуе. Ручаюся, у iх хоць залiся гарачанькай!

- Заткнiся ты! - сказаў Эл.

Том ашчэрыўся ўсмешкай:

- А ты, як я пагляджу, паспеў ужо падчапiць дзяўчыну ў лагеры.

- Ну i што?

- Сёння ён у нас нешта вельмi зласлiвы. Дрэнная мне кампанiя.

Эл раздражнёна буркнуў:

- Хутка я адаб'юся ад вас. Аднаму, без сям'i, нашмат лягчэй.

- Праз дзевяць месяцаў у цябе ў самога сям'я будзе, - сказаў Том. Думаеш, не бачыў, як ты стараўся?

- Не дуры, - сказаў Эл. - Я ў гараж наймуся, буду ў рэстаранах есцi.

- А праз дзевяць месяцаў абзавядзешся жонкай з дзiцем.

- Не, гэтага не будзе.

- Надта разумны ты стаў, Эл. Глядзi, каб па галаве табе добра не далi.

- Хто гэта?

- Заўсёды знойдзецца хто.

- Думаеш, калi ты сам...

- Ну хопiць, спынiся, - не дала Элу дагаварыць мацi.

- Я першы пачаў, - сказаў Том. - Захацелася падражнiць яго. Я гэта без злосцi, Эл. Не ведаў, што ты так прывязаўся да гэтай дзяўчыны.

- Няма такой дзяўчыны, да якой я вельмi ўжо прывязаўся б.

- Ну не, дык не. Пасварыцца са мной табе не ўдасца.

Грузавiк выязджаў з горада.

- Вунь колькi тут забягалавак з гарачымi сасiскамi - цэлая процьма, сказаў Том.

Мацi сказала:

- Я адзiн даляр прыхавала, Том. Табе вельмi хочацца кавы? На, бяры.

- Не, ма. Я проста так, жартам.

- Бяры, калi табе ўжо так захацелася.

- Не, не вазьму.

Эл сказаў:

- Тады сцiхнi - кава, кава!

Том памаўчаў. Потым сказаў:

- Быццам толькi ўчора тут быў. Вось i дарога, па якой мы той ноччу ехалi.

- Спадзяюся, з намi нiчога такога ўжо нiколi не здарыцца, - сказала мацi. - Жахлiвая была ноч.

- Ага, нядобрая.

Справа ад iх узыходзiла сонца, i вялiкi цень ад грузавiка бег збоку па дарозе, скачучы па штыкетнiку. Яны ехалi паўз адбудаваны нанава Гувервiль.

- Гляньце, - сказаў Том. - Тут зноў жывуць. Быццам нiчога i не здарылася.

Кепскi настрой памалу пакiнуў Эла.

- Мне адзiн расказваў, што ў некаторых лагерах пятнаццаць ужо цi дваццаць разоў усё дашчэнту спальвалi. Людзi адседзяцца ў лазняку i зноў робяць сабе якую-небудзь буду з пустазелля. Як суслiкi. Так ужо прывыклi да гэтага, быццам i гора iм мала. Iм гэта як непагадзь.

- Ага, мне тая ноч таксама як непагодлiвая была, - сказаў Том. Яны ехалi ўсё далей i далей па шырокай шашы. Ад цеплаватых сонечных промняў па крыху астылым целе прабягалi дрыжыкi. - А ранiцамi пачынае ўжо пашчыпваць. Хутка ўжо зiма. Хоць бы трохi грошай зарабiць да халадоў. Зiмой у палатцы не пасядзiш.

Мацi ўздыхнула, падняла галаву.

- Том, - сказала яна, - зiмой трэба жыць у доме. Разумееш? Руцi яшчэ нiчога, а Ўiнфiлд зусiм стаў слабенькi. Да прыходу дажджоў у нас павiнен быць дом. У гэтых краях, кажуць, як з вядра лье.

- Знойдзем домiк, ма. Ты не хвалюйся. Будзе табе дом.

- Абы дах над галавой быў i падлога пад нагамi, каб дзеткi не на голай зямлi спалi.

- Пастараемся, ма.

- Больш я даймаць цябе не буду.

- Зробiм, ма.

- Мне проста iншы раз страшна робiцца. Усю храбрасць сваю губляю.

1 ... 83 84 85 86 87 88 89 90 91 ... 109
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек.
Комментарии