Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Сэйры сказала:
- Навошта вы так гаворыце. Мы памагаем вам ад шчырага сэрца. У мяне ўжо даўно не было... так спакойна на душы. У людзей ёсць такая патрэба - памагаць адзiн аднаму.
Мацi кiўнула галавой.
- Ёсць, - адказала яна i доўга глядзела на зарослы шчэццю стары твар з падвязанай скiвiцай i сярэбранымi вачнiцамi, якiя паблiсквалi пры святле свечкi. - Так ён сам на сябе не падобны, - сказала яна. - Трэба закруцiць яго з галавой.
- Ваша старая добра трымалася.
- Яна зусiм старэнькая. Магчыма, i не разумее толкам, што здарылася. I, можа, не хутка зразумее. Акрамя таго, гонар нам не дазваляе адчайвацца. Бывала, мой бацька казаў: "Зламацца кожны можа. А каб саўладаць з сабой, трэба быць чалавекам". У любых выпадках мы не паддаёмся адчаю. - Мацi акуратна захутала ногi i плечы нябожчыка, закiнула адзiн ражок коўдры яму на галаву, як капюшон, i насунула на твар. Сэйры падала ёй некалькi вялiкiх ангельскiх шпiлек, i яна старанна i акуратна зашпiлiла з усiх бакоў гэты доўгi пакунак. Нарэшце паднялася з кален. - Пахаванне будзе прыстойнае, - сказала яна. - З намi едзе прапаведнiк, ён адпяе яго, i сям'я ўся ў зборы. - Яна пахiснулася. Сэйры падскочыла да яе, не дала ёй упасцi. - На хаду засынаю... - сумелася мацi. - Не, нiчога, пройдзе. Перад ад'ездам нам шмат давялося пакруцiцца.
- Выйдзем на паветра, - сказала Сэйры.
- Ага, я ўсё, што трэба, зрабiла.
Сэйры задзьмула свечку, i жанчыны выйшлi з палаткi.
На дне неглыбокага яра ярка гарэла вогнiшча. Том убiў у зямлю калкi, падвесiў на дроце два кацялкi, i вада цяпер у iх бурна кiпела, з-пад накрывак выбiвалася пара. Ружа Сарона стаяла на каленях крыху ўбаку ад гарачага полымя з доўгай лыжкай у руцэ. Убачыўшы, што мацi выйшла з палаткi, яна паднялася i падышла да яе.
- Ма, - сказала яна, - хачу ў цябе пра нешта спытацца.
- Зноў спалохалася? - запыталася мацi. - Дзевяць месяцаў без гора не пражывеш, даражэнькая.
- А дзiцяцi не пашкодзiць?
Мацi адказала:
- Ёсць такая прымаўка: "Дзiця, што ў смутку родзiцца, у жыццi са шчасцем водзiцца". Здаецца, так, мiсiс Уiлсан?
- Чула такую, - адказала Сэйры. - А яшчэ я ведаю i другую: "У залiшняй радасцi радзiцца, увесь свой век смуцiцца".
- У мяне ўсё ўсярэдзiне падскочыла ад страху, - сказала Ружа Сарона.
- Ад весялосцi ў нас нiчога не скача, - прамовiла мацi. - Ты лепш глядзi кацялкi.
Мужчыны сабралiся на краi светлага круга ад вогнiшча. З прылад у iх была рыдлёўка i матыка. Бацька адмераў месца для магiлы - восем футаў у даўжыню i тры футы ў шырыню. Працавалi па чарзе. Бацька ўскопваў зямлю матыкай, а дзядзька Джон адкiдаў яе ўбок рыдлёўкай. Потым крышыў зямлю Эл, а выграбаў Том. Тады крышыў Ной, выграбаў Конi. Работа iшла без перапынку, i магiла рабiлася ўсё глыбейшай. Рыдлёўка за рыдлёўкай вылятала адтуль зямля. Стоячы па плечы ў прамавугольнай яме, Том запытаўся:
- На якую глыбiню капаць, та?
- Глыбей. Яшчэ футы на два. Ты вылазь, Том, пайдзi напiшы тую запiску.
Том вылез, i яго месца заняў Ной. Том падышоў да мацi, якая падтрымлiвала агонь.
- У нас, ма, ёсць папера i пяро?
Мацi пакруцiла галавой:
- Н-не. Што iншае, а гэтага з сабой не ўзялi. - Яна глянула на Сэйры, i маленькая жанчына паспешлiва пайшла ў палатку. Вярнулася яна з Бiблiяй у руках i напалову спiсаным алоўкам.
- Вось, - сказала яна. - Тут, у пачатку, ёсць чыстая старонка. Напiшы на ёй i вырвi. - Сэйры падала Бiблiю i аловак Тому.
Том сеў каля вогнiшча. Ён засяроджана прыплюшчыў вочы i нарэшце няспешна вывеў буйнымi выразнымi лiтарамi на чыстай частцы старонкi: "Тут спачывае Ўiльям Джэймс Джоўд, памёр ад удару зусiм старым. Радня закапала яго тут, бо не было грошай на пахаванне. Яго нiхто не забiваў. З iм здарыўся ўдар, i ён памёр". - Том адняў аловак ад паперы. - Паслухай, ма, - сказаў Том i паволi прачытаў услых напiсанае.
- Што ж, гучыць нядрэнна, - ухвалiла мацi. - А ты яшчэ што-небудзь i набожнае падабраў бы з Пiсання. Пагартай Бiблiю, пашукай якое выслоўе.
- Трэба, каб карацей, - сказаў Том. - А то месца амаль не засталося.
Сэйры сказала:
- А што, калi напiсаць: "Супакой, госпадзi, душу яго"?
- Не, - запярэчыў Том. - Атрымлiваецца, быццам ён вiсельнiк. Я спiшу што-небудзь адсюль. - Ён гартаў старонкi Бiблii i чытаў сам сабе, бязгучна варушачы губамi. - Ну вось, i добра, i коратка, - сказаў ён уголас. - "I Лот сказаў iм: не, Уладыка".
- Нiякага сэнсу, - сказала мацi. - Калi ўжо пiсаць, дык каб хоць сэнс якi быў.
Сэйры параiла:
- Пагартай далей, там, дзе псалмы. З iх заўсёды ёсць што выбраць.
Том хутка перагортваў старонкi i прабягаў вачамi вершы.
- Ёсць! - нарэшце сказаў ён. - I прыгожа, i так i дыхае набожнасцю: "Шчаслiвы той, каму адпушчаны беззаконнi i чые грахi выкупленыя". Ну як?
- Сама раз, - сказала мацi. - Спiшы.
Том старанна перапiсаў радок на паперу. Мацi спаласнула i выцерла фруктовы слоiк. Том шчыльна закруцiў крышку.
- Можа, лепш было прапаведнiку пiсаць, - сказаў ён.
- Не, прапаведнiк нам не сваяк, - сказала мацi, узяла ў яго слоiк i пайшла ў цёмную палатку. Там яна выцягнула некалькi шпiлек з шарсцяной коўдры, усунула слоiк пад халодныя тонкiя рукi i зноў зашпiлiла. Тады вярнулася да вогнiшча.
Мужчыны адышлi ад ямы, твары ў iх блiшчалi ад поту.
- Гатова, - сказаў бацька i разам з дзядзькам Джонам, Ноем i Элам зайшоў у палатку. Яны вынеслi адтуль доўгi, зашпiлены з усiх бакоў скрутак i панеслi да магiлы. Бацька скочыў унiз, пераняў цела i асцярожна апусцiў на зямлю. Дзядзька Джон памог яму вылезцi.
- А як быць з бабкай? - запытаўся бацька.
- Я зараз прывяду яе, - адказала мацi, пайшла да матраца i нейкi час глядзела на старую. Потым вярнулася да магiлы.
- Спiць, - сказала яна. - Можа, бабка i закрыўдуе на мяне, але я не буду яе будзiць. Ёй спакой патрэбен.
Бацька запытаўся:
- А прапаведнiк дзе?
Том адказаў:
- Я бачыў, ён пайшоў па дарозе. Не хоча больш малiцца.
- Не хоча малiцца?
- Не. Ён больш не прапаведуе. Кажа, навошта ашукваць людзей i выдаваць сябе за прапаведнiка, калi на самай справе я не прапаведнiк. Б'юся аб заклад, што ён уцёк, каб мы не прасiлi яго малiцца.
Кейсi, прыходу якога яны не заўважылi, чуў словы Тома.
- Нiкуды я не ўцёк, - сказаў ён. - Я памагу вам, людзi, але ашукваць вас не буду.
Бацька сказаў:
- Можа, усё-ткi скажаш некалькi слоў? У нас у сям'i нiкога яшчэ не хавалi без малiтвы.
- Добра, скажу, - згадзiўся прапаведнiк.
Конi вёў да дзедавай магiлы Ружу Сарона, тая iшла неахвотна.
- Трэба, - угаворваў яе Конi. - Iначай непрыстойна. Гэта ж нядоўга.
Святло ад вогнiшча падала на людзей, што акружылi магiлу, азарала iх твары i вочы i меркла на цёмным адзеннi. Мужчыны стаялi, зняўшы капелюшы. Языкi полымя ў вогнiшчы скакалi, кiдаючы трапятлiвыя блiкi на людзей.
Кейсi сказаў:
- Гаварыць буду коратка. - Ён схiлiў галаву, i астатнiя таксама схiлiлi галовы. Кейсi ўрачыста сказаў: - Стары, якi тут ляжыць, пражыў жыццё i памёр. Я не ведаю, якi ён быў чалавек, - добры цi дрэнны, але гэта няважна. Важна тое, што ён быў жывы. А цяпер памёр, i цяпер гэта таксама няважна. Я раз чуў, як адзiн чытаў вершы, i там было сказана: "Усё жывое - святое". Я задумаўся i неўзабаве зразумеў, што ў словах у гэтых сэнсу больш, чым на першы погляд здаецца. I я не буду малiцца за гэтага старога, якога ўжо няма сярод жывых. З iм усё як мае быць. У яго ёсць адна мэта, i яна стаiць перад iм, да яе вядзе толькi адзiн шлях. У нас таксама ёсць свая мэта, але ў нас сотнi шляхоў да яе, i мы не ведаем, па якiм пайсцi. I калi б мне выпала памалiцца, я памалiўся б за тых, хто не ведае, на якi шлях ступiць. У дзеда дарога прамая. А цяпер укрыйце яго зямлёй, i няхай ён робiць сваю справу. - Кейсi падняў галаву.
Бацька сказаў:
- Аман.
I астатнiя прамармыталi хорам:
- Аман.
Бацька ўзяў рыдлёўку, набраў паўштыха зямлi i асцярожна скiнуў у чорную яму. Тады перадаў рыдлёўку дзядзьку Джону, i той кiнуў зямлi поўны штых. Рыдлёўка пераходзiла з рук у рукi, пакуль не абышла ўсiх мужчын. Калi ўсе яны выканалi свой абавязак i зрабiлi тое, што iм належала зрабiць па праву, бацька накiнуўся на кучу зямлi, што ляжала з краю, i пачаў таропка засыпаць магiлу. Жанчыны адышлi да вогнiшча гатаваць вячэру. Руцi i Ўiнфiлд, як зачараваныя, стаялi каля магiлы. Руцi ўрачыста прамовiла:
- Цяпер дзед там, унiзе, ляжыць.
Уiнфiлд спалохана вытрашчыў на яе вочы i пабег да вогнiшча, там сеў на зямлю i заплакаў.
Бацька засыпаў магiлу да паловы i спынiўся, цяжка пераводзячы дух, а рэшту зямлi скiнуў дзядзька Джон. Калi Джон пачаў рабiць насып, Том затрымаў яго руку.
- Паслухай, - сказаў ён. - Калi магiлка будзе з насыпам, яе як бачыш знойдуць. Трэба, каб не было прыкметна. Зраўняй з зямлёй, а зверху мы накiдаем травы. Што зробiш, iнакш нельга.
Бацька сказаў:
- Я пра гэта i не падумаў. Але без насыпу няможна.
- Нiчога не зробiш, - сказаў Том. - Яго адразу адкапаюць, i нас абвiнавацяць у парушэннi закону. Ты ведаеш, што мне будзе, калi я пераступлю закон.
- Правiльна, - пагадзiўся бацька. - Я зусiм забыўся. - Ён узяў у Джона рыдлёўку i зраўняў магiлу. - Ледзь зiма, i правалiцца, - сказаў ён.
- Нiчога не зробiш, - сказаў Том. - Да зiмы мы будзем далёка. Утапчы добра, а зверху мы чаго-небудзь накiдаем.