Категории
Самые читаемые
onlinekniga.com » Проза » Проза » Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Читать онлайн Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 33 34 35 36 37 38 39 40 41 ... 109
Перейти на страницу:

РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ

Заходнюю тэрыторыю апанаваў неспакой - наблiжаюцца перамены. Заходнiя штаты затрывожылiся, як конi перад навальнiцай. Буйныя ўласнiкi занепакоiлiся, чуюць: будуць перамены, толькi не ведаюць - якiя. Буйныя ўласнiкi б'юць па непасрэднай пагрозе: па пашыраным складзе ўрада, па ўсё мацнейшым адзiнстве рабочага руху; б'юць па новых падатках, па новых эканамiчных планах - не разумеюць, што ўсё гэта вынiкi, а не прычыны. Вынiкi, а не прычыны. Не прычыны, а вынiкi. А прычыны караняцца глыбока, хоць яны i зусiм простыя. Прычыны - гэта фiзiчны голад, памножаны ў мiльён разоў; гэта духоўны голад iмкненне да шчасця, да пачуцця ўпэўненасцi ў заўтрашнiм днi, памножанае ў мiльён разоў; гэта iмкненне мускулаў i мозгу да росту, да працы, да творчасцi, памножанае ў мiльён разоў. Канчатковая, ясная функцыя чалавека - працаваць сваiмi мускуламi, ствараць сваiм мозгам, i не толькi на карысць аднаму сабе гэта i ёсць чалавек. Пабудаваць сцяну, пабудаваць дом, пабудаваць плацiну, укласцi часцiнку свайго чалавечага "я" ў гэту сцяну, у гэты дом, у гэту плацiну i ўзяць i сабе што-небудзь ад iх - ад гэтай сцяны, ад гэтага дома, ад гэтай плацiны; умацаваць мускулы цяжкай працай, прылучыцца да яснасцi лiнiй i форм сваiх здзейсненых задум. Бо чалавек - адзiнае стварэнне ва ўсiм арганiчным i неарганiчным жыццi прыроды, адзiны аб'ект у сусвеце, якi перасягае створанае iм, узнiмаецца па прыступках сваiх задум, вырываецца наперад, пакiдаючы ззаду ўжо дасягнутае. I вось што трэба сказаць пра чалавека: калi тэорыi мяняюцца цi рушацца, калi фiласофскiя школы i вучэннi, вузкiя завулкi думкi - нацыянальныя, рэлiгiйныя, эканамiчныя - узнiкаюць, а потым рассыпаюцца прахам, чалавек, хоць i спатыкаючыся, атрымлiваючы жорсткiя ўдары, памыляючыся, iдзе наперад i нечага дасягае. Зрабiўшы крок наперад, ён можа адступiць, але толькi на паўкроку i нiколi не зробiць поўнага кроку назад. Вось што можна сказаць, i гэта трэба добра разумець. Гэта трэба разумець, калi з чорных самалётаў падаюць бомбы на людныя рынкi, калi палонных забiваюць, як свiней, калi скалечаныя целы сплываюць крывёю ў гразi i пыле. I вось яшчэ што: калi спынiцца, калi б памерла вострае да болю жаданне iсцi наперад, што б там нi было, бомбы не падалi б, глоткi не рэзалi б. Пакуль будуць жывыя ўладальнiкi бомбаў, гэты смертаносны груз будзе падаць на моцных духам, i бойся таго часу, калi дух гэты памрэ; пакуль жывуць буйныя ўласнiкi, удары будуць сыпацца на тых, хто робiць крок наперад - бойся таго часу, калi памрэ iмкненне iсцi наперад. Бойся таго часу, калi чалавечае "я" не будзе гатова iсцi на пакуты i смерць за iдэю, бо гатоўнасць гэтая - асновы чалавечага "я", адзiнае, што робiць чалавека чалавекам.

Заходнiя штаты апанаваў неспакой - блiзяцца нейкiя перамены. Тэхас i Аклахома, Канзас i Арканзас, Нью-Мексiка, Арызона, Калiфорнiя... Вось адна сям'я пакiдае свой участак. Некалi бацька ўзяў пазыку ў банку, i цяпер банк наважыў авалодаць яго зямлёй. Зямельная кампанiя, гэта значыць банк, якi валодае зямлёй, хоча, каб на гэтай зямлi працавалi трактары, а не людзi. А хiба трактар - дрэнна? Хiба ў сiле, якая праразае доўгiя барозны ў зямлi, ёсць што-небудзь нядобрае? Калi б гэты трактар належаў нам, тады было б добра - не мне, а нам. Калi б нашы трактары праводзiлi доўгiя барозны па нашай зямлi, тады было б добра. Не па маёй зямлi, а па нашай. Мы любiлi б гэты трактар, як любiлi гэту зямлю, калi яна была наша. Але трактар робiць адразу дзве справы: узорвае зямлю i выворвае з яе нас. Памiж трактарам i танкам рознiцы мала. I той, i другi гоняць перад сабой людзей, апанаваных страхам i роспаччу. Тут ёсць над чым задумацца.

З зямлi сагналi аднаго чалавека, адну сям'ю - вось яго ржавая машына паўзе па шашы на Захад. Я страцiў зямлю, маёй зямлёй авалодаў трактар. Я адзiн i не ведаю, што рабiць. Адна сям'я спыняецца на начлег каля прыдарожнай канавы, ставiць палатку; да яе пад'язджае яшчэ адна сям'я i таксама ставiць палатку. Двое мужчын прысаджваюцца на кукiшкi, а жанчыны з дзецьмi стаяць каля iх i слухаюць. Гэта i ёсць завязка, разумееце, вы - тыя, хто ненавiдзiць перамены i баiцца рэвалюцыi? Раз'яднайце гэтых двух мужчын, пасейце ў iх сэрцах нянавiсць, боязь адзiн аднаго, недавер адзiн да аднаго. Бо гэта зачатак таго, што наганяе на вас страх. Зародак. Таму што ў выказванне: "Я страцiў зямлю" ўносiцца папраўка: "Мы страцiлi нашу зямлю". Вось дзе тоiцца небяспека для вас, бо два чалавекi ўжо не такiя адзiнокiя i разгубленыя, як адзiн. А з гэтага "мы" ўзнiкае нешта яшчэ больш небяспечнае: "У мяне ёсць крыху ежы" плюс "У мяне зусiм нiчога няма". I калi ў суме атрымлiваецца: "У нас ёсць крыху ежы", значыць, усё ўвайшло ў сваю каляiну i рух набыў накiраванасць. Цяпер засталося зрабiць нескладанае памнажэнне, i зямля гэтая, гэты трактар - нашы. Двое мужчын сядзяць на кукiшках у дрэнажнай канаве, маленькае вогнiшча, у кацялку варыцца мяса, маўклiвыя жанчыны з застылым позiркам, ззаду - дзецi прагна ўслухоўваюцца ў незразумелую гутарку. Наблiжаецца ноч. У малога прастуда. Вось, вазьмiце коўдру. Яна шарсцяная - яшчэ ад мацi засталася. Вазьмiце, накрыйце дзiця. Вось што iм трэба бамбiць. Бо тут пачынаецца пераход ад "я" да "мы".

Калi б вам, тым, хто залодае ўсiм, што патрэбна людзям, удалося зразумець гэта, вы змаглi б утрымацца на паверхнi. Калi б вам удалося аддзялiць прычыны ад вынiкаў, зразумець, што Пэйн, Маркс, Джэферсан, Ленiн былi вынiкам, а не прычынай, вы ўцалелi б. Але дзе вам зразумець: уласнiцтва, як марозам, скоўвае ваша "я" i назаўсёды адгароджвае яго ад "мы".

Заходнiя штаты ў трывозе - наблiжаюцца перамены. Патрэба нараджае iдэю, iдэя - дзеянне. Паўмiльёна людзей рухаюцца па дарогах; яшчэ адзiн мiльён, больш упартых, таксама гатовы ў любую хвiлiну зняцца з месца; дзесяць мiльёнаў яшчэ толькi пачынаюць нервавацца.

А трактары праводзяць баразну за баразной па абязлюдзелай зямлi.

РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ

Уздоўж шашы No 66 стаяць прыдарожныя бары: "Дом Эла i Сузi", "Снеданне ў Карла", "Джо i Мiнi", "Закусачная Ўiла". Халупкi з лямцавай пракладкай мiж дошак. Дзве бензiнавыя калонкi каля ўвахода, дзверы з драцяной сеткай, доўгая стойка, высокiя табурэты, рэйка для ног. Каля дзвярэй тры гульнёвыя аўтаматы, праз шкло вiдаць, якое багацце ў пяцiцэнтавых манетах можна выйграць за тры жэтоны. А побач з iмi патэфон, якi iграе за пяцiцэнтавiк, i наваленыя горкай, як блiны, пласцiнкi, гатовыя ў любы момант слiзгануць на дыск, i тады загучыць танцавальная музыка - факстроты "Цi-пi-цi-пi-цiн", "Дзякуй за памяць", шлягеры Бiнга Кросбi, джаз Бенi Гудмэна. На адным канцы стойкi пад шкляным каўпаком дражэ ад кашлю, серна-кафеiнавыя таблеткi пад назвай "Бяссонныя", "Не драмаць"; цукеркi, цыгарэты, лёзы для брытваў, аспiрын, белыя шарыкi "Брома-Сельтэр" i "Алька-Сельтэр" для шыпучкi. На сценах плакаты: купальшчыцы - пышнагрудыя, вузкабёдрыя бландзiнкi з васковымi тварамi, у белых купальнiках, з бутэлькай кока-колы ў руках, усмiхаюцца: вось што абяцае вам кока-кола. Стойка доўгая, на ёй сальнiцы, перачнiцы, гарчычнiцы i папяровыя сурвэткi. За стойкай пiўныя краны, а каля самай сцяны блiскучыя, ахутаныя парай кававаркi з зашклёнымi акенцамi, якiя паказваюць узровень вады. Тарты пад драцянымi накрыўкамi, апельсiны пiрамiдамi па чатыры штукi. Невысокiя слупкi кардонак з крэкерамi i кукурузнымi шматкамi - раскладзены ўзорам.

Надпiсы на картках меню з вялiкiмi блiскучымi лiтарамi са слюды: "Такiя пiрагi пякла твая мама". "Крэдыт вядзе да сваркi, лепш застанемся сябрамi". "Дамам можна курыць, толькi акуркi глядзiце, куды кладзяце". "Абедайце ў нас, шкадуйце сваю жоначку".

На другiм канцы стойкi - сталовы посуд, бляхi з запечаным мясам, бульбай, тушаным мясам, смажанай ялавiчынай, шэрай бужанiнай - засталося толькi скрылiкамi нарэзаць.

Мiнi, цi Сузi, цi Мэй старыцца за стойкай - валасы завiтыя, на спацелым твары пудра i румяны. Бярэ заказы, размаўляе з клiентам цiха, мякка, повару заказы паўтарае скрыпучым, як у паўлiна, голасам. Выцiрае стойку анучай кругамi, начышчае вялiкiя блiскучыя кававаркi. Повару - Джо, цi Карлу, цi Элу - горача ў белым кiцелi i фартуху: на белым iлбе пад белым каўпаком пацеркi поту; ён пахмурны, гаворыць мала, мяльком паглядае на новых наведнiкаў. Нацiрае патэльню, шлёпае на яе катлету ў цесце. Цiха паўтарае за Мэй заказы, скрабе патэльню, працiрае джутавай анучкай. Пануры, маўклiвы.

Мэй ажыццяўляе сувязь з наведнiкамi, усмiхаецца iм, а сама ледзь стрымлiвае раздражненне; усмiхаецца, а вочы глядзяць мiма, калi госць не вадзiцель грузавiка. Шафёры - касцяк усяго. Там, дзе спыняюцца шафёры, там клiенты. Iх не абдурыш, яны разбiраюцца, што да чаго. Шафёры - гэта заказы. Яшчэ ого як разбiраюцца! Паспрабуйце падаць iм спiтую каву, i больш нагi iхняй у вас не будзе. А абслужыце як след, яны зноў наведаюцца. Вадзiцеляў грузавiкоў Мэй сустракае шырокай усмешкай. Крыху выгнуўшы стан, папраўляе на патылiцы валасы, i ўслед за рукамi крыху падымаюцца пад сукенкай угору i грудзi; ветла вiтае гасцей, быццам абяцаючы вясёлае баўленне часу, вясёлую гутарку, вясёлыя досцiпы. Эл нiколi нi з кiм з наведнiкаў не загаворвае. Не кантактуе з iмi. Бывае, адкажа ўсмешкай на анекдот, а смяяцца, не, не смяецца. Часам гляне на Мэй, пачуўшы гуллiвыя ноткi ў яе голасе, i зноў скрабе патэльню лапаткай, перакладзе застылы тлушч у латочак каля плiты. Ён прыцiскае лапаткай катлету, яна шыпiць. Кладзе на патэльню разрэзаную напалам булачку, падаграе, падсмажвае. Зграбае з патэльнi колцы цыбулi, кладзе на фарш, прыцiскае лапаткай, накрывае паловай булачкi, другую палову змазвае растопленым маслам i вострай прыправай. Прытрымлiваючы пакладзеную на катлету паўбулачкi, падчэплiвае лапаткай тонкую катлетку, пераварочвае яе, накрывае другой паловай i скiдае на маленькую талерку. Туды ж кладзе чвэртку марынаванага агурка i дзве чорныя маслiны. Пускае талерку па стойцы, як кiдальнае кальцо. Тады зноў скрабе патэльню i панура пазiрае на жароўню з тушаным мясам.

1 ... 33 34 35 36 37 38 39 40 41 ... 109
Перейти на страницу:
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Гронкi гневу (на белорусском языке) - Джон Стейнбек.
Комментарии